Дзямідавіцкі сельскі Савет Дзяржынскага раёна

Інфармацыя пра вёску: Назва Глухое Пярхурава.
Раён  Дзяржынскі  (даваенны раён -  Дзяржынскі).
Вобласць   Мінская  (даваенная вобласць – Мінская).
Год знішчэння: 1943, 30 студзеня.  Спалена разам з жыхарамі падчас карнай аперацыі "Якаб".
Хат да вайны: 32.
Людзей да вайны: 125.
Разбурана хат: 32.
Забіта людзей: 120.
Лёс вёскі: не адноўлена.

Былая веска на тэрыторыі Дзямідавіцкага сельсавета, знішчаная нямецка-фашысцкімі акупантамі разам з жыхарамі ў час карнай аперацыі “Якаб”. Знаходзілася за 1,5 км на захад ад в. Фрунзе. Перад вайной у ей жыло 125 чалавек. 30 студзеня 1943 г. нямецка-фашысцкія карнікі раптоўна напалі на вёску, сагналі ўсіх жыхароў у хлеў, аб’явіўшы, што яны мелі сувязь з партызанамі, і спалілі іх. У гэты ж дзень нямецкія карнікі спалілі 32 двары. У выніку карнай аперацыі загінулі 120 мірных жыхароў. 
Шмат жыхароў вёскі былі прызваны ў Чырвоную Армію перад вайной і ў першыя дні вайны. Падчас акупацыі дзесяць маладых хлопцаў пайшлі ў партызанскую брыгаду ім. Сталіна і мужна білі ворага ў глыбокім тыле. Жыхары вёскі падтрымлівалі сувязі з атрадамі брыгад ім. Сталіна, ім. Дзяржынскага, ім.Фрунзе. Былі сувязнымі гэтых атрадаў Мароз А.У., Карабановіч В.А., Мацкевіч Ю.В. і іншыя.

У студзені 1943 года партызаны абстралялі невялікі атрад немцаў, які ехаў у 3-х км ад вёскі. Баявое сутыкненне доўжылася хвілін 10, не больш. Падчас сутычкі быў забіты нямецкі ўнтэр - афіцэр і адзін салдат. Тры немцы былі паранены. Партызаны ў баі не страт не мелі і  адышлі ў глыб лесу. Праз некалькі дзён, а менавіта 30 студзеня 1943 года ў вёску з двух бакоў уварваліся гітлераўцы і паліцаі з нямецка - паліцэйскага батальёна  Дырлівангера. Яго батальён пакінуў чарговы крывавы след у Дзяржынскім раёне. Была апошняя серада студзеня 1943 года. Ніхто не меркаваў, што гэта будзе апошні крывавы дзень у гісторыі Глухога Пярхурава. Тут каты ўжылі адладжаную тактыку знішчэння жыхароў у іх уласных хатах. Змешаныя каманды эсэсаўцаў і паліцаяў урываліся ў хаты адразу пасля выбухаў гранат, якія закідвалі праз вокны і дзверы. Выжыўшыя траплялі пад аўтаматны агонь. Шукалі тых, хто схаваўся на гарышчы, у скляпах, хлявах, пад печамі. Не шкадавалі нікога: ні малых, ні хворых людзей. Потым знішчалі ўсіх жывёл у хлявах, уключаючы кароў, коней, свіней, сабак, і, нават, катоў. Украінскія паліцаі некалькі разоў прачэсвалі кожную хату, кожны склеп, кожнае гарышча і кожны хлеў. Знішчалі ацалелых людзей. 
Толькі цуд выратаваў жыццё маладой жыхарцы вёскі Мароз Таццяне Ўсцінаўне. Яна схавалася ў склепе пад буракамі. Два разы немцы зазіралі ў склеп, свяцілі ліхтарыкам, але яе не знайшлі. Стрэльнулі ў склеп з аўтаматаў і пайшлі. 
Цудам выратаваўся і малалетні Іван Мацкевіч. Паліцаі перабілі ўсю яго сям'ю, а яго не знайшлі. Лёс спрыяў і Станіславу Карабановічу. Ён пайшоў у лес,  а тым часам у весцы пачалася бойня. Ён чакаў амаль 5 гадзін, пакуль карнікі не паехалі з вёскі. Увесь гэты час ён праседзеў у лесе і чуў, што рабілася ў яго роднай вёсцы. 
Пасля кантрольнага абыходу двароў паліцаі запалілі ўсе 32 хаты, гаспадарчыя пабудовы, скляпы. У гэтым падпаленым пекле гарэлі  целы забітых жыхароў вёскі. Усяго каты знішчалі 120 мірных жыхароў. Праз некалькі дзён на папялішча прыйшлі сваякі загінуўшых жыхароў Глухога Пярхурава і партызаны брыгад Сталіна і Дзяржынскага. Былі сабраны і пахаваны астанкі загінуўшых  людзей.

