Карусь Каганец
         

Змоўк пясняр, затаіў свае песні,
Ён іх болей ужо не пяе.
Але рвуцца яны, і калісь на прадвесні
Лёд халодны ў душы пад напорам іх трэсне,
І струёй лынуць вершы з яе…

М.Багдановіч

Карусь Каганец (сапраўднае прозвішча Казімір Карлавіч Кастравіцкі) – празаік, паэт, драматург, мастак, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 10 лютага 1868 года ў г. Табольску. Паходзіў са старадаўняга беларускага шляхецкага роду, даводзіўся сваяком Міхалу Апалінару Кастравіцкаму, дзеду французскага паэта Гіёма Апалінэра. Бацька пісьменніка, Карл Самуілавіч Кастравіцкі валодаў невялікім спадчынным маёнткам Навасёлкі на Койданаўшчыне, меў агранамічную адукацыю, любіў музыку. Маці, Юлія, паходзіла з вядомага на Беларусі шляхецкага роду Светарэцкіх. За удзел у паўстанні 1863-1864гг. бацьку (быў членам- рэферэнтам паўстанцкай арганізацыі на Міншчыне) саслалі ў Табольск, а маёнтак канфіскавалі. У Табольску з ім жыла і сям’я, тут і нарадзіўся будучы пісьменнік. У 1870 годзе сям’і Кастравіцкіх дазволена было перасяліцца ў Казанскую губернію, а ў 1872 – вярнуцца на радзіму. Пасля вяртання жылі ў в.Засулле, а з 1880 у в.Юцкі (Прымагілле) каля Койданава.
Пачатковую адукацыю Каганец атрымаў дома, пасля вучыўся ў Мінскім гарадскім вучылішчы. Імкнучыся авалодаць жывапісным і скульптурным майстэрствам, у 1890-я гады паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Ёсць звесткі, што Карусь вучыўся таксама ў Пецярбургу. Аднак адукацыю не завяршыў з-за адсутнасці сродкаў і, вярнуўшыся ў Прымагілле, заняўся сялянскай працай. У 1899 годзе Каганец ажаніўся і асеў на сталае жыхарства ва ўрочышчы Лісіныя Норы (Прымагілле).
Зямля была малаўрадлівая, таму, каб утрымаць сям’ю, у якой было чацвёра дзяцей, ён вымушаны быў шукаць дадатковы заробак – працаваў у чайнай у Мінску, у мастацкай майстэрні ў Рызе, Мінскім таварыстве дабрачыннасці, потым служыў дзесятнікам у Лідзе на будаўніцтве чыгункі Балагое-Седльцы.
Каганец – актыўны ўдзельнік ідэолаг нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі, адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай грамады і Беларускай сацыялістычнай грамады, удзельнічаў у іх з’ездах, распрацоўваў праекты праграм і рэзалюцый. У 1904 і 1905 гадах без выніку звяртаўся ў Галоўнае ўпраўленне па справах друку аб выданні ў Мінску беларускай газеты “Палессе”. Актыўна ўдзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях 1905-1907 гадоў. За агітацыю сярод сялян Койданаўшчыны быў арыштаваны 19 снежня 1905 года і да 16 мая 1906 года зняволены ў мінскую турму. Быў выпушчаны з турмы да суда, жыў выпадковымі заробкамі. Вясной 1910 года Віленская судовая палата на пасяджэнні ў Мінску прыгаварыла Каганца да 1 года зняволення ў мінскай турме.
У турме Карусь Каганец многа пісаў, маляваў, зрабіў ілюстрацыі да твораў Якуба Коласа, які знаходзіўся там жа. Але, на жаль, малюнкі не захаваліся.
Пасля выхаду на волю Каганец доўга не мог знайсці работы. Толькі ў пачатку 1912 года ўдалося атрымаць пасаду аканома ў фальварку Жортай у пана Копаця, дзе працаваў да вясны 1918 года.
Карусь Каганец быў абраны старшынёй з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый, які праходзіў у Мінску з 25 па 27 сакавіка 1917 года.
Вясной 1918 года абвастрэнне даўняй хваробы – туберкулёзу лёгкіх, вымусіла Каганца пераехаць да брата ў Прымагілле, дзе і памёр 10 мая 1918 года.
Пахаваны ў в.Навасёлкі Дзяржынскага раёна, у 1988 годзе на магіле пісьменніка быў пастаўлены помнік.
Літаратурную дзейнасць Карусь Каганец пачаў у канцы 19 стагоддзя. Першыя творы Каруся Каганца: вершы “Нёман”, “Наш покліч”, апавяданне-абразок “Прылукі” былі напісаны ў 1893 годзе.
Карусь Каганец узнавіў у новай беларускай літаратуры старадаўні жанр духоўнай паэзіі, у якой, аднак, рэлігійныя матывы часам спалучаюцца з патрыятычна-адраджэнцкімі (вершы “Малітва”, “Наша ніўка”). Пяру Каганца належыць таксама цікавы парафраз 90-га псалма, зроблены з польскага вершаванага перакладу “Псалтыра” Яна Каханоўскага. У вершы Каганца шчыры чалавек за сваю глыбокую веру мусіць атрымаць Боскую апеку і дары:
…Анёлам Сваім кажа ця ўкрываці,
Дзе толькі ступіш, будуць пеставаці
На сваіх руках, каб йдучы ў дарогу
На гойстры камень не скалечыў ногу.
