Алесь Рыбак

Алесь Рыбак (Аляксандр Пятровіч) нарадзіўся 7 лістапада 1934 года ў вёсцы Макаўчыцы Дзяржынскага раёна (вёска увайшла у г.Дзяржынск). Вось як гаворыць аб сабе, сам пісьменнік: “ Пра пакаленне, да якога я належу, кажуць: іх дзяцінства было абпалена вайной. Гэта не крылатая фраза, не моўнае штукарства – на сваіх кволых плячах мы пазнавалі горкую ісціну гэтых слоў. Яна ўвабрала ў сябе і ранняе сіроцтва многіх равеснікаў, чые бацькі загінулі, абараняючы родную зямлю, і холад, і голад, і непасільную, не па гадах часам, працу, каб неяк трымацца на нагах, бо ўперадзе бачылася светлае, зманлівае пасляваеннае ранне. Адсюль і цяга да ведаў, і апантаная, нягледзячы ні на што, прага жыцця”. Алесь рана застаўся без бацькоў. Яго бацьку расстралялі ў 1942 годзе за сувязь з партызанамі. Маці расстралялі ў 1944 годзе пры адступленні нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Алесь пайшоў у школу пасля вызвалення Беларусі ад акупантаў. Спачатку вучыўся ў Дзяржынскай сярэдняй школе, потым у Мікалаеўшчынскай сярэдняй школе Стаўбцоўскага раёна. Тут ён неаднаразова быў удзельнікам сустрэч вучняў школы з Якубам Коласам. Пад уражаннем гэтых сустрэч пачаў спрабаваць свае сілы ў паэзіі. У 1953 годзе пасля заканчэння Мікалаеўшчынскай школы паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які скончыў у 1958 годзе. У 1958-1959гг. працаваў у рэдакцыях радашковіцкай, дзяржынскай, бягомльскай раённых газет. З 1959 па 1962 год Алесь працаваў у газеце “Калгасная праўда” (цяпер “Белорусская нива”); у 1962-1963гг. на беларускім радыё; у 1963-1964 – у часопісе “Бярозка”. У 1964-1966 быў на творчай рабоце. З 1966 года працаваў у Маскве старшым карэктарам у Аддзеле апублікавання актаў Вярхоўнага Савета СССР. У 1970 годзе быў назначаны рэферэнтам у сакратарыяце Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. У гэты ж час адначасова выкладаў беларускую мову ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага. З 1972 года Алесь Рыбак працуе намеснікам адказнага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1978 года працуе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Член Саюза пісьменнікаў з 1973 года.
Друкавацца Алесь Рыбак пачаў у 1953 годзе. Першы яго верш “Над Нёманам” змешчаны ў стаўбцоўскай раённай газеце “Голас селяніна”. Потым тут жа друкаваліся многія падборкі, звязаныя з коласаўскімі мясцінамі і родным краем. У гэтым жа годзе Алесь Рыбак пачаў друкавацца і ў рэспубліканскім друку.
Сваё першае апавяданне “Першыя крокі” напісаў у 1955 годзе. І быў заўважаны. У 1956 годзе Алеся Рыбака запрасілі на І Рэспубліканскую нараду маладых празаікаў, што праходзіла ў Доме творчасці пісьменнікаў імя Я. Коласа ў Каралішчавічах пад Мінскам.
Першая кніга Алеся Рыбака “Дарогі бываюць розныя” выйшла ў 1972 годзе. Менавіта з яе пачалася схільнасць Алеся Рыбака да канкрэтнага факта, жыццёвых калізій, якія мелі месца і ў сапраўднасці. Інакш кажучы, прысутнічаюць пэўныя аўтабіяграфічныя моманты. Акрамя апавяданняў у яе ўвайшлі гумарэскі.
У 1976 годзе Алесь Рыбак выдаў зборнік прозы для дзяцей “Сёння прыедзе тата”

