Путчынскі сельскі Савет Дзяржынскага раёна

Інфармацыя пра вёску: Назва  Скірмантава.
Раён: Дзяржынскі  (даваенны раён:  Дзяржынскі).
Вобласць:  Мінская  (даваенная вобласць: Мінская).
Год знішчэння:  1943, 29 ліпеня.     Спалена разам з жыхарамі.
Хат да вайны: 38.
Людзей да вайны: 170.
Спалена  хат: 38.
Забіта людзей: 162.
Лёс вёскі: адноўлена.

Вёска Скірмантава Путчынскага сельскага савета была спалена разам з жыхарамі 29 жніўня 1943 года.
Тады загінулі 162 мірныя жыхары (са 170) і 30 яўрэяў. Самай маленькай жыхарцы Скірмантава было толькі тры месяцы.
Цудам выжыла – змагла ўцячы ў лес Раіса Паўлаўна Куніцкая. Яна стала адзінай сведкай трагедыі вёскі.
Лясы на поўначы раёна сталі сховішчам і прыстанішчам для яўрэяў. З Мінскага гета праз лясы яны дабіраліся да вёскі Вертнікі. Тут у іх быў невялікі адпачынак. Жыхары вёскі Вертнікі, рызыкуючы сваім жыццём, прымалі яўрэяў, дапамагалі прадуктамі, клапаціліся пра начлег, арганізоўвалі ахову: сяляне самі дзяжурылі па чарзе, ахоўваючы вяскоўцаў і яўрэяў-начлежнікаў. Самастойныя спробы яўрэяў устанавіць сувязь з партызанамі не заўсёды мелі поспех, а былі выпадкі, калі яны натыкаліся на вялікія танкавыя злучэнні нямецкага рэзервовага войска.

Адным з арганізатараў падпольнага руху яўрэйскага супраціўлення ў Мінску быў Г.Смоляр. У справе выратавання ўцекачоў з гета многае вырашыла яго сустрэча з камандзірам партызанскага атрада імя Будзёнага С.Ганзенка, якому ў свой час яны арганізавалі  пабег з канцэнтрацыйнага лагеру ў Mінскy на вул.Шырокай.
Нягледзячы на тое, што атрад дапамагаў, як мог, уцекачам, прыняць ycix магчымасці не было. Таму быў створаны сямейны яўрэйскі атрад № 106 Ш.Зорына, які прымаў ycix: i старых, i малых. 
Адыход яўрэяў у лес з Мінскага гета набыў стыхійны характар. Невялікія групы накіроўваліся ў лес, ведаючы толькі тое, што недзе ёсць вёскі Старое Сяло, Лісаўшчына, Скірмантава, і, калі дабярэшся туды, то будзеш у “партызанскай краіне”. Былі нават “спецыялісты”, якія самі малявалі карты з прыблізнымі маршрутамі ў гэтыя вёскі. Забяспечаныя такімі “картамі”, яўрэі нярэдка збіваліся з патрэбнага напрамку і траплялі ў лапы нямецкіх патрулёў.

