Дабрынёўскага сельскага Савета Дзяржынскага раёна

Інфармацыя пра вёску: Назва  Любажанка.
Раён: Дзяржынскі  (даваенны раён – Дзяржынскі).
Вобласць:  Мінская  (даваенная вобласць –Мінская).
Год знішчэння:1943, 8 студзеня.    Спалена разам з жыхарамі падчас карнай  аперацыяі"Якаб".
Хат да вайны: 11.
Людзей да вайны: 59.
Спалена  хат: 11.
Забіта людзей: 56.
Пошукавыя дадзеныя  НАРБ. Ф.1363. В.1. Д.2200. Л.70; НАРБ. Ф.1363. В.1. Д.1656. Л.43-44.
Лёс вёскі: не адноўлена.

Любажанка, былая вёска на тэрыторыі Дабрынёўскага сельсавета, знішчаная нямецка-фашысцкімі акупантамі разам з жыхарамі ў час карнай аперацыі “Якаб”. Размяшчалася за 1км на захад ад в.Самадураўшчына (з 1964г. – в. Новая Радзіма).
Першыя ўпамінанні пра яе сустракаюцца ў інвентарнай кнізе землеўладальнікаў Чапскіх, як пра засценак  "Люб" у 1780 годзе. Напачатку 19 стагоддзя сфарміравалася цяперашняя назва. Па паданні, вёска была пабудавана на месцы  старожкі лесніка, які з'явіўся заснавальнікам роду. Дзеці, унукі, праўнукі яго сяліліся тут, што і прывяло да з'яўлення маленькай лясной вёсачкі. 
Да Вялікай Айчыннай вайны яна знаходзілася ў сярэдзіне ляснога масіва недалёка ад вёскі Дабрынева. Было ў ёй 11 хат. Насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай, працавала на нарыхтоўцы лесу. Паводле перапісу насельніцтва 1936 года ў вёсцы пражывала 65 чалавек. Перад вайной у ёй пражывала 59 чалавек, 14 сем'яў. Маленькая, сціплая,  непрыкметная вёсачка ў гады вайны стала партызанскай. Мужчыны папаўнялі шэрагі партызан брыгады ім.Варашылава. Жанчыны пяклі хлеб, вырошчвалі партызанам пшаніцу і жыта, збіралі ўраджай. У вёсцы ўвесь час быў партызанскі маяк. Тут прызначаліся сустрэчы з сувязнымі з Койданава, Узды, Возера. Практычна кожная сям'я была звязана з партызанамі. 
Вядома, што жыхары в.Любажанка падтрымлівалі сувязь з партызанскім атрадам, які дзейнічаў у Станькаўскім лесе. Яны пяклі для партызан хлеб, шылі адзенне, мылі бялізну, збіралі і перадавалі звесткі партызанам аб перамяшчэнні нямецкіх войскаў.
У канцы 1942 – пачатку 1943г. немцы вывозілі моладзь на работы ў Германію. Дзяўчаты і хлопцы з навакольных вёсак Сасноўка, Кляноўка, Станькава, каб не трапіць у фашысцкае рабства, схаваліся ў в.Любажанка. Пераначаваўшы, яны вярталіся дадому праз станькаўскі ваенны палігон у напрамку станькаўскай дарогі. Тут моладзь і натрапіла на нямецкі патруль. Хлопцы і дзяўчаты растлумачылі немцам, што яны былі ў сваякоў у Любажанцы, святкавалі Каляды. Але паліцай з Дзяржынска некаторых з хлапцоў пазнаў, і немцы ўсіх павезлі ў Любажанку высвятляць ступень сваяцтва. Многія жыхары вёскі прызнавалі “сваякоў”, а некаторыя не. Тады немцы сагналі ўсіх 18 чалавек у вагончык дэпо і расстралялі. У сябе ж зрабілі адзнаку, што ў Любажанцы – партызаны.
