Лукаш Калюга

Лукаш Калюга (Кастусь Пятровіч Вашына) нарадзіўся 27 верасня 1909 года. Малой Радзімай Кастусю сталася вёска Скварцы на 40 двароў, якая размясцілася ў 30-ці кіламетрах на паўднёвы захад ад Мінска, прыпісаная да Дабрынёўскага сельсавета ў Дзяржынскім раёне. Бацькі, Пётр Мікалаевіч і Вольга Сцяпанаўна Вашыны, не маглі нацешыцца першым нашчадкам – сынам, які моцна радаваў іх сваімі дзіцячымі забавамі. Аднак праз два гады ў хату ўвалілася няшчасце – памерла Кастусёва маці, і ён застаўся на руках у незамужняй бацькавай сястры Марыі.
Бацька Кастусёў хоць сам здолеў скончыць толькі чатырохкласную школу, але паважаў навуку, а таму з малых гадоў прыкладаў свайго хлапца да граматы. Кастусь удаўся кемлівы, хутка навучыўся чытаць.
Калі Кастусю споўнілася сем гадоў, бацька павёў яго ў Дабрынёўскую пачатковую школу, і там настаўнік быў здзіўлены хатнімі ведамі хлапчука. Кастусь выразна чытаў, някепска пісаў, спраўляўся з задачамі трэцяга класа. У 1921 годзе хлопчык паступіў у Станькаўскую сямігодку, якую скончыў у 1925 годзе.
За год да сканчэння сямігодкі памёр Кастусёў бацька, і яго замяніў яму родны дзядзька па мацеры, Уладзімір Сцяпанавіч Івашын. Паходзілі Вашыны з моцнага сялянскага роду, жылі ў дастатку, але працавалі ад відна да відна, часта не разгінаючы спіны.
Кастусёва маленства, як у кожнага вясковага дзіцяці, было пазбаўлена марнатраўства, а большасць радасцяў вынікала з далучанас-ці да клопатаў дарослых – вадзіць каня на начлег, вазіць снапы з поля, вучыцца касіць, араць, усё гэта было не нейкім нудным абавязкам, а шчасцем, якое трэба было заслужыць, бо сведчыла пра сталасць, як чалавека, як гаспадара. Гэта была вялікая школа жыцця. Трываласць такой жыццёвай філасофіі адчуў Лукаш Калюга і пазней зрабіў грунтам уласнай творчасці.
Менавіта сярод аднавяскоўцаў будучы пісьменнік убачыў і спазнаў прататыпаў персанажаў сваіх кніг. З твора ў твор будзе пераходзіць вёска Баркаўцы, за назвай і за самымі рознымі прыкметамі якой лёгка ўгадваюцца родныя пісьменніку Скварцы.
 Пасля сямігодкі Кастусь паступіў у Магілёўскі педтэхнікум, але доўга там не заседзеўся. Пацягнула ў родную вёску, пра якую ў адным апавяданні з часам скажа так: “Весела ў Баркаўцах жыць, я яе ні на адну вёску, ні на адзін горад не прамяняў бы. За нашы Баркаўцы ў свеце лепшай вёскі няма. Ні за што з яе не выбраўся, хоць бы мне й прыплачвалі”. Дома Кастусь дапамагае дзядзьку па гаспадарцы, аддана працуе ў камсамоле, займаецца самаадукацыяй, многа чытае. У яго рояцца думкі, і яны, нібы тыя кумкі з песні, пачынаюць назаляць яму. А як прыгожа гучыць роднае слова ў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Міхася Чарота… Гартаючы старонкі часопіса “Чырвоны сейбіт”, даведваецца, што там друкуюцца вершы і апавяданні вясковых хлопцаў… І тады ў яго ўзнікла думка спрабаваць напісаць пра жыццё сваёй вёскі.
