105 год з дня нараджэння Аркадзя Куляшова

Нарадзіўся Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў 6 лютага 1914 года на ўсходзе Магілеўшчыны ў мястэчку Саматэвічы Касцюковіцкага раёна. Гадаваўся на берагах Віхры і Бесядзі. Зялёныя дубровы і ельнікі, родныя рэкі, высокае неба малой радзімы заўсёды жывуць у яго паэзіі:

Ёсць на свеце роднае мястэчка,

Там штогод бываюць кірмашы;

Міма школы меленькая рэчка

Без мяне плыве ў цішы…

                                                    «Карусель», 1939

Яго бацькі, Кацярына Ратабыльская і Аляксандр Куляшоў, былі настаўнікамі, мелі немалую бібліятэку і адзіны ў мястэчку грамафон, па якім любілі слухаць  рускую і італьянскую оперную класіку. Хатняя атмасфера, у якой рос хлопчык, была ўзнёслай. Яе стваралі мастацкае слова і музыка. Бацькі паэта да ўсяго і самі добра спявалі. Праз усё жыццё Куляшоў пранёс любоў да паэзіі М.Лермантава і А.Пушкіна. Менавіта прыгажосць высокамастацкага слова абудзіла ў васьмігадовым беларускім хлапчуку пачуццё прыгожага і адкрыла яму яго ўласнае прызначэнне.

Друкавацца Куляшоў пачаў з дванаццаці гадоў. У 14-гадовым узросце Куляшоў напісаў верш “Алеся” (“Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая”), прысвечаны свайму першаму каханню. Пазней кампазітар Ігар Лучанок напісаў музыку да песні, якую шмат гадоў выконвалі “Песняры”. Датай нараджэння паэта ў роднай літаратуры лічаць 1926г. Менавіта ў гэты год на старонках клімавіцкай газеты «Наш працаўнік» быў  надрукаваны першы верш Куляшова  «Ты, мой брат», а ў 1930 годзе ва ўзросце шаснаццаці гадоў ён выдаў свой першы зборнік вершаў  “Росквіт  зямлі”.  Пасля заканчэння школы была вучоба ў Беларускім вышэйшым педагагічным інстытуце і плённая паэтычная праца.

У 1940 годзе Куляшоў складае паэму “Хлопцы апошняй вайны”.  Пазней паэт Аляксей Русецкі, сустрэўшы яго на прывакзальнай плошчы ў г. Калініне, калі той накіроўваўся да месца службы ў 11-ю армію  Калінінскага фронту,скажа: “ Вось дзе мы апынуліся, хлопцы апошняй вайны”. Там, у арміі, батальённы камісар, даведаўшыся, што Куляшоў паэт, прысвоіць яму званне малодшага палітрука і накіруе ў газету “Знамя Советов”. Працуючы ваенным карэспандэнтам, Аркадзь Куляшоў напісаў там усе свае вершы і балады ваеннай пары, такія як “Балада аб чатырох заложніках”, “Над брацкай магілай”, “Ліст з палону”, “Маці”, “Бярозка” і іншыя.

Стаіць яна ў зрэбнай кашулі

Адна на пагосце.

Варожыя кулі

Пакінулі след на бяросце.

Стралялі чужынцы, ды цудам бярозка ўцалела.

Стаіць яна, нібы дзяўчына на месцы растрэла.

Не плач жа, бярозка, не лі свае слёзы,

Красуня,

Над люстрам ракі запляці свае косы,

Красуня.

Цябе не застрэлілі і не пагналі ў няволю.

Расці ж ты на радасць і рэчцы, і людзям, і полю!

                                      “Бярозка”, 1944

Вяршыняй ваеннай творчасці А. Куляшова з’явілася паэма “Сцяг брыгады”. Паэма “пра Беларусь і вайну”, па словах аўтара, пісалася насуперак умовам жыцця: па начах у штабной зямлянцы. Паэма, за якую ў 1946 г. Куляшоў атрымаў Дзяржаўную прэмію 1-й ступені, была і застаецца найлепшым паэтычным творам беларускай літаратуры, прысвечаным падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Ад празрыстых, бясхітрасных ранніх вершаў да сапраўдных паэтычных шэдэўраў – такі шлях творчай дзейнасці А. Куляшова. У ягоных творах крытыкі знаходзяць сляды ўплыву Купалы і Лермантава, і яго вялікага сябра – Аляксандра Твардоўскага. Але Аркадзь Куляшоў быў і застанецца паэтам самабытным, нечаканым і глыбока народным. Жыццё беларускага народа, народная мудрасць – невычэрпная крыніца яго паэзіі.

Я хаце абавязаны прапіскаю – 

Калыскаю, падвешанай пад столь.

Я маці абавязан кожнай рыскаю,

Драўлянай лыжкаю, глінянай міскаю – 

Усім, чым працы абавязан стол.

                                                  “ Я хаце абавязаны прапіскаю…” 1963

 Творчасць Аркадзя Куляшова  добра вядома  нашаму чытачу, але  юбілей пісьменніка  гэта заўсёды нагода перачытаць любімыя творы. 


Анонсы

Апрель
«И сошла на Землю благодать… Пасха»: выставка-праздник
Начало в 10:00

Май
«Чтобы было интересно и тебе, и мне, и всем»: день веселых развлечений в студии развивающего чтения «Я читаю! Я расту!»
Начало в 11:00

Май
«Встречу лето я красивой»: мастер-класс в клубе нескучных идей «Делай, как я»
Начало в 15:00
Последние новости

Апрель
15:00

Апрель
16:25

Апрель
10:56