Сялянскае жыццё Каруся Каганца наклала свой адбітак на яго паэзію. У яго ранніх вершах праўдзівыя і простыя малюнкі сялянскай працы і народнага побыту, скарга на нялёгкую долю (Песня зіме”, “Палессе”).
Адклікаўся паэт і на грамадскія падзеі. Жывым водгукам на руска-японскую вайну былі вершы “На мабілізацыю” і “…Які ж то вецер буйна грае”.
Вялікае месца ў паэзіі Каруся Каганца займалі нацыянальна-вызваленчыя матывы (“Плач беларуса”, “Наш покліч”, “Наш сымболь”, пісаў ён вершы на гістарычныя тэмы (“Сцяты камень”, “Нёман”, “Згадка пра Галубка”).
Найбольшага поспеху ён дасягаў у творах, якія вырасталі на здабытках беларускай народнай песні, тады, калі творча выкарыстоўвалася фальклорная паэтыка. Узорам такога верша беларускага складу быў вядомы “Кабзар”, высока ацэнены М.Багдановічам: “…рэч самародная, веючая народным духам і пакідаючая моцнае ўражанне”.
Карусь Каганец – цікавы і самабытны празаік. Большасць яго празаічных твораў – гэта своеасаблівая апрацоўка фальклорных матэрыялаў: народных легенд і гістарычных паданняў, казак і жартаў.
Апавяданні “Прылукі”, “Машэка”, “Вітаўка”, “Навасадскае замчышча” створаны паводле мясцовых легенд. Так, у апавяданні “Прылукі” аўтар паказвае трагічны лёс баярына Яраслава і яго жонкі, прыгажуні Любляны, якія становяцца ахвярамі ці то ліхога падману, ці то збегу трагічных акалічнасцяў.
Прыезджы баярын прывозіць Любляне вестку, нібыта яе муж, Яраслаў загінуў на вайне. Праплакаўшы некалькі дзён, Любляна, урэшце, пагаджаецца выйсці замуж за прыезджага ваяра. Але праз пэўны час Яраслаў вяртаецца жывы і здаровы; паміж мужчынамі адбываецца дуэль, падчас якой абодва яны гінуць.
Проза Каруся Каганца адметная сваёй увагай да мастацкай дэталі, творчым выкарыстаннем здабыткаў беларускай гутарковай мовы. Асабліва гэта відаць ў апрацоўках народных казак “Скрыпач і ваўкі”, “Журавель і чапля”, “Што кажух, то не вата”.
Вельмі ўдалыя па зместу і форме навукова-папулярныя нарысы “Вандроўка кроплі вады”, “Год”, “Нашыя птушкі”. У гэтых творах пісьменнік выступае як самародак-педагог, які ўмела і проста тлумачыць дзецям складаныя жыццёвыя і прыродныя з’явы.
Сярод празаічных твораў Каруся Каганца трэба выдзеліць апавяданне “Бывалы Юр у Мінску”. Гэта крытычны погляд бывалага селяніна на гарадскія забаўкі. Апавяданне пабудавана арыгінальна: дзеянне разгортваецца толькі ў форме дыялога Юркі з Пракопам”.
Ёсць у Каруся Каганца цікавыя бытавыя апавяданні “З нашага жыцця”, “Тры алешыны”, “На сплаве” і іншыя.
Асобна трэба сказаць пра Каруся Каганца-публіцыста. У артыкулах “Прамова”, “Думка”, “З рэферату на калядны сход беларускай грамады 1903 года” ў цэнтры ўвагі праблемы нацыянальнага адраджэння, развіцця беларускай культуры, мовы, асветы.
У творчай спадчыне Каруся Каганца вялікае месца займае драматургія. Ён аўтар вядомага вадэвіля “Модны шляхцюк”(1910), а таксама бытавых драм “У іншым шчасці няшчасце схавана”, “Двойчы прапілі”, няскончаных твораў на гістарычную тэматыку “Старажовы курган”, “Сын Даніла”.
У камедыі “Модны шляхцюк” Карусь Каганец ярка і жыва адлюстраваў жыццё беларускай засцянковай шляхты. Ён стварыў адметны і запамінальны тып фанабэрыстага шляхціца Пранцішка Карчэўшчыка, які строіць з сябе адукаваную асобу, адначасова пагарджаючы мовай, культурай, традыцыямі беларусаў.
На вялікі жаль, засталася няскончанай вялікая бытавая драма ў 4-х частках “Двойчы прапілі” (1910).
Тут аўтар праўдзіва паказвае сялянскае жыццё, сацыяльную няроўнасць, бічуе п’янства. Дзеянне ў драме адпавядае яе назве: заможны селянін Пракоп – бацька Хоўры – пад чаркаю згаджаецца выдаць дачку замуж за гультаявага і падкага на выпіўку Атрыхона, а той за добры пачастунак уступае дзяўчыну другому – беднаму хлопцу Іўку. Такім звілістым шляхам ідзе да свайго шчасця Іўка…
Цікавымі па сваёй задуме былі і няскончаныя драмы “Старажовы курган” і “Сын Даніла”. У “Старажовым кургане” неспадзяваны трохкутнік: ваявода, дачка карчмара Хэйна і казак Мікола. Дзеянне абрываецца на такім моманце: помсцячы Міколу, ваявода пасылае яго ў небяспечную разведку – на курган сачыць за татарскімі войскамі; там казак сустракае прыгожую дзяўчыну Вульяну…Яшчэ больш востры і нават трагічны канфлікт у драме “Сын Даніла”.
Карусь Каганец склаў кнігу “Беларускі лемантар, або Першая навука чытання”.