“Выйшлі на цаліну” – так назваў Кастусь першае сваё апавяданне (1926), дзе адлюстраваў падзеі, як беззямельныя сяляне пачынаюць будавацца на цаліне, а хутаранцы злуюцца на гэту галоту.
Тады было модна пісаць пад псеўданімам, і Кастусь пачаў іменаваць сябе Лукашом Калюгам. Калюгамі ў Скварцах называлі копанкі з-пад торфу, напоўненыя вадой. Адна даволі вялікая калюга, з мноствам водных кветак, аеру – любімае месца дзяцей, знаходзілася каля яго вёскі, мабыць, яна і паспрыяла ў выбары псеўданіма.
Першы блін выйшаў крыху камякаваты: апавяданне не надрукавалі, але пахвалілі. Кастусь вырашыў далей выпрабоўваць свой талент і на пачатку 1927 года ён напісаў другое апавяданне “Вясна” па тэматыцы блізкае да першага. Вось тут яго талент заіграў шматкаляровымі адценнямі. Яно было надрукавана ў часопісе “Чырвоны сейбіт”. У лістападзе таго ж года надрукавалі другое яго апавяданне “У Клянках”. На гэтыя творы звярнуў увагу Кузьма Чорны. У тым жа годзе Лукаш Калюга сустрэўся ў рэдакцыі “Беларускай вёскі” з К.Чорным, які даў пачынаючаму пісьменніку многа парад у літаратурнай працы і параіў паступаць у Мінскі белпедтэхнікум, тагачасную літаратурную школу.
Пасля сустрэчы з К.Чорным у Кастуся нібы выраслі крылы, і ён за адзін 1928 год напісаў чатыры апавяданні (“Краўцы і чаляднікі”, “Лук’ян – капяраціўскі сабака”, “Трахім з пагулянкі”, “Баркаўцы – добрая вёска і баркаўчане вясёлыя людзі”), аповесць “Ні госць, ні гаспадар”, а ў верасні 1931 года – першую частку аповесці “Нядоля Заблоцкіх”.
Да тэхнікумаўскага Парнаса Кастусь хутка прывык, прыйшоўся яму да густу, стаў старанным студэнтам. Усе дысцыпліны даваліся лёгка. Пэўны час захапляўся выяўленчым мастацтвам, наведваў гурток, якім кіраваў вядомы мастак У.Кудрэвіч.
Кастусь быў сярод студэнтаў прыкметным юнаком: прыгожы, прыветлівы, інтэлігентны твар, разумныя вочы, багаты інтэлект. Ён быў эмацыянальным чалавекам, але не ўмеў хмурыцца. Валодаў вострым мастакоўскім вокам, мог імгненна заўважыць нешта такое асаблівае, характэрнае пры назіранні той ці іншай падзеі, паводзін чалавека і выказаць так трапна і вобразна, што здзіўляў усіх прысутных. Ветлівы, разумны гумар, красамоўства спрыялі яго аўтарытэту ў студэнцкім асяроддзі.
У Белпедтэхнікуме зачаравала Кастуся сусветная літаратура. Асабліва захапляўся Ф.Рабле, Дж.Свіфтам, Вальтэрам. Больш дасканала пазнаёміўся з творамі рускай класікі. Дзесьці пад канец вучобы адкрыў для сябе “Прыгоды бравага салдата Швейка” Я.Гашака і “Зайздрасць” Ю.Алешы. Творы гэтыя так яго захапілі, што ён адразу пачаў перакладаць іх на беларускую мову. Пераклады адобрыў К.Чорны і дапамог, каб яны дайшлі да чытача.
