Даніла Набароўскі

Урач, паэт, дыпламат. Нарадзіўся (1573—1640) ў збяднелай шляхецкай сям'і ў Кракаве. Медыцыне, праву i гуманітарным навукам вучыўся ва ўніверсітэтах Вітэнберга (Германія, 1590—1593 гг.), Базеля (Швейцарыя), Арлеана (Францыя). Вывучаў таксама лацінскую, грэчаскую, нямецкую, французскую мовы. Як здольны настаўнік Набароўскі быў прыняты на службу ў сям'ю віленскага ваяводы Крыштофа Радзівіла выкладчыкам заходніх моў для сына Януша. Потым працаваў настаўнікам у сям'і магнатаў Ляшчынскіх. У 1601 г. навучаўся механіцы ў Падуі (Італія), слухаў лекцыі Галілея, стаў прыхільнікам яго вучэння. На аснове вучэння Галена напісаў 2 трактаты. 3 1602 г. на працягу 30 гадоў Набароўскі быў на службе ў свайго былога выхаванца, Януша Радзівіла, i амаль увесь час жыў на Беларусі: у Нясвіжы, Капылі, Станькаве, пад Навагрудкам. Ён падтрымліваў ідэю самастойнасці Вялікага княства Літоўскага, дапамагаў князю рыхтаваць выступленне пратэстанцкай шляхты супраць караля Жыгімонта III. Пасля задушэння выступлення суправаджаў князя ў эміграцыі. Яшчэ раз вымушаны быў эмігрыраваць у Заходнюю Еўропу разам з князем пасля яго адмовы ўдзельнічаць у паходзе Жыгімонта III на Рускую дзяржаву. Пасля вяртання на Беларусь Набароўскі неаднаразова ездзіў з сакрэтнымі дыпламатычнымі даручэннямі Радзівілаў да еўрапейскіх уладароў. 3 1633 г. жыў у Вільні, дзе быў абраны гарадскім суддзёй. На працягу ўсяго жыцця займаўся ўрачэбнай практыкай, удзельнічаў у барацьбе з эпідэміямі на Беларусі. Набароўскі вядомы таксама як паэт. У сваіх вершах i вершаваных лістах адлюстроўваў сацыяльныя супярэчнасці на Беларусі 16—17 ст., высмейваў рэакцыйную шляхту, езуітаў, духавенства. Для многіх яго вершаваных твораў характэрны алегарызм, рытарычная вобразнасць, гульня слоў і іншыя стылявыя асаблівасці, уласцівыя маньерызму. Як пратэстант цярпеў ганенні з боку каталіцкай царквы. У сваёй практычнай дзейнасці быў тыповым прадстаўніком гуманістычнага кірунку (у неўраджайны год адмовіўся спаганяць нядоімку з сялян Станькава, абараняў сялян ад рэвізораў князя Радзівіла). Набароўскі перакладаў з лацінскай (М.Сарбеўскага), італьянскай (Петрарку), нямецкай i французскай моў.


Творы Д. Набароўскага

Naborowski, D. Poezje / D. Naborowski.-Warszawa,1961.

Літаратура аб жыцці і творчасці

Валахановіч А. І. Набароўскі Даніла. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна.-Мінск,2004. -С. 77.

Грицкевич В. П. С факелом Гиппократа. Из истории белорусской медицины / В.П. Грицкевич.- Минск,1987.-С. 120-123.

Грыцкевіч, В. Чатыры факелы ў цемры./ В. Грыцкевич // Маладосць.- 1972.-№ 10.

Даніэль Набароўскі // http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Даніель Набароўскі

Набароўскі Даніла. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : ў 6 тамах. Т. 5.- Мінск,1999.-С. 253.

Набароўскі Даніла // Мысліцелі і асветнікі Беларусі : Х-ХІХ стагоддзі:энцыклапедычны даведнік.-Мінск,1995.-С. 263-264.

Набароўскі Даніла // http://spadchyna.net/index.php?option=com_ content&view=article&id=851:2009-11-14-16-50-15&catid=36:2009-10-27-12-02-55&Itemid=467

Парэцкі Я. І. Набароўскі    Даніла. // Беларуская энцыклапедыя : ў 18 тамах. Т. 11.- Мінск,2000.- С. 86-87.

Хадыка, А. Жанчыны Януша Радзівіла / А. Хадыка // http://historialis.com/pl/news/3626.html