На главную
ББК 78.
ДЗ 43

Наш зямляк – даследчык творчасці

Якуба Коласа



3 лістапада спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа (1882 – 1956).


Жыццё і літаратурная дзейнасць Якуба Коласа, аднаго з буйнейшых песняроў роднай Беларусі, самабытнага філосафа – прыклад шчырага і самаадданага служэння свайму народу. Яго імя трывала ўвайшло ў скарбонку сусветнай класічнай літаратуры.


0


Творчасць народнага паэта Беларусі Якуба Коласа складае цэлую эпоху ў гісторыі беларускай літаратуры. У свой час яе даследавала шмат беларускіх літаратуразнаўцаў і вучоных – М. Мушынскі, Ю. Пшыркоў, В. Рагойша, А. Майхровіч, А. Лойка і інш. Адным з такіх даследчыкаў быў і наш зямляк - доктар філалагічных навук, прафесар Антон Аляксандравіч Семяновіч. Ён пакінуў пасля сябе не толькі шматлікія артыкулы, манаграфіі, прысвечаныя творчасці Якуба Коласа, але і ўспаміны аб народным паэце.

У канцы 40-х гадоў Антон Семяновіч вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР. Калі паўстала пытанне выбару тэмы кандыдацкай дысертацыі, ён спыніўся на творчасці Якуба Коласа, паэтычныя і празаічныя творы якога палюбіў яшчэ ў дзяцінстве. Асабліва падабаліся яму коласаўскія апавяданні. Вось чаму канчатковы варыянт тэмы дысертацыі быў сфармуляваны так: "Дарэвалюцыйная проза Якуба Коласа".


0

Антон Аляксандравіч Семяновіч


У працэсе работы над дысертацыяй для высвятлення некаторых пытанняў Антон Семяновіч некалькі разоў сустракаўся з Якубам Коласам. Асабліва запомнілася яму сустрэча з народным паэтам зімою 1950 года. Семяновіча хвалявалі пытанні адносна трактоўкі ідэйнай сутнасці некаторых коласаўскіх алегарычных апавяданняў з цыкла "Казкі жыцця", а таксама ўзнікненне шматлікіх псеўданімаў і крыптанімаў народнага паэта.

Здарылася так, што ў 1948 годзе, пасля аднаўлення галоўнага корпуса Акадэміі навук, Антон Семяновіч перасяліўся з прыватнай кватэры ў інтэрнат для аспірантаў. 3 акна пакоя было відаць акадэмічны двор, сядзібу Якуба Коласа, які жыў са сваёю сям'ёю - двума сынамі, старэйшым Данілам і малодшым Міхасём, у невялічкім драўляным доме на тэрыторыі Акадэміі навук. (Уласны дом Я. Коласа, які знаходзіўся побач з паркам імя М. Горкага згарэў ў час вайны).


0

Колас на сваёй сядзібе


Амаль кожную веснавую і летнюю раніцу аспіранты маглі бачыць, як народны паэт з кійком у руках аглядае сваю сядзібу. Як сапраўдны сын беларускай вёскі, цесна звязаны з зямлёй-карміцелькай, акрамя агародных культур, сеяў збожжавыя: градку жыта, аўса, ячменю. І агляд сваіх "палеткаў" Колас рабіў уважліва, з вялікай любоўю і замілаваннем.

Трэба было бачыць, як асцярожна клаў ён на сваю далонь некалькі жытнёвых каласкоў, як пяшчотна і ласкава гладзіў іх! І думалася тады маладому аспіранту, што невыпадкова народны паэт узяў сабе псеўданім Колас, які найбольш адпавядаў сутнасці самой душы пісьменніка і ўсёй яго творчасці, яго ўнутранага свету, асаблівасці яго натуры. Ён як бы сімвалізаваў само жыццё, сэнс існавання чалавека, які не ўяўляе сябе без мілых яго сэрцу і думкам кволых жытнёвых каласкоў.

Антон Семяновіч гаворыць аб Коласе не толькі як аб слынным мастаку слова, але і як аб добрым і сціплым чалавеку, які заўсёды ішоў на дапамогу людзям, займаўся дабрачыннасцю, які не любіў сам лішне гаварыць і не цярпеў балбатуноў; чуйным да трапнага, дасціпнага народнага выслоўя, якім карыстаўся не толькі ў сваіх мастацкіх творах, але і ў жыцці.

У сям’і Якуба Коласа панавалі пачуцці любові, вернасці і адданасці. "Мілы друг мой", "мая зорка", "мая добрая дружачка", "мая святыня", "яснюсенькая зорка" — так называў Якуб Колас сваю жонку Марыю Дзмітрыеўну. Ён вельмі сумаваў, калі ў маі 1945 года яна пайшла з жыцця, і, асірацелы, пасадзіў на сваёй сялібе бярозку ў яе памяць. А яшчэ – тры дубочкі: свой, старэйшага сына Данілы і малодшага Міхася. Чацвёртага доўга не было; чакаў, што вернецца з вайны сярэдні сын Юрка і сам пасадзіць свой дубок. У 1947 годзе гэта надзея знікла...

Нястомны працаўнік, Якуб Колас памёр за рабочым сталом 13 жніўня 1956 года.

Коласа любяць і чытаюць. Яго творы выпраменьваюць душэўную цеплыню, дабрату, вялікую чалавечую мудрасць. І свет яго – ясны, прыгожы, гарманічны – будзе абуджаць у новых і новых пакаленнях імкненні глыбей асэнсаваць, усвядоміць, выявіць свае духоўныя сілы, адчуць сілу і веліч роднага краю, яго слова і культуры.


Падрыхтавана супрацоўнікамі аддзела бібліятэчнага маркетынга ДУ "Дзяржынская РЦБС".



Яндекс.Метрика