Найбольшы ўплыў на пісьменніцкае майстэрства Л.Калюгі зрабілі М.Гогаль, А.Чэхаў, Я.Колас, К.Чорны і часткова Ю.Алеша. Але найбольш пакланяўся ён М.Гогалю. Яго творы, асабліва “Мёртвыя душы”, перачытваў часта, паасобныя мясціны ведаў на памяць. Адчуваецца і падабенства твораў Гогаля і Калюгі – уласцівы ім самабытны тонкі народны гумар, дзе сутнасць яго скіравана на рэалістычны паказ жыцця. Іх пісьменніцкі стыль мае адзіныя вытокі, бо яны абодва карысталіся народнай творчасцю. Гэтым меркаванням адпавядаюць выказванні Янкі Скрыгана пра творчасць Л.Калюгі: “Мне падабаўся гэты пісьменнік. Арыгінальны па стылі і самабытны. Глыбокі па роздуме, прычым роздум ляжаў не ў радках, не наверсе, а недзе ў яе сутнасці, за тэкстам, як арганічны скутак сваіх адчуванняў. Культурны па мысленні і філасофскай напоўненасці. Чараўнік па мове: так і бруіцца, так і зіхаціць яна ўсім багаццем народнай дасціпнасці. Усмешнік – не-не дый пакажацца яна, гэтая добрая чалавечая ўсмешка, можа, нават крыху хітраватая і таксама схаваная за тканінай слоў”.
Белпедтхнікум Лукаш Калюга скончыў у 1931 годзе і пасля працаваў стыльрэдактарам у навукова-даследчым інстытуце прамысловасці, на Беларускім радыё. Жыў на прыватнай кватэры ў раёне Доўгабродскай вуліцы, побач з Вайсковымі могілкамі. Непадалёк кватараваў яго блізкі сябар Сяргей Астрэйка. Кожнаму госцю ўтульнага невялікага пакойчыка Л.Калюгі запаміналася кніжная паліца на ўсю сцяну, застаўленая цікавымі выданнямі аўтараў беларускай, рускай і замежнай літаратуры, а таксама карціна таленавітага мастака Р.Семашкевіча “Раніца юнацтва”, якую той падарыў пісьменніку ў знак знаёмства.
Няма дзіва, што жудасная хваля сталінскіх рэпрэсій, якая захліснула сабой усё чалавечае, народнае і нацыянальнае, не абышла і Белпедтэхнікум разам з яго выкладчыкамі, навучэнцамі і выпускнікамі. Уратавацца здолелі толькі адзінкі. Арышт не быў для Лукаша Калюгі чымсьці нечаканым: ужо сядзелі па турмах і лагерах многія знаёмыя, у тым ліку і сябры па згуртаванні “Узвышша”, а яго самога не раз выклікалі ў адпаведныя органы – прапаноўвалі, папярэджвалі, пагражалі. Да гонару пісьменніка, чалавека і грамадзяніна трэба сказаць, што ён быў адным з нямногіх, хто ні вусна, ні ў друку не выступаў з якімі-небудзь абвінавачваннямі, а тым больш крытыкай у адрас тых, каго ўзялі ці збіраліся ўзяць, не каяўся за памылкі ўласныя, якіх хоць і не было, ды прымушалі прызнаваць. Для Л.Калюгі ў гэтай сітуацыі пытанне заключалася не ў тым, возьмуць ці не, а калі і якія абвінавачванні прад’явяць, на які тэрмін пакараюць.
У 1933 г., калі арыштавалі Лукаша Калюгу, яшчэ захоўваліся фармальныя прыкметы следства і асуджэння. Сядзеў празаік у менскай турме, той самай, дзе да рэвалюцыі за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе адбываў пакаранне Якуб Колас.
Калюга быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі. Калюгу адправілі на спецпасяленне ў горад Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. У 1937 годзе выгнанца, як і многіх другіх, прыгаварылі да растрэлу. Пакаранне адбылося 2 кастрычніка, дзе пахаваны – невядома.