У пачатку студзеня ў вёсцы Любажанка сутыкнулася з немцамі падрыўная група Івана Машчанка, усяго 5 чалавек. Машчанка І. Т. заўважыў групу нямецкіх разведчыкаў у двух кіламетрах ад Любажанкі. Выручыла прыродная кемлівасць і адвага камандзіра. Немцы ў белых маскхалатах  выскачылі пад носам у партызан. "Хайль!" - загарлапаніў афіцэр. "Партызанен?" - спытаў немец уладна. Хітры Машчанка адказаў, што ён стараста вёскі Любажанка з сябрамі і працягнуў немцу самагонку. Немец радасна засмяяўся, але прымусіў Івана паспрабаваць самагонку і толькі пасля гэтага забраў бутэльку сабе. Далей немец распытваў, ці ёсць у Любажанцы партызаны. Усе хлопцы і іх камандзір пачалі казаць, што партызан там няма. Немцы чамусьці не абшукалі партызан, мабыць, добра прамерзлі ў засадзе. Хвілін 10 яны яшчэ пыталі пра партызан Машчанка, але калі ён даў ім яшчэ бутэльку самагонкі, якую нёс падрыўнік Пётр Крачун, ды яшчэ кавалак сала з хлебам і цыбуляй, то немцы гутарку хутка скончылі. Афіцэр сказаў: "Гут, стараста, гут. Ідзі нах хата, вядзі свой Іван да баба". Падрыўнікі стрымліваючы сябе, каб не бегчы і не разануць па фрыцах з аўтаматаў, якія былі схаваны пад адзежай, павольна пайшлі да вёскі. Гэта была першая непрыемная прымета: у вёсцы з'явілася нямецкая разведка і было дзіўна, што яна выпусціла партызан.
Праз нейкі час у в.Самадураўшчына (памылкова) прыехаў атрад немцаў. Карнікі сагналі ўсіх жыхароў вёскі і пералічылі. Колькасць чалавек не супадала, і яны доўга не маглі ўцяміць, у чым жа справа. Неўзабаве прыехаў афіцэр, удакладніў па карце мясцовасць і накіраваў атрад у Любажанку. 
У суботу 8 студзеня 1943 года ў вёску нечакана ўварваліся карнікі. Яны ўрываліся ў хаты і расстрэльвалі ўсіх на месцы. Хто спрабаваў бегчы - даганялі аўчаркі. Жыллё і пабудовы адразу ж падпальвалі. Лічаць, што загінула 42 жыхары вёскі, сярод іх 14 дзяцей. Так знікла з твару зямлі маленькая вёска Любажанка. Яна была першай у спісе вёсак Дзяржынскага раёна, падлягаючая поўнаму знішчэнню за сувязь з партызанамі. Любажанка была знішчана ў першы дзень фашысцкай карнай аперацыі "Якаб".
З ўсіх жыхароў в.Любажанка засталіся жывымі сёстры Ганна і Юзэфа Дойняк, Эма і Арыядна Шамко, браты Вячаслаў і Валянцін Шаблоўскія. Яны ўцяклі па лёдзе цераз раку ў вёску Данілавічы. Немцы стралялі па іх, але яны засталіся жывымі.
Пасля вайны в.Любажанка не адрадзілася. У 1957 годзе на месцы трагедыі пастаўлены абеліск-помнік, на якім залатымі літарамі напісана:

