“Як музыка, як песня ветру…” метадычныя рэкамендацыі да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы

“Як музыка, як песня ветру…”

метадычныя рэкамендацыі да 140-годдзя 

з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы

Свет ведае не шмат паэтаў, якія былі б так моцна звязаны з народам, як быў звязаны, нават зліты з ім, Янка Купала, класік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, народны паэт Беларусі, духоўны лідэр беларускага нацыянальнага адраджэння. 

Маленства не песціла будучага класіка беларускай літаратуры. Нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч 7 ліпеня 1882 года ў фальварку Вязынка Маладзечненскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і арандатараў. Бацькі Івана паходзілі з беларускай засцянковай шляхты. Яго хрысцілі ў радашковіцкім касцёле і запісалі дваранінам. Запіс быў адвольны, бо дзед яго не дамогся ў сенаце прызнання ў дваранскіх правах. Увесь час Луцэвічы вымушаны былі весці вандроўнае жыццё ў пошуках арэнды. Вязынка, Яхімоўшчына, Акопы, Ляўкі сталі для будучага пісьменніка невычэрпнымі. Не ведаючы ні школ, ні навукі, вучыў Іван вялікую азбуку жыцця  на  чужым

палетку і праходзіў “свае ўніверсітэты” на панскіх броварах. Адораны хлопец доўгі час не мог закончыць нават пачатковай школы. Толькі 16-гадовым юнаком за адну зіму ён скончыў Бяларуцкае народнае вучылішча. Пакінуўшы бацькоўскі дом, ён працаваў хатнім настаўнікам, перапісчыкам у следчага, памочнікам вінакура на бровары, чорнарабочым, бібліятэкарам.

З 1905 года пачынаецца адлік творчага шляху Купалы, які працягваўся да 1942 года. Яго першы вершаваны твор  на беларускай мове “Мужык” з’явіўся ў 1905 годзе ў мінскай газеце “Северо-Западный край”. З гэтага часу замест афіцыйнага імя – Іван Луцэвіч – літаратар ужывае псеўданім Янук Купала. 11 мая 1907 г. ў газеце “Наша ніва” змешчаны верш “Касцу”, які становіцца першым выступленнем паэта ў беларускамоўным друку. З ліпеня па верасень 1907 г. на старонках “Нашай нівы” з’яўляюцца новыя творы: “Лета”, “Ці гэта многа?!”, “Непагода”, “Вучыся…”, “Былі ў бацькі тры сыны…” і інш. 

У 1908 г. у пецярбургскім выдавецтве “Загляне сонца і ў наша аконца” выходзіць першая кніга вершаў паэта “Жалейка”. У верасні 1909 г. паэт пераязджае ў Вільню і працуе ў рэдакцыі “Нашай нівы” і ў бібліятэцы Б.Л. Даніловіча “Знание”. Паэтычны дэбют Янкі Купалы сведчыў пра яго несумненную таленавітасць. Гэта пацвердзілі зборнік “Гусляр” (1910), паэмы “Адвечная песня”, “Курган”, “Сон на кургане”. 

Касцюмы з гальштукам і трысціна як абавязковы атрыбут. Такі выгляд не мог не прыцягваць да сябе жаночую ўвагу, але ў біяграфіі Купалы захаваліся толькі два жаночых імя – Уладзіслава Станкевіч і Паўліна Мядзёлка. З першай Купала пражыў больш за 25 гадоў, у гонар другой назваў галоўную гераіню сваёй п'есы «Паўлінка».

Паўліна Мядзёлка, 1913 г.
Сустрэча з Паўлінай Мядзёлкай так запала ў душу паэту, што праз 4 гады ён зачытаў сябрам сваю новую п'есу пад назвай «Паўлiнка» і прапанаваў дзяўчыне галоўную ролю ў аднайменным аматарскім спектаклі.
Упершыню пастаўленая 27 студзеня 1913г. ў Вільні Беларускім музычна-драматычным гуртком, п’еса і па сённяшні дзень з’яўляецца сімвалам беларускай тэатральнай культуры.  Другі раз камедыя паказана ў лютым у Пецярбургу Беларускім навукова-літаратурным гуртком студэнтаў. У жніўні “Паўлінка” пастаўлена ў Радашковічах    Мінскім    беларускім    артыстычным гуртком пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча.
У 1913 годзе Купала напісаў паэмы “Бандароўна”, “Яна і я”, “Магіла льва”, п’есы “Раскіданае гняздо”, “Прымакі”. Такім чынам пецярбургскі і віленскі перыяды былі самымі плённымі ў творчасці пісьменніка.
У жніўні 1912 г. адбылася знакавая падзея: Купала наведвае вёску Мікалаеўшчына і хутар Смольню, дзе ўпершыню сустракаецца з Якубам Коласам. З гэтага часу пачаўся адлік працяглых гадоў іх сяброўства.








                   Янка Купала і Якуб Колас, 1938 г.








