Ермалович Николай Иванович

Родился в 1921 г. в д.Малые Новоселки Дзержинского района.
    Высшее образование получил в 1940-х г.г. До 1955 г. преподавал в Молодеченском педагогическом институте белорусскую литературу, в 1955-1957 г.г. работал заведующим методкабинетом областного института усовершенствования учителей (г.Молодечно). Учился в аспирантуре.
         В 1957 г. вышел на пенсию в связи со значительной потерей зрения. Литературным творчеством занимался с 1936 г.
         С 1957 г. Н.И.Ермалович посвящает себя научно-исследовательской работе. Главные темы его деятельности – история Беларуси ІХ-ХІY вв. и белорусская литература.
        Лауреат Государственной премии Республики Беларусь. Лауреат премий им.К.Калиновского, В.Короткевича.
Награжден медалью Ф.Скорины.
Памятник Н.И.Ермаловичу поставлен в гг. Молодечно и Старые Дороги.
Почетный гражданин Дзержинского р-на (1996) и г.Молодечно (1994).
Умер в 2000 году.

Биография

Мікалай Іванавіч Ермаловіч нарадзіўся 29 красавіка 1921 года ў вёсцы Малыя Навасёлкі Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Іван Іванавіч, працаваў у калгасе конюхам, у 1937 годзе быў рэпрэсіраваны, у 1956 годзе рэабілітаваны пасмертна. Маці, Стэфка Юр’еўна, была калгасніцай. Вось як аб гэтым расказваў у адным з інтэрв’ю сам Мікалай Іванавіч: “Жылі на хутары, пад Койданавам. Бацька, маці і нас чацвёра: ў 1937 арыштавалі, загінуў у ГУЛАГу.


У 1937 годзе Мікола быў выключаны са школы з-за таго, што, спатыкнуўшыся, кінуў у бруд кнігу з вершам пра Сталіна. Экзамены ён здаваў экстэрнам у адной з мінскіх школ і ў 1938 годзе Ермаловіч закончыў школу.
Ён паступіў на падрыхтоўчыя курсы, потым на літаратурны факультэт у педагагічны інстытут. У 1947 годзе Мікола Ермаловіч скончыў педагагічны інстытут і быў прыняты ў аспірантуру. Але для напісання кандыдацкай дысертацыі прапаноўваліся такія тэмы (Вобраз Сталіна у беларускай літаратуры і фальклоры), якія яго не прываблівалі.
Пакуль дазваляла здароўе (вельмі дрэнны зрок), Мікола Іванавіч поўнасцю прысвячаў сябе педагагічна-выкладчыцкай працы: 1940-1941гг. – загадчык Шаркаўшчынскага педкабінета; у час вайны – настаўнік сярэдняй школы у Мардоўскай АССР; з канца 1943 года – інспектар Суражскага райана, завуч Дзяржынскай сярэдняй школы; пасля адмовы ад аспірантуры – выкладчык беларускай літаратуры Маладзечанскага настаўніцкага інстытута; 1955-1957гг. загадчык метадычнага кабінета Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў.
Мікалай Іванавіч Ермаловіч рана выйшаў на пенсію і поўнасцю пераключыўся на навукова-даследчую працу, займаўся тым, што яго больш за ўсё цікавіла – гісторыяй старажытнай Беларусі.
Адкуль жа ўзялася гэтая цікавасць? Вось як аб гэтым гаворыць сам Мікалай Іванавіч: “У 1944 годзе я замяняў настаўніцу гісторыі, якая захварэла. Да пачатку ўрока разгарнуў школьны падручнік, а, прачытаўшы, зразумеў, што нічога дакладнага з падручніка не даведаешся. Вось так і пачалося маё захапленне гісторыяй”.
Першым у айчыннай гісторыі Мікола Ермаловіч доказна і аргументавана правеў размежаванне паняццяў “Старажытная (летапісная) Літва” і “Літва цяперашняя, геаграфічная”. З фактамі і гістарычнымі данымі ён паказаў, што Старажытная Літва месцілася ў Верхнім Панямонні на тэрыторыі Беларусі – ад Мінска да Навагрудка з усходу на захад і ад Маладзечна да Слоніма з поўначы на поўдзень. Межы ж сучаснай нам Літвы вядомы кожнаму… Увеў Ермаловіч і новую перыядызацыю гісторыі старажытнай Беларусі, падзяліўшы яе на Полацкі (ІХ – сяр. ХІІІ ст.), Новагародскі (сяр. ХІІІ – пач. ХІY ст.) і Віленскі (1316-1385 гг.) перыяды.
У 1989 годзе убачыла свет кніга Міколы Ермаловіча "Па слядах аднаго міфа", якая была напісана у 1966-1968 гадах. Да сустрэчы з чытачом гэтая кніга прайшла пакутны шлях. Фрагменты з яе першага варыянта былі ў свой час надрукаваны у адным з рэдкіх акадэмічных выданняў па археалогіі і адразу сустрэлі адпор з боку кансерватыўных беларускіх гісторыкаў. Нягледзячы на гэта, Мікола Ермаловіч, жывучы у Маладзечна, амаль штодня ездзіў у Мінск працаваць над кнігай у беларускі аддзел Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У гэтай кнізе на аснове дэталёвага разгляду гістарычных і іншых матэрыялаў асвятляецца пытанне пра ўтварэнне Вялікага княства Літоўскага. Мужнасць Міколы Ермаловіча як гісторыка у тым, што ён усклаў на сябе вельмі складаную задачу —абвергнуць міф, які трывала увайшоў у афіцыйную гістарычную навуку і падмацоўваўся навуковымі ўстановамі. Мікола Ермаловіч досыць абгрунтавана абвяргае думку пра заваёву у XIII ст. беларускіх земляў літоўцамі. Зыходзячы са шматлікіх матэрыялаў, узятых з летапісаў і хронік, з гістарычнай літаратуры, даследчык прапанаваў сваю канцэпцыю, што да YІІІ-ІХ стст. На сучаснай тэрыторыі Беларусі жылі балцкія плямёны.
Аўтар выносіць на аб'ектыўны суд чытача сваю працу аб ранняй гісторыі Беларусі часоў Полацкай зямлі - аднаго з буйнейшых і самых ранніх ва ўсходняй Еўропе дзяржаўных утварэнняў. Кніга была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь і літаратурнай прэміяй імя Кастуся Каліноўскага.
Працягам гэтай кнігі з'яўляецца гістарычны нарыс Старажытная Беларусь:   Віленскі    перыяд, выдадзеная ў 1994 г.
У новай кнізе аўтар вядзе гаворку пра Віленскі перыяд старабеларускай дзяржавы - Вялікага княства Літоўскага. Чытачы даведаюцца аб лёсах Гедзіміна, Альгерда, Ягайлы і іншых гістарычных асоб Беларусі.
Апошняя  кніга Міколы  Ерамаловіча  "Беларуская  дзяржава - Вялікае княства Літоўскае" выйшла у выдавецтве "Беллітфонд" у 2000 годзе. У гэтай кнізе летапіс беларускай гісторыі даведзены да пачатку Вялікага Княства Літоўскага і да падзелаў Рэчы Паспалітай.
На жаль, Мікалаю Іванавічу, не давялося убачыць яе надрукаванай.


