Алесь Салавей

Алесь Салавей (сапраўднае імя і прозвішча Альфрэд Радзюк) нарадзіўся 1 мая 1922г. ў в. Крысава. У 1923 годзе сям’я Радзюкоў пераехала ў м.Койданава (цяпер Дзяржынск), дзе бацька будучага паэта ўладкаваўся лесніком. На гэтай пасадзе затым ён працаваў у м.Самахвалавічы. Яшчэ два разы сям’я мяняла месца жыхарства, пакуль не вярнулася ў Койданава. Бацька, завочна атрымаўшы на пачатку 30-х гг. вышэйшую сельскагаспадарчую адукацыю, працаваў дырэктарам саўгаса, загадчыкам райспажыўсаюза.
У Навасёлках Альфрэд скончыў пачатковую школу, у Дзяржынску – васьмігодку. Два гады правучыўся ў Мінскім педвучылішчы, аднак з-за цяжкага матэрыяльнага становішча закончыць яго не змог. Уладкаваўся на працу ў лагойскую раённую газету. У рэдакцыі лагойскай газеты раскрыўся талент Альфрэда як газетчыка. Пісаў і артыкулы, і нарысы, і замалёўкі.
Вершы пачаў пісаць рана. У 1937 годзе раённая газета “Ударнік Дзяржыншчыны” надрукавала верш А.Радзюка “На сенажаці”, гэта ўжо быў сапраўдны выхад да чытача. Аднак “адкрыў” юнага паэта “Піянер Беларусі”, месяцам раней змясціўшы яго верш “Любім сваю краіну”.
Пачынаючы з 1937 года творы А.Радзюка (Алесем Салаўём паэт стане пазней) з’яўляліся на старонках перыядычных выданняў. Яго заўважылі ў пісьменніцкай арганізацыі Беларусі і запрасілі на месячную канферэнцыю маладых літаратараў у Мінск.
У 1937 годзе былі аб’яўлены ворагамі народа і арыштаваны бацькі Альфрэда. Маёмасць канфіскавалі, а іх адправілі ў лагер. Бацька у Сібіры загінуў, маці праз дзесяць гадоў лагераў пашчасціла вярнуцца на радзіму, але яна хутка памерла.
Напярэдадні вайны Альфрэд Радзюк напісаў верш, дзе закляйміў Гітлера.Верш трапіў у рукі немцам. Альфрэд пайшоў у лес да партызан, але з-за слабага здароўя быў вымушаны вярнуцца ў Лагойск. Быў арыштаваны немцамі, трапіў у турму. Выпусцілі з турмы, калі даведаліся, што ён сын “ворагаў народа”.Увосень 1941 года прыязджае ў Мінск. Уладкоўваецца ў рэдакцыю “Менскай газэты”. Тут упершыню ў навагоднім нумары быў надрукаваны яго верш “З Новым годам” пад псеўданімам Максім Блакітны. А ў газеце “Голас вёскі” – верш “Радасць жыцця” ужо пад псеўданімам Алесь Салавей, які абессмяроціў імя Альфрэда Радзюка. Паходжанне псеўданіма А.Салавей такое: “Тыя, хто сустракаўся з паэтам, расказваюць, што псеўданім Альфрэд Радзюк узяў сабе ад папулярнай ў 30-я гады песні пра сірату, якога, калі памрэ, пахаваюць на чужыне і ніхто не скажа, дзе яго магіла, хіба можа, “раным-рано на рассвете соловей пропоет”.
У лютым 1942 года Алесь Салавей пераязджае ў мястэчка Ілля. А ўжо восенню 1942 года выехаў у Рыгу, дзе выдаваўся беларускі часопіс “Новы шлях”.