“Тут пахаваны астанкі 42 чалавек вёскі Любажанка, жывымі спаленых фашысцкімі захопнікамі ў 1943 годзе”. 
Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”.




Спіс грамадзян в. Любажанка, спаленых фашысцкімі захопнікамі

 

1

Шамко Ўладзімір Мікалаевіч

22

Дайняк Антон Сельвестравіч

2

Колас Варвара Антонаўна

23

Дайняк Ганна Андрэеўна

3

Колас Пётр Сямёнавіч

24

Дайняк Гаўрыла Антонавіч

4

Колас Вера Паўлаўна

25

Дайняк Надзея

5

Колас Зінаіда Пятроўна

26

Дайняк Барыс Уладзіміравіч

6

Колас Леаніда Пятроўна

27

Дайняк Юзэфа

7

Колас Валянцін Пятровіч

28

Дайняк Іван Мацвеевіч

8

Колас Іван Пятровіч

29

Дайняк Емілія Іосіфаўна

9

Колас Сцефаніда Фамінічна

30

Дайняк Галіна Браніславаўна

10

Колас Іосіф Сямёнавіч

31

Дайняк Браніслаў Браніслававіч

11

Колас Вольга Савельеўна

32

Дайняк Сцефаніда

12

Колас Браніслава Іосіфаўна

33

Ліхачэўскі Іван

13

Колас Валянціна Іосіфаўна

34

Ліхачэўскі Антон Іванавіч

14

Колас Мікалай Іосіфавіч

35

Ліхачэўская Станіслава Ўладзіміраўна

15

Колас Сафія

36

ЛіхачэўскаяГанна Канстаўцінаўна

16

Колас Мікалай Мікалаевіч

37

Ліхачэўская Валянціна Мікалаеўна

17

Колас Вікенцій Мікалаевіч

38

Станкевіч Ганна Аляксандраўна

18

Колас Самуіл Мікалаевіч

39

Станкевіч Марыя

19

Колас Уладзімір Мікалаевіч

40

Станкевіч Леаніда Аляксандраўна

20

Колас Наталля Сцяфанаўна

41

Станкевіч Вера Аляксандраўна

21

Колас Вікенцій Антонавіч

42

Шабалінская Ганна Карлаўна

          

     УСПАМІНЫ І. ЛОБАЧА, БЫЛОГА ПАРТЫЗАНА І ФРАНТАВІКА

Да Вялікай Айчыннай вайны у в.Любажанка налічвалася звыш дзесяці двароў. Размяшчалася яна ў прыгожым месцы, акружаным лесам і невялічкай рэчкай. Жылі і працавалі любажанцы дружна, нібыта адна сям’я. Яшчэ вёска славілася сваёй крынічкай. Яе абгарадзілі,зрабілі лавачкі і заўсёды пакідалі шклянку, каб кожны змог прагнаць смагу. Цурчанне крынічнага ручайка быццам запрашала падарожніка пакаштаваць чыстай халоднай вадзіцы.
… Крынічка цяпер не бяжыць, як некалі да вайны, нецурчыць, а цячэ ціха-ціха. Усе гэтыя гады яна аплаквае бязвінна загінуўшых жыхароў Любажанкі.

Літаратура

Валаханович,А.И. Дзержинщина: прошлое и настоящее /А.И.Валаханович, А.Н.Кулагин.- Минск : Наука и техника, 1986.- С. 152-153

Валахановіч,А. За што іх спалілі /Анатоль Валахановіч //Сцяг Кастрычніка.- 2005.- 7 верасня.- С. 3.

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць. Кніга 1.-Мінск:БелСЭ,1987.- С. 168.

Лысак,І. Сляды фашысцкіх зверстваў на Дзяржыншчыне /І.Лысак //Сцяг Кастрычніка.- 1991.- 11 красавіка.- С. 3, 4.

Нацистская политика геноцида и “выжженной земли” в Белоруссии. 1941-1944 /Отв. ред. В.Е.Лобанок.- Минск:Беларусь, 1984.- С. 50, 251. 

Новікаў,М. Дарогамі памяці /М.Новікаў //Сцяг Кастрычніка.- 1982.- 6 сакавіка.- С.2.

Падаляк,Т. Нашчадкі вогненных вёсак: дакументальныя нарысы, эсэ, успаміны /Таццяна Падаляк.- Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2009.- С. 167.

Памяць: Дзяржынскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі /Рэд.-уклад. А.І.Валахановіч.- Мінск:БЕЛТА, 2004.- С. 294.

Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга /Гал. рэд. Б.І.Сачанка.-Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1995.-С. 519.

Республика Беларусь: энциклопедия: в 6т. Т.5 /Редкол.: Г.П.Пашков и др.- Минск : БелЭн, 2007.-С. 343.

Рэха памяці: папка /Данілавіцкая сельская бібліятэка.- Данілавічы, 1991- 

Сёстры Хатыні: аповед-рэквіем : папка / Скірмантаўская сельская бібліятэка.- Скірмантава, 2010.- С. 3-4.

Черненко,О. И пепел стучит в сердца /О.Черненко //Сцяг Кастрычніка.- 2000.- 21 чэрвеня.- С.2

Анонсы

Октябрь
«Книжка-именинница»: литературный марафон в студии развивающего чтения «Я читаю! Я расту!»
Начало в 11:00

Октябрь
«Бисерное настроение»: мастер-класс
Начало в 15:00

Октябрь
«Книжка-именинница»: литературный марафон в студии развивающего чтения «Я читаю! Я расту!»
Начало в 11:00