Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Пятровіч Шушкевіч нарадзіўся 19 лютага 1908 года ў вёсцы Бакінава ў сям’і беззямельнага селяніна. Пэўны час Шушкевічы жылі ў Дарагабужскім павеце ў пасёлку Сямёнкава, дзе бацька працаваў рабочым на бровары.
На пачатку імперыялістычнай вайны сям’я вярнулася ў родныя мясціны. Ужо пры савецкай уладзе Станіслаў Шушкевіч паступіў у Сенніцкую пачатковую школу, яго настаўніцай была Алімпіяда Васільеўна Сонцава, якая яшчэ ў 1889 годзе ў той жа школе вучыла Я.Купалу. Пасля пачатковай школы ён вучыўся ў Мінскай працоўнай сямігодцы. Яшчэ ў пачатковых класах пачаў складаць вершы. У 1924 годзе газета “Савецкая Беларусь” апублікавала яго невялікі допіс, тады ж у часопісе “Малады араты” з’явіўся напісаны ім верш. Так шаснаццацігадовым юнаком пачаў свой творчы шлях Станіслаў Пятровіч Шушкевіч.
Памятны для Станіслава Шушкевіча і 1926 год – скончыўшы сямігодку, ён паступіў у Мінскі педагагічны тэхнікум, у якім выкладаў Якуб Колас. У гэтым жа годзе без заявы, завочна, быў прыняты ў літаратурную арганізацыю “Маладняк”.
Акрылены жыццёвымі планамі і марамі, упэўнены ў заўтрашнім дні, васемнаццацігадовы аўтар шырока адкрытымі вачыма прыглядаўся да рэчаіснасці, апяваў жыццё радасна, звонка і па-маладому захоплена.
Аднак паэзія Станіслава Шушкевіча паступова пачынае напаўняцца клопатамі і хваляваннямі, якімі жылі аднагодкі пісьменніка. Аўтар не проста “выплаўляе” запал юнацкай душы ў аптымістычныя радкі, а і спрабуе ўважлівей прыгледзецца да падзей дня.
Вучоба ў Мінскім Белпедтэхнікуме ўмацавала яго захапленне паэзіяй. Скончыўшы два курсы гэтай навучальнай установы, Станіслаў Шушкевіч працаваў у Кніжнай палаце, Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы, потым загадваў бібліятэкай навукова-даследчага інстытута сельскай гаспадаркі. Гэта былі гады плённай самаадукацыі.
Друкаваўся ў перыёдыцы, у тым ліку ў часопісе для дзяцей “Беларускі піянер”, дзе ў 1929 годзе была змешчана яго казка “Звярыны баль”.
У 1931 годзе Станіслаў Шушкевіч паступіў вучыцца на крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута, адначасова з вучобай працаваў у газеце “Літаратура і мастацтва”. Пасля заканчэння інстытута ў 1934 годзе быў супрацоўнікам газеты “Калгаснік Беларусі”, потым газеты “Звязда”.
У 1934 годзе выйшла першая кніга вершаў Станіслава Шушкевіча “Вершы”, а ў 1936 годзе – яго казка дзя дзяцей “Звярыны баль”. Падрыхтаваў паэт да друку другую кніжку для дзяцей “Лодка-падводка”. 15 лістапада 1936 года Станіслаў Шушкевіч быў беспадстаўна арыштаваны і на доўгія восем гадоў адарваны ад роднай Беларусі і этапаваны ў Сібір У час Вялікай Айчыннай вайны згарэў рукапіс “Лодкі-падводкі”, аднавіць яго змест па памяці было немагчыма.

              У час палітычнага зняволення Станіслаў Шушкевіч сядзеў у турмах, быў у лагерах, у сссылцы. Першы раз ён вярнуўся з выгнання ў 1944 годзе – працуе вольнанаёмным бухгалтарам у калгасе “Камінтэрн”. У 1946-1949 гадах працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры у Данілавіцкай школе на роднай Дзяржыншчыне, але ў 1949 годзе адбыўся новы арышт. У Беларусь Станіслаў Шушкевіч вярнуўся толькі ў 1956 годзе, а поўнасцю быў рэабілітаваны 26 верасня 1975 года.
