Дабрынеўскі сельскі Савет Дзяржынскага раёна

Інфармацыя пра вёску: Назва Літавец.
Раён: Дзяржынскі  (даваенны раён –Уздзенскі).
Вобласць:  Мінская  (даваенная вобласць –Мінская).
Год знішчэння: 1943, 14 студзеня.  Спалена разам з жыхарамі падчас карнай  аперацыі “Якаб”.
Хат да вайны: 42.
Людзей да вайны: 208.
Спалена хат: 42.
Забіта людзей: 196.
Лёс вёскі: не адноўлена.

Былая вёска на тэрыторыі Дабрынеўскага сельсавета. Знішчана нямецка-фашысцкімі акупантамі разам з жыхарамі ў час карнай апераціі “Якаб”. Знаходзілася за 7 км на захад ад в. Самадураўшчына. Вёска Літавец да 1939 г. уваходзіла ў склад Зенькавіцкага сельсавета Уздзенскага раёна. У ёй жылі 208 чалавек, быў створаны калгас “Ударнік”. Старшынёй калгаса быў Міхаіл Аляксандравіч Лімантаў. З кастрычніка 1939 г. веска уваходзіла ў склад Станькаўскага сельсавета. 14 студзеня 1943 г. фашысты напалі на веску і загубілі 196 жыхароў, у тым ліку 58 дзяцей, спалілі 42 двары. Пасля вайны в.Літавец не адрадзілася. У 1956 г. на магіле ахвяр фашызму пастаўлены помнік.
Вёска Лiтавец уваходзіла ў інвентар земляў князя Радзівіла з 1620 года. Затым перайшла   графу Чапскаму. Пасля рэвалюцыі в. Лiтавец увайшла ў склад Дабрынёўскага сельскага Савета Мiнскай воласці. Да Вялікай Айчыннай вайны гэта была невялікая лясная вёска, размешчаная ў паўднёва - усходняй частцы Дзяржынскага раёна.
У перыяд з 1930 па 1941 год насельніцтва Літаўца вырасла амаль на 40 працэнтаў. Да пачатку вайны ў вёсцы стаяла 42 хаты.  Ляснымі дарогамі вёска была злучана з в.Александрова, Радзіма, Баркі і Данілавічы. На пачатак 1941 года ў Літаўцы пражывала 227 жыхароў. 
Напачатку вайны 12 мужчын пайшлі ў Чырвоную Армію. У 1942 годзе яшчэ 10 пайшлі ў партызанскія атрады Нікіціна, 25-годдзя Кастрычніка, ім.Варашылава і ў атрад "Баявы". З лета 1942 года вёска лічылася партызанскай, тут дыслацыраваўся атрад "Баявы" пад камандаваннем старшага лейтэнанта Жаўрыда Б.В. 
20 снежня 1942 года непадалёк ад вёскі прайшоў бой, у якім загінула 4 немцы і 2 партызаны: камандзір атрада "Баявы"  Б.В.Жаўрыд і камандзір дыверсійнай групы гэтага атрада лейтэнант Міхась Запольскi. 
8 студзеня 1943 года на тэрыторыях, прылеглых да Станькаўскага лесу з боку Мінскага, Уздзенскага і Дзяржынскага раёнаў, пачалася карная аперацыя "Якаб". Мэтай аперацыі было знішчэнне партызанскіх атрадаў ў паўднёвым, паўднёва-усходнім і ўсходнім кірунках ад г.Мiнска, расправа з насельніцтвам шматлікіх партызанскіх зон. Для правядзення аперацыі былі зняты баявыя часткі з фронта, таксама ў ёй удзельнічалі сілы батальёнаў СС, жандармерыі і  паліцэйскія мясцовыя падраздзяленні.
Шматвекавая  гісторыя прыгожай лясной вёскі Літавец трагічна скончылася 14 студзеня 1943 года.

…  Марозны ранак 14 студзеня 1943 г. Нямецкі абоз накіроўваўся ў бок в. Уса Уздзенскага раена. Калі немцы ехалі каля в. Літавец, то пачулі выстрал. Карнікі вырашылі, што гэта страляюць партызаны і ўвесь абоз накіравалі ў вёску. Яны сталі заходзіць у кожную хату і высвятляць, ці няма партызан. Затым ставілі ўсю сям’ю ў ланцужок, загадвалі трымацца за рукі і расстрэльвалі. Некаторые хаты падпальвалі. Вёска без жыхароў апусцела і раптам змоўкла, быццам лес зімой без птушак. Адзінымі маўклівымі сведкамі былога жыцця засталіся груды попелу ды 7 апусцелых хат разам са школай, што ўцалелі. Праз тыдзень у вёску прыехалі паліцаі, якія спалілі астатнія будынкі.
Удалося выратавацца і застацца жывымі толькі некалькім чалавекам..               