У 1943 годзе Алесь Салавей піша аўтабіяграфічную паэму “На хуткіх крыллях вольнага Пегаса”, у якой расказаў пра тое страшнае, што перажыў у юнацтве, пра лёс сям’і Радзюкоў, а праз іх і пра лёс беларусаў. Паэма была створана ў Рызе і першы раз надрукавана ў часопісе “Новы шлях”. Тэматычна паэма ўпершыню ў беларускай паэзіі раскрывае трагедыю жыцця народа падчас сталінскіх рэпрэсій.
У 1944 годзе ў Рызе выходзіць першая кніга Алеся Салаўя “Мае песні”. Яна складалася з трох раздзелаў: “Узыйдзе ранак срэбны на лугі”, “І заплакалі сумныя далі”, “Так блізка і гэтак і далёка”, а таксама паэмы “На хуткіх крылллях вольнага Пегаса”. Кніга мела падзагаловак “Зборнік лірыкі думкі” – лірыкай думкі прасякнуты вершы паэта самай разнастайнай тэматыкі: прыродаапісальнай, кахання, уласна-аўтабіяграфічнай, нацыянальна-патрыятычнай.
У верасні 1944 года Алесь Салавей выехаў у Берлін. Тут знайшоў часовую працу бібліятэкара. Пасля непрацяглага пражывання ў Берліне паэт разам з некаторымі іншымі беларусамі накіроўваецца ў Вену, з кароткім заездам у Прагу. Аднак у Вене Алесь Салавей прабыў зусім мала і накіраваўся ў Зальцбург. У Зальцбургу Алесь Салавей пасяліўся ў лагеры для перамешчаных асоб. Тут жа ён ажаніўся з Зінаідай Кадняк. У 1946 годзе нарадзіўся першы сын Міхась, у 1947 – дачка Ганна.
Зальцбургскія гады аказаліся самымі плённымі ў творчым жыцці Алеся Салаўя. Ён закончыў паэму “Домік у Менску”, напісаў паэмы “Звіняць званы Святой Сафіі” (1946) і “Сын” (1947), выдаў зборнік вершаў “Сіла гневу”, пачаў укладанне наступных – “Вянкі” і “Несмяротнасць”.
У 1948 годзе выходзіць другі зборнік Алеся Салаўя “Сіла гневу”. У ім сабраны творы даваенныя, ваенныя і савецкага часу: з 1937 па 1947год. Зборнік “Сіла гневу” складаецца з трох раздзелаў, кожны з якіх мае назву. Першы раздзел “Гамоніць даўняй праўды звон” аб’яднаў вершы, у якіх пісьменнік асэнсоўвае гістарычны лёс Бацькаўшчыны. У вершах з раздзела “Да нашай явы берагоў” паэт паглыбляецца ва ўнтранае “я” чалавека, імкнецца асэнсаваць яго месца ў драматычным свеце. Творы носяць больш асабісты характар, хоць рэдка лірычныя перажыванні ў іх бываюць не звязанымі з нейкімі агульназначнымі праблемамі жыцця. Самым драматычным па светаадчуванні ў зборніку з’яўляецца раздзел “Жывому – жыць, знішчэнню – смерць”. Сюды ўвайшлі многія з так званых вершаў смерці, напісаных у самы складаны для Алеся Салаўя час.
У 1949 годзе для Алеся Салаўя зноў настаў час рушыць у дарогу. Лагернікам трэба было выбіраць сталае месца жыхарства ў Амерыцы ці ў Аўстраліі. Алесю Салаўю з сям’ёй выпала далёкая Аўстралія. Там, у 1952 годзе, ён закончыў пачатае ў Зальцбургу ўкладанне зборнікаў “Вянкі” і “Несмяротнасць”. Аднак яны ўбачылі свет толькі ў 1982 годзе у пасмяротным выданні твораў “Нятускная краса”.
У зборніку “Вянкі” Салавей выявіў сябе майстрам інтымнай лірыкі. Каханне, сяброўства, бацькоўская любасць да нашчадкаў – асноўныя тэмы сабраных у кнізе мініяцюр.
Дыяпазон душэўных перажыванняў лірычнага героя шырокі – усцешанасць, гарэзлівасць, радасць, захапленне, смутак, скруха, трывога, боль...
