Мой горад,жадаю табе...: метадычныя рэкамендацыі ў дапамогу краязнаўчай дзейнасці бібліятэк да 875-годдзя г. Дзяржынска

Наш горад - адзін са страражытных гарадоў Беларусі. Сёлета ён святкуе свой 875 юбілей. Дзяржынск - бадай адзіны горад краіны, які за сваю гісторыю меў аж тры назвы. Яго мінулае і сучаснае, традыцыі, культура, побыт, легенды і паданні, знакамітыя людзі часта становяцца тэмай шматлікіх бібліятэчных мерапрыемстваў. 

Метадычныя рэкамендацыі “Мой горад, жадаю табе…” дапамогуць у выбары і аптымізацыі наглядных і масавых форм работы бібліятэк па краязнаўству. Яны будуць карысныя бібліятэкарам, настаўнікам, студэнтам, работнікам устаноў культуры.

Біяграфія майго горада

 Матэрыялы ў дапамогу правядзенню мерапрыемстваў

Дзяржынск  - горад у Мінскай вобласці. Да 1932 года меў статус мястэчка і валодаў Магдэбургскім правам, раней з'яўляўся цэнтрам Койданаўскай воласці, старажытным замкам Вялікага Княства Літоўскага. 

Да нашага часу тут захаваўся драўляны касцёл Святой Ганны, пабудаваны ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII стагоддзя. Сярод мясцовых славутасцяў вылучаліся Кальвінскі збор і замак, помнікі архітэктуры XVI-XVII стагоддзяў. На жаль, яны не захаваліся, былі разабраны на будматэрыялы для  бальніцы.

Дзяржынск - бадай адзіны горад у Беларусі, які за сваю гісторыю меў тры назвы - Крутагор’е, Койданава, Дзяржынск.

Сярэднявечча 

Афіцыйнай датай заснавання сучаснага Дзяржынска лічыцца 1146 год, калі паселішча згадваецца пад назвай «Крутагор'е» у паданні аб старой Пакроўскай драўлянай царкве. Аб гэтым пісаў вядомы беларускі этнограф XIX стагоддзя П. М. Шпілеўскі - “Койданаў калісьці называўся Крутагор'ем, паміж будынкамі якога красаваўся вялікі каменны замак з цудоўным звярынцