У Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшлі Х Койданаўскія чытанні. Як заўсёды, яны аб’ядналі ўсіх, хто цікавіцца і даследуе гісторыю малой радзімы і Беларусі: удзельнікі краязнаўчага аб’яднання “Койданаўскія летапісцы”, моладзь – актывісты раённай арганізацыі БРСМ, чытачы бібліятэкі. Чытанні былі прысвечаны Году гістарычнай памяці. Пачэсны госць чытанняў – намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзяржынскага райвыканкама Яўген Скарабагаты агучыў Прывітальны адрас удзельнікам Х юбілейных чытанняў ад старшыні райвыканкама Максіма Лысенкі.
Гісторык, паэт Антон Анісовіч у сваім выступленні падкрэсліў, што памяць – гэта своеасаблівы генетычны код беларускай нацыі. У нас адна дзяржава, адзін закон, агульная гістарычная памяць на ўсіх. І, канешне ж, прагучалі паэтычныя радкі аўтара, у якіх з’ядналіся ў адно цэлае гісторыя і памяць, людзі і падзеі. У працяг гэтай тэмы было паведамленне гісторыка, краязнаўцы Людмілы Кірэевай, якая адзначыла, што гістарычная памяць – галоўная крыніца нашых каштоўнасцей.
Сваю даследчую работу, прысвечаную пісьменніку-земляку Ігару Хадановічу прадставіў краязнаўца Вацлаў Матусевіч. Успаміны жыхароў Дзяржыншчыны, цікавыя факты і архіўныя фотаздымкі – усё гэта зацікавіла слухачоў, асабліва моладзь.
Маладое пакаленне дзяржынскіх краязнаўцаў прадставіла вучаніца 9 класа ДУА “Гімназія №1 г. Дзяржынска” Васіліна Тапаркова. Яе даследчая работа прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны і расказвае пра выпрабаванні і пакуты нашай зямлячкі Надзеі Хмялеўскай, якая была ўгнана на прымусовую працу ў Германію. Выступленне Васіліны дапоўніла кіраўнік музея гімназіі Людміла Цюшына, якая расказала пра даследчую дзейнасць вучняў.
Краязнаўства – адна з галоўных тэм творчасці члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, члена Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Барыса Савінава. Ён падзяліўся ўспамінамі пра цікавыя сустрэчы з героямі сваіх нарысаў, якія прынеслі доўгачаканую Перамогу ў 1945-м і аднаўлялі з руін Дзяржыншчыну.
Кіраўнік “Койданаўскіх летапісцаў”, гісторык, журналіст Віктар Уранаў звярнуў увагу прысутных праз прызму гістарычнай памяці на самыя цікавыя моманты чытанняў за дзесяць гадоў і прадставіў матэрыял з новага аўтарскага цыклу “Погляд ў мінулае”.