Тым ранкам у хату да сям’і Колас прыбег гуляць суседскі хлопчык Аляксандр Караневіч. Калі прыйшлі немцы, ён схаваўся пад печчу, дзякуючы чаму застаўся жывым. Аляксандра Колас таксама дзякуючы выпадку засталася жывой. Куля пранізала ей сківіцу, але так як уся сям’я трымалася за рукі, то і яна ўпала разам з усімі. Ворагі не маглі падумаць, што не забілі кагосці. Ноччу яна выбралася з вескі і прыйшла ў в. Самадураўшчына. Жывой засталася і Ганна Берастоўская. Яна жыла на ўскраіне вёскі і з дваімі дзецьмі змагла схавацца ў лесе.
Пайшлі з вёскі перад налётам карнікаў і засталіся жывымі Браніслава і Аляксандра Жукоўскія (сёстры), Аляксандра Фёдараўна Колас, Клаўдзія Васільеўна Рускевіч, Аляксандр Трафімавіч Трыч.
Жыхар в. Александрова, хлапчук Валодзя Фурс, пасля гэтай трагедыі быў у Літаўцы і бачыў у адным з дамоў абгарэлыя трупы забітых дзеда і бабулькі пад калыскай, у якой ляжалі мертвыя маленькія дзеці. Старыя, відаць, хацелі сабой закрыць дзяцей, аднак гэта не выратавала нікога.
Пасля вайны месцы, дзе раней былі хаты, абсадзілі жывой агарожай…
У 1986 годзе на месцы спаленай вескі пабудаваны мемарыяльны комплекс “Літавец” (скульптар С. Гарбунова, архітэктары В. Яўсееў і В. Здасюк, мастацтвазнавец У. Пракапцоў, тэкст-прысвячэнне  паэта Р.Барадуліна).

Узведзены ён на грамадскіх пачатках, у будаўніцтве ўздзельнічалі камсамольцы Дзяржынскага раена.  Вялікі ўклад унеслі камсамольцы і моладзь Дзяржынскага доследна-механічнага завода (сакратар В.Трышкін), Негарэльскага вучэбна-доследнага лясгаса (сакратар А. Юргенсан), саўгаса ім. М.Казея (сакратар М.Маскаль), завода жалезабетонных маставых канструкцый (сакратары Ф.Стрыкаў, А. Змачынскі).  Мемарыял быў адкрыты 5 ліпеня 1987 года. Пры першым жа наведванні месца, дзе калісьці быў Літавец, Святлану Гарбунову ўразіла прыгажосць навакольнай прыроды. Заўсёды  смутак і трывожныя думкі, цішыня, якую яшчэ больш падкрэслівае адсутнасць людзей. Адразу акрэслілася галоўная задума твора, якое павінна нагадваць людзям пра тое, што на гэтай зямлі, у цішыні лясных бароў, жылі добрыя, працавітыя людзі, вырошчвалі хлеб, выхоўвалі дзяцей. Рашэнне трагічнага лёсу вёскі і яе жыхароў мастачка перадала нестандартна. Яна стварыла цэлую барэльефную кампазіцыю. На лясной паляне пастаўлены ўязны знак, побач - бэлькі, паднятыя над зямлёй. Яны  сімвалізуюць рэшткі хаты, спаленай фашыстамі. На адной з бэляк - назва вёскі, на другой - тэкст, які распавядае пра трагедыю.
Пракладзеная “вуліца” вядзе да цэнтра былой вёскі – да цэнтральнага барэльефа, дзе паказана мірнае жыццё: стары пляце кошык, маці з сынам, які ўсміхаецца і робіць першыя свае крокі ў жыцці, на іх глядзяць дзеці, што ляжаць на печы.  Але побач - разбітыя вароты, ідуць фашысты, і вось-вось абарвецца жыццё мірнай вёскі: дзядуля так і не дапляце свой кошык, а маленькі хлопчык ніколі не адпусціць руку сваёй маці. Дзеці не стануць сталымі, маці не стане бабуляй, дзед  не будзе прадзедам.  Трагедыя  распластала свае чорныя крылы бяды над персанажамі цэнтральнага барэльефа.

Нi жудасць не астудзiць, нi мароз зямлю, 
Дзе крык жывы травой прарос. 
Агонь у напамiне, ва ўспамiне. 
Прыйдзi, адчуй, што прысак тут не стыне. 
Р. Барадулін

Каля спаленых хат пасаджаны дрэвы – сімвалы жыцця, але на адным з іх буслінае гняздо без птушак – напамінак аб трагічным лёсе в. Літавец. Многія сваякі пабудавалі абеліскі на месцы спаленых хат. А ля дарогі - лаўкі-пліты. Толькі няма каму на іх сядзець, размаўляць, смяяцца, спяваць вечарамі пад гармонік. Страшная цішыня вісіць над Літаўцам, толькі лясныя птушкі падаюць сваё адвечнае "піць-піць", а чуецца - "жыць-жыць"... 
Веска ўвекавечана ў мемарыяльным комлексе “Хатынь”.