Лукаш Калюга загінуў ва ўзросце, калі творчая асоба звычайна пачынае свой шлях. І ён, быццам прадчуваючы заўчасную смерць, пачаў пісаць вельмі рана. У 1927 годзе К.Чорны змясціў у “Чырвоным сейбіце” першае апавяданне Л.Калюгі “Вясна”. У 1928 годзе часопіс “Узвышша” надрукаваў аповесць “Ні госць, ні гаспадар”. У 1931 годзе ў часопісе “Полымя” апублікавана першая частка аповесці “Нядоля Заблоцкіх” – “Прыгоды і летуценні”. На пачатку 1933 года ў “Чырво най Беларусі” з’яўляюцца кароткія апавяданні з цыкла “Вам знаёмае”.
Асобнае месца ў творчасці Л.Калюгі займаюць творы, напісаныя ва ўмовах лагернага жыцця і ссылак: няскончаныя аповесці “Дзе косці мелюць”, “Зэнка малы ніколі не быў”, “Зоры вам вядомага горада” і раман “Пустадомкі”.
Л.Калюга пераклаў на беларускую мову аповесць П.Панча “Блакітныя эшалоны”(1930), раман Ю.Алешы “Зайздрасць”(1931), раман Я.Гашака “Прыгоды бравага салдата Швейка”(ч.4,1932).
Усёй сваёй творчасцю пісьменнік не толькі сцвярджаў каштоўнасці традыцыйнай народнай маралі, але і адным з першых паспрабаваў разабрацца ў сутнасці новага грамадства. “І няхай сабе на долі такіх, як Лукаш Калюга, выпалі нялёгкія выпрабавані, і яны не здолелі раскрыцца на ўсю моц сваіх творчых магчымасцяў,…усё ж яны не здрадзілі чалавечнасці і назаўсёды засталіся перад сваім народам чыстымі душой,” – сказаў Яўген Лецка.

ТВОРЫ ЛУКАША КАЛЮГІ  

Калюга, Л. Ні госць, ні гаспадар: Апавяданні і аповесці /Л.Калюга. – Мн.: Маст.літ., 1974. – 285 с. 
Калюга, Л. Творы: Раман; Апавяданні; Аповесці; Лісты / Л.Калюга. -Мн.: Маст.літ., 1992. – 607 с. – (Спадчына). 
Калюга, Л. Творы : апавяданні, аповесць / Лукаш Калюга.-Мн. : Маст.літ.,2011.-462с.
Калюга, Л. У Калянках : апавяданне / Лукаш Калюга // Чырвоны сейбіт.-1927.-№20-21
Калюга, Л. Вясна : абразок / Лукаш Калюга // Чырвоны сейбіт.-1927.-№13.
Калюга, Л. Трахім з Пагулянкі : апавяданне / Лукаш Калюга // Чырвоны сейбіт.-1928.-№11.
Калюга, Л. Лук’ян – капярціўскі сабака : апавяданне / Лукаш Калюга // Чырвоны сейбіт.-1928.-№10.
Калюга, Л. Краўцы і чаляднікі : апавяданне / Лукаш Калюга // Чырвоны сейбіт.-1928.-№8.
Калюга, Л. Дыямантаў ў выпісах мала / Лукаш Калюга // Чырвоны сейбіт.-1928.-№6-7.
Калюга, Л. Баркаўцы – добрая веска і баркаўчане – вяселыя людзі : апавяданне / Лукаш Калюга // Чырвоны сейбіт.-1928.-№12.
Калюга, Л. Як Міхалюку Баркаўцы даліся ў знакі : апавяданне / Лукаш Калюга // Узвышша.-1929.-№5.
Калюга, Л. Трахім – штучны чалавек : апавяданне / Лукаш Калюга // Узвышша.-1929.-№2.
Калюга, Л. Тахвілін швагер : апавяданне / Лукаш Калюга // Узвышша.-1929.-№8.
Калюга, Л. Іллючык - даследчык : апавяданне / Лукаш Калюга // Узвышша.-1929.-№3.
Калюга, Л. Вам знаемае : навела / Лукаш Калюга // Чырвоная Беларусь.-1933.-№2-3.
