“Край родны – мой гонар”:
з вопыту краязнаўчай дзейнасці
Негарэльскай сельскай бібліятэкі
Няма на свеце ніводнага кутка, які б не меў сваю гісторыю, дзе б не жылі людзі, якія сваёй працай ушаноўвалі свой край, дзе б не меліся свае традыцыі, абрады, фальклор. Няма на свеце таго чалавека, якому не было б прыемна прачытаць што-небудзь аб сваёй малой радзіме, адчуць гонар за сваіх землякоў, пацікавіцца сваёй культурнай спадчынай.
Цікавасць да мінулага, да сваіх каранёў, да народных традыцый выклікае неабходнасць як мага больш назапасіць інфармацыю па краязнаўству і данесці яе да нашчадкаў, таму адраджэнне нацыянальнай спадчыны з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў у краязнаўчай дзейнасці Негарэльскай сельскай бібліятэцы.
У бібліятэцы сабраны і захоўваюцца шмат цікавых дакументальна-краязнаўчых рэсурсаў, якія прадстаўлены ў краязнаўчым цэнтры «Мой родны край рамонкамі спавіты». Тут ёсць усё неабходнае для вывучэння роднага краю, напрыклад гісторыі вёсак Калоднікі, Чурылы, Каменка, Камароўшчына, Адасеўшчына, Мікулічы, Рудня. Па гісторыі станцыі Негарэлае, якая была шырока вядомая ва ўсім свеце, створаны краязнаўчыя рэсурсы: «Вялікія справы маленькай станцыі», «Сплетение судеб и дорог: классики русской и зарубежной литературы в Негорелом».
Падзеям Вялікай Айчыннай вайны прысвечаны рэсурсы: «Партызанскімі сцежкамі Антона Азаркевіча», «Им выпала честь прикоснуться к Победе: ветераны Великой Отечественной войны», «Слезы и боль Тростенца», «Горькое мое детство: воспоминания детей войны», «О себе и о войне: воспоминания ветерана войны Константина Скорохода» і інш.
Аб знакамітых земляках можна даведацца з краязнаўчых рэсурсаў: «На ніве краязнаўства: Валахановіч Анатолій Іосіфавіч», «Дзякуй табе настаўнік: заслужаныя настаўнікі БССР Семашка Алена Сцяпанаўна, Савіч Вольга Васільеўна», «Судьбе обязан: заслуженый учитель Станилевич Иван Александрович», «Человек и лес: одна жизнь и одна судьба: ученый лесовод Валаханович Анатолий Алексеевич», «В звоне каждого дня: заслуженный работник жилищно-коммунального хозяйства Стельмах Александр Александрович», «Мухуровские университеты: заслуженный лесовод Мухуров Иван Павлович», «Дарыць любоў і радасць дзецям: Алесь Галуза», «Пакуль не згасне рэха: Віктар Шаціла» і г.д.
У працэс стварэння гэтых дакументальна-краязнаўчых рэсурсаў супрацоўнікі Негарэльскай сельскай бібліятэкі укладваюць шмат душэўнай цеплыні, суперажывання, эмоцый.
На аснове гэтых матэрыялаў паспяхова вядзецца культурна-асветніцкая і дасугавая дзейнасць, ажыццяўляецца рэалізацыя лакальнага краязнаўчага праекта «Зямля, дзе пачаўся мой лес: мае землякі ў гісторыі раёна і краіны».
З 1921 па 1939 г.г. станцыя Негарэлае з’яўлялася самай буйной пагранічнай сухапутнай станцыяй і выконвала ролю прамежнага звяна чыгуначных зносін па маршруце Еўропа – Далёкі Усход (Кітай, Японія). Адсюль пачыналі рух на Усход цягнікі Негарэлае – Хабараўск, Негарэлае – Уладзівасток, Негарэлае – Іркуцк, транссібірскі экспрэс Негарэлае – станцыя Маньчжурыя, сюды прыбываў цягнік Парыж – Негарэлае. 100-годдзю з дня ўтварэння памежнай станцыі ў Негарэлым быў прысвечаны дыялог з гісторыяй «Першая сухапутная памежная станцыя». Удзельнікі мерапрыемства ўспомнілі падзеі тых далекіх часоў (гадоў), калі на станцыі Негарэлае віравала жыццё, калі тут можна было пабачыць усю Еўропу і Амерыку, многіх вядомых палітычных, дзяржаўных лідэраў, літаратараў, дзеячоў навукі і культуры, дыпламатаў, спартсменаў і г.д.
