Генадзь Тумаш

Нарадзіўся 28 ліпеня 1940г. у в. Кукшавічы Дзяржынскага рёна ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння Станькаўскай СШ (1957) працаваў у калгасе (1957—59). У 1959 паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ, які скончыў у 1964. Працаваў выкладчыкам рускай і беларускай мовы і літаратуры ў Татаршчынскай СШ Дзяржынскага р-на (1964—1966), малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР (1966—10), рэдактарам на Беларускім тэлебачанні (1970—1973) малодшым навуковым супрацоўнікам (1974—1976), загадчыкам сектара Літаратурнага музея Я. Коласа (1976—1987). 3 1987 года быў намеснікам дырэктара Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП Беларусь. Сябра Рэспубліканскай Рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, актыўна ўдзельнічаў ў выданні яго друкаванага органа, бюлетэня «Наша слова». У 1994-2002 гг. працаваў у Беларускім універсітэце культуры.
Вершы Г. Тумаш пачаў пісаць у студэнцкія гады. Першая нізка вершаў надрукавана ў 1963 ў часопісе «Маладосць». Першая кніга вершаў «Лінкос» выйшла ў 1970. Лірычны герой яго твораў — наш сучаснік, дзейсны і разважлівы, сцвярджае дабро дзеля прыгажосці на зямлі. Прыкметная цяга аўтара да гісторыі сваёй зямлі, сваёй культуры. Звяртаецца ён і да нацыянальнай праблематыкі. Лепшыя вершы — своеасаблівыя ліраманалагічныя паэмы, поўныя роздумнай усхваляванасці, філасафічнасці («Белае поле Скарыны», «Пагонічы» і інш.). Выдаў кнігу «Родны бераг песняра: Да 100-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Я. Коласа». Кніга пабудавана на багатым фактычным, архіўным матэрыяле, успамінах землякоў песняра. Піша літаратуразнаўчыя артыкулы. Друкаваўся ў часопісах «Полымя», «Маладосць», газетах «Голас Радзімы», «ЛіМ», «Мінская праўда», «Чырвоная змена», зборніках «Універсітэт паэтычны», «Дзень паэзіі».
Займаецца перакладамі. Аўтар літаратуразнаўчых артыкулаў. На беларускую мову пераклаў творы В.Каратынскага, Я.Лучыны, У.Мэя. Піша для дзяцей: кніга “Лісіца з Расохі”(2001).

ТВОРЫ ГЕНАДЗЯ ТУМАША

Тумаш, Г. Лінкос / Г. Тумаш.-Мн.,1970.-(Першая кніга паэта).
Тумаш, Г. Родны бераг песняра : да 100-годдзя з дня нараджэння нар.паэта Беларусі Я. Коласа / Г. Тумаш.-Мн.,1982.
Тумаш, Г. Вершы / Г. Тумаш // Маладосць.-1963.-№4.
Тумаш, Г. “Пампея, Прыёна, Пальміра” : верш / Г. Тумаш // Полымя.-1965.-№6.
Тумаш, Г. Вершы / Г. Тумаш // Маладосць.-1996.-№1.
Тумаш, Г. Вершы / Г. Тумаш // Маладосць.-1996.-№12.
Тумаш, Г. Вершы / Г. Тумаш // Маладосць.-19967.-№15.
Тумаш, Г. Трывога : верш / Г. Тумаш // Полымя.-1968.-№1.
Тумаш, Г. “У словах матчынае мовы…” : верш / Г. Тумаш // Мінская праўда.-1983.-21 мая.

ЛІТАРАТУРА АБ ЖЫЦЦІ І ТВОРЧАСЦІ

Прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі // Літаратура і мастацтва.-1991.-31 мая.-С.4.
Тумаш Генадзь // Беларускія пісьменнікі : бібліяграфічны слоўнік:у 6 т.:т.6.-Мн.,1995.-С. 111-112.
Тумаш Генадзь // Памяць. Дзяржынскі раён.-Мн.,2004.-С.619.