Гэтыя працы прынеслі яму грамадскае прызнанне на афіцыйным узроўні: Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1992 года, узнагароджанне медалём Францыска Скарыны, прыём у Саюз пісьменнікаў. Яго кнігі сёння з’яўляюцца самымі першымі і галоўнымі падручнікамі, надзейным арыенцірам для калег і паслядоўнікаў гісторыка.
На жаль, жыццё Міколы Ермаловіча закончылася трагічна: 4 сакавіка 2000г. у Мінску ён трапіў пад колы аўтамашыны.

Асобныя артыкулы і нарысы Міколы Ермаловіча

"Самабытны гісторык, не скораны чалавек" А.Валахановіч

 Мікола (Мікалай Іванавіч) Ермаловіч нарадзіўся 29 красавіка 1921 г. (дарэчы, беларуская грамадскасць адзначыла яго 75-годдзе) у в. Малыя Навасёлкі Койданаўскай воласці Мінскага павета (цяпер Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям'і. Бацька, Іван Іванавіч, працаваў у калгасе конюхам, у 1937 г. быў рэпрэсіраваны. У 1956-м рэабілітаваны (пасмяротна). Маці, Стэфка Юр'еўна, была калгасніцай.
У сям'і Емарловічаў было 4 дзяцей: Марыя, Мікола, Леанід і Валянцін. У 1995 г. сястра Марыя памерла ў 76 год.
Цікавасць да роднай гісторыі ў малога Міколкі абудзілася ў 2-м класе літаральна з аднаго сказа са школьнага падручніка па беларускай мове: «Полацк—самы старажытны горад Беларусі». Яго зацікавіла: чаму? I вось гзта неардзінарная цікавасць чаму? што? калі? дзе? крочыць поруч з ім усё жыццё.
Забягаючы наперад, скажу, што значна пазней, у 1944 г., ужо працуючы завучам Дзяржынскай беларускай СШ, М. I. Ермаловіч у 8-м класе, праводзячы ўрок па гісторыі на тэму «Татарскае нашэсце і літоўскае заваяванне», звярнуў увагу на тое, што гэтае  нашэсце ў падручніку па гісторыі падаецца дэталёва, падрабязна, а пра заваяванне літоўцамі сказана сцісла, коратка, мала, літаральна некалькі сказаў, тыпу: князь Міндоўг аб'яднаў літоўскія землі і пачаў заваёўваць заходне-рускія землі; заваяваў першыя гарады Навагрудак, Ваўкавыск, Слонім і зрабіў Навагрудак сталіцай Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). А калі і як было заваявана— невядома? Як утварылася ВКЛ? У падручніку пра гэта нічога не было сказана. А дзе ж пра ўсё напісана?
I Мікалай Іванавіч пачаў  дэталёва вывучаць летапісы, хронікі, акты, разнастайныя  дакументальныя крыніцы. Накапаў шмат—усё новае, цікавае, невядомае, нідзе, ніколі і нікім раней не было выкарыстана. Што ён убачыў—аж жахнуўся? Дык жа чаму гэта не было выкарыстана? Можа чыталі, ды не заўважылі, ці мо не хацелі заўважаць?
А вось сведчанне Іпацьеўскага летапісу пад 1251 годам: «Міндоўг враждебно за ворожьство Літву зане». Як бачна, Міндоўг не Навагрудак і інш. блізкія тут гарады заваяваў, а Літву. Ніхто, дарэчы, да М. I. Ермаловіча не цытаваў гэтыя словы. У канцы 50-60-х гадоў Мікола Іванавіч стала пачаў займацца гісторыяй Беларусі. Шукаць адказы на пытанні: што і дзе было, калі?
У 1938 г. Ермаловіч скончыў Дзяржынскую беларускую СШ і ў гэтым жа годзе паступіў на аддзяленне мовы і літаратуры Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага, дзе да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыў тры курсы. 3-за дрэннага зроку — «нізкі на вочы» (блізарукасць), носіць акуляры з 9-ці гадоў—ад вайсковай службы быў вызвалены.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся і ў 1941-1943 гадах працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў в. Лабаскі Мардоўскай АССР.
У кастрычніку 1943 г. Народны камісарыят асветы БССР накіраваў М. Ермаловіча ў вызваленыя ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў раёны Беларусі. У 1943-1944 гадах ён працаваў інспектарам райана ў г. Сураж Віцебскай вобл., потым, як мы ўжо згадвалі, завучам у Дзяржынскай беларускай СШ.   
У 1946 г. Ермаловіч аднавіў вучобу ў Мінскім педінстытуце. Пасля заканчэння яго ў 1947 г. быў накіраваны ў Маладзечанскі настаўніцкі інстытут. Тут да 1955 г. выкладаў беларускую літаратуру. У 1955-1957 гадах працаваў загадчыкам метадкабінета Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У 1957 г. выйшаў на пенсію ў сувязі са значнай стратай зроку.
I вось каля 30 гадоў ён амаль штодня без выхадных і святаў ездзіў электрычкай з Маладзечна (з 1993 г. Мікалай Іванавіч жыве ў Мінску) у Мінск і апантанна працаваў у Ленінцы (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі).
За гэты час уважліва вывучыў усе магчымыя гістарычныя, дакументальныя крыніцы. Зверыў шмат якіх вучоных пункты погляду на тыя ці іншыя праблемы гісторыі Беларусі. Прачытаў шмат навуковых кніг, манаграфій і прыйшоў да высновы: ніякай заваёвы Літвой Беларусі не было, пад Літвой у той час падразумевалася не сучасная этнічная Літва, а тэрыторыя Беларусі паміж Мінскам і Навагрудкам з усходу на захад і паміж Маладзечнам і Слонімам з поўначы на поўдзень.
I гэтыя высновы далі магчымасць па-новаму паказаць гісторыю ўтварэння ВКЛ, што і стала зместам яго кнігі «Па слядах аднаго міфа», напісанай у 1968 г., а выдадзенай толькі ў 1989 г. (2-е выданне, дапоўненае ў 1991 г.) у тагачасным акадэмічным выдавецтве «Навука і тэхніка».
У гэтай кнізе, у кнізе «Старажытная Беларусь: Полацкі і   Новагародскі   перыяды»  (1990) і інш. Ермаловіч поўнасцю абвергнуў тэзіс тагачасных савецкіх гісторыкаў аб бездзяржаўнасці Беларусі. Ён на шматлікіх фактах  (а факты, як вядома, упартая рэч!) даказаў, што Полацкае Тураўскае княствы былі дзяржаўнымі ўтварэннямі. А першае з іх—самастойнай дзяржавай. Вялікія кіеўскія князі хацелі яго падпарадкаваць, заваяваць, але не змаглі. Успомнім хаця б паходы Уладзіміра Манамаха на Полацкае княства, яго ўпар­тая вайна з полацкім князем Усяславам Брачыславічам (Чараўніком).
I не выпадкова, што рукапісы кнігі «Па слядах аднаго міфа» 21 год хадзіў па руках, перш чым быў выдадзены. I «Старажытная Беларусь» 5 год ляжала ў яго рабочым стале, перш чым часопіс «Маладосць» у 1988 г. адважыўся надрукаваць яе. За такія новыя погляды на гісторыю Беларусі ў свой час ён шмат цярпеў. У 1966 г. начальнік Маладзечанскага абласнога ўпраўлення КДБ БССР Іваноў дзесьці выступаў і казаў пра М. I. Ермаловіча: «Вот и у нас есть такое жывое ископаемое». I далей: «Смотрите, что он говорил в 1947, 1948, 1950, 1953... годах». Вось што яно. Значыць, сачылі!
Мікола Іванавіч Ермаловіч быў ужо з таго часу (а  можа і раней), як кажуць, пад калпаком! У 1981 г. на Вучоным савеце інстытута гісторыі АН БССР было выказана патрабаванне звярнуцца ў ЦК КПБ, каб яму было  забаронена друкавацца.
У 1984 г. М. I. Ермаловіча  тройчы  выклікалі  ў   КДБ БССР з тае прычыны, што ён «піша гісторыю, у якой хоча  даказаць адвечную самастойнасць Беларусі».
У 1987 г. у адной з рэспубліканскіх газет былі змешчаны разносныя артыкулы члена-карэспандэнта АН БССР, доктара гістарычных навук, прафесара А. I. Залескага і доктара гістарычных навук, прафесара А. П. Ігнаценкі, у якіх яны бездоказна шальмавалі погляды М. Ермаловіча на полацкую гісторыю (гісторыю Полацкага княства).
Зараз Мікалай Іванавіч заканчвае працу над чарговым раздзелам кнігі «Старажытная Беларусь»—перыяд паміж Крэўскай 1385 г. і Люблінскай 1569 г. уніямі.       
У яго творчых планах шмат  цікавых задумак. Дай жа Божа, каб яны здзейснілісяі Мікола Іванавіч Ермаловіч вядомы як паэт, крытык і літаратуразнаўца.
Пачаткам сваёй творчай дзейнасці Мікола Ермаловіч лічыць першы верш, прысвечаны памяці Максіма Горкага, які быў змешчаны ў раённай газеце «Ударнік Дзяржыншчыны» 22 чэрвеня 1936 г.
У 1975-1976 гадах ён выпускаў спосабам «самвыдат» лісток «Гутаркі» і кожную суботу, у якіх закраналіся злабадзённыя пытанні таго часу, усё тое, што хвалявала нацыянальна свядомую беларускую інтэлігенцыю. У «Гутарках» быў апублікаваны яго вядомы верш «Водпаведзь», дзве страфы з якога, першую і чацвёртую я мушу тут працытаваць:
На ваш папрок, што шмат нам далі,
Скажу я вам такія словы:
—Вы Дастаеўскага   ў нас узялі,
Узамен нам даўшы  Мураўёва...
Вы нас бязбожна абкрадалі,
Ці то ў стары час, ці то ў  новы.                                                                                 
Вы  Дастаеўскіх у нас бралі,
А  нам давалі  Мураўёвых.
Сталай літаратурнай працай М.Ермаловіч займаецца з 1948г. Друкаваўся ў маладзечанскай абласной газеце «Сталінскі шлях», альманаху «Нарач» (Маладзечна), газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць», навуковых акадэмічных зборніках.
Першую кніжку «Дарагое беларусам імя», прысвечаную сувязям У. I. Леніна з Беларуссю, выдаў у 1970 г. (у 1980 г. вышла ў перакладзе на англійскую мову ў бібліятэцы газеты «Голас Радзімы»).
Мікола Ермаловіч—аўтар грунтоўных артыкулаў і пра жыццё і творчасць Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, Я. Купалы, Я. Коласа, А. Гурыновіча, К. Каліноўскага. Зямляк —член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1989 г.
Мікола Іванавіч Ермаловіч —лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Імя Кастуся Каліноўскага за гісторыка-публіцыстычную кнігу «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды», якая пабачыла свет у 1990 г. Ён узнагароджаны высокай дзяржаўнай нацыянальнай адзнакаю— медалём імя Францішка Скарыны. Але самае галоўнае для Ермаловіча—гэта праца над кнігамі па гісторыіі роднай Бацькаўшчыны.
I якія хмары не згушчаліся і над ім—не скарыўся, не падпарадкаваўся той партнаменклатурнай ідэалогіі, таму прынятаму ўсімі пункту погляду.
Вось такі няскораны, моцны духам, наш слынны зямляк, жыве, працуе, піша кнігі, адкрывае нам новыя старонкі нашай старажытнай гісторыі Беларусі.

