12 лістапада спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння таленавітага беларускага драматурга Андрэя Макаёнка. Ужо не адно пакаленне беларусаў зачытваецца яго знакамітымі творамі: “Выбачайце, калі ласка!”, “Лявоніха на арбіце”, “Зацюканы апостал” і “Трыбунал”. У яго творчым багажы і вясёлыя бытавыя камедыі, і драмы, і трагікамедыі, але аб’ядноўвае іх сатырычная аснова.
Прапануем вашай увазе гісторыю п’есы Андрэя Макаёнка “Верачка”.
Камедыя была напісана ў 1979 годзе. У гэтым жа годзе ўпершыню ва ўрыўках была надрукавана ў часопісе “Вожык”. Асобным выданнем выйшла праз год.
Вось, што расказваў пра задуму свайго “сентыментальнага фельетона” аўтар: “Мне ў маёй новай п’есе “Верачка” хацелася расказаць сапраўдную гісторыю, у аснове якой ляжыць факт з маёй дэпутацкай практыкі. Некалькі гадоў назад я атрымаў пісьмо ад адной пажылой мінчанкі з просьбай прапісаць у яе кватэру ўнучку. Выпадак быў не просты… Менавіта тады я і падумаў: што ж гэта я сяджу, выдумляю, калі вось ён – канфлікт, маральная аснова якога – дэфіцыт дабрыні, спачування, ласкі”. А вось, што піша драматург у звароце да чытачоў п’есы: “ У наш суровы век асабліва адчуваецца патрэба ў такіх чалавечых якасцях, як чуласць, дабрыня, сардэчнасць, спагадлівасць, душэўная цеплыня і гатоўнасць дапамагчы бліжняму”.
“Верачка” самы паэтычны твор Андрэя Макаёнка, апалогія людской дабрыні, чалавечай спагадлівасці.
Будзьце здаровыя! Беражыце сябе! Да новых сустрэч з добрай кнігай!