Давялося паэту, як сам ён пісаў, “нягод адведаць поўнай мераю”. Усяго хапіла: працаваў лесарубам, цесляром, калектарам, шахцёрам, геолагам. Адбываючы тэрмін у Краснаярскім краі, ледзьве не замёрз, ледзь не патануў аднойчы, ідучы па нетрывалым лёдзе Ангары.
Прагай высакароднасці поўняцца і вершы паэта, якія пісаліся ў няволі, у суровым краі. Высакароднасць, якая вынікала не толькі з летуценна-рамантычнага характару, а з канцэпцыі жыцця Станіслава Шушкевіча, разлічанай на пераадоленне ліха дабром. Шушкевічава дабро па-біблейску бязмежнае і ўсёахопнае і як бы хавае пад сабой і ў сабе ўсю пошасць, усё дэманічнае і злоснае.
Увесь час сэрцам рваўся паэт у Беларусь.  Вяртанне на радзіму з’явілася магутным стымулам новых задум, планаў. Паэт адразу ўключыўся ў грамадскае і літаратурнае жыццё Беларусі. Перажытае, вядома, паклала адбітак на яго паэзію, якая стала больш жыццёвай, разважлівай, але яно не магло забраць у аўтара асноўнага – яго жыццялюбства, веры ў людзей, яго ўлюблёнасці ў родную зямлю. Матывы адданасці Бацькаўшчыне, сяброўства, дружбы, кахання ў вершах гучаць упэўнена. Творы пішуцца на адным дыханні, бо шмат назбіралася назіранняў і ўражанняў і так многа хацелася сказаць чытачу.
У вершах 60-80-х гадоў, нагаданых і мінулым, і пазнейшымі пераменамі ў грамадскім жыцці, паэт па-ранейшаму добры і шчыры, верыць у праўду, магчымасць яе дасягнення.
Незвычайна гарманічная і суразмерная паэзія Шушкевіча для дзяцей. Пазбаўленая “сюсюкання”, натуральная, простая, як і жыццё дзіцяці, яна сведчыць, што паэт – добры і шчыры, што ўмее ён весела смяяцца, што ён вялікі педагог у сваіх вершах.
Пераважная большасць лірыкі паэта для дарослых: кнігі “Вершы”(1934), “Дарогаю вясны”(1959); “Услед за марамі” (1961); “Навальніца”(1966); “Сябрам”(1972); “Дарога ў залатую восень”(1983); “Рэха маладосці”(1984); “Сонца над маім асеннім садам”(1987) і для дзяцей :“Вясёлыя дзятлікі”(1970); “Колькі кіпцікаў у кошкі”(1972); “Красавік”(1977); “Казачны церам” (1983); “Едзе страшная Яга”(1985); “Казёл на верталёце”(1987); “Непаседлівыя вавёркі” (1993) прасякнута матывам сапраўднага вальналюбства. Творы мастака напісаны “на добрую навуку”. Дыяпазон творчасці Станіслава Шушкевіча тэматычна і жанрава разнастайны.
Працаваў у рэдакцыі газеты “Мінская праўда”, у 1958-1970 гадах загадваў аддзелам газеты “Літаратура і мастацтва”. Быў жаданым госцем у розных працоўных калектывах, асабліва часта наведваў школы, дзіцячыя сады, сустракаўся са студэнтамі. Дарэчы, Станіслаў Пятровіч наведаў і нашу бібліятэку 3 сакавіка 1982 года. У бібліятэцы захоўваецца сведка гэтай сустрэчы кніга аўтара “Друзьям” з аўтографам і памятным надпісам: “Маім дарагім чытачам Дзяржынскай раённай бібліятэкі”.
Памёр Станіслаў Шушкевіч 1 лютага 1991 года.

ТВОРЫ СТАНІСЛАВА ШУШКЕВІЧА

Шушкевіч,С. Вершы /С.Шушкевіч.-Мн.,1934.
Шушкевіч,С. Звярыны баль: байка /С.Шушкевіч.-Мн.,1936.