А. Валахановіч

"...дзеля будучыні!" Г. Далідовіч

Тое гораснае і ў той жа час шчаслівае, што перажыў Мікола Ермаловіч, хапіла б некалькім чалавечым жыццям. Пачалося ўсё гэта яшчэ ў самым раннім маленстве, калі маці Стэфка ўзяла яго, маленькага, з сабой на поле, дзе жала жыта, па-гаспадарску захапілася цяжкай, але радаснай сялянскаю працаю, і здарылася так, што ці састаўленыя снапы паваліліся, ці сонца зайшло з іншага боку, і Мікола-немаўля быў аслеплены яркім святлом.
Як я зразумеў са шматлікіх нашых сустрэч, сумесных паездак па гістрычных беларускіх мясцінах, Мікола Іванавіч ад прыроды маці быў фізічна моцны чалавек (і ў сталыя гады рабіў узмоцненную гімнастыку, абліваўся халоднай вадою, меў сілу ў руках), а вось са зрокам было проста гора, і з-за гэтага ён часта апынаўся не толькі ў розных няёмкіх сітуацыях (мог пайсці не ў дзверы пакоя, а ў дзверы шафы, пазнаваў, нават, знаёмага не па абліччы, а па голасе), але трапляў і ў бяду. Яшчэ ў школьныя гады трэба было немала чытать, а ён дрэнна бачыў нават у ясны дзень, не кажучы пра скупое святло ад лучыны ці газніцы.
У 1937-м арыштавалі яго бацьку-конюха Івана — тады не цяжка было знайсці прычыну, каб у чымсьці, нават самым абсурдным, абвінаваціць (у тым жа наўмысным моры коней), каб адарваць чалавека ад працы, сям'і, саслаць, а то і расстраляць. Іван і загінуў, пасмяротна рэабілітавалі яго толькі ў 1956-м, прызнаўшы, што ён ні ў чым не вінаваты. Мог услед за бацькам пайсці па этапах сын Мікола: вяртаючыся са школы і маючы вялікую ахвоту да літаратуры, на хаду, літаральна ўткнуўшыся носам у старонку, чытаў вядомы, як тады казалі, агульнаўхвалены "Ліст беларускага народа Сталіну", спатыкнуўся ў лужыне, упаў і замачыў тую кнігу ці брашуру — канечне ж, "непавага", "наўмыснае шкодніцтва!" Але абышлося, толькі, "прымаючы меры", на пэўны час выключылі са школы, якую   ўсё ж скончыў у 1938-м і затым паступіў вучыцца ў Мінскі педагагічны інстытут на аддзяленне мовы і літаратуры. Да 1941-га закончыў тры курсы, у вайну як патрыёт падаўся ў бежанцы, у Мардовію, дзе ў адной з вёсак выкладаў рускую мову і літаратуру. Як толькі пачалі вызваляць Беларусь, зажадаў вярнуцца на Радзіму; на адной са станцыі, калі прыснуў, абрабавалі — зладзеі паквапіліся на куфэрачак, але там былі не столькі адзенне, харч альбо грошы, колькі кнігі і рукапісы дык іх са злосці параскідалі па пероне; у Маскве, на беларускім вакзале, — новае цяжкае выпрабаванне: не мог сесці на цягнік, дык мусіў некалькі дзён разам з іншымі цывільнымі ацірацца на вакзале. Аднойчы падаўся з чайнікам па кіпень, на пуцях не зусім асцярожна ў цемень праходзіў паміж вагонаў, дык буферамі сціснуў  так, што з вачэй прыснула. Добрая душа падабрала і завезла ў бальніцу; праз месяц, калі, хоць у ружова-чырвоным святле, пачаў крыху бачыць, то памкнуўся дадому. Там накіравалі ў вызваленыя раёны Віцебскай вобласці наладжваць школьную справу. Ходзячы па вёсках, аднойчы ўзбіўся на міннае поле — абыйшлося...
Пералік напасцяў і горасцей Міколы Ермаловіча можна і прадоўжыць — як фізічных, так і маральных—у тым ліку і за яго жыццёвую, лепш сказаць, высокаграмадзянскую пазіцыю, за ягоныя артыкулы і кнігі. Як творца ён заявіў пра сябе яшчэ вучнем, калі ў 1936-м у раеннай газеце надрукаваў свой першы верш. 3 канца 1940-х, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, пачынае выкладаць у Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце і пастаянна ўжо друкуецца як літаратурны крытык. У 1957-м з-за яшчэ большай страты зроку мусіў пайсці на пенсію, грошы былі невялікія, дык каб выжыць з жонкай, сынам і дачкой, падзарабляў усякімі хатнімі ці інвалідскімі промысламі — амаль штодня ездзіў з Маладзечна ў Мінск, карпеў дзень у беларускім аддзеле цяперашняй Нацыянальнай бібліятэкі, а вечарамі клеілі скрыначкі для бібліятэчных картак.
Там, у беларускім аддзеле вышэйназванай бібліятэкі, я, студэнт, упершыню і убачыў яго — сярэдняга ўзросту, каржакаватага, буйнатварага, у акулярах, як здалося, з вельмі тоўстымі шкельцамі-лінзамі, праз якія амаль не бачыліся вочы, у паношаным, але акуратным касцюме, — ён з кімсьці стаяў на калідоры і, жэстыкуліруючы, штосьці захоплена гаварыў Да яго падвёў мяне, аспіранта, Рыгор Семашкевіч — у поўным сэнсе выхаванец Міколы Іванавіча. Ад таго ж Рыгора я ўжо тое-сёе ведаў пра гэтага энтузіяста, які "добра піша пра літаратуру і які "так ведае нашу гісторыю, так пра яе можа напісаць, што..."
Ермаловіч, паколькі я яшчэ ў Мінску не друкаваўся, зразумела, мяне не знаў і мог у тую сустрэчу, пачуўшы маё імя і прозвішча, сказаць тое, што мог: "А, прыемна-прыемна. Вы аднекуль з Заходняй Беларусі?" Даведаўшыся, што са Стаўбцоўшчыны, абагрэў цеплынёй маё стаўбцоўскае сэрца: "Багата адораны талентамі ваш край". Канечне, ён меў на ўвазе не толькі нашага карыфея Якуба Коласа, а і іншых, хто нарадзіўся ў нас ці пэўны час жыў там. А пачуўшы, што з Налібоцкай пушчы і пішу апавяданні, адно з якіх хутка будзе ў "Маладосці", зазначыў з усмешкай: "Во мо ваша пушча змусіць вас пісаць прозу. 3 вашага краю чамусці найбольш паэтаў. Нават Купалава маці нарадзілася ў вас. А вось празаікаў мала. Бадай, найперш Язэп Лёсік і ранні Якуб Колас, бо пазнейшая яго проза — пра Палессе". Незнаёмец, Ермаловічаў суразмоўца, асцярожна азірнуўся па баках: ухвальна называць імя Лёсіка тады было рызыкоўна — надта бэсцілі яго некаторыя моваведы, мабыць, узвышаючы свае прафесарскія і акадэмічныя званні...