  Ад жыцця ішоў пісьменнік і ў аповесці “Што пасееш...”. Галоўная гераіня твора Вольга Лагацкая ў гады вайны страціла мужа і сына. Яна ўсынавіла двух дзяцей былой жонкі паліцая – малалетняга Алёшку і хлопчыка, які нарадзіўся ў яе на вачах, а маці адразу пасля родаў памерла. Падставай для напісання гэтай аповесці, стаў ліст напісаны па-беларуску і дасланы ў часопіс “Крестьянка”. Аповесць атрымала высокую ацэнку крытыкі. Вось меркаванне Васіля Быкава: “Дабротны твор рэалістычнай прозы, напісаны па майстэрску і стрымана, без непатрэбнай ў такіх выпадках шматслоўнасці і налёту сентыментальнасці”. Гэты твор Алеся Рыбака па сутнасці стаў у многім новым поглядам на вайну. Увогуле, лёс аповесці шчаслівы. Урыўкі з яе перакладаліся на англійскую, французскую, нямецкую, польскую, чэшскую і славацкую мовы. Яна ўвайшла ў кнігу “Апошняя камандзіроўка”, якая выйшла ў 1985 годзе ў выдавецтве “Советский писатель”. Шырокі рэзанас мела публікацыя гэтай аповесці ў часопісе “Советская литература” ў 1986 годзе. Гэты часопіс распаўсюджваўся на некалькі вядучых замежных мовах. У 1990 годзе урывак пад назвай “Дома” пабачыў свет на старонках часопіса “Кароткія міжнародныя апавяданні”, што выходзіць раз у два месяцы ў ЗША.
Ваенны і пасляваенны побыт, жыццё абяздоленай беларускай вёскі раскрываюцца ў рамане

“Трэба было жыць” (1990). На першым плане –лёс галоўнага героя Вадзіма Гурко, які пахаваў маці і маленькага браціка, які падарваўся на міне. Яшчэ раней загінуў яго бацька. “Раман – аўтабіяграфічны, - сведчыць пісьменнік. – Многія прозвішчы і імёны людзей, якіх я ведаў, засталіся. Вядома, месца дзеяння зменена, і назвы населеных пунктаў таксама.Вайна пакінула ў маім сэрцы незагойны, крывавы след. Я проста не мог яшчэ раз не звярнуцца да тых падзей, каб зноў асэнсаваць іх..                            
Галоўны герой рамана Вадзім Гурко – гэта ў многім сам аўтар, але ж ён, несумненна, і вобраз збіральны, бо ў ім шмат з таго, што перажылі дзеці вайны. Лёс сям’і Гурко – гэта лёс усёй шматпакутнай Беларусі.

“Галаброды” (2006) – працяг рамана “Трэба было жыць”, другая частка дылогіі, якую аўтар пісаў на працягу немалога адрэзку жыцця. Пісаў крывёю і сэрцам, бо яны пазнаныя уласным лёсам, пакутнага і ад ранняга сіроцтва, і ад нядаўняй спусташальнай вайны. Вір народнага жыцця ўцягнуў у свой паток галоўнага героя дылогіі Вадзіма. Што бачачы на свае вочы, што чуючы, хлапец ўсё прапускае праз сваё сэрца і нервы. У “Галабродах” ёсць старонкі, дзе галоўны герой у думках вяртаецца ў сваё нядаўняе мінулае, паказанае у рамане “Трэба было жыць”.
Пісьменніку ўласцівы добрае веданне побыту, звычаяў, настрояў вясковага чалавека, уменне стварыць запамінальныя характары, вострыя канфліктныя сітуацыі. У сваіх творах Алесь Рыбак праслаўляе мацярынства, жанчыну, яе дабрыню і гуманізм, паэтызуе высакароднасць, самаахвярнасць, маральнасць сваіх продкаў і сучаснікаў. “Трэба жыць...” – за гэтымі словамі – аптымізм Алеся Рыбака, пісьменніка, грамадзяніна, чалавека, неабыякавага да жыцця, які імкнецца раскрываць яго праўдзіва і псіхалагічна глыбока.

КНІГІ А. РЫБАКА

Рыбак, А. Дарогі бываюць розныя: апавяданні і гумарэскі / Алесь Рыбак.- Мн.: Маст. літ.,1972.- 134с.: іл.
Рэц.: Вышынскі, М. Дарогі бываюць розныя // Полымя.- 1973.- № 4.
Гадыцкі, К. Галоўны герой- чалавек // Мінская праўда.- 1973.- 12 чэрв.
Паслядовіч,М. Свет чалавечых пачуццяў / М. Паслядовіч // ЛіМ.- 1973.- 23 сак.-С.6.
Рыбак, А. Сёння прыедзе тата : апавяданні:для малодшага школьнага ўзросту / Алесь Рыбак.- Мн.: Маст. літ.,1976.- 23с.: іл.
Рыбак, А. Што пасееш...: аповесць, апавяданні /Алесь Рыбак.- Мн.: Маст. літ., 1982.- 334с.
Рэц.: Каваленка, В. Добры засеў заўсёды твой // Каваленка В. Покліч жыцця.- Мн.,1987.- С.160-168.
Козіч, В. Поле памяці // ЛіМ.- 1983.-20 мая.
Мыслівец, В. Спасцігаючы глыбіні душы // Вячэрні Мінск.- 1983.- 22 лістапада.
Рыбак, А. Апошняя камандзіроўка: аповесць, апавяданні / Алесь Рыбак.- Мн.: Маст.літ.,1985.- 317с.:іл.

