10 жніўня – 90 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка Алеся Ставера
Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Трэба ў розных краях пабываць.
Разумею цяпер, чаму з выраю
Жураўлі на Палессе ляцяць.
А. Ставер

Нарадзіўся  Алесь (Аляксандр Сяргеевіч) Ставер 10 жніўня 1929 года ў вёсцы Маргавіца Докшыцкага р-на Віцебскай вобласці. Бацькі будучага паэта  працавалі ў мясцовым калгасе. Пазней пісьменнік успамінаў, што часта, прыйшоўшы вечарам з працы, бацькі, забыўшыся пра стомленасць, спявалі. Так маленькі Алесь пазнаёміўся з прыгажосцю беларускага паэтычнага слова.

Першапачатковую адукацыю Алесь атрымаў у Бягомльскай сярэдняй школе, паспеўшы скончыць да пачатку Вялікай Айчыннай вайны 5 класаў. Падчас вайны разам з бацькамі жыў у партызанскай зоне. Вясной 1944 года загінулі бацька і браты Алеся, а ён сам патрапіў у палон да немцаў і быў вывезены ў канцлагер у Нямеччыну.

Вярнуўся дадому ён толькі ў верасні 1945 года. Жахі ваенных гадоў назаўсёды засталіся ў памяці Алеся Ставера. Аб перажытым у гады Вялікай Айчыннай вайны ён распавёў у рамане «Пад канвоем». Беларускім партызанам былі прысвечаны кнігі «Да сваіх» і «Лясныя аповесці».

Вяртацца да мірнага жыцця пасля палону, голаду і тулянняў было складана. Але маці ўгаварыла сына вучыцца далей. Яна марыла, каб Алесь атрымаў добрую адукацыю.

Ставер скончыў Барысаўскае педвучылішча і паступіў на філалагічны факультэт педінстытута г. Мінска. Пасля працаваў у газеце «Калгасная праўда», у Акадэміі навук БССР, быў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Але якую б пасаду пісьменнік ні займаў, дзе б ні працаваў, галоўным заняткам у яго жыцці заставалася паэзія.

Пісаць вершы Алесь Ставер пачаў яшчэ падчас вучобы ў педвучылішчы. Яго першыя літаратурныя творы высока ацанілі  паэты А. Русецкі і П. Панчанка.  Акрылёны добрымі водгукамі, у 1949 г. малады паэт апублікаваў свае вершы ў газеце горада Барысава «Бальшавіцкая трыбуна», а ў 1959 г. выйшаў з друку першы зборнік вершаў Алеся Ставера «Золак над Бярозай». Пазней з'явіліся паэтычныя зборнікі «Ластаўкі перад дажджом», «Лірнік», «Аўгустоўскі поўдзень», «Зоркі зямныя».

Часта Алесь Ставер звяртаўся і да жанру дзіцячай паэзіі. Ім былі выдадзены зборнікі вершаў для дзяцей «Вогнішча не тухне» і «Пад вясёлкавай дугой».

Многія вершы паэта былі пакладзены на музыку і сталі вядомымі, папулярнымі песнямі: «Колас, ты мой колас», «Вячэрні вальс», «Дзе ты, маё шчасце?», «Канікулы», «Яркі месяц», «Песня пра Якуба Коласа», «Песня пра раку Бярозу», «Косіць хлопец канюшыну», «А мне ў шчасце верыцца», «Юная бярозка», «Беларусачка» і шмат іншых.

Але, мабыць, самым вядомым творам Алеся Ставера стаў верш «Жураўлі на Палессе ляцяць». Натхніўшыся прыгажосцю паэтычных радкоў, Ігар Лучанок напісаў музыку, ператварыўшы «Жураўлёў…» ў песню.

Сёння песня «Жураўлі на Палессе ляцяць» па праву лічыцца візітнай карткай нашай краіны і лірычным гімнам Беларусі. Бо ў гэтых, уяўных на першы погляд простых словах, заключаны вялікі сэнс, вобразнасць і шчырасць.

Алесь Ставер любіў паўтараць, што чалавека робіць шчаслівым клопат аб блізкім, жаданне быць карысным і вера ў тое, што твая творчасць прыносіць радасць іншым людзям. Гэтым прынцыпам паэт быў верны да апошніх дзён свайго жыцця.


Анонсы

Декабрь
«К душе своей найти дорогу»: выставка-спутник
Начало в 11:00

Декабрь
«Размаўляй на роднай мове»: акцыя
Начало в 11:00

Декабрь
Книжный фримаркет
Начало в 10:00
Последние новости

Декабрь
15:53

Декабрь
11:07

Декабрь
10:48