Карусь Каганец быў таленавітым жывапісцам, графікам і скульптарам. Яшчэ ў час вучобы ў Маскоўскім мастацкім вучылішчы ён вылепіў бюст Івана Грознага. Пасля ён вырэзваў з дрэва і слановай косці. Карусь Каганец пакінуў шмат цікавых малюнкаў тушшу і алоўкам: “Маці”, “За сахой”, “На ростаньках”, “Буслы”; рабіў палітычныя карыкатуры, упрыгожваў пейзажамі і рознымі арнаментнымі аздобамі бытавыя рэчы, зрабіў вокладку да кнігі Я.Коласа “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”. Падрыхтаваў афармленне і да сваёй кнігі, яна на жаль, не толькі не выйшла з друку, але і рукапіс яе дзесьці згубіўся. Упершыню шчырыя і простыя творы Каруся Каганца былі сабраны ў кнізе “Творы”, выдадзенай ў 1979 годзе ў Мінску.
Проза, паэзія, драматургія і публіцыстыка Каруся Каганца раскрываюць прывабны воблік пісьменніка-дэмакрата і актыўнага грамадскага дзеяча, які стаяў ля калыскі беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя.

ТВОРЫ КАРУСЯ КАГАНЦА

Беларускі лемантар, або першая навука чытання.-Пб.,1906.
Каганец,К. Модны шляхцюк: бытавая камедыя ў 1-ой дзеі / К.Каганец.-Пб.,1910.
Каганец,К. У іншым шчасці няшчасце схавана / К.Каганец.-Вільня,1919.
Каганец,К. Творы / Карусь Каганец; укладанне, прадмова і каментарыі С.Александровіча.-Мінск: Мастацкая літаратура, 1979.-263с.

Каганец,К. Вершы // Анталогія беларускай паэзіі. У 3т. Т.1.-Мн,.1993.-С.248-256.
Каганец, К. … Ой, гора жа,гора… / Карусь Каганец // Каласы роднай мовы.-Мн.,1990.-С. 13.
Каганец,К. Модны ўляхцюк: бытавая камедыя ў адной дзеі / Карусь Каганец // Беларуская камедыя.-Мінск.: Мастацкая літаратура, 2000.-С.49-60.

Каганец, К.Нашыя птушкі : вершы, казкі, нарысы / Карусьь Каганец.-Мн. : Маст.літ.,2011.-70с.
Каганец,К. Не той міл Богу, хто многа знае, а той, хто шчыра сэрца к яму навяртае: абразок / Карусь каганец // Бацькаўшчына: зборнік гістарычнай літаратуры.-Мінск:Юнацтва, 2000.-С.209.
Каганец,К. Вітаўка: апавяданне /Карусь Каганец //Планета-семья.-2005.-№2.-С.23-24.
Каганец, К. Вершы ; Модны шляхцюк / Карусь Каганец // Беларуская літаратурная спадчына : анталогія:у 2-х кн.:кн.1.-Мн.,2011.-С.463-477.