Рыбак, А. Трэба было жыць: раман / Алесь Рыбак.- Мн.: Маст.літ.,1990.- 319с.
Рыбак, А. Абпаленыя крылы: раман, аповесць.- Мн.: Маст.літ., 1994.- 518с.
Рыбак, А. Трэба было жыць: раман : для ст. шк. узросту/ Алесь Рыбак; Паслясл. А. Марціновіча.- Мн.:Маст.літ., 1997.- 318с. –(Школьная бібліятэка).                                                                                 
Рыбак, А. Галаброды: раман, аповесць, апавяданні /Алесь Рыбак .- Мінск: Кнігазбор, 2006.-306с.

Рыбак, А. Хрумкач : раман, аповесць, эсэ / Алесь Рыбак.-Мн.,2010.-422с.
 Аповесць “Хрумкач” – пра час ваеннага і пасляваеннага ліхалецця. У ёй апісан адзін з эпізодаў хцівасці і канчатковым выніку, злачыннай здрады чалавека дзеля сваіх карыслівых інтарэсаў. Герой, які выжыў дзякуючы самаахвярнасці простай вясковай жанчыны, знаходзіць у вялікім горадзе здрадніка і па-свойму распраўляецца з ім…

Рыбак, А. Пацалунак з гаркотай. Ранні холад: Апавяданні / Алесь Рыбак // Маладосць.- 2006.- №7.- С.20-31.
Рыбак, А. На раздарожжы / Алесь Рыбак // Полымя.-2010.-№6.-С. 42-72
Рыбак, А. На раздарожжы / Алесь Рыбак // Полымя.-2011.-№11.-С. 38-62.

ЛІТАРАТУРА АБ ЖЫЦЦІ І ТВОРЧАСЦІ

Алесь Рыбак // Пісьменнікі Савецкай Беларусі: кароткі даведнік.- Мн.,1981.- С.300-301.
Шулякоўскі, А. Алесь Рыбак // Полымя.- 1984.- № 11.- С.223.
Алесь Рыбак // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі.-Т.4.-Мн.,1987.- С.545.
Алесь Рыбак // Беларускія пісьменнікі (1917-1990): даведнік.- Мн.,1994.- С.470.                                    
Марціновіч, А. Трэба жыць // ЛіМ.- 1994.- 4 лістапада
Міхалёва, І. Алесю Рыбаку – 60 год // Сцяг Кастрычніка.- 1994.- 5 лістапада.- С.4.
Алесь Рыбак // Беларускія пісьменнікі (1917-1990) : даведнік.-Мн.,1994.-С. 470.
Рыбак, А. Што пасееш, тое і ўзыйдзе / З пісьменнікам Алесем Рыбаком гутарыў А. Марчэня // Першацвет.- 1994.- № 3.- С.94-100.
Маляўка, П.І. Рыбак Алесь // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік.- Т.5.-Мн.,1995.- С.184-185.
Рыбак Алесь // Беларуская энцыклапедыя.- Т.13.-Мн.,2001.- С.481.
Савік, Л. Лёсам пазнанае: Да 70-годдзя Алеся Рыбака / Лідзія Савік // Наша слова.- 2004.- 3 лістап.-С.3, 10 лістап.- С.3.
Рыбак Алесь // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага раёна.-Мн.:БЕЛТА, 2004.-С.618-619.
Рыбак Алесь // Минская область : энциклопедия:т.2.-Мн.,2007.-С.551.
75 гадоў Алесю Рыбаку // Наша слова.-2009.-№8.-С.1.
Целеш, Л. Творчая ўдача пісьменніка / Лявон Целеш // Наша слова.-2009.-№8.-С. 2.