У 1957 годзе на месцы спаленай вескі ўстаноўлена мемарыяльная дошка з надпісам: “Здесь 30 января 1943 г. немецкими захватчиками было уничтожено 120 мирных жителей д. Глухое Перхурово». На магіле ахвяр фашызму пастаўлены абеліск. Пасля Вялікай Айчыннай вайны в. Глухое Пярхурава не адрадзілася. Са 120 расстраляных прозвішчы 39 чалавек не ўстаноўлены. Паводле расказу жыхара вескі Кулакоўцы Аляксандра Андрэевіча Прасвірына, пасля адыходу фашыстаў жыхар вескі Дворышча Занеўскі выратаваў трохгадовую дзяўчынку Зіну, якая схавалася пад печчу згарэўшага дома. Занеўскі разгроб галавешкі, дастаў дзіця. Захінуў яго ў кажух і прынес дамоў. Пазней удачарыў дзячынку. 
Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комлексе “Хатынь”.
На франтах Вялікай Айчыннай вайны ваяваў ураджэнец Глухога Пярхурава Карабановіч Казімір Антонавіч. Ён камандаваў узводам, ротай, батальёнам, стралковым палком. Калі пасля вызвалення раёна атрымаў ліст ад брата Вацлава пра страшную смерць сваіх бацькоў і аднавяскоўцаў, малады падпалкоўнік у адну ноч пасівеў. Яго полк жорстка адпомсціў фашыстам ва Ўсходняй Прусіі. Штурмам узяў шэраг гарадоў-крэпасцяў: Истэнбург, Мэмпель. У ліку першых уварваўся ў Кенігсберг. Вайна скончылася для К.А.Карабановіча ва Ўсходняй Прусіі. Падпалкоўнік Карабановіч быў начальнікам штаба стралковай дывізіі. Пасля дэмабілізацыі працаваў дырэктарам школ у нашым раёне, а пасля зліцця Чаркаскай і Вязанскай школ у 1967 годзе перайшоў працаваць намеснікам дырэктара Вязанскай сярэдняй школы па выхаваўчай працы. 
Яго брат, Вацлаў Антонавіч, шмат гадоў жыў і працаваў у г.Фаніпаль. Памёр улетку 2002 года. Яго жонка, Мароз А.У., працавала настаўнікам  пачатковых классах.. 
Мацкевіч Іван Юльянавіч быў парторгам калгаса ім.Фалько, потым намеснікам старшыні.  Жыў  у г. Фаніпаль. 
Так склаўся лёс выратаваўшыхся  жыхароў Глухога Пярхурава.

Вёска Глухое Пярхурава знаходзілася на 1,5 км на захад ад в.Фрунзе. Першыя ўпамінанні пра гэты населены пункт адносяцца да ХУІ  стагоддзя. Землі тут належалі Радзівілам, а ў 1860 годзе - абшарніку Вагнеру. Вёска размяшчалася ў лясістай мясцовасці. Да Вялікай Айчыннай вайны налічвала больш 30 двароў.  На весцы былі распаўсюджаны прозвішчы: Карабановічы, Маразы, Мацкевічы.

Літаратура

Валаханович,А.И. Дзержинщина: прошлое и настоящее /А.И.Валаханович, А.Н.Кулагин.- Минск : Наука и техника, 1986.- С. 118.
Валахановіч,А. За што іх спалілі /Анатоль Валахановіч //Сцяг Кастрычніка.- 2005.- 7 верасня.- С. 3.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць. Кніга 1.-Мінск:БелСЭ,1987.- С.168.
Лысак,І. Сляды фашысцкіх зверстваў на Дзяржыншчыне /І.Лысак //Сцяг Кастрычніка.- 1991.- 11 красавіка.- С. 3, 4.
Нацистская политика геноцида и “выжженной земли” в Белоруссии. 1941-1944 /Отв. ред. В.Е.Лобанок.- Минск:Беларусь, 1984.- С. 49. 
Новікаў,М. Дарогамі памяці /М.Новікаў //Сцяг Кастрычніка.- 1982.- 6 сакавіка.- С.2.
Падаляк,Т. Нашчадкі вогненных вёсак: дакументальныя нарысы, эсэ, успаміны /Таццяна Падаляк.- Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2009.- С. 164.
Памяць: Дзяржынскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі /Рэд.-уклад. А.І.Валахановіч.- Мінск:БЕЛТА, 2004.- С. 292.
Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга /Гал. рэд. Б.І.Сачанка.-Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1995.-С. 519.
Республика Беларусь: энциклопедия: в 6т. Т.5 /Редкол.: Г.П.Пашков и др.- Минск : БелЭн, 2007.-С. 343.
Сёстры Хатыні: аповед-рэквіем : папка / Скірмантаўская сельская бібліятэка.- Скірмантава, 2010.- С. 2.
Черненко,О. И пепел стучит в сердца /О.Черненко //Сцяг Кастрычніка.- 2000.- 21 чэрвеня.- С.2.

Анонсы

Октябрь
«Книжка-именинница»: литературный марафон в студии развивающего чтения «Я читаю! Я расту!»
Начало в 11:00

Октябрь
«Бисерное настроение»: мастер-класс
Начало в 15:00

Октябрь
«Книжка-именинница»: литературный марафон в студии развивающего чтения «Я читаю! Я расту!»
Начало в 11:00