Калюга, Л. Цеснаватая куртачка : навела / Л.Калюга // Полымя.-1966.- № 8.
Калюга, Л. Вам знаёмае : апавяданні / Л.Калюга // Анталогія беларускага апавядання: У 2-х т. Т.1. – Мн., 1967. 
Калюга, Л. Апавяданні /Л.Калюга // Полымя. - 1988. - №5.
Калюга, Л. Творы з-за кратаў / Л. Калюга // Маладосць.-1989.-№12.
Калюга, Л. Зоры вам вядомага горада / Л. Калюга // Літаратура і мастацтва.-1989.-6 кастрычніка.
Калюга, Л. Творы з-за кратаў / Л.Калюга // Маладосць. – 1989.-№ 12.
Калюга, Л. Пустадомкі : раман / Л.Калюга // Полымя. – 1990. - №8.
Калюга, Л. Ні госць ні гаспадар (раздзел з аповесці); Паросныя каты; Лук’ян – капераціўскі сабака / Лукаш Калюга // Беларуская літаратура : проза 20-х гадоў:хрэстаматыя.-Мн.,1996.-С. 488-503.

ЛІТАРАТУРА АБ ЖЫЦЦІ І ТВОРЧАСЦІ

Пісьменнікі і крытыкі ў 1933 г. // ЛіМ.-1933.-28 студзеня.
Бранштэйн, Я. Пра беларускую савецкую прозу / Я. Бранштэйн // ЛіМ.-1934.-10 ліпеня.
Лукаш Калюга // Пісьменнікі Савецкай Беларусі : кароткі бібліягр.даведнік.-Мн.,1970.-С. 169.
Лецка, Я. Талент, які многа абяцаў… / Я. Лецка // Калюга, Л. Ні госць ні гаспадар / Л. Калюга.-Мн.,1974.
Вышынскі, М. З любасцю да людзей / М. Вышынскі // Полымя.-1974.-№10.
Паўлюкоўскі, І. Пясняр маладосці / І. Паўлюкоўскі // ЛіМ.-1979.-28 верасня.
Скрыган, Я. Каляровы аловак / Я. Скрыган // Скрыган, Я. Некалькі хвілін чужога жыцця : літ.успаміны, сустрэчы, шляхі / Я. Скрыган.-Мн.,1979.
Янкоўскі, Ф. Чытаючы Кастуся Вашыну : старонкі дзенніка / Ф. Янкоўскі // Вобраз-81.-Мн.,1981.
Грахоўскі, С. Лукаш Калюга : успаміны / Грахоўскі С. // Грахоўскі С. Так і было. – Мн., 1986.
Вышынскі, М. Праз путы і пакуты /М.Вышынскі, А.Харкевіч // Полымя. – 1991. - № 9. – С.210.
Лецка, Я. У слове – душа народа / Я. Лецка // Полымя.-1991.-№9.-С. 210-231.
Вышынскі, М. Праз путы і пакуты /М.Вышынскі, А.Харкевіч // Феміда.-1992.-5-11 октября.-С. 3.
Калюга Лукаш // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік:у 6-ці: Т.3. – Мн., 1994. – С.121-122.
Лецка, Я. Залатое слова прасветленай душы: Жыццёвы шлях Л.Калюгі / Я.Лецка // Роднае слова.- № 10 – С.3.
Лукаш Калюга // Беларускія пісьменнікі (1917-1990) : даведнік.-Мн.,1994.-С. 252.
Марціновіч, А.А. Шляхам праўды : выбраныя старонкі беларус.літ.у святле сенняш.дня / А. Марціновіч.-Мн.,1994.
Панамарчук, М. Богам дадзены талент / М. Панамарчук // Сцяг Кастрычніка.-1994.-24 верасня.
Пруднікаў, П. Пралеска / М. Пруднікаў // Першацвет.-1994.-№2.-С. 117-122.