Шушкевіч,С. Лясная калыханка: вершы /С.Шушкевіч.-Мн.,1958.
Шушкевіч,С. Дарогаю вясны: вершы /С.Шушкевіч.-Мн.,1959.
Шушкевіч,С. Сарочы церамок: вершы /С.Шушкевіч.-Мн.,1959.
Шушкевіч,С. Мы на змену ідзём: вершы /С.Шушкевіч.-Мн.,1961.
Шушкевіч,С. Услед за марамі: вершы /С.Шушкевіч.-Мн.,1961.
Шушкекіч,С. Гара Марата Казея : вершы /С.Шушкевіч.- Мн.,1963.-36с.:іл.
Шушкевіч,С. Будзільнік: вершы /С.Шушкевіч.-Мн.,1966.
Шушкевіч,С. Навальніца: вершы /С.Шушкевіч.-Мн.,1966
Шушкевіч,С. Апавяданні пра Марата Казея /С.Шушкевіч.-Мн.,1968.
Шушкевіч,С.Вяртанне ў маладосць: успаміны і нататкі /С.Шушкевіч,-Мн.,1968.
Шушкевіч,С. Грушы на вярбе: вершы, байкі, эпіграмы /С.Шушкевіч.-Мн.,1969.
Шушкевіч,С. Вясёлыя дзятлікі /С.Шушкевіч.-Мн.,1970.
Шушкевіч,С. Колькі кіпцікаў у кошкі /С.Шушкевіч.-Мн.,1972.
Шушкевіч,С. Сябрам: вершы /С.Шушкевіч.-Мн.,1972.
Шушкевіч,С. Дванаццаць пасланцоў /С.Шушкевіч.-Мн.,1973.
Шушкевіч,С. Барадаты камар: вершы для дашкольнага узросту /С.Шушкевіч.-Мн.,1977.
Шушкевіч,С. Красавік: вершы і казкі /С.Шушкевіч.-Мн.,1977.
Шушкевіч,С. Выбраныя творы: у 2 т. /С.Шушкевіч.-Мн.,1978.
Шушкевіч,С. Ліса з магнітафонам: казкі /С.Шушкевіч.-Мн.,1979.
Шушкевич,С. Друзьям: стихи /С.Шушкевич.-М.:Советский писатель,1981.-94с.
Шушкевіч,С. Дарога ў залатую восень: вершы /С.Шушкевіч.-Мн.,1983.

Шушкевіч, С. Птушыны ранак : вершы, казкі / С. Шушкевіч.-Мн. : Юнацтва.-2001.-159с.
Шушкевіч,С. Казачны церам: вершы, казкі /С.Шушкевіч.-Мн.,1983.
Шушкевіч,С. Рэха маладосці: вершы /С.Шушкевіч.-Мн.,1984.
Шушкевіч,С. Едзе страшная Яга: вершы і казкі /С.Шшукевіч.-Мн.,1985.
Шушкевіч,С. Казёл на верталёце: вершы /С.Шушкевіч.-Мн.,1987.
Шушкевіч,С. Сонца над маім асеннім садам: вершы /С.Шушкевіч.-Мн.,1987.
Шушкевіч,С. Апавяданні пра Марата Казея /С.Шушкевіч.-Мн.,1988.
Шушкевіч,С. Выбранае: вершы /С.Шушкевіч.-Мн.,1988.
Шушкевіч,С. Непаседлівыя вавёркі /С.Шушкевіч.-Мн.,1993.

ЛІТАРАТУРА АБ ЖЫЦЦІ І ТВОРЧАСЦІ

Шушкевіч Станіслаў Пятровіч //Пісьменнікі Савецкай Беларусі: кароткі біяграфічны даведнік.-Мінск,1959.-С.478-479.
Куксо,У. Голас сэрца /У.Куксо //Ленінская праўда.-1961.-29 лістапада.
Марціновіч,А. Пясняр роднага краю /А.Марціновіч //Сцяг Кастрычніка.-1966.-24 снежня.