Увосень, пасля заканчэння агульнаадукацыйных курсаў Чарняева, Янка Купала вяртаецца ў Вільню і пачынае працаваць у рэдакцыі газеты “Наша ніва”. 
У студзені 1916 года ў Маскве, у касцёле Святых Пятра і Паўла, Янка Купала абвянчаўся з прыгажуняй Уладзіславай  Станкевіч. Яна – настаўніца па адукацыі, выхавальніца ў дзіцячым прытулку, захопленая беларускай культурай, аматарка тэатра, спеваў, танцаў. Уладзіслава Францаўна стала вернай сяброўкай жыцця вялікага паэта, яго дарадчыцай і памочніцай, яе называлі яго анёлам-захавальнікам. 

Янка Купала з жонкай Уладзіславай Станкевіч, 
1916 г.
Сваёй абранніцы Янка Купала прысвячаў вершы, якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускай лірыкі кахання. Першы з іх — “Гэй ты, дзяўчына, кветка-лiлея…”, напісаны яшчэ да вянчання, у 1914 годзе. Яны часта бачыліся ў Вільні. Разам вучыліся ў Маскоўскім гарадскім народным універсітэце. Пасля – Першаясусветная, мабілізацыя ў армію… Купала служыць у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Мінску, Полацку, а таксама ў Смаленску, дзе сустракае Кастрычніцкую рэвалюцыю.
Янка Купала, 1916 г.
У Мінск Янка Купала вернецца толькі пасля рэвалюцыі, у 1919 годзе.
У вірлівыя гады з 1918 па 1920 Купала напісаў шэраг патрыятычных твораў: “Для бацькаўшчыны”, “У дарозе”, “Песня”.  Пасля абвяшчэння БССР 21 студзеня 1919г. пераязджае ў Мінск, працуе ў Народным камісарыяце асветы БССР. У 20-х г.г. працуе загадчыкам бібліятэкі пры Беларускай хатцы, рэдагуе часопісы «Рунь» (1920) і «Вольны сцяг» (1920–1922).
З пачатку 1921 г. – намеснік загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасветы БССР, уваходзіць у склад акадэмічнай камісіі Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы БССР па ўкладанні і апрацоўцы беларускай тэрміналогіі, член навукова-рэдакцыйнай калегіі Наркамасветы БССР, якая разглядае прадстаўленыя да друку творы (пазней яна называецца камісіяй, і Купала становіцца яе старшынёй); адзін з ініцыятараў стварэння Беларускага драматычнага тэатра (1920), БДУ (1921), Інбелкульта (з 1922 г. – яго правадзейны член).
У 1922 г. быў выдадзены яго зборнік вершаў “Спадчына”, а пазней, у 1925 г. – “Безназоўнае”. 
У сувязі 3 20-годдзем літаратурнай дзейнасці ўрадам БССР Янку Купалу было прысвоено ганаровае званне народнага паэта Беларусі.
У 1926 г. ўдзельнічае ў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі.
У 30-я гг. пабачылі свет зборнікі купалаўскай паэзіі “Адцвітанне”,  “Песня будаўніцтву”, “Беларусі ардэнаноснай”, паэма “Над ракою Арэсай” на беларускай і рускай мовах, зборнік для дзяцей “Хлопчык і лётчык” і перакладзеная Купалам на беларускую мову паэма А.С. Пушкіна “Медны коннік”. У гэты перыяд актыўна ўдзельнічае ў І Усесаюзным з’ездзе пісьменнікаў СССР у Смаленску, ў рабоце ІІІ Пленума праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР у Мінску. Выбіраецца ў склад рэдакцыйнай камісіі для канчатковага ўстанаўлення тэксту Канстытуцыі БССР. 
На ўсесаюзным конкурсе на лепшую песню, абвешчаным газетай “Правда”, Я. Купалу прысуджаецца другая прэмія за песню “Выпраўляла маці сына”.
У студзені 1939 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР за выдатныя заслугі ў развіцці савецкай літаратуры ўзнагароджвае  Купалу ордэнам Леніна.
У сакавіку 1941г. яму Пастановай СНК прысуджаецца Сталінская прэмія першай ступені за кнігу вершаў “Ад сэрца”.
Вялікая Айчынная вайна застала паэта ў Коўне. У першыя дні вайны ў Мінску згарэлі яго архіў і бібліятэка. 23 чэрвеня Купала прыязджае ў Мінск, на другі дзень, у сувязі з наступленнем гітлераўскіх войск, едзе ў Ляўкі, адтуль – у Маскву, куды прыбывае 7 ліпеня. У жніўні ў газеце “Красная звезда” з’яўляецца верш Купалы “Беларускім партызанам”.
З пачатку лістапада жыве ў рабочым пасёлку Печышча, паблізу Казані.
3 самага пачатку вайны актыўна ўключаецца ў барацьбу. Як член прэзідыума Усеславянскага антыфашысцкага камітэта выступае на мітынгах, удзельнічае ў І Усеславянскім мітынгу і ў навуковай сесіі АН БССР.
Янка Купала горача верыў у перамогу свайго народа. Але пабачыць родную Беларусь, вызваленай ад чужынцаў, яму не было наканавана. 28 чэрвеня 1942 г. першы народны паэт Беларусі Купала трагічна загінуў, упаўшы   з   лесвічнай   пляцоўкі   дзевятага   паверха гасцініцы “Масква”. Пахавалі яго 1 ліпеня 1942 г. на Ваганькаўскіх могілках у Маскве, а праз дваццаць гадоў прах паэта быў перавезены на радзіму і пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.
Цікавы факт — маці паэта памерла праз дзень пасля свайго сына, але аб яго гібелі так і не пазнала, бо знаходзілася ў акупаваным Мінску.
Пасля смерці Купалы выйшаў зборнік яго вершаў “Беларускім партызанам”. 
Творы Янкі Купалы перакладзены на 117 моў свету. Паводле яго твораў створаны песні, оперы, сімфоніі, вакальна-сімфанічныя паэмы. Вобраз паэта ўвасоблены ў творах выяўленчага мастацтва. Жыццю і творчасці Купалы прысвечаны хранікальна-дакументальныя фільмы “А зязюля кукавала...”, “Шлях паэта”, тэлефільмы “За шчасцем, за сонцам”, “Паклон мой народу за песні”, відэафільм “Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка”.
У Беларусі мноства геаграфічных аб’ектаў і ўстаноў носяць імя Янкі Купалы: вуліцы, паркі, тэатр, бібліятэкі, інстытуты і інш. Помнікі ўстаноўлены ў многіх гарадах нашай краіны і за мяжой  — у Маскве, Кітаі, у Арау-Парку ў Нью-Ёрку (ЗША). Устаноўлены мемарыяльныя дошкі ў гонар беларускага паэта ў Рызе і Вільнюсе, памятны знак у польскім Гданьску.
Некаторыя з твораў Купалы экранізаваныя: “Паўлінка” (1952, 1972), “Магіла льва” (1971), “Раскіданае гняздо” (1981).
Янка Купала пражыў няпростае жыццё, поўнае цяжкасцей і выпрабаванняў. Аднак яго высокія якасці як чалавека, грамадзяніна і творцы: сумленнасць, высакароднасць, гуманізм, любоў да свайго народа і Айчыны, заставаліся нязменнымі і неаспрэчнымі з цягам часу. 
Беларускі пясняр стаіць ў шэрагу тых вялікіх мастакоў свету, якім дадзена глыбока спазнаць сутнасць свайго часу, народа, яго гісторыі і выказаць гэта ў яскравай, толькі ім уласцівай форме. 
На працягу юбілейнага года ў бібліятэках можна правесці шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных  творчасці Янкі Купалы:
- кніжная выстава-віктарына “Гонар беларускай літаратуры”;
- кніжная выстава “Справа прарока – праўдзівае слова”;
- акцыя “І вечнасць радка, як вечнасць жыцця”;
- дзень кнігі Янкі Купалы “Знаёмая мова, чароўны радок”;
- літаратурны вечар “І не змоўкнуць ніколі ў свеце Купалавы словы”;
- гадзіна гучнага чытання “Ляціць, гучыць Купалаў голас”;
- вечар-партрэт “З песні пачынаецца Купала”;
- паэтычны калейдаскоп “Не згаснуць зоркі ў небе…”;
- літаратурна-паэтычная гадзіна “Пуцявінамі Янкі Купалы”;
- слайд-вечарына “Слова Купалы, як папараць-кветка”;
- паэтычная вандроўка “Светлыя цяплом і дабрынёй купалаўскія вершы”;
- музычна-паэтычны салон “У спадчыну ён нам пакінуў да роднага краю любоў…”;
- літаратурная медыягасціная “Вечна рвуся думкай я да сонца”;
- кліп-агляд “Песняру беларускай зямлі прысвячаецца”.

