Беларускі класічны этнограф

Ёсць асобы на здабытках якіх трымаецца наша беларуская культура. Гэта ў поўнай ступені адносіцца да даследчыка, навукоўца, мастацтвазнаўца, этнографа, этнолага Міхася Фёдаравіча Раманюка, дзякуючы якому наша краіна мае, здабытыя як найкаштоўны скарб, узоры народнай культуры Беларусі канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў.


З вялікай павагай Раманюк ставіўся да нацыянальнай культурнай спадчыны, бо лічыў, менавіта ў прыгажосці чэрпае духоўную сілу наш народ. Усё сваё жыццё ён займаўся зборам і вывучэннем адыходзячых ў нябыт узораў  нацыянальнай спадчыны, звязаных з традыцыйным касцюмам і іншымі відамі народнага мастацтва, помнікамі народнага побыту.

Міхась Раманюк нарадзіўся 3 студзеня 1944 года на Гомельшчыне ў вёсцы Кавалі, але яго дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў вёсцы Старынкі Дзяржынскага раёна. Бацька Міхася загінуў на фронце ў Вялікую Айчынную вайну, а маці, у якой на руках заставалася чацвёра дзяцей, з-за цяжкага матэрыяльнага становішча вымушана была пераехаць у в.Старынкі, да сваякоў.

Закончыўшчы Старынкаўскую сямігодку, Міхась паступіў у Мінскі тэхналагічны тэхнікум на канструктара адзення. Адначасова займаўся ў вячэрняй школе. Затым была вучоба ў тэатральна-мастацкім інстытуце па спецыяльнасці мастак-мадэльер. Маючы схільнасць да навукі, Міхась Раманюк скончыў аспірантуру, чытаў студэнтам лекцыі па гісторыі касцюма. Міхась Фёдаравіч быў заснавальнікам і галоўным рэдактарам часопіса “Мастацтва Беларусі”, з’яўляўся членам Саюза мастакоў СССР.

З 1989 года і да самага сыходу з жыцця ён працаваў у Акадэміі мастацтва загадчыкам кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў. 

Раманюк быў апантаны ў любові і павазе да сваіх каранёў, да Бацькаўшчыны. У шматлікіх экспедыцыях па вёсках Беларусі ён запісваў размовы з людзьмі,  фатаграфаваў, звяртаў увагу на рэгіянальныя асаблівасці традыцыйнага нацыянальнага адзення. Адметная дэталь вясковай архітэктуры, вопраткі, прылада працы выклікала ў даследчыка вялікую цікавасць, нячутае раней слова або прымаўка занатоўваліся. 

На падставе сабранага за гады падарожжаў матэрыялу Міхась Раманюк зрабіў  серыю мастацка-графічных рэканструкцый народнага адзення. У 1996 г. гэтая серыя экспанавалася ў Нацыянальным мастацкім музеі. На ёй упершыню былі прадстаўлены вынікі яго дзейнасці як мастака, фатографа, вучонага-даследчыка і рэстаўратара ў адной асобе.

Міхась Фёдаравіч – удзельнік і арганізатар шэрагу мастацкіх выставак аб беларускім нацыянальным касцюме ў Мінску, Парыжы, Ліёне.

Ён стварыў сцэнічныя касцюмы для Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хора Беларусі імя Генадзя Цітовіча, Ансамбля танцаў Беларусі, шматлікіх самадзейных калектываў. Ён кансультаваў многія мастацкія фільмы кінастудыі “Беларусьфільм”, у тым ліку “Людзі на балоце”.

Яго падарожныя дзённікі складаюць дзясяткі тамоў, картатэка налічвае звыш за 100000 адзінак унікальнага этнаграфічнага матэрыялу, сабранага ўласнымі рукамі.

Адзін з вынікаў гэтай працы – фундаментальны альбом “Беларускае народнае адзенне”, які стаў эпахальнай падзеяй у гісторыі еўрапейскай этнаграфіі. 

Адкрыцці вучонага знайшлі адлюстраванне ў шэрагу манаграфій, артыкулаў па беларускаму народнаму касцюму, якія выдадзены ў Францыі, Польшчы, Расіі, Беларусі.

За шматгранную працу Міхась Раманюк стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі 1996 года ў галіне мастацтва, ушанаваны многімі дыпломамі.

Асобая старонка ў дзейнасці Міхася Раманюка — збор матэрыялаў аб беларускіх крыжах і пахавальных абрадах беларусаў. Гэтай працы ён прысвяціў амаль 25 гадоў. Такіх поўных звестак пра беларускія крыжы, надмагіллі і пахавальныя абрады не было раней у навуковай літаратуры ні на Беларусі, ні, наогул, ва ўсім былым Савецкім Саюзе. Фундаментальную працу “Беларускія народныя крыжы” выдаў пасля смерці Раманюка яго сын Дзяніс. 

Велізарную частку свайго творчага жыцця Міхась Фёдаравіч  прысвяціў гісторыі беларускай фатаграфіі, але гэты праект так і не паспеў ажыццявіць.

Міхась Раманюк пайшоў з жыцця ў 1997 годзе, пахаваны побач з маці на могілках у вёсцы Старынкі.


Падрыхтавана па матэрыялах друку супрацоўнікамі аддзела бібліятэчнага маркетынга ДУ "Дзяржынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"

Анонсы

Январь
“Аркадий Гайдар “Чук и Гек”: комментированное чтение
Начало в 11:00

Январь
“Тайна малахитовой шкатулки”: квиз
Начало в 10:00
Последние новости

Январь
09:49

Январь
10:00

Январь
15:05