Каб папярэдзіць такія недарэчныя выпадкі, з атрада №106 Шалома Зорына пасылаліся ўзброеныя партызаны, каб перахапіць уцекачоў. Гэта мера перасцярогі неўзабаве прынесла добры плён. 
За некалькі дзён каля 50 яўрэяў-уцекачоў, у тым ліку старыя і жанчыны з дзецьмі, паспяхова дабраліся да базы атрада Шалома Зорына.
Але ж гэта была не адзіная задача партызанскіх атрадаў. Яны вялі  таксама актыўную дыверсійную дзейнасць па разбурэнню рэек, мастоў, дарог i г.д. Каб не дапусціць гэтай дзейнасці, фашысты праводзілі карныя аперацыі супраць партызан. 
Адной з самых  маштабных  аперацый па знішчэнню партызан была аперацыя “Герман". 
Пачалася аперацыя "Герман" 13-15 ліпеня 1943 года наступленнем гітлераўцаў ад Ліды, Навагрудка, Баранавіч на ўсход, ад Заслаўя, Валожына на паўднёвы захад, ад Дзяржынска i Стоўбцаў на паўночны захад. Удзел у гэтай аперацыі прымалі эсэсаўскія батальёны Дырлівангера, Грыппа i іншыя карныя атрады. Асноўнай задачай аперацыі была блакада партызанскіх злучэнняў ў Налібоцкай пушчы. Партызаны апынуліся ў цяжкім становішчы, але яшчэ больш безабароннымі былі мірныя жыхары.
У выніку гэтай карнай аперацыі веска Скірмантава 29 ліпеня 1943 года была спалена разам з жыхарамі.
Як гэта адбылося, ёсць розныя сведчанні. Па ўспамінах выратаваўшыхся, усё адбывалася наступным чынам.
Аб падзеях канца ліпеня 1943 года расказвае партызанская сувязная Лідзія Сямёнаўна Санюк: 
- На блакаду партызан немцы кінулі некалькі адборных дывізій, былі паліцаі, уласаўцы. Партызаны атрымалі загад у бой з гітлераўцамі не ўступаць, каб не ставіць пад пагрозу жыццё скірмантаўцаў. Напярэдадні трагедыі, 28 ліпеня 1943 года, немцы абышлі вёску, абстралялі лясы, i заначавалі за ваколіцай. Раніцай яны рушылі ў бок вёскі Каўшова. На палове дарогі немцы сустрэлі некалькі бежанцаў-яўрэяў. Іх схапілі, абшукалі, дапыталі.  Знайшлі хлеб. Немцы спыталі, дзе яны ўсё гэта ўзялі, бежанцы адказалі, што хлеб ім далі ў вёсцы Скірмантава. Яшчэ яны паведамілі, што скірмантаўцы кормяць партызан i даюць вопратку. А ў вёсцы пяклося шмат хлеба для партызан. Даведаўшыся пра гэта, немцы вярнуліся ў Скірмантава i загадалі мірным жыхарам збірацца быццам бы на сход i абавязкова ўзяць з сабой дакументы. Іх сагналі ў хлеў, два гумны i вялікую новую хату партызанскага сувязнога Навіцкага. Паліцаі на падводах паехалі па вёсцы збіраць няхітры сялянскі скарб, з хлявоў выганялі жывёлу. Абоз з нарабаваным паехаў у бок Дзяржынска, а карнікі падпалілі гумны з людзьмі,  хаты. Хто спрабаваў вырвацца з полымя - растрэльвалі з аўтаматаў.”.

Веска гарэла дзень i ноч, а раніцай прыйшлі партызаны i жыхары навакольных вёсак i ўбачылі жудасную карціну: усё згарэла датла, а па папялішчу сярод пячных комінаў блукалі двое дзяцей. У жывых засталіся толькі тыя, хто не быў дома. Шэсць юнакоў i дзяўчат: Куніцкая Лёня, Мірановіч Зыгмусь, Мірановіч Роберт, Куніцкі Стась, Талькоўская Лёня i яшчэ адна дзяўчына пасвілі ноччу коней. Раніцай ix немцы злавілі i адправілі на прымусовыя работы ў Германію. Mірановіч Анатоль i Міськевіч Саша пайшлі да   сваякоў   у   вёску   Саковічы,   а   тры   сястры   Мірановіч - да   цёткі   ў Прыступаўшчыну. Юшкевіч таксама адлучыўся з дому. Двое дзяцей - Куніцкая Рая i Міськевіч Алёша пасвілі кароў.