Актыўныя чытачы бібліятэкі Валянцін Валянцінавіч Ідзікоўскі і Галіна Рэнгольдаўна Клімава расказалі аб жыцці станцыі па ўспамінах іх продкаў. Бібліятэкар Тамара Сідорык пазнаёміла з дакументальнымі краязнаўчымі рэсурсамі па гісторыі станцыі і пасёлка Негарэлае, а таксама з інфаграфікай «Класікі ў Негарэлым».

Дыялог з гісторыяй «Першая сухапутная памежная станцыя», 2021 г.
Гутарка «Жорсткая праўда вайны» была прысвечана дзецям вайны, якія радаваліся кожнаму імгненню жыцця, ранішнім праменьчыкам сонейка, паху палявых кветак пакуль не прыйшла страшная бяда – вайна. Юныя наведвальнікі бібліятэкі пазнаёміліся з краязнаўчым рэсурсам «Горкае маё дзяцінства», дзе сабраны ўспаміны апошніх сведкаў тых трагічных падзей. Гартаючы старонкі рэсурса, дзеці спрабавалі паставіць сябе на месца гэтых герояў: хапіла б у іх сілы духу і мужнасці вынесці тое, што вынеслі яны?
Гутарка «Жорсткая праўда вайны», 2020 г.
Да 105-годдзя з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза Міхаіла Гармозы прайшла гадзіна гераічнай асобы «Глазами тех, кто был в бою». Дзеці даведаліся пра франтавыя подзвігі героя-зямляка, які не шкадуючы сябе адваёўваў перамогу.
Гадзіна гістарычнай асобы «Глазами тех, кто был в бою», 2022 г.
Падчас гадзіны гістарычнай асобы «Яго чакала Беларусь», прысвечанай 100–годдзю з дня нараджэння Мікалая Ермаловіча, выдатнага гісторыка і пісьменніка прысутныя пазнаёміліся з яго грунтоўнай даследчай працай “Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае”, публіцыстычнымі і літаратурна-мастацкімі творамі юбіляра.
Гадзіна памяці «Лічбы на сэрцы» была прысвечана Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся аб Асвенцыме, Трасцянцы, Азарычах, аб тых, хто штодзенна адчуваў голад, хваробы, пакуты, хто загінуў у ходзе цяжкіх работ і быў жывым спалены ў крэматорыях. Асаблівая ўвага была нададзена былому жыхару паселка – Мікалаю Іванавічу Валахановічу, вязню Трасцінца, які застаўся ў жывых.
Гадзіна памяці “Лічбы на сэрцы”, 2022 г.
Пры правядзенні акцыі «Знакавы – 2022: год гістарычнай памяці» наведвальнікі бібліятэкі пазнаеміліся з гістарычнымі выданнямі і дакументальна-краязнаўчымі рэсурсамі. Іх увазе быў прапанаваны буклет «З мястэчка ў горад», прысвечаны 90-годдзю з часу перайменавання мястэчка Койданава ў горад Дзяржынск.
Акцыя «Знакавы – 2022: год гістарычнай памяці»
Супрацоўнікі Негарэльскай сельскай бібліятэці актыўна ўдзельнічаюць у святах вёскі сваёй зоны абслугоўвання, на якіх рэкламуюць свае дакументальна-краязнаўчыя рэсурсы.
На свяце вёскі Калоднікі, 2022 г.
Творчасць мясцовых пісьменнікаў – гэта падмурак, з якога пачынае зараджацца цікавасць да роднага слова і краю.
“Шукаць, здзіўляцца і здзіўляць”, так называлася літаратурнае спатканне, прысвечанае 95-годдзю з дня нараджэння Артура Вольскага, якое адбылося ў Негарэльскай сельскай бібліятэцы.