Затым, калі закончыў філфак і настаўнічаў, мне пэўны час не ўдавалася бачыць Ермаловіча, але пазней, калі пераехаў у Мінск і выдаў ужо другую кнігу "Цяпло на першацвет", быў прыемна ўражаны: ён адгукнуўся на гэты зборнік рэцэнзіяй у "ЛіМе" з прыязнаю назвай: "Экзамен вытрыманы".
Абсяг Ермаловіча-крытыка ў 1940-1960 гады вельмі шырокі: творы В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, Я. Коласа, Я. Купалы, К. Каганца, М.Танка, творы маладых, а таксама кнігі літаратуразнаўцаў і гісторыкаў. Не дзеля папроку няхай будзе сказана пра тое, што і тады, і цяпер многія здольныя крытыкі, калі абароняць дысертацыю ці ўступяць у Саюз пісьменнікаў амаль адразу перастаюць займацца "бягучым" рэцэнзаваннем, пераходзяць у літаратуразнаўства, пішуць пра тое, што надзейна — "грозбухі” пра класікаў. Ермаловіч таксама мог абараніцца па тэме, звязанай з іменем Леніна, пра таго ен пісаў не раз, мусіць, як амаль усе, лічачы яго нейкім камуністычна-савецкім эталонам, але абараняць тую дысертацыю ўнікнуў, дык не пакідаў жанр рэцензіі. I пісаў надхнена, пашанотна як да класікаў, так і пра здольных маладых. На вялікі жаль, тыя яго літаратурныя рэцензіі не сабраныя, не выдадзеныя асобнай кнігай, дык некаторыя сённяшнія маладыя творцы і чытачы мала дасведчаныя, што Ермаловіч пачынаўся найперш як філолаг (паўторым, пісаў вершы, а таксама п'есы, прозу і, здаецца, дзённікі).
Пазней ягоны інтарэс пераключаецца на гісторыю: "Где была летописная Литва" (1969 г), "Яны думалі пра Беларусь" (1970 г), "Папярэднікі Кастуся Каліноўскага", "Беларусь і беларусы" (1971 г), "Из истории Новогрудка", "У мінуўшчыну — дзеля будучыні" (1972 г.), "Перачытваючы летапісы", "Тацішчаўскія звесткі пра Беларусь" (1976 г), "Нареклися кривичи  и дреговичи..." (1980 г.) "Балтскія плямёны Беларусі" (1981 г), "Славянскія дарогі Беларусі" (1982 г.) і г.д. і г.д. Ва ўсім гэтым сімвалічным, нават, калі можна так сказаць, хораша і шчасліва спалучыліся ягоны слабы фізічны рок і духоўная відушчасць. Ён далёка зазірнуў у мінулае ("дзеля будучыні") і ўгледзеў там тое, чаго не бачылі іншыя, а калі хто і бачыў то  нібы не верыў вачам сваім, пісаў пра тое з чужых слоў і канцэпцый. "Аматар" Ермаловіч набраўся магутнай чалавечай цярплівасці і сумленнасці, пераасэнсаваў усе датычныя да Беларусі летапісы, хронікі, працы бадай усіх дарэвалюцыйных гісторыкаў, а таксама даследаванні В.Ластоўскага, У. Ігнатоўскага, У.Пічэты, Доўнар-Запольскага і іншых, увёў ва ўжытак багаты гістарычны матэрыял ці абнавіў навуковы погляд на яго і на гэтай аснове абгрунтаваў пачатак, развіццё нашай дзяржаўнасці спачатку з часоў Полацкага княства, а пасля з Вялікага княства Літоўскага, выкрышталізаваў беларускую нацыянальную ідэю. Асабліва ярка гэта выявілася ў яго кнігах "Па слядах аднаго міфа" і "Старажытная Беларусь".
Вынасіць, напісаць і захаваць гэтыя рэчы было няпроста: ідэялагічныя органы, прапагандысты залічвалі Ермаловіча ў "националисты", за ім сачылі, праводзілі "беседы", урэшце рэшт, калі яны, гэтыя рэчы ў рукапісах, разышліся па руках, пачалі ўздымаць нацыянальную свядомасць сярод пісьменнікаў, мастакоў, студэнтаў і, як кажуць, радавога люду, іх маглі адабраць і нават знішчыць, а самога аўтара прывесці на лаву падсудных. Ды Бог або Час, што змяніўся ў "гарбачоўскую перабудову",  аўтара ўшанавалі вялікай народнай увагаю — Дзяржаўнай прэміей Рэспублікі Беларусь, кватэрай у Мінску, а Таварыства інвалідаў па зроку выдзяліла яму стыпендыю. Што ж, жыццё, праца нашага земляка, сучасніка, Асобы, што ацалела і нават развілася ў таталітарнай сістэме, клопат пра "мінуўшчыну — дзеля будучыні" былі справядліва ўзнагароджаны. На гэты раз Сонца бліснула для яго прыязна, жыццедайна, асвяціла промнямі вялікай славы. Мабыць усё так, як і належыць Вялікаму Беларусу ў Беларусі!
Я ўжо расказваў у друку пра тое, як у наш часопіс трапіў рукапіс "Старажытнай Беларусі", як ён друкаваўся, колькі мы мелі і цяжкасцей, і сапраўднай радасці. Дзяліўся ўражаннямі і пра іншае: як аднойчы Ермаловіч і я трапілі ў Навагрудскім раёне ў вёску Лаўрышава, дзе некалі, больш 700 гадоў таму, адзін са слаўных сыноў краю Войшалк пабудаваў манастыр, каб ахрысціць суседку, тую летапісную Літву, што была тады на нашых землях, а ў Навагародку мацаваў падмурак новай, як сцвярджаў Ермаловіч, беларускай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага, і дзе каля ўрослых у зямлю камянёў былога манастыра, Мікола Іванавіч заварожваў мяне, каб я пра той час напісаў раман "Кліч роднага звона..."
...Яшчэ колькі слоў пра слынныя Ермаловічавы кнігі. Як расказваў мне ягоны брат Уладзімір Іванавіч, гэтыя кнігі, зразумела, былі для аўтара вялікай радасцю, але чамусьці па некім збегу абставін ці з-за пэўнага лёсу суправаджаліся і бядою: выйшла першая кніга — памерла маці , убачыла свет другая — не стала жонкі, памочніцы нават ягоных вачэй і рук, падрыхтавалі перавыданне "Старажытнай Беларусі" — пад колы легкавіка трапляе сам Мікола Іванавіч...

