Вось ужо 34 гады мінула з дня чарнобыльскай трагедыі, якая стала не толькі жорсткім выпрабаваннем для многіх тысяч людзей, але і своеасаблівым рубяжом, які падзяліў іх жыццё на «да» і «пасля»...
26 красавіка 1986 года Чарнобыльская АЭС стала сімвалам буйнейшай ў гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофы. Данінай памяці ўсім ахвярам катастрофы, стала абвяшчэнне ААН у 2016 годзе даты 26 красавіка Міжнародным днём памяці аб Чарнобыльскай катастрофе.
Пра “неславутую ў свеце АЭС” сказана шмат: праведзены журналісцкія даследванні, зняты дакументальныя і мастацкія фільмы, напісаны кнігі.
Першым з беларускіх пісьменнікаў, хто адлюстраваў гэтую падзею на старонках кнігі быў Народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін. Яго твор «Злая зорка» — першы ў беларускай літаратуры раман пра чарнобыльскую трагедыю.
Зварот да тэмы чарнобыльскай бяды быў для Шамякіна не выпадковы. Гэта была вялікая бяда і для ўсяго народа, і асабіста для пісьменніка. Ад яе пацярпела і малая радзіма пісьменніка — Хойніцкі раён, і суседні з ім Брагінскі, якія разам з Лоеўскім і Рэчыцкім уваходзілі ў яго выбарчую акругу як дэпутата Вярхоўнага Савета БССР. Як успамінаў пазней сам пісьменнік, ён меў намер паехаць туды адразу ж пасля аварыі, але яго адгаварылі. «Паехаў першы раз у канцы мая. Пасля ездзілі з хойніцкімі хлопцамі, маімі маладымі сябрамі — Міколам Мятліцкім і Барысам Сачанкам. Трапілі на другое адсяленне: галасіла родная вёска Міколы – Бабчын. І мы плакалі разам з жанчынамі, якія ўжо ведалі, што пакідаюць родныя хаты назаўсёды…”
Упершыню раман быў надрукаваны ў часопісе «Полымя» ў 1991 годзе. Асобным выданнем выйшаў праз два гады, у 1993-м. Ён хутка стаў папулярным. І гэта не дзіўна, бо гісторыя галоўных герояў – гэта адлюстраванне лёсу, усіх тых, каго закранула Чарнобыльская трагедыя.
Дзеянне рамана адбываецца ў адным з раёнаў Гомельскай вобласці. Галоўны сюжэт твора – лёс дзвюх сямей, Пыльчанка і Пустаход, у час чарнобыльскай трагедыі. Гаспадароў сямей звязвае “добрая і верная мужчынская дружба сталых людзей”. Пачынаецца раман з вяселля Глеба Пыльчанкі і Ірыны Пустаход. Глеб – інжынер на Чарнобыльскай АЭС і таму прама з вяселля ён адпраўляецца ў Чарнобыльскае пекла. Ірына – ўрач і, як ніхто іншы, разумее ўсю небяспечнасць радыяцыі. Але нічога не можа спыніць яе на шляху да мужа ў аварыйную зону. Яна яшчэ не ведае, што цяжарная і носіць пад сэрцам дзіця…
Непаўторны аўтарскі стыль і праўдзівае адлюстраванне трагічных падзей у жыцці народа і сёння прыцягвае ўвагу чытачоў да «Злой зоркі». І не дзіва, што гэты своеасаблівы мастацкі дакумент часу вытрымаў некалькі перавыданняў.
Будзьце здаровыя! Беражыце сябе! Да новых сустрэч з добрай кнігай!