Дзеці з цікавасцю паслухалі аб жыццёвым і творчым шляху пісьменніка, некаторыя яго вершы, прынялі актыўны ўдзел у гульні па казцы “Сцяпан – вялікі пан”. У творах пісьменніка маленькія чытачы знайшлі пэўныя жыццёвыя урокі – урокі чуласці, дабрыні, сяброўства.

Літаратурнае спатканне “Шукаць, здзіўляцца і здзіўляць”,
прысвечанае творчасці Артура Вольскага, 2019 г.
Паэтычны калейдаскоп «Наталюся тваёй крыніцай» быў прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння паэтэсы, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Рэўтовіч Рэгіны Іосіфаўны. Яе творчасць прасякнута любоўю да малой радзімы, да Беларусі, да людзей. На працягу мерапрыемства гучалі вершы і гумарыстычныя творы паэтэсы, якія вучаць дабрыні, спагадзе да блізкіх, любові да роднага краю.
Паэтычны калейдаскоп “Паэтычнымі радкамі аб родным краі” быў прысвечаны 875-годдзю Дзяржынска і прапанаваў вершы мясцовых паэтаў пра прыгажосць Дзяржынска, знакамітых асобах краю, гістарычнае мінулае. Гучалі вершы ўдзельнікаў народнага літаратурнага клуба “Выток” Людмілы Круглік, Барыса Савінава, Аксаны Хацкевіч, Антона Анісовіча і іншых.
Летапіс жыцця Алеся Галузы “Дарога праз пакуты” прыгадаў заслугі мясцовага пісьменніка, які быў гонарам пасёлка Негарэлае. Прысутныя пазнаёміліся з яго біяграфіяй, творчасцю. Даведаліся пра кнігі, якія ёсць у фондзе бібліятэкі.
Рэклама беларускай мовы і кнігі, захаванне і ўзбагачэнне гісторыка-культурнай спадчыны, прывіццё любові да роднай зямлі – важныя задачы ў дзейнасці Негарэльскай сельскай бібліятэкі.
Падчас гадзіны роднай мовы “Пагавары са мной на мове, на нашай роднай, не чужой” дзеці чыталі ўрыўкі з кніг на беларускай мове, адгадвалі загадкі, даведаліся, як называліся рэчы побыту сялян па-беларуску. Супрацоўнікі бібліятэкі спадзяюцца, што мерапрыемства данесла да ўсіх, што наша беларуская мова – сакавітая, меладычная і пяшчотная, што яе трэба вывучаць і захоўваць.
Гадзіна роднай мовы “Пагавары са мной на мове,
на нашай роднай, не чужой”, 2020 г.
Тэме роднай мовы было прысвечана мерапрыемства “Ад зерня – колас, ад слова – мова”. Вучні чыталі вершы на беларускай мове, ўдзельнічалі ў конкурсах, адгадвалі загадкі, расшыфроўвалі прыказкі. Дзеці пераканаліся ў тым, што наша мова – мілагучная, напеўная, прыгожая і самабытная.

Кніжная выстава да дня роднай мовы
“Да роднай мовы крок зрабі” , 2021 г.
Прагляд новых твораў беларускай паэзіі «Як даўні скарб, як спадчына, нам даравана мова матчына» быў прысвечаны беларускім паэтам: Яўгену Каршукову, Мікалаю Шабовічу, Казіміру Камейшы, Тамары Красновай-Гусачэнка і іншым. Вершы аб прыродзе, каханні, аб родным краі даравалі прысутным добры настрой і эмацыянальны ўздым.
Падчас краязнаўчага падарожжа «Знакамітыя дзяржынцы сцежкамі Купалы» юныя наведвальнікі даведаліся, што народнаму паэту Беларусі ў свой час прысвячалі свае творы і нашы землякі: паэты, мастакі, акцёры, літаратуразнаўцы. Напрыклад Станіслаў Пятровіч Шушкевіч напісаў вершы “Янка Купала”, “У Ляўках, ля помніка Янку Купалу”, “Вязынка”. Беларускі мастак Уладзімір Савіч стварыў серыю акварэлей паводле твораў Янкі Купалы: “Голас Купалы”, “Памёр пясняр”. Жывапісец Адам Кроль стварыў цыкл пейзажаў Вязынкі: “Хата, дзе нарадзіўся Янка Купала”, “Восень”, “Сосны” і карціну “Сустрэча Янкі Купалы з Цёткай у Пецярбургу”.