Генрых   Далідовіч

"... у імя будучыні" В.Іпатава

Канец шасцідзесятых гадоў. Нацыянальная (тады - імя Леніна) бібліятэка. Калі ні прыйду ў беларускі аддзел, заўсёды бачу прыгорбленага чалавека, які ўпарта, не зважаючы ні на кога, чытае, нізка схіляючыся над старонкамі. Праходзячы міма, час ад часу кідаеш позірк на стопку кніг, якая ўзвышаецца на ягоным століку - і з павагай міжволі канстатуеш, што, мусіць, гэта нейкі навуковец, прафесар. I з мімалётнай, дзявочай неразважлівасцю вырашаеш, што сама ты ніколі нават не дакранешся да гэтых старых, таўшчэзных "манускрыптаў" - не твайго гэта розуму... Неяк гэты (на той колішні позірк - немалады) чалавек нечакана падыходзіць да майго століка, дзе я сяджу над вершамі Міхася Васілька - ягоную творчасць я абрала для сваёй дыпломнай - і пытаецца:

- Вы ж Вольга Іпатава?
- Так.
- Я прачытаў у Вашай падборцы верш пра Усяслава Чарадзея.
- Ну і як?

Вядома, чакаю кампліментаў - звычайна маладым жанчынам іх сыплюць не шкадуючы. Але ён агалошвае:
— Вельмі дрэнна. Усё там няправільна. Гэта - не наш, не беларускі позірк на гісторыю. Зрэшты, калі Вам цікава, я паясню сваю думку.
Выходзім у калідор. I ён, прадставіўшыся мне як Мікола Ермаловіч, разбівае мой верш дашчэнту.
— Вось Вы пішаце пра Усяслава:
Ды толькі нікому час не дае
Свой лёс прачытаць, як у кнізе.
Не знае і ён, што кроў праліе
Сваіх сяброў на Нямізе.
Што будзе, насунуўшы нізка шалом,
Братоў сваіх косці пляжыць...
— Па-першае, гэтыя "сябры і браты" самі прыйшлі да нас на Нямігу з вялізным войскам і ўшчэнт размалацілі ўсё, што тут стаяла. Менск практычна перастаў існаваць на старым месцы і быў перанесены. Па-другое, Усяслаў абараняў сваю зямлю. А ў Вас яна чыя атрымліваецца?
Я спрабавала апраўдвацца, але ён бязлітасна перабіў:
— Думайце самі, а не кіруйцеся чужымі вывадамі і чужым поглядам на сваё, крэўнае... Вось жа пра Еўфрасінню Полацкую Вы напісалі добры верш, і пра Рагнеду таксама...
На нас звярталі ўвагу - Мікола Іванавіч, разгарачыўшыся, павысіў голас і, паказваючы шлях кіеўскага войска, размахнуўся так, што закрануў нейкую паненку, што ішла міма. Пасля мы абое доўга прасілі ў яе прабачэння... 3 таго часу, сустракаючыся ў той жа бібліятэцы, мы заўсёды віталіся, як добрыя знаёмыя, і перакідваліся нейкімі думкамі пра напісанае ў друку. Найбольш пра гісторыю. Але тады, на жаль, пра яе пісаў толькі Уладзімір Караткевіч...
... Узгадваючы тыя гаворкі і тыя сустрэчы, я думаю - можа, Лёс і літасцівы, што не адкрывае нам будучыню. Я не ведала, што менавіта мне (як аднаму з кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў) давядзецца некалі, праз доўгія-доўгія гады, весці жалобную паніхіду і стаяць ля ягонай труны, думаючы пра тое, што бачу яго ў апошні раз, што ніколі (страшнае гэта слова - ніколі!) не буду ўжо раіцца з ім і шукаць парады ў складаных звівах гістарычных падзей на Беларусі. А парады гэтыя нам, пісьменнікам, у тыя гады былі патрэбныя як паветра. Усё, да чаго ні дакраніся, - цемра, невядомасць, усё не нашае - Гедымін ці Рагвалод, Віленскія пакутнікі ці Еўфрасіння Полацкая.
Вельмі шкадую, што не прасіла ў яго дапамогі пры напісанні аповесці "Прадыслава". Можа, ад таго, што ішла па пэўнай, хай сабе і прыдуманай, любоўна-жаночай каляіне жыцця славутай асветніцы. Ермаловіч падтрымаў мой твор вельмі цёплай рэцэнзіяй ў часопісе "Полымя".
Але цяпер я ведала, што ён піша сапраўдную гісторыю Беларусі, і тое, што абмяркоўвалася, было ашаламляльным і абсалютна новым для ўсіх нас. I надта ж патрэбным - гэта высветлілася пасля, калі выйшла "Старажытная Беларусь".
Я прачытала яе ў рукапісе - яго мне даў пачытаць на пару тыдняў мастак Мікола Купава. Рукапіс гэты хадзіў па руках, так што друкаванню папярэднічала сапраўдная сенсацыя. Праўда, мне зноў жа ніколі не думалася, што некалі, таксама праз дзесяцігоддзі, буду чытаць яго не так, як у першы раз - за дзве ночы, прагна, як глытаючы, а - з алоўкам, радок за радком, спыняючыся, думаючы, выпісваючы факты і звяраючы іх з іншымі крыніцамі.
I ўсё ж па-сапраўднаму магічным творам, тым, які, як іскра, запальвае нешта ў душы, стала для мяне кніга "Па слядах аднаго міфа" пад рэдакцыяй А. Грыцкевіча. У Мінску я паспела купіць толькі два асобнікі. Зусім іншай стала для мяне звыклая дарога Мір—Карэлічы — Наваградак, па якой я часта ездзіла на сваю "малую радзіму". Гэта ж па ёй прыніжаным выгнаннікам скакаў, паводле Ермаловіча, з родавай Руты да наваградскага княскага стальца сам Міндоўг са сваімі коннікамі. Я проста бачыла гэта ўсё і нават нібы чула тупат капытоў па звонкай, у замерзлых лужынах, дарозе...