ЛІТАРАТУРА АБ ЖЫЦЦІ І ТВОРЧАСЦІ

Власт (Ластоўскі В.) Да характарыстыкі Каганца // Савецкая Беларусь.-1928.-20 мая.
Вуэс Карусь Каганец /Вуэс // Грамадзянін.-1928.-№10.
Дыла,Я. Палкае сэрца /Я.Дыла // Савецкая Беларусь.-1928.-20 мая.
Каспяровіч,М. Карусь Каганец / М.Каспяровіч // Маладняк.-1928.-№10.
Каспяровіч,М. На Каганцовай магіле / М.Каспяровіч // Літаратурны дадатак да газеты “Савецкая Беларусь”.-1928.-№17.
Каспяровіч,М. Там, дзе тварыў Каганец //Наш край.-1928.-№10.-С.14-26.
Мачульскі,В. Карусь каганец як пісьменнік і грамадзянін /В.Мачульскі //Савецкая Беларусь.-1928.-20 мая.
Ластаўка,П. У 20-я ўгодкі смерці К.Каганца /П.Ластаўка //Злучэнне.-1938.-№9.
Я.Н.(Найдзюк Я.) Прыкладная постаць Каруся Каганца //Шлях моладзі.-1938.-№16.
Фіглоўская,Л. Карусь Каганец /Л.Фіглоўская //Беларусь.-1946.-№1.
Шкраба,Р. Карусь Каганец /Р.Шкраба //Літаратура і мастацтва.-1946.-27 мая.
Палуян,С. Таленавіты мастак /С.Палуян //Беларусь.-1956.-№7.
Александровіч,С. На глебе народнай /С.Александровіч //Літаратура і мастацтва.-1968.-9 лютага.
Александровіч,С. Без надзеі і жыццё не жыццё /С.Александровіч //Літаратура і мастацтва.-1978.-10 лютага.
Базарэвіч,М. Духоўная спадчына паэта-земляка /М.Базарэвіч //Сцяг Кастрычніка.-1979.- 6 кастрычніка.
Ермаловіч,М. Выдадзена ўпершыню /М.Ермаловіч //Полымя.-1979.-№12.
Лойка,А. Вяртанне /А.Лойка //Літаратура і мастацтва.-1979.-29 чэрвеня.
Марціновіч,А. На сёння і на ўсе часы /А.Марціновіч //Голас радзімы.-1979.-1 лістапада.
Ліс,А. Ушанаваць памяць пісьменніка-дэмакрата /А.Ліс //Літаратура і мастацтва.-1984.-20 студзеня.
Германовіч,І. Карусь Каганец //Германовіч,І. Беларускія мовазнаўцы.-Мн.,1985.-С.69-82.
Біч,М. Ад родных ніў /М.Біч //Полымя.-1988.-№3.
Віж,М. “Хай люд прачынаецца…” / М.Віж // Голас Радзімы.-1988.-18 лютага.
Зайцев,М. “Чтоб люд пробуждался…” /М.Зайцев // Неман.-1988.-№3.
Станкевіч,Л.І. Рукапісы Каруся Каганца ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І.Леніна //Кніжная культура Беларусі: Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны.-Мн.,1991.
Пашкевіч,А. “Узыдзе наша зерне” / А.Пашкевіч // Літаратура і мастацтва.-1992.-17 красавіка.
Бяляцкі,А. Божы лернік / А.Бяляцкі // Хрысціянская думка.-1993.-№2.-С.15-19.  
Карусь Каганец // Анталогія беларускай паэзіі. У 3т. Т.1.- Мн.:Мастацкая літаратура, 1993.-С.246-247.
Каганец Карусь // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік: у 6-ці т. Т.3.-Мн.,1994.-С.62-65.
Пашкевіч,А. Кроў з крыві беларуса…” /А.Пашкевіч //Роднае слова.-1994.-№7-8.-С.10-18.
Каганец Карусь //Беларусь: энцыклапедычны даведнік.-Мн.:БелЭн,1995.-С.353.
Каганец Карусь // Мысліцелі і асветнікі Беларусі : Х-ХІХ стагоддзі:энцыклапедычны даведнік.-Мн.,1995. 
Федзюковіч,М. За родную краіну, звычай і мову / М.Федзюковіч //Белорусская ніва.-1995.-27 сентября.
Біч,М. Каганец Карусь //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6т.Т.3.-Мн.:БелЭн,1996.-С.521-522.