Краязнаўчае падарожжа
«Знакамітыя дзяржынцы сцежкамі Купалы», 2021 г.
Гледзячы на тое, з якой цікавасцю падрастаючае пакаленне ставіцца да гісторыі роднага краю, вывучэння сваіх каранёў, звычаяў і традыцый продкаў, супрацоўнікі бібліятэкі ў 1991 годзе стварылі краязнаўчы клуб «Бацькаўшчына». Сёння ў яго ўваходзяць 6 чалавек, гэта вучні сярэдняга школьнага ўзросту. Пасяджэнні клуба праходзяць штомесячна і вызначаюцца змястоўнасцю.
Краязнаўчы ўрок «Дзякуй табе, настаўнік» быў прысвечаны заслужанай настаўніцы Савіч Вользе Васільеўне.
Падчас праваслаўнай гадзіны «Прыходзьце да мяне, як да жывой…», прысвечанай Святой Блажэннай Валянціны, удзельнікі клуба пазнаёміліся са сведчаннямі тых, каму малітвамі дапамагла Валянціна Мінская, як праходзіла служба па кананізацыі ў Свята-Духавым кафедральным саборы г.Мінска.
Краязнаўчая завочная вандроўка па Цэнтру экалагічнага турызму «Станькава» «У вандроўку па роднай зямле адпраўляючыся…» пазнаёміла прысутных з паслугамі цэнтра, паведаміла пра жывёл, якія знаходзяцца ў заапарку, пра патрызанскі лагер на тэрыторыі цэнтра, які адлюстроўвае быт партызан у гады Вялікай Айчынай вайны.
Літаратурнае знаёмства «Імя ў летапісе края» было прысвечана 75-годдзю з дня нараджэння Барыса Савінава, пісьменніка-земляка, члена Саюза пісьменнікаў і Саюза пісьменнікаў саюзнай дзяржавы, удзельніка народнага літаратурнага клуба «Выток». Прысутныя пазнаёміліся з творчасцю пісьменніка і даведаліся пра яго зборнікі паэзіі. У канцы мерапрыемства адбылася прэзентацыя апошняй кнігі «Трыумф і трагедыя сям’і Казей».
Удзельнікі краязнаўчага клуба “Бацькаўшчына”
Урок мужнасці «Без права на забвение» быў прысвечаны Вячэславу Сідаровічу, герою-земляку, які згінуў у Афганістане.
Падчас мерапрыемства «Гісторык пра гісторыка» праходзіла гучнае чытанне артыкула Анатоля Валахановіча пра гісторыка-краязнаўца Івана Фёдаравіча Шпілеўскага, які не аднойчы апісваў Дзяржыншчыну ў сваіх творах.
Удзельнікі краязнаўчага клуба ўпэўнены, што без ведання сваёй гісторыі нельга ацаніць дзень сённяшні, прадставіць будучыню. І, як лічаць супрацоўнікі Негарэльскай сельскай бібліятэцы, вельмі важна, каб сённяшнія дзеці – яе чытачы, стаўшы дарослымі людзьмі, ганарыліся тым, што яны прадаўжальнікі слаўнага пакалення сваіх дзядоў, і многіх тых, чые подзвігі і самаадданая праца ўвайшлі ў гісторыю краю.
У кожным беларускiм мястэчку, у горадзе, у вёсцы здаралiся адметныя падзеі, жылi выдатныя людзi, iснавалi культурныя традыцыi. Аб гэтым трэба помніць, гэта трэба шанаваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне. Работа Негарэльскай сельскай бібліятэкі ў гэтым напрамку працягваецца.
Займаючыся пачэснай справай краязнаўства, адкрываючы невядомыя старонкі мінулага роднага Негарэлага, супрацоўнікі бібліятэкі імкнуцца падтрымліваць і развіваць у сваіх чытачоў цікавасць да лёсу сваёй бацькаўшчыны, яе людзей, да сучаснасці і адказнасці за будучае.