3 гэтага вобраза, з гэтага бачання нарадзіўся раман "Залатая жрыца Ашвінаў", матэрыялы якога я не раз насіла да Міколы Іванавіча, задаючы пытанне за пытаннем, над якімі, бывала, мы разважалі разам. Ці можа быць няшлюбнае дзіця ў гэтага князя? Колькі заўгодна, ён жа быў як ніхто неабыякавы да жаночае прыгажосці і да ўсіх радасцяў жыцця. Ці сапраўды мог быць Міндоўг у Рыме? Ермаловіч аналізаваў факты з летапісаў і адказваў станоўча. I блізкімі былі нам гэтыя вобразы, гэтыя гістарычныя дзеячы, і, мабыць, адчуваючы маю шчырую зацікаўленасць і любоў да старажытнасці, Ермаловіч ставіўся да мяне неяк асабліва шчыра і цёпла. Нездарма ён пажадаў, каб менавіта я вяла ў Доме літаратара вечарыну "Браты Ермаловічы" - ад яе, на шчасце, засталіся здымкі, якія сталі для мяне бясцэннай памяццю аб нейкай маленькай, зусім маленькай, далучанасці да яго вялікага лёсу. Яго ж далучанасць да майго лёсу, да маіх творчых пошукаў - велізарная. Гэта бачыцца цяпер асабліва выразна. Не было б яго кніг - не было б і маёй трылогіі пра Міндоўга, Гедыміна і Альгерда. Думаецца, тое ж могуць сказаць пра сябе і іншыя пісьменнікі. А ці кожны прафесійны гісторык можа пахваліцца, што ён натхніў пісьменніка, што ягонае жыццё нібы пералілося ў створаныя імі вобразы? Правёушы шмат перадач "Спадчына", я са здзіўленнем даведалася, што ў савецкія часы толькі дзесятая частка супрацоўнікаў Інстытута гісторыі займаліся тысячагадовай гісторыяй Беларусі.
Мікола Ермаловіч быў адным з гэтых гарачых, бескарыслівых прапаведнікаў. Ніколі не адмаўляўся ён пайсці на вечарыну, прыняць удзел у тэлеперадачы (а гэта - некалькі гадзін мітусні дзеля таго, каб прамовіць пятнаццаць, а то і якіх пяць хвілін). Пісьменнікі неахвотна згаджаліся на ўдзел, казалі - гэта стамляе.
Яго гэта, нягледзячы на сталыя гады, на слабы зрок, нібыта не стамляла. I любая аўдыторыя прымала яго цёпла, сардэчна. Бачылі, як ён аддаецца кожнаму слову, і нават самыя недасведчаныя адчувалі, што кожнае гэтае слова аплочана коштам велізарнай, здавалася б, непасільнай для аднаго чалавека працай.
I яна, абагаціўшы нашу навуку, наша светаадчуванне, застанецца ў гісторыі беларусаў як прамяністы згустак светланоснай энергіі, якая так патрэбна сёння нашаму зняверанаму ў сапраўдных каштоўнасцях грамадству...

Вольга  Іпатава

"Летапісец старажытнай Беларусі" В.Коласава

    Мікола Ермаловіч... Яго можна параўнаць з летапісцам, які рупліва збіраў кожны факт гісторыі Беларусі - гераічнай эпапеі змагання беларусаў за сваю зямлю і будаўніцтва сваёй дзяржавы. Аднойчы задумаўшыся над гісторыяй свайго народа, ён вырашыў вывучаць яе. Так нарадзіўся, гісторык, які, зыходзячы са шматлікіх матэрыялаў, узятых з летапісаў і хронік, з гістарычнай літаратуры, абвергнуў міф, што трывала ўвайшоў у тагачасную  гістарычную навуку.
Мікола Іванавіч Ермаловіч - лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь за гісторыка-публіцыстычную кнігу "Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяд", таксама ён адзначаны высокай дзяржаўнай узнагародай - медалём Францыска Скарыны.

На прэзентацыі кнігі М. Ермаловіча “Выбранае” у Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. 2011 г.

Нядаўна ў серыі "Беларускі кнігазбор" выйшла кніга Міколы Ермаловіча "Выбранае", а днямі ў Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася яе прэзентацыя, у якой прымалі ўдзел наш зямляк, гісторык і краязнаўца, ганаровы член Міжнароднай акадэміі Еўразіі Анатоль Валахановіч; галоўны рэдактар выдавецтва "Беларускі кнігазбор", кандыдат гістарычных навук, пісьменнік Кастусь Цвірка, які стаў укладальнікам кнігі М. Ермаловіча "Выбранае" і падрыхтаваў да яе каментарыі; пісьменнік М.                                                                                          Скобла; генеолаг, літаратар, краязнаўца, журналіст, вучоны-філолаг Л. Акаловіч; археолаг, гісторык, кампазітар, паэт і бард П. Русаў, а таксама кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея Навасёлкаўскай сярэдняй школы В. Кавалеўскі. Усе яны асабіста ведалі Міколу Іванавіча Ермаловіча, таму шчыра дзяліліся ўспамінамі пра гэтага незвычайнага чалавека, з цеплынёй гаварылі пра яго подзвіг у імя будучыні, яго слынныя кнігі, яго магутную чалавечую цярплівасць і сумленнасць, мужнасць і духоўную сілу. Ён, амаль невідушчы, далека зазірнуў у наша мінулае, убачыў тое, што не змаглі ўбачыць іншыя, абудзіў гістарычную памяць нашага народа.
Да ўвагі ўдзельнікаў прэзентацыі была прадстаўлена выстава з фондаў Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі "Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі", прысвечаная нашаму слыннаму земляку. Яе матэрыялы, у тым ліку і рэкамендацыйны бібліяграфічны спіс з серыі "Пісьменнікі-землякі" пра жыццё і творчасць М. Ермаловіча прэзентавала галоўны бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі Вольга Жыбурт.
Прэзентацыя кнігі М. Ермаловіча "Выбранае" - знакавая падзея ў культурным жыцці грамадскасці нашага раёна. Тым больш, што праходзіла яна напярэдадні юбілею Міколы Іванавіча, якому 29 красавіка споўнілася б 90 гадоў.
Кнігі Ермаловіча сёння з'яўляюцца самымі першымі і галоўнымі падручнікамі, самымі надзейнымі  арыенцірамі для тых, хто хоча ведаць праўдзівую гісторыю Бацькаўшчыны. Ёй, гэтай гісторыі, ён прысвяціў усё сваё нялёгкае і няпростае жыццё.
Незайздросную хоць долю маю,
Ды на лёс не наракаю я,
Бо найбольшае ў тым шчасце маю,
Што жыць будзеш, Беларусь мая!
Гэты верш - адзін з нямногіх, напісаных Міколам Ермаловічам, - такі ж шчыры і прасякнуты любоўю да Радзімы, як і ўсё яго жыццё.