Галоўка,С. “Засульскае турэ” Каруся каганца //Галоўка,С. Падказанае Нёманам.-Мн.: “Дом прэсы”,1996.-С.86-89.
Запартыка,Г. Развітальныя аўтографы /Г.Запартыка // Спадчына.-1996.-№5.-С.232-249.
Усава,Н. Карусь Каганец – графік /Н.Усава //Роднае слова.-1997.-№10.-С.190-197.
Ан-евіч,А. “Наш народ не загіне…” /А.Ан-евіч //Літаратура і мастацтва.-1998.-13 лютага.-С.12.
Багдановіч,І. Пераемнік змагарнага духу /І.Багдановіч //Полымя.-1998.-№11.-С.258-270.
Германовіч,І. Карусь Каганец як мовазнаўца /І.Германовіч //Роднае слова.-1998.-№2.-С.92-101.
Ермаловіч,Л. Новыя гаспадары /Л.Ермаловіч //Сцяг Кастрычніка.-1998.-1 красавіка.
Ермаловіч,Л. Святло далёкай зоркі /Л.Ермаловіч //Сцяг Кастрычніка.-1998.-31 студзеня,21 лютага.
Зубовіч,Т. “І радзімаму краю служыць…” /Т.Зубовіч //Сцяг Кастрычніка.-1998.-27 студзеня.
Пашкевич,А. Карусь Каганец: легенда и судьба /А.Пашкевич //Неман.-1998.-№9.-С.216-246.
Розум,М. Яркі светач той пары /М.Розум //Мінская праўда.-1998.-10 лютага.
Саламевіч,І.У. Каганец Карусь /І.У.Саламевіч //Беларуская энцыклапедыя: у 18т. Т.7.-Мн.:БелЭН, 1998.-С.402.
Марціновіч,А. Каб зналі хто мы такія: Карусь Каганец //Марціновіч А. Элегіі забытых дарог.-Мн.:Полымя,2001.-С.453-464.
Каганец Карусь // Тэатральная Беларусь:энцыклапедыя: у 2т. Т.1.-Мн.: БелЭн,2002.-С.468.
Грыгор’еў,В. Беларускі светач /В.Грыгор’еў // Сцяг Кастрычніка.-2003.-12 ліпеня.-С.5.
Каспяровіч,М.І. Там, дзе тварыў Каганец / М.І.Каспяровіч // Сцяг Кастрычніка.-2003.-12 ліпеня, 19 ліпеня, 2 жніўня.
Каганец Карусь // Памяць: гістарычна-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна.-Мн.:БЕЛТА,2004.-С.105-107.
Рублевская,Л. Украденная Джоконда, фонарь Диогена и сибирский след /Л.Рублевская //Советская Белоруссия.- 2005.-24 августа.
Каганец Карусь // Республика Беларусь : энциклопедия:т.3.-Мн.,2006.-С. 826.
Карусь Каганец // Баршчэўскі,Л. Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён: папулярныя нарысы.-Мінск: Радыёла-плюс,2006.-С.164-166.
Каганец Карусь // Минская область:энциклопедия:т.2:Д-Я.-Мн.,2007.-С.133-134.
Каспяровіч,М. Там, дзе тварыў Каганец: літаратурная экскурсія /Мікола Каспяровіч //Полымя.-2007.-№1.-С.190-198.
Вашкевіч,Г. “Напішы ты, сынку, да мяне па-беларуску” /Г.Вашкевіч //Сцяг Кастрычніка.-2008.-9 лютага.-С.8.
Лаўшук,С. А ён і сёння яшчэ “модны”/Сцяпан Лаўшук //Роднае слова.-2008.-№2.-С.8-9.
Ліпніцкі, В. Па Налібоцкай пушчы. Сцежкамі Каруся Каганца / Валеры Ліпніцкі // Краязнаўчая газета.-№37.-С. 6.
Сацукевіч, Д. Літаратурная Лошыца / Дар’я Сацукевіч // Літаратура і мастацтва.-2008.-№2.-С. 15.
Лойка, А.А. [Карусь Каганец] / Алег Лойка // Займальная літаратура : эсэ.-Мн.,2009.-С. 54-55.
Рублевская, Л. О странных людях / Людмила Рублевская // Советская Белоруссия.-2010.-26 февраля.-С. 10.
Карусь Каганец // Беларуская літаратурная спадчына : анталогія:2 2-х кн:кн.1.-Мн.,2011.-С. 462.
Крэпак, Б. “Мудрагеліста тасуецца калода” / Барыс Крэрак // Культура.-2011.-№44,45.