Расказвае Мірановіч Роберт: " Паліцаі забралі коней, а моладзь сагналі ля абоза. Астатнім жыхарам Скірмантава загадалi збірацца для праверкі дакументаў. Уcix, i малых, i старых сагналі ў хлявы, а нам сказалі, што адправяць у Германію i пагрузілі на машыну. Мы не ведалі, што карнікі cпалілі вёску разам з жывымі людзьмі".
Расказвае Куніцкая Paica Паўлаўна: “ Раніцай 29 ліпеня карнікі быццам бы паехалі ў вёску Каўшова. Людзі пачалі выганяць кароў на пашу. Мне i Міськевічу Алёшу прыйшлося ў гэты дзень пасвіць кароў. Мы бачылі, як над вёскай у бок Каўшова паляцеў самалёт. Дзесьці праз гадзіну самалёт паляцеў назад, а ў  Скірмантаве зноў з'явіліся карнікі. Да нас пад'ехаў паліцай i загадаў гнаць кароў у вёску. З вёскі прыбегла мая мама i дапамагла нам выканаць загад. Мы загналі кароў за агароджу ля калгаснага кароўніка. Паліцаі паехалі ў вёску, а мы з Алёшам засталіся сцерагчы кароў. Немцы ўсім загадалі збірацца на сход i ўзяць з сабой дакументы. Людзі ішлі сем'ямі. Я чула, як суседская дзяўчынка плакала: "Мамачка, не пойдзем, нас там заб’юць". Людзі казалі, што не ва ўcix ёсць дакументы, а адзін паліцай сказаў: "Нічога, нічога, там разбяромся". Жыхароў сагналі ў хлеў, два гумны i хату, а паліцаі паехалі  па дварах рабаваць людское дабро.
Усё пачалося гадзін у 9-10 раніцы. Зрабіўшы сваю справу, паліцаі накіраваліся ў бок Дзяржынска, а каля хлявоў раздаліся стрэлы. Я хацела паглядзець, што там адбываецца i выглянула з-за вугла загарадкі. Мяне ўбачыў паліцай i закрычаў: “Чаму ты тут? Чаму не пайшла з астатнімі?" Я яму адказала, што мне загадалі сцерагчы кароў. Як толькі паліцай адвярнуўся, мы з Алёшам пабеглі ў жыта, што расло непадалёку. Жыта было мала i невысокае, нам прыйшлося ляжаць ніцма i не варушыцца. Вакол палоскі жыта быў луг, па якому нехта праскакаў на кані. Пачалі паліць хлявы. Немцы вельмі сварыліся i лаяліся па-руску. Мы пачулі аўтаматныя i кулямётныя чэргі. Людзі закрычалі, загаласілі. Некалькі выбухаў раздалося, як быццам бы страляюць з мінамётаў. Пабудовы гарэлі, вецер разносіў палаючую салому, пачало дыміцца жыта. Наўкола стаяў чалавечы крык, нават не крык, а страшэнны лямант i выццё. Крыкі доўга былі чуваць, пасля ўсё заціхла.
Мы прыпадняліся, агледзіліся. Немцаў нідзе не было відаць. Тады мы з Алёшам папаўзлі да вёскі, нам было вельмі страшна i жудасна. Веска дагарала. Мы забраліся ў яму, дзе зімой захоўвалі бульбу i прасядзелі там да цемнаты. Яшчэ калі людзей гналі да хлявоў, да нас забегла Алёшава сястра i сказала: "Нас паб'юць, а вы астанецеся. Тата вытапіў печ i паставіў пячы хлеб. Будзеце яго есці."' Мы пайшлі да сядзібы Міськевічаў, хаця цяжка было знайсці, хто дзе жыў яшчэ ўчора. Усюды аднолькавыя папялішчы. Згарэла хата, печ развалілася, хлеб цалкам згарэў. Алёшу было гадоў 10, ён плакаў i пpaciў есці. Мы пачалі хадзіць па дварах i знайшлі на адным агародзе радыску. Селі каля ямы, нашай схованкі i пачалі есці. Так i прасядзелі ўсю ноч да раніцы. Хлеў i гумны дыміліся ўсю ноч, стаяў страшэнны пах гарэлага мяса. Было вельмі страшна. Нам не верылася, што ў вёсцы няма больш нікога жывога. Раніцай мы пайшлі шукаць людзей. Па вуліцы блыталіся абгарэлыя куры i каты. Куры ад нас разляталіся ва ўсе бакі, а каты ішлі следам. Мы падышлі да хлява. Там усе згарэла датла, толькі груды попелу. Падышлі да гумна. У нос ударыў удушлівы пах гарэлага мяса. Сярод галавешак ляжалі абгарэўшыя чалавечыя трупы, наваленыя адзін на адзін. Мы спалохаліся i пабеглі. Каля могілак убачылі людзей. Гэта жыхары навакольных вёсак ішлі даведацца аб лёсе cвaix родных i сваякоў.