Раманаў,Б. Дарога без прывалу /Б.Раманаў //Сцяг Кастрычніка.-1966.-25 чэрвеня.
Шушкевіч Станіслаў //Пісьменнікі Савецкай Беларусі: кароткі бібліяграфічны даведнік.-М.,1970.-С.410.
Садоўскі,Я. Юбілей паэта-земляка /Я.Садоўскі //Сцяг Кастрычніка.-1978.-18 лютага.
Юбілей паэта-земляка //Сцяг Кастрычніка.-1983.-19 лютага.
Барадулін,Р. Рука, пададзеная светлай раніцы // Барадулін,Р. Парастак радка, галінка верша.-Мн.:Мастацкая літаратура,1987.-С.224-228.
Марціновіч,А. Дарога без прывалу /А.Марціновіч // Сцяг Кастрычніка.-1988.-18 лютага.
Пруднікаў,П. “Белы мой лебедзю, мой пабрацім…” /П.Пруднікаў //Беларусь.-1992.-№10.-С.25.
Валахановіч,А. Нас вятры шалёныя пранізвалі, бывала /А.Валахановіч //Сцяг Кастрычніка.-1993.- 27 студзеня.
Марціновіч,А. Даверлівы і адкрыты /А.Марціновіч //Голас Радзімы.-1993.-11 сакавіка.-С.7.
Марціновіч,А. Творчасць, асветленая дабром /А.Марціновіч //Пралеска.-1993.-№2.-С.16-17.
Шушкевіч Станіслаў //Беларускія пісьменнікі (1917-1990): даведнік.-Мн.,1994.-С.612-613.
Шушкевіч Станіслаў //Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т. Т.6.-Мн.,1995.-С.398-408.
Шушкевіч Станіслаў Пятровіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік.-Мн.: Беларуская энцыклапедыя,1995.-С.772.
Мельнікава,З. Дзякуй, што верылі /З.Мельнікава // Літаратура і мастацтва.-1996.-19 студзеня.-С.6-7.
Карнялюк,К. “Калі хаткі, сэрцу мілай…” /К.Карнялюк //Сцяг Кастрычніка.-1997.-20 жніўня.
Марціновіч,А. “Лягчэй мне стала на душы…” /А.Марціновіч //Полымя.-1998.-№2.-С.279-288.
Марціновіч,А. Хораша, светла, сумленна /А.Марціновіч //Літаратура і мастацтва, 1998.- 21 лютага.-С.12.
Мішчанчук,М. “Крану вяслом срабрыстыя прамені…” /М.Мішчанчук, М.Шаўлоўская // Роднае слова.-1998.-№1.-С.40-55.
Маракоў,Л. Шасцёра на фотаздымку /Л.Маракоў //Роднае слова.-1999.-№5-6.-С.34-35.
Шушкевіч Станіслаў Пятровіч //Беларуская энцыклапедыя: у 18т. Т.17.-Мн.,2003.-С.491.
Далідовіч,Г. Светлыя ўспаміны, або пра тое, што нагадаў фотаздымак /Генрых Далідовіч //Літаратура і мастацтва.-2004.-16 ліпеня.-С.16.
Шушкевіч Станіслаў Пятровіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна.-Мн.,2004.-С.619-620.
Валахановіч,А. Слова пра земляка, сябра, чалавека /Анатоль Валахановіч //Сцяг Кастрычніка.-2008.-23 лютага.-С.8.
Жыбуль,В. Станіслаў Шушкевіч і руская дзіцячая паэзія /Вера Жыбуль //Роднае слова.-2008.-№8.-С.17-20.
Марціновіч,А. Святліца, у якой заўсёды хораша /Алесь Марціновіч //Літаратура і мастацтва.-2008.-22 лютага.
Станіслаў Шушкевіч //Беларуская дзіцячая літаратура: вучэбны дапаможнік.-Мінск,2008.-С.336-357.
Шушкевич Станислав Петрович // Республика Беларусь : энциклопедия.:т.7.-Мн.,2008.-625с.
Валахановіч,А. Слова пра земляка / Анатоль Валахановіч // Полымя.-2010.-№9.-С. 152-156.