15 красавіка – Дзень падарожжаў без рэчаў. А яшчэ – гэта Дзень экалагічных ведаў. Вы ўмееце падарожнічаць без рэчаў? Мы прапануем вам адправіцца ў экалагічнае падарожжа па старонках кнігі Віталя Вольскага “Месяц за месяцам”. Дарэчы, кніга ў гэтым годзе адзначае 60-гадовы юбілей.
Пісьменнік любіў вандраваць. Многа ездзіў па роднай Беларусі і замежным краінам. Зборнік апавяданняў “Месяц за месяцам” быў напісаны ў 1956 годзе. Гэта сапраўдны каляндар беларускай прыроды, у якім даходліва і займальна расказваецца пра паводзіны звяроў і птушак у кожную пару года.
Разам з аўтарам чытачы месяц за месячам, старонка за старонкай вандруюць па адвечнаму, знаёмаму кругавароту: “Пасля вясны — лета. Потым, як і заўсёды,— восень, зіма. Зноў вясна.” Але ў гэтых прывычных з’явах кожны раз мы знаходзім нешта новае, цікавае і непаўторнае.
Пісьменнік сцвярджае, што “каб быць сапраўдным гаспадаром прыроды, дбайным і клапатлівым, трэба не толькі любіць яе, але і ведаць, і разумець.” Ён выступае супроць драпежніцкіх і безадказных адносін да прыроды. Заклікае людзей не знішчаць прыродныя багацці, а назіраць, вывучаць і зберагаць.
Вось як апісвае аўтар красавік….
Шаноўныя дарослыя, пачытайце разам з дзецьмі гэты цікавы каляндар прыроды. Пакіньце дома ўвесь багаж клопатаў і ў вольны час адпраўляйцеся ў лес, на рэчку, возера. Назірайце за цудамі і з’явамі беларускай прыроды. Добрага вам настрою і яркіх уражанняў!
Будзьце здаровыя! Беражыце сябе! Да новых сустрэч з добрай кнігай!