Вераніка КОЛАСАВА

Фотографии

Стаяць(злева направа) браты Ермаловічы: Лявон, Мікола, Валянцін.
Сядзяць (злева направа) сястра Марыя з сынам і маці.
Лістапад 1946 г.
Копія фотаздымка з Беларускага Дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў

Маладзечанскі дзяржаўны інстытут. Беларускае аддзяленне, І курс.
17 чэрвеня 1949 года.
Копія фотаздымка з Беларускага Дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў

Мікола Ермаловіч з жонкай Лідай. 50-я гады.
Копія фотаздымка з Беларускага Дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў

Мікола Ермаловіч з жонкай Лідай і дачкой Ленай.  50-я гады. Копія фотаздымка з Беларускага Дзяржаўнага архіва кінафотафонадакуметаў

Мікола Ермаловіч з жонкай Лідай, дачкой Ленай і сынам Славікам.
50-я гады. Копія фотаздымка з Беларускага Дзяржаўнага архіва кінафотафонадакуметаў

На фотаздымку злева направа: Валянцін, Мікола, Лявон Ермаловічы, Васіль Зуёнак - старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дом літаратара, сакавік 1992 года. Копія фотаздымка з Беларускага Дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў

Перад Нацыянальнай бібліятэкай
Беларусі, 1992 г.

У аддзеле беларускай літаратуры 
Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Лекцыю “Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці” Мікола Ермаловіч  бліскуча прачытаў у Маскве

М. Ермаловіч Мастак  В.Мініч.
Папера, туш, пяро, 2007 г.

Майстэрня мастака Кастуся Іванавіча Харашэвіча. Фотаздымак С.Лойкі, лістапад 2000 г.

Памятны знак Міколу Ермаловічу пры ўваходзе ў Старадарожскі мастацкі музей А. Белага.Скульптар У. Мелехаў

Віктар Шавялевіч, рэжысёр стужкі “Рагнеда” і Мікола Ермаловіч  на вечарыне “Беларускія жанчыны”. Кінатэатр “Змена” (Мінск).
Фотаздымак С.Лойкі, 1998 г.

Мінск, Дом літаратара. Вечарына “Міколу Ермаловічу – 75”.
 Побач з гісторыкам – Вольга Іпатава.
Фотаздымак С.Лойкі, красавік 1996 г.

Дачка М. Ермаловіча Алена (трэцяя злева) сярод удзельнікаў  прэзентацыі кнігі  “Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі”, прысвечанай М.Ермаловічу. Навасёлкаўская СШ Дзяржынскага раёна. Май 2007 г.

Помнік на месцы пахавання  Міколы Ермаловіча ў Маладзечна
Помнік Міколу Ермаловічу ў Маладзечна

Источники

Ермаловіч,М. Дарагое беларусам імя / М.Ермаловіч.-Мн.,Мн., 1970 
Ермаловіч,М. Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды / М.Ермаловіч.-Мн.,1990.
Ермаловіч,М. Па слядах аднаго міфа / М. Ермаловіч.-Мн.,1989;2-е выд.,дап.-Мн., 1991 
Ермаловіч,М. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд: Гіст, дасл.-Мн.:Выд. Цэнтр “Бацькаўшчына”:МП “Бесядзь”, 1994
Ермаловіч,М. Беларуская дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае / М. Ермаловіч.-Мн.,Беллітфонд, 2000.
Ермаловіч, М. Выбранае / Мікола Ермаловіч.-Мн. : Кнігазбор,2010.-640с.
Валаханович, А.И. Дзержинщина: прошлое и настоящее/ А.И. Валаханович, А.Н. Кулагин.- Минск: Наука и техника, 1986.- С. 99.
Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск: БЕЛТА, 2004.- С. 620 – 622.
Дзержинск. 860 лет / текст О.Ф. Черненко [и др.].- Минск: РИФТУР, 2006.- С.8.
Минская область: энциклопедия. Д – Я.- Минск, 2007.- С. 28 – 29.
Долготович, Б.Д. Почетные граждане белорусских городов: биографический справочник/ Б.Д. Долготович.-Минск: Беларусь, 2008 .- С. 268.
 “…Там Беларуси выше всей земля Дзержинщины моей”/ Авт. текста О.Ф. Черненко[и др.].- Минск: РИФТУР, 2010.- С.8.
Кавалеўскі, В.У. Навасёлкаўскі край / В.У. Кавалеўскі.- Вялікія Навасёлкі, 2014 .- С. 140 – 141.
Каханоўскі, Г. Нястомны працаўнік /Г.Каханоўскі, Р.Семашкевіч  //ЛіМ. - 1971. - 21мая.
Каваленка, В.  Жыць, як набяжыць,- не заслуга / В.Каваленка
//ЛіМ.-1974.-12 красавіка.
         Мыслівец,В. Зразумець чалавека /В.Мыслівец //ЛіМ.-1974.- 9 жн.
Каваленка,В. Праблемы беларускай сучаснай крытыкі.-Мн.,1977.-С.145-147,149-150.
Прыняты у Саюз пісьменнікаў БССР Ермаловіч Мікола Іванавіч // ЛіМ.-1989.-14 крас.-С.7.,партр.

      Карлюкевіч,А. Летапісец беларускай гісторыі / А.Карлюкевіч // Чырвоная змена.-1991.-№15.-С.20.
     Марціновіч,А. Вяртанне ў будучыню /А. Марціновіч //ЛіМ.-1991.-№18.-С.6.
     В.Н. Міколу Ермаловічу: Верш / В.Н. // Наша слова.-1993.-6 студзеня
Мікола Ермаловіч //Беларус. пісьменнікі: біябібліягр. слоўн. У 6 т.Т.2.-Мн.: БелЭн,1993.-С.425-427.