Другой часткай зборніка стаў “Вянок санетаў” (меркавалася, што “вянкоў” будзе тры, аднак два з іх аказаліся страчанымі). Як у некаторых іншых творах паэта, вобразы “Вянка” сягаюць да сімвалаў. Так, за “правобразам хараства адзіным” паўстае радзімая зямля. Ею жыве герой, ёй нясе “найлепшыя дары – вянкі” аўтар. “Вялікі Дом Красы” з’яўляецца блізкім па значэнні “дому-харому” з паэмы “Домік у Менску” і сімвалізуе беларускую прыроду. Карціны прыроды ўвесь час паўстаюць перад аўтарам “Вянка санетаў”:
Вузорнай казкай сцелюцца тканіны –
зямлі, вышыняў пышны далягляд
з тваіх красён... Ізноў цвіцее сад.
Пялёсткаў бель. Акацыі, зясміны
Так міла пахнуць. Рой гудзе пчаліны...
Вянок санетаў лічыцца адной з самых складаных жанравых форм лірыкі. Алесь Салавей першым даў яе ўзор у беларускай паэзіі.
Вершы ў зборніку “Несмяротнасць” разбіты на тры часткі ў адпаведнасці з іх жанравай прыналежнасцю: санеты, актавы, александрыны. Нячаста, аднак паэт звяртаўся і да сродкаў сатыры. Так, з’едлівая іронія гучыць ў актавах “Слупы”, “Нішчым”, дзе Алесь Салавей гаворыць пра дзеячаў беларускага эмігранцкага руху:
Пабачыў вас – на коўзкай лёднай строні
бязродны гурт скапычаных кароў...
На баўтунох вы селі за квактуху,
курчат няма – вось ваша сіла духу.
У паэмах, у зборніках “Сіла гневу”, “Вянкі”, “Несмяротнасць” Алесь Салавей дасягнуў прыкметных вышынь паэтычнага майстэрства.
З успамінаў жонкі вядома, што Алесь Салавей яшчэ ў Зальцбургу пачаў збіраць матэрыял для рамана “Пад нагамі гарыць зямля”. Ён хацеў шырока паказаць жыццё ў савецкі час і ў вайну, а затым павесці сваіх герояў эмігранцкімі сцежкамі. З пераездам у Аўстралію адклаў раман да лепшых гадоў, ды так да яго і не вярнуўся.
Кнігу “Нятускная краса” рыхтавалі да друку пасля смерці аўтара вядомыя свету беларускія грамадскія дзеячы-інтэлігенты за мяжой А.Адамовіч, У.Сядура, В.Тумаш, М.Скабей, З.Кіпель, Я.Запруднік і інш. Іх намаганнямі данесена да чытача паэзія таленавітага сына беларускага народа, збіральніка і ахоўніка нашых культурных скарбаў:
Багатая Крыўі матуля-зямля
мяне, чым змагла, надарыла:
дала мне і голас і ўзлёт салаўя,
дала мне Пегасавы крылы.
Не стала паэта 22 студзеня 1978 года, памёр ад вострага інфаркту ў час купання.

ТВОРЫ АЛЕСЯ САЛАЎЯ

Салавей,А. Нятускная краса: зборнік твораў / Алесь Салавей.- Нью-Йорк, Мельбурн, 1982.
Салавей, А. Творы : паэзія, проза, лісты / Алесь Салавей.-Мн. : Лімарыус,2010.-560с.
Гэта першая кніга выдатнага паэта, выданая на радзіме.
Салавей,А. Нятускная краса: Вершы / Публ.Б.Сачанкі // Полымя.- 1989.-№6
Соловей,А. Стихи /Пер.М.Шелехова //Неман.-1990.-№4.