Трагедыя здарылася ў чацвер, а хаваць астанкі дамовіліся, па старадаўняму звычаю, праз дзень. У суботу прыйшлі партызаны, родныя. Я добра ведала, хто з вяскоўцаў як быў апрануты ў той дзень. Патрэбна было апазнаць трупы. У хлеве згарэлі ўсе людзі, бо там было шмат сухой саломы. Засталіся толькі косці. У гумне пад грудамі галавешак i попелу ляжалі людзі без рук, ног, галавы. Знайшлі абгарэлага мужчыну без галавы i рук. Па астаўшамуся адзенню я пазнала свайго бацьку. Пад бацькам ляжала мая малодшая сястра, таксама абгарэўшая, а яшчэ ніжэй -  мой брацік, цэлы, але ўвесь чорны. Збоку ад ix знайшлі маму. Яна трымала на руках маленькую сястрычку, якой было ўсяго тры месяцы. Яшчэ адну маю сястру так i не знайшлі. У самым кутку гумна ляжала дзяўчынка, уся скручаная. Магчыма, яна гарэла i спрабавала выпаўзці па сценах. Тыя трупы, якія ляжалі пад верхнімі, абгарэўшымі, былі цалейшымі. Іх родныя апазнавалі i хавалі на могілках.
Каля адной хаты расстралялі дзве сям’і, адна старшыні калгаса Цалуйкі. Астанкі xaвалі ў брацкай магіле. Выкапалі адну яму, запоўнілі астанкамі, выкапалі другую... Я не змагла быць да канца гэтага жудаснага пахавання, мяне забрала цёця. Пасля расказвалі, што калі партызаны пачалі праводзіць мітынг, раптоўна наляцеў самалёт i абстраляў ycix сабраўшыхся. Цi былі параненыя я не ведаю”.
У жудасным  полымі згарэлі 162 вяскоўцы, самай маленькай жыхарцы Скірмантава было толькі тры месяцы."
Гірш Смоляр у cвaix успамінах паведамляе: “У   выпадку   раптоўнага   нападу   карных   атрадаў   няўзброеныя   мужчыны, жанчыны, дзеці i старыя не змаглі б аказаць сур'ёзнага супраціўлення ворагу. І першы званок ужо празвінеў: калі група з трыццаці яўрэяў з Мінскага гета прыбыла ў Скірмантава, вёску раптоўна з ycix бакоў атачылі эсэсаўцы. Разам з сялянамі   ўсе   яўрэі,   якія   яшчэ   нават   не   паспелі па-сапраўднаму глынуць свабоды, былі сагнаныя ў хлявы i зажыва спаленыя."
Па ўспамінах C.M.Маргалінай "Застацца жыць":  “Мае браты Самуіл і Саша  ...досвіткам уцякаючы, знайшлі патрэбную дарогу і непадалёк ад вёскі Новы Двор у лесе сустрэлі  групу  ўзброеных  людзей.  Гэта  былі  партызаны. Радасць, праўда, была нядоўгай:  з усёй групы яны адабралі толькі чатырох маладых людзей, у тым ліку і Самуіла. Астатнія дванаццаць засталіся незапатрабаванымі. Бяззбройныя, змучаныя голадам і смагай, яны прыйшлі ў вёску Скірмантава і па трагічнай  выпадковасці падаспелі прама да карнай  акцыі,   дзе  падзялілі   лёс  жыхароў  гэтай  вёскі,   спаленай  разам з яе жыхарамі за сувязь з партызанамі."
У вядомай у свеце кнізе Альтмана "Халакост" згадваецца наступнае:
"Беспрэцэндэнтнай была расправа ў в. Скірмантава Койданаўскага раёна, дзе за ўкрывальніцтва яўрэяў была спалена ўся вёска разам з жыхарамі (280 чалавек) ."
Георгій    Васільевіч    Будай,    былы    камісар    партызанскай    брыгады    імя П.К.Панамарэнкі ўспамінае:
"У ліпені 1943 г. гітлераўцы наладзілі карную экспедыцыю супраць партызан... Наш лагер размяшчаўся каля вёскі Скірмантава. Я папярэдзіў жыхароў вёскі аб карніках. Веска апусцела, людзі схаваліся ў лесе. Змянілі i мы свае месцазнаходжанне.
Карнікі знайшлі ў лесе жыхароў Скірмантава. «Мы ваюем з партызанамі а не з насельніцтвам, — заявілі  яны. — ідзіце па дамах!».
Людзі паверылі i вярнуліся ў родную вёску. У лесе засталася толькі сувязная партызанскага атрада імя С.Л.Будзённага.
Калі група з 30 яўрэяў, якія ўцяклі з Мінскага гета, прыбыла ў вёску Скірмантава, то яе раптоўна з усіх бакоў акружылі эсэсаўцы. Разам са 162 мясцовымі жыхарамі яўрэі былі сагнаны ў хлеў і зажыва спалены. Была спалена і вёска – 38 дамоў”.
Пасля вайны вёска адноўлена. У 1956 годзе на магіле ахвяр фашызму ў цэнтры вёскі Скірмантава пастаўлены абеліск.