Электронныя рэсурсы
Біяграфія Янкі Купалы [Электронны рэсурс] // Рэжым доступу: http://gymn28.minsk.edu.by/main.aspx?guid=66761. - Дата доступу: 30.05.2022.
Памяць пра вялікага паэта [Электронны рэсурс] // Рэжым доступу: http://www.licey.bru.by/load/liceistam/razmawljaj_pa_belarusku/janka_kupala/56-1-0-883. - Дата доступу: 01.06.2022.
Янка Купала: асоба і творчасць [Электронны рэсурс] // Рэжым доступу:  https://archives.gov.by/home/tematicheskie-razrabotki-arhivnyh-dokumentov-i-bazy-dannyh/vydayushhiesya-lichnosti/klasiki-susvetnaj-litaratury-yanka-kupala-i-yakub-kolas/klasik-susvetnaj-litaratury-yanka-kupala/yanka-kupala-asoba-i-tvor. - Дата доступу: 30.05.2022.
Янка Купала: тайны жизни, любви и смерти [Электронны рэсурс] // Рэжым доступу:    
Анонсы

Июнь
«Разноцветное лето»: библиотечная тусовка
Начало в 11:00

Июнь
«У книжек нет каникул»: летние встречи в студии развивающего чтения «Я читаю! Я расту!»
Начало в 11:00

Июнь
Школа на лужайке Рукоделкина в клубе нескучных идей «Делай, как Я!»
Начало в 15:00
Последние новости

Июнь
08:55

Июнь
16:30

Июнь
16:15