На  ўскраіне вёскі  - помнік партызанам атрада "Баявы". Тут пахаваны камандзір асобнага партызанскага атрада "Баявы"  старшы лейтэнант Б.В.Жаўрыд і начальнік дыверсійнай групы гэтага атрада лейтэнант М. Запольскі, якія загінулі падчас  бою з нямецка - фашысцкімі захопнікамі 20 снежня 1942г.

 

СЛУХАЙЦЕ, ПАКАЛЕННІ!

Памяці землякоў, спаленых
нямецкімі фашыстамі ў в.Літавец

Падыдзі, супыніся, паслухай –
Б’юцца сэрцы людскія глуха.
Шэпчуць вусны знясіленай маці:
Не душыце дзяцей, не кідайце!..
Шле праклёны, каб людзі пачулі,
Голас хрыплы збялелай бабулі.
На пагорку растуць не ялінкі, -
А пабеглі гарэзы – дзяўчынкі…
Не стары клён расце ў наваколлі, -
Гэта дзед углядаецца ў поле.
Хіба ж гэта стаяць вербалозы? –
У дзяўчынак расплецены косы…
Не дубкі каля лесу на ўскраю,
А нарогі хлапцы папраўляюць.
Шэпчуць вусны людскія глуха.
Падыдзі, супыніся, паслухай!..
Шапку скінь, нахіліся з паклонам
Перад гэтай палоскай-загонам,
Голас слухайце тых, пакаленні,
Хто не здаўся, не стаў на калені.

                                   Станіслаў Шушкевіч.         


Літаратура

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. Дзень за днём: ілюстраваная храналогія.-Мінск:Беларусь.-2004.-С.81.

Валаханович,А.И. Дзержинщина: прошлое и настоящее /А.И.Валаханович, А.Н.Кулагин.- Минск : Наука и техника, 1986.- С. 151-152, С.148 (фото)

Валахановіч,А. За што іх спалілі /Анатоль Валахановіч //Сцяг Кастрычніка.- 2005.- 7 верасня.- С. 3.

Вашкевич,Г. Сестра Хатыни /Г. Вашкевич //Сцяг Кастрычніка.- 2008.- 19 студзеня.- С.3.

Довнар,Л. Цветы – к обелискам /Людмила Довнар //Сцяг Кастрычніка.- 2009.- 7 лютага.- С.3.

Ждановіч,В. Літавец /В.Ждановіч //Маладосць.- 1987.- №10.- С. 149-153.

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць. Кніга 1.-Мінск:БелСЭ,1987.- С.171.

Иллюстрированная хронология истории Беларуси /Гл. ред. Г.П.Пашков.- Минск : Беларуская энцыклапедыя, 1998.- С. 380.

Іовенка,М. …Прысак тут не стыне /М.Іовенка //Сцяг Кастрычніка.- 1987.- 9 ліпеня. 

Лысак,І. Сляды фашысцкіх зверстваў на Дзяржыншчыне /І.Лысак //Сцяг Кастрычніка.- 1991.- 11 красавіка.- С. 3, 4.

Нацистская политика геноцида и “выжженной земли” в Белоруссии. 1941-1944 /Отв. ред. В.Е.Лобанок.- Минск:Беларусь, 1984.- С. 50. 

Новікаў,М. Дарогамі памяці /М.Новікаў //Сцяг Кастрычніка.- 1982.- 6 сакавіка.- С.2.

Падаляк,Т. Нашчадкі вогненных вёсак: дакументальныя нарысы, эсэ, успаміны /Таццяна Падаляк.- Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2009.- С. 167.

Памяць: Дзяржынскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі /Рэд.-уклад. А.І.Валахановіч.- Мінск:БЕЛТА, 2004.- С. 293-294.

Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга /Гал. рэд. Б.І.Сачанка.-Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1995.-С. 519.

Республика Беларусь: энциклопедия: в 6т. Т.5 /Редкол.: Г.П.Пашков и др.- Минск : БелЭн, 2007.-С. 343.

Рэха памяці: папка /Данілавіцкая сельская бібліятэка.- Данілавічы, 1991- 

Сёстры Хатыні: аповед-рэквіем: папка / Скірмантаўская сельская бібліятэка.- Скірмантава, 2010.- С. 2-3.

Трыгубовіч,В. Акно ў народную памяць /Валянціна Трыгубовіч //Мастацтва Беларусі.- 1987.- №10.- С. 66-67.

Черненко,О. И пепел стучит в сердца /О.Черненко //Сцяг Кастрычніка.- 2000.- 21 чэрвеня.- С.2.

Шушкевіч,С. Голас слухайце, пакаленні: верш /Станіслаў Шушкевіч //Шушкевіч,С. Выбранае: вершы.- Мінск : Мастацкая літаратура, 1988.- С. 73

Анонсы

Июль
«BOOK – симпатия»: книжная выставка-рейтинг
Начало в 10:00

Июль
«Навяжу для всей планеты»: мастер-класс в клубе нескучных идей
Начало в 15:00

Июль
«Палитра летних красок»: вернисаж
Начало в 10:00