Сяднеў, М. Мова Лукаша Калюгі / Масей Сяднеў // Сяднеў, М. Масеева кніга / Масей Сяднеў.-Мн.,1994.-С. 81-83.
Харкевіч, А. Талент, богам дадзены / А. Харкевіч // Беларуская мінуўшчына.-1994.-№1.-С. 41-42.
Драздова, З. Голас народа / З. Драздова // Роднае слова.-1995.-№12.-С. 26-33.
Калюга Л. // Беларусь : энцыклап.даведнік.-Мн.,1995.-С. 360.
Лукаш Калюга // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі:т.4.-Мн.,1997.-С. 37-38.
Драздова, З.У. Творчасць А. Мрыя і Л. Калюгі : стылявыя асаблівасці / З.У. Драздова.-Мн.,1997.-143с.
Чуеўская, М. Традыцыя як форма сацыкультурнай дэтэрмізацыі у апавяданнях Лукаша Калюгі // Роднае слова.-1997.-№9.-С. 59-66.
Алейнік, Л. Ні госць, ні гаспадар… / Л. Алейнік // ЛіМ.-1998.-13 лютага.-С. 6.
Лецка, Я.Р. Калюга Л. / Я.Р. Лецка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т:т.7.-Мн.,1998.-С. 495.
Хаменка, У. Музыка жыла ў самой прыродзе / У. Хаменка // ЛіМ.-1998.-28 жніўня.
Алейнік, Л. “Дарагое Калюгава слова…” /Л.Алейнік //Маладосць. – 1999. - № 4. – С.237-239.
Калюга Л. // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя : т.2:1921-1941.-Мн.,1999.
Маракоў, Л. Новае пра Лукаша Калюгу : дакументы, успаміны, каментарыі / Л.Маракоў // Роднае слова. – 1999. - № 9. – С.194-210.
Маракоў, Л. Падстрэлены на ўзлеце… / Л. Маракоў // ЛіМ.-1999.-№33.-С. 13-15.
Драздова, З. Чараўнік беларускай класікі / З.Драздова // Полымя. – 2000. - № 4. – С.234-247.
Олейник, Л. Актуальность традиции / Л. Олейник // Неман.-2001.-№6.-С. 240-248.
Алейнік, Л.В. Мастацкія асаблівасці аповесці Лукаша Калюгі “Зоры Вам вядомага горада” / Л.В. Алейнік // Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук.-2002.-№1.-С. 96-99.
Падстаўленка, В. Каб захаваць сябе… : сказы Лукаша Калюгі / В. Падстаўленка // ЛіМ.-2002.-№32.-С. 14.
Падстаўленка, В.Ф. Спецыфіка твораў з элементамі сказавай формы Лукаша Калюгі / В.Ф. Падстаўленка // Веснік Віцебскага дзяржаўнага універсітэта.-2002.-№4.-С. 67-71.
Падстаўленка, В. Ісціна ў каляровай вокладцы / В. Падстаўленка // Маладосць.-2004.-№9.-С. 154-160.
Калюга Лукаш // Республика Беларусь : энциклопедия:т.3.-Мн.,2006.-С. 850.
Смірнова, В. Лексічныя дыялектызмы ў творах Лукаша Калюгі / В. Смірнова // Роднае слова.-2006.-№11.-С. 33.
Калюга Лукаш // Минская область : энциклопедия:т.2:Д-Я.-Мн,2007.-С. 136.
Алейнік, Л. Проза Лукаша Калюгі, альбо Школа сумленнасці і высокай маралі / Лада Алейнік // Літаратура і мастацтва.-2009.-11 верасня.-С. 12.
Жыбурт, В. Залатое слова прасветленай душы / В. Жыбурт // Сцяг Кастрычніка.-2009.-26 верасня.-С.2.
Шаладонаў, І. Цэльнасць бачання свету ў апавяданнях Лукаша Калюгі / І. Шаладонаў // Роднае слова.-2011.-№6.-С. 18-19.