Бараўскі сельскі Савет  Дзяржынскага раёна

Інфармацыя пра вёску: Назва  Садкаўшчына.
Раён: Дзяржынскі  (даваенны раён: Дзяржынскі).
Вобласць:  Мінская  (даваенная вобласць: Мінская).
Год знішчэння: 1943, 2 лютага.  Спалена разам з жыхарамі падчас карнай аперацыі “Якаб”.
Хат да вайны: 15.
Людзей да вайны: 104.
Спалена хат: 15.
Забіта людзей: 96. 
Лёс вёскі: адноўлена.

Вёска Садкаўшчына знаходзіцца ў Бараўскім сельскім савеце за 4 км на захад ад Дзяржынска, сярод лесу, каля аўтамабільнай шашы Дзяржынск-Старынкі. З 1600 года ўваходзіла ў склад валодання Радзівілаў, у складзе Койданаўскай воласці, пра што згадваецца ў інвентарных кнігах земляў, змешчаных у валоданні князёў Радзівілаў. Пасля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны тут была памежная зона да 1937 года. Гэта, мабыць, стрымлівала  рост населенага пункта і колькасці насельніцтва. 
Па перапісу 1936 года тут значылася 104 чалавекі, якія пражывалі ў 15 дамах. Улетку 1941 года тут праходзілі цяжкія баі 108 дывізіі генерала Маўрычава з нямецкімі войскамі. У гады Вялікай Айчыннай вайны в. Садкаўшчына лічылася партызанскай.

 …Раніцай 2 лютага 1943 года карны атрад паліцаяў асобнага батальёна СС Дзірлевангера з Дзяржынска раптоўна акружыў з усіх бакоў вёску.  Жыхары тым часам займаліся гаспадарчымі працамі. У двары пачалі ўрывацца карнікі і ўдарамі прыкладаў пачалі выганяць з хат вяскоўцаў. Усіх сагналі ў двор Жывіцкіх, у велізарны хлеў. Немцы абклалі хлеў саломай і падпалілі. Тых, хто спрабаваў выскачыць з агню, прашывалі аўтаматнай чаргой. 
Другая  група карнікаў рабавала хаты і адрыны жыхароў Садкаўшчыны. Усё нарабаванае збіралася ў абоз. Каля 14.00 былі падпалены ўсё 15 хат з гаспадарчымі пабудовамі. Усё запылала ў адным гіганцкім вогнішчы.
Адна жыхарка вёскі, бачачы аблаву, хуценька сабрала сваіх і чужых дзяцей, якіх змагла знайсці, усяго 8 чалавек, і адправіла іх у хмызняк у бок вёскі Дзягільна. Гэта і выратавала іх.             
Паліцаі абклалі гумно саломай, аблілі яго газай і падпалілі. Абыходзячы яшчэ раз вёску, паліцаі знайшлі ў бочцы ў хляве яшчэ аднаго чалавека, які хаваўся там, падвялі да гумна і кінулі жывым ў агонь. Гэта быў жыхар вёскі Саленік.
35-гадовы Акаловіч, ратуючыся ад агню, праламаў закот у гумне, скочыў на снег і кінуўся ўцякаць у лес у бок вёскі Дзягільна. Але паліцаі яго застрэлілі і кінулі ў агонь.
Самымі старымі жыхарамі Садкаўшчыны, якія загінулі ў полымі, былі Тадэвуш Іосіфавіч Гармаза і Пелагея Хамёнка. Ім было па 56 гадоў. Самым маленькім, Эдзіку Жыбрыку і Валодзю Новікаву, ішоў толькі трэці год.
Антон Іванавіч Мілашэўскі, 1911 года нараджэння, ураджэнец вёскі Наквасы, у пачатку вайны  жыў у Дзяржынску. Быў  прызваны ў Чырвоную армію, трапіў у акружэнне і ў палон у в.Ферма-Гай, сядзеў у турме ў Мінску, быў вывезены ў Германію, вярнуўся з палону ў 1945г.  Аднаўляў і адбудоўваў Садкаўшчыну і тут жа застаўся жыць. Ён расказаў такую версію гэтай трагедыі: “Нашу вёску паліцаі спалілі памылкова. Аказваецца, перакладчыца не зусім дакладна пераклала назву вёскі – у нямецкіх дакументах значылася вёска Садоўшчына. А гэта вёска - у Путчынскім сельскім Савеце. Вёска Садоўшчына знаходзілася ў Путчынскай партызанскай зоне, і, відаць, менавіта на яе была накіравана карная аперацыя”. 
Немец Лемке з Паволжа, які быў начальнікам на нарыхтоўцы збожжа ў Койданаўскай воласці, даведаўся пра маючуюся адбыцца расправу над жыхарамі вёскі Садкаўшчына і хацеў яе адмяніць, але спазніўся.
Пакуль ён прыехаў з Дзяржынска ў Садкаўшчыну, гумно і людзі ў ім ужо згарэлі.
Пасля вайны вёска была адноўлена. У 1957 годзе на магіле ахвяр фашызму пастаўлены помнік-стэла з надпісам “Здесь похоронено 96 человек советских граждан деревни Садковщина, зверски замученных 2 февраля 1943 года немецкими захватчиками”.
Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”.

Літаратура

Валаханович,А.И. Дзержинщина: прошлое и настоящее /А.И.Валаханович, А.Н.Кулагин.- Минск : Наука и техника, 1986.- С. 171-172.

Валахановіч,А. За што іх спалілі /Анатоль Валахановіч //Сцяг Кастрычніка.- 2005.- 7 верасня.- С. 3.

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць. Кніга 1.-Мінск:БелСЭ,1987.- С.175.

Лысак,І. Сляды фашысцкіх зверстваў на Дзяржыншчыне /І.Лысак //Сцяг Кастрычніка.- 1991.- 11 красавіка.- С. 3, 4.

Нацистская политика геноцида и “выжженной земли” в Белоруссии. 1941-1944 /Отв. ред. В.Е.Лобанок.- Минск:Беларусь, 1984.- С. 64. 

Новікаў,М. Дарогамі памяці /М.Новікаў //Сцяг Кастрычніка.- 1982.- 6 сакавіка.- С.2.

Памяць: Дзяржынскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі /Рэд.-уклад. А.І.Валахановіч.- Мінск:БЕЛТА, 2004.- С. 295.

Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга /Гал. рэд. Б.І.Сачанка.-Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1995.-С. 518.

Рэха памяці: папка /Дзягільнянская сельская бібліятэка.- Дзягільна, 2000 - 

Сёстры Хатыні: аповед-рэквіем : папка / Скірмантаўская сельская бібліятэка.- Скірмантава, 2010.- С. 4.

Черненко,О. И пепел стучит в сердца /О.Черненко //Сцяг Кастрычніка.- 2000.- 21 чэрвеня.- С.2.

Анонсы

Октябрь
«Книжка-именинница»: литературный марафон в студии развивающего чтения «Я читаю! Я расту!»
Начало в 11:00

Октябрь
«Бисерное настроение»: мастер-класс
Начало в 15:00

Октябрь
«Книжка-именинница»: литературный марафон в студии развивающего чтения «Я читаю! Я расту!»
Начало в 11:00