Прапануем вам пазнаёміцца з першым ў гісторыі беларускай літаратуры раманам у вершах “Родныя дзеці” Народнага пісьменніка Беларусі Ніла Гілевіча. Дарэчы, гэта кніга-юбіляр, сёлета ёй спаўняецца 35 гадоў. Задума стварэння твора ўзнікла ў аўтара ў 1972 годзе. Над раманам ён рупліва, натхнёна і самаахвярна працаваў 12 гадоў. Упершыню, асобным выданнем кніга выйшла ў 1985 годзе.
Асноўная сюжэтная лінія «Родных дзяцей» звязана з лёсам прафесійнага музыканта і кампазітара Сцяпана Якубавіча Вячоркі — чалавека шматграннага, душэўна шчодрага, выпрабаванага часам, памяццю, сумленнем, хаця і не пазбаўленага пэўных недахопаў. У размовах Сцяпана з аднавяскоўцамі абмяркоўваюцца шматлікія пытанні гісторыі, культуры, экалогіі, маралі, робяцца высновы аб непарыўнай еднасці чалавека з прыродай, бацькоўскай зямлёй, узгадваюцца чалавечыя лёсы.
Хвалюе паэта і праблема адзінокай старасці. Гэтая тэма ў рамане пераклікаецца з тэмай мінулай вайны.
Закранае ў рамане пісьменнік і праблему адносін мастакоў і навукоўцаў да свайго прызвання. Праз дыялогі сваіх герояў аўтар дае магчымасць чытачу адчуць, яго клопат і шчырыя перажыванні наконт павелічэння разводаў і нетрываласці сучасных сем'яў. Адным словам, пісьменніка, сапраўднага грамадзяніна і патрыёта сваей радзімы, турбуюць усе надзенныя праблемы. Ён перажывае іх, як свае асабістыя.
Кампазіцыя твора даволі арыгінальная. У ім чатырнаццаць раздзелаў, аб'яднаных у пары. Пасля першых шасці пар прыводзяцца аўтарскія адступленні: паэтычнае, іранічнае, гістарычнае, у гонар маці, кулінарнае і педагагічнае. Пачынаецца раман запеўкай, заканчваецца — дапеўкай, у якіх аўтар звяртаецца да чытача, абгрунтоўвае выбар тэмы.
У рамане грамадзянская пазіцыя аўтара, накіраваная супраць бездухоўнасці пераклікаецца з іроніяй, смехам і добрым народным гумарам.
Будзьце здаровыя! Бяражыце сябе! Да новых сустрэч з добрай кнігай!