       Мікола Ермаловіч // Беларускія пісьменнікі (1917-1990): Даведнік.-Мн.,1994.-С.197-198.
Аб любай старонцы расказ //Сцяг Кастрычніка.-1996.-2 мая.
      Валахановіч,А. Самабытны гісторык, не скораны чалавек /А.Валахановіч //Сцяг Кастрычніка.-1996.-1,6, 13 лістап.
     Летапісец Беларусі // Бел. мінуўшчына.-1996.-№4.-С.74.
    Мяснікоў,А. Гісторыя павінна быць праўдзівай / А. Мяснікоў // Чырвоная змена.-1996.-15 чэрвеня.-С.2.
Содаль,У. Апантаны гісторыяй / У. Содаль //ЛіМ.-1996.-№17.-С.7.
Тычына,М. У кніг – свой лёс /М.Тычына //Беларусь.-1996.-№4.-С.25.
     Штыхаў,Г. Ермаловіч Мікалай Іванавіч /Г.Штыхаў //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.3.-М.:БелЭн, 1996.-С.355-356.
      Летапісец Беларусі //Бел. мінуўшчына.-1996.-№4.-С.74.
Грыцкевіч,А. Гісторык-патрыёт /А.Грыцкевіч // Наша слова.-2000.-№15.

      Далідовіч,Г. Самы відушчы гісторык / Г.Далідовіч //ЛіМ.-2000.-№10
     Летапісец Беларусі: Памяці Міколы Ермаловіча //Бел. гіст. часопіс.-2000.-№2.-С.52.
Лецка,Я. Верны рыцар Беларусі /Я.Лецка //ЛіМ.-2000.-№14.-С.18.
Лецка,Я. Волат беларускага духу /Я. Лецка //Голас Радзімы.- 2000.- 29 сак.-С.6-7.
Сосна,У. Падзвіжнік /У.Сосна //Настаўніцкая газета.- 2000.-15 крас.
       Валахановіч,А. Адкрывальнік старажытнай Беларусі /А.Валахановіч //Мін. праўда.-2001.-12 ліп.-С.4.
      Валахановіч,А. Заснавальнік беларускай рамантычнай гістарыяграфіі / А.Валахановіч // Сцяг Кастрычніка.- 2001.- 28 крас.-С.4.
      Далідовіч,Г. “…Дзеля будучыні” /Генрых Далідовіч //Маладосць.-2001.-№4.-С.212-216.
     Далідовіч,Г. Просты і значны /Г.Далідовіч //ЛіМ.-2001.-№17.-С.7.
Іпатава,В. У імя будучыні /В.Іпатава // Полымя.-2001.-№4.-С.220-223.
     Казлоўскі,А. Летапісец нашай славы / А.Казлоўскі //Бібліятэчны свет.- 2001.-№4.-С.16-17.
     Крукоўскі,Ул. Мікола Ермаловіч (1921-2000) /Ул. Крукоўскі //Род. слова.-2001.-№4.-С.86.
Марачкін,А. Вёў за сабою невідушчых /А.Марачкін //Полымя.-2001.-№4.-С.234-237.   
Мяснікоў,А. Рамантычны гісторык /А.Мяснікоў // Звязда.- 2001.- 28 крас.-С.6.

     На радзіме Міколы Ермаловіча //ЛіМ.-2001.-№17.-С.2.
Рахманько,Т. Подзвіг у імя Беларусі /Т.Рахманько //Сцяг Кастрычніка.-2001.-13 чэрвеня.
Чарняўскі, М. Народны лекар ад бяспамяцтва /М. Чарняўскі //Полымя.-2001.-№4.-С.224-233. 
Чыгір,Г. Доўгі шлях да Беларусі / Г.Чыгір //Нар. газета.-2001.-28 крас.-С.8.
      Сільнова, Л. Пра Міколу Ермаловіча /Людка Сільнова // Куфэрак Віленшчыны.-2002.-№2.-С.105-115.
       Васюкевіч,Л. Помнік нашаму земляку /Л.Васюкевіч //Сцяг Кастрычніка.- 2003.- 27 снежня.-С.2.
Галоўка,С. Па слядах Міколы Ермаловіча /Сяргей Галоўка // Мінская праўда.- 2003.- 6 снежня.-С.2.
Казубоўскі,А. Яго мы чакалі чатыры стагоддзі /Аляксей Казубоўскі //Народная воля.- 2003.- 18 верасня.
      Міхайлаў,І. “Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі”/І.Міхайлаў // Сцяг Кастрычніка.-2003.- 8 кастрычніка.
Столярчук,К. “Яго чакала Беларусь…” /Константин Столярчук // Вечерний Минск.- 2003.-1 сентября.
Целешава,А. Даніна памяці / Анастасія Целешава // Рэспубліка.- 2003.-4 верасня.-С.2.
       Валахановіч, А. Самабытны даследчык гісторыі старажытнай Беларусі / Анатоль Валахановіч // Беларускі гістарычны часопіс.-2006.-№4.-С. 35.
Далідовіч,Г. Просты і значны /Генрых Далідовіч // Краязнаўчая газета.- 2006.-№16.-С.5.
Мяснікоў,А. “…Жыць будзеш, Беларусь мая!” /Анатоль Мяснікоў // Звязда.-2006.-29 красавіка.-С.2. 
Штыхов, Г.В. Ермолович Николай Иванович / Г.В. Штыхов // Республика Беларусь : энциклопедия.Т.3:А-Герань.-Мн.,2006.-С. 506-507.
       Галубовіч, Л. Жыць для Беларусі / Леанід Галубовіч // Літаратура і мастацтва.-2007.-№22.-С. 7.
Ермолович Николай Иванович // Минская область : энциклопедия:т.2:Д-Я.-Мн.,2007.-С.58.
       Целеш, Л. Слаўны сын беларускай зямлі / Лявон Целеш // Наша слова.-2007.-13 чэрвеня.-С. 12.
Целеш, Л. Яго навуковы подзвіг не забыты / Лявон Целеш // Сцяг Кастрычніка.-2007.-21 ліпеня.
“Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі” // Краязнаўчая газета.-2007.-№21.-С. 7. 
Мяснікоў, А. Рамантычны гісторык / Анатоль Мяснікоў // Сто асоб Беларускай гісторыі.-Мн.,2008.-С. 294-296.
      Грыцкевіч, А. Слаўны сын Беларусі / Анатоль Грыцкевіч // Ермаловіч, М. Выбранае / М. Ермаловіч.-Мн. : Кнігазбор,2010.-С.5-12.
К
оласава, В. Летапісец старажытнай Беларусі / В. Коласава // Узвышша.-2011.-13 красавіка.-С.8.
https://be.wikipedia.org/wiki/Мікола_Іванавіч_Ермаловіч
https://be-tarask.wikipedia.org/wiki/Мікола_Ермаловіч
http://asvieta.net/histermalovich.html
http://downloadsong.ru/music/%CC%B3%EA%EE%EB%E0%20%C5%F0%EC%E0%EB%EE%E2%B3%F7.html
http://www.slounik.org/153680.html
http://www.jivebelarus.net/at_this_day/birth-of-mikola-yermalovich.html
http://www.dzerlib.by/pages/dzerlit/imenu/picmenniki_zemlyaki/04ermalovich.html
https://musik.kz/search/Мікола+Ермаловіч
http://slovo.ws/bio/bel/06/0003.html
http://news.tut.by/culture/286648.html
http://kamunikat.org/audyjoknihi.html?pub_start=20&pubid=9451
http://adverbum.org/ermalovich4
http://dic.academic.ru/dic.nsf/ruwiki/915248
http://spadchyna.net/index.php?option=com_content&view=article&id=1622:2010-12-16-12-08-28&catid=1:2009-03-09-12-59-43&Itemid=2http://www.turkaramamotoru.com/be/-2092.html