Салавей,А. Вершы /А.Салавей // Крыніца.-1991.-№5
Салавей,А. На хуткіх крылах вольнага Пегаса: паэма //Спадчына.- 1991.-№5
Салавей,А. Мае песні. Сіла гневу. Вянкі. Несмяротнасць: вершы са зборнікаў розных гадоў // Туга па Радзіме: паэзія беларускай эміграцыі.-Мн.:Мастацкая літаратура, 1992.-С.511-611.
Салавей, А. Гуманізм : вершы / Алесь Салавей // Слаўны сын Беларусі : кніга пра Скарыну.-Мн.,1994.-С. 191-192.
Салавей,А. Мае песні ; Сіла гневу /А.Салавей // А часу больш, чым вечнасць : літаратура беларускага замежжа.-Мн., 1995.-С.245-282.
Салавей,А. Несьмяротнасць: вершы (1949-1952) /А.Салавей // Спадчына.-1996.-№2.-С.36-41.
Салавей, А. Вершы / Алесь Салавей // Спадчына.-1998.-№1.-С. 11-13.
Салавей,А. Смутлівая маці: верш /А.Салавей // Голас Радзімы.- 1999.-16 верасня.
Соловей,А. Молитва. Ты: стихи /А.Соловей, Пер.С.Евсеевой // Неман.-1999.-№8.
Соловей, А. Стихи / А. Соловей // Неман.-1999.-№8.-С. 90-91.
Салавей,А. Вершы /Алесь Салавей //Бацькаўшчына: зб.гіст.літ. /Уклад., прадм. С.С.Панізніка.-Мн.:Юнацтва, 2000.-С.259-261.
Салавей,А. Вуса – прыток Нёмана: верш /Алесь Салавей // Бацька наш Нёман: вершы, апавяданні, нарысы, эсэ.-Мн.: Юнацтва, 2001.-С.490.
Салавей,А. Вянок санетаў /Алесь Салавей //Анталогія беларускага санета.-Мн.: Ураджай, 2002.-С.158-166.

ЛІТАРАТУРА АБ ЖЫЦЦІ І ТВОРЧАСЦІ

Адамовіч, А. Жыццё і паэтычная спадчына Алеся Салаўя / А.Адамовіч // Крыніца.-1997.-№6.
Анталогія беларускай паэзіі. Т.2.-Мн., 1993.-С.598-600.
Аўрамчык,М. Пакутныя вандроўкі / М.Аўрамчык // Полымя.-1996.-№11.
А часу больш, чым вечнасць: літаратура беларускага замежжа.-Мн., 1995.-С.245-282.
Баршчэўскі, Л. Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзен:папулярныя нарысы / Лявон Баршчэўскі і інш.-Мн.,2006.-С. 330-332.
Белорусская лирика ХІХ – ХХ веков / Пер. Г.Римского.-М.,1998.-С.406-411.
Бібліяграфія твораў Алеся Салаўя і літаратуры пра яго ды ягоную творчасць /Апрац.Зоры Кіпель // Крыніца.-1997.-№6.
Булгакаў,В. Алесь Салавей і паэзія беларускай эміграцыі /В.Булгакаў //крыніца.-1997.-№6.
Васючэнка,П. Магістр паэзіі з вёскі Крысава / П. Васючэнка // Крыніца.-1997.-№6.
Гніламёдаў,У. Слова, аплачанае лёсам /У.Гніламёдаў //ЛіМ.-1993.-19 сакавіка.
Грамадчанка,Т. “За любоў да цябе я пакутаваць мушу...”/Т.Грамадчанка // Вяртання маўклівая споведзь.-Мн.,1994.-С.258-277.
Грамадчанка,Т. “За любоў да цябе я пакутаваць мушу...”/Т.Грамадчанка //Роднае слова.-1993.- №4.-С.14-24.
Запартыка,Г. Лісты з пакут і спадзяванняў: эпісталярная спадчына Алеся Салаўя /Г.Запартыка // Роднае слова.-1998.-№4.
Качуроўскі,І. Алесь Салавей, якім я яго памятаю /Ігар Качуроўскі //Arche.-2001.-№5.-С.416-418.
Кісялёва,Я. З Бацькаўшчынай у сэрцы: лісты Алеся Салаўя да Ларысы Геніюш //Голас Радзімы.- 1995.- 7,14, 21 снежня.
Кобрын, У. Даўняй праўды звон / У. Кобрын // Сцяг Кастрычніка.-1994.-16 лістапада.
Літвіновіч,Я. “Бацькаўшчына” была з Бацькаўшчынай / Я.Літвіновіч // ЛіМ.-1997.- 31 кастрычніка.
Ляксеева,І. Памяці Алеся Салаўя: Нашчадак крывічоў /І.Ляксеева //Голас Радзімы.-1997.-19 чэрвеня.
Марціновіч,А. “За любоў да цябе я пакутаваць мушу...” /А.Марціновіч //Народная воля.-1995.-27 кастрычніка
Марціновіч,А. Дзе ж ты, храм праўды?/ А.Марціновіч.-Мн.,1996
Марціновіч,А. Салаўі спяваюць і на чужыне /А.Марціновіч // Крыніца.-1997.-№6.
Мішчанчук,М. “Да скарбаў сусвету імкнуся”: нататкі пра жыццё і творчасць Алеся Салаўя // Культура беларускага замежжа.Кн.2.- Мн.,1993.
Міншчанчук,М. Чатыры партрэты беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў: навуч.дапам.-Мн.,1993
Новиков,И. Всякое ли наследство – клад? /И.Новиков //Политический собеседник.-1989.-№9.
Савік,Л. “Жыву і дыхаю, мой Край, табой /Л.Савік //Голас Радзімы.-1997.-19 чэрвеня.
Савік,Л. “Жыву і дыхаю, мой Край, табой /Л.Савік // Пакліканыя. Літаратура беларускага замежжа.-Мн.,2001.-С.351-413.
Савік,Л.С. Салавей Алесь //Беларуская энцыклапедыя: у 18т.Т.14.-Мн.,2002.-С.94.
Салавей Алесь //Беларускія пісьменнікі: біябібліягр.слоўнік. У 6т.Т.5.-Мн.,1995.-С.233-235.
Салавей Алесь //Памяць: гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага раёна.-Мн.:БЕЛТА,2004.- С.619.Сасноўскі,Б. Страчаныя таленты: з успамінаў пра Алеся Салаўя /Б.Сасноўскі //ЛіМ.-1989.-17 лютага.
Сачанка,Б. Беларуская эміграцыя.-Мн.,1991.
Сачанка,Б. Беларуская эміграцыя: факты і меркаванні /Б.Сачанка //Маладосць.-1988.-№11.
Сачанка,Б. З жыцця беларускай эміграцыі /Б.Сачанка //ЛіМ.-1991.-11 кастрычніка.                
Сачанка,Б. Сняцца сны аб Беларусі.-Мн.,1990
Саченко,Б. Мои песни /Б.Саченко //Неман.-1990.-№4.
Скобла,М. Берагі /М.Скобла //Крыніца.-1991.-№5.
Скобла, М. Паладзін Радзімы / М. Скобла // Салавей, А. Творы / А. Салавей.-Мн.,2010.-С.7-18.
Тычына,М. Сны аб Беларусі /М.Тычына //Беларусь.-1993.-№3.
Федарцова,Т. Суладдзе спеўнае нятускнае красы /Т.Федарцова //Наша слова.-1997.-16, 22 студзеня.
Целеш, Л. “О, мая Беларусь! Хто з табой, той – шчасливы / Л. Целеш // Краязнащчая газета.-2010.-№34.-С. 4.
Юрэвіч,Л. Пакараны вершам: Алесь Салавей /Л.Юрэвіч // Камэнтары .-Мн.,1999.-С.130-145.
Юрэвіч,Л. Пераклады эміграцыі /Леанід Юрэвіч // Arche.-2001.-№6.-С.60-66.