Каля Дома культуры ў цэнтры вёскі пастаўлены абеліск на ўшанаванне памяці аднавяскоўцаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. На правай частцы  - гарызантальная стэла з надпісам: “29 июля 1943 года фашисты сожгли деревню Скирмантово и её жителей. Пали жертвами семьи…». На стэле барэльеф з выявамі жанчын і дзяцей у агні, пералік загінуўшых сямей.

Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”.


Літаратура

Альтман,И.А. Жертвы ненависти: Холокост в СССР 1941-1945 /А.И.Альтман .- Москва, 2002.- С.439.           

Альтман, И.А. Холокост и еврейское сопротивление на оккупированной территории СССР /И.А.Альтман.- Москва,2002.- С.170.

Антисемитизм в партизанских отрядах [электронный ресурс].- Режим доступа:http: raiskiy.livejornal.com/10361.html.-   Дата доступа: 20.02.2010

Валаханович,А.И. Дзержинщина: прошлое и настоящее /А.И.Валаханович, А.Н.Кулагин.- Минск : Наука и техника, 1986.- С. 172.

Валахановіч,А. За што іх спалілі /Анатоль Валахановіч //Сцяг Кастрычніка.- 2005.- 7 верасня.- С. 3.

Валахановіч,А.І. Путчынскі сельскі Савет /А.І.Валахановіч.-Дзяржынск : “Сцяг Кастрычніка”, 2005.- С. 55-56.

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць. Кніга 1.-Мінск:БелСЭ,1987.- С.175.

Лысак,І. Сляды фашысцкіх зверстваў на Дзяржыншчыне /І.Лысак //Сцяг Кастрычніка.- 1991.- 11 красавіка.- С. 3, 4.

Нацистская политика геноцида и “выжженной земли” в Белоруссии. 1941-1944 /Отв. ред. В.Е.Лобанок.- Минск:Беларусь, 1984.- С. 65. 

Новікаў,М. Дарогамі памяці /М.Новікаў //Сцяг Кастрычніка.- 1982.- 6 сакавіка.- С.2.

Памяць: Дзяржынскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі /Рэд.-уклад. А.І.Валахановіч.- Мінск:БЕЛТА, 2004.- С. 295-296.

Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга /Гал. рэд. Б.І.Сачанка.-Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1995.-С. 520.
Радзько,Н. Памяць сэрца /Н.Радзько //Сцяг Кастрычніка.- 2003.- 6 жніўня.- С. 2.

Сёстры Хатыні: аповед-рэквіем : папка / Скірмантаўская сельская бібліятэка.- Скірмантава, 2010.- С. 4-14.

Скірмантава: кароткі гістарычны нарыс : папка /Скірмантаўская сельская бібліятэка.- Скірмантава, 1992 - .-С. 28-37, 43.

Черненко,О. И пепел стучит в сердца /О.Черненко //Сцяг Кастрычніка.- 2000.- 21 чэрвеня.- С.2.

Анонсы

Июль
«BOOK – симпатия»: книжная выставка-рейтинг
Начало в 10:00

Июль
«Навяжу для всей планеты»: мастер-класс в клубе нескучных идей
Начало в 15:00

Июль
«Палитра летних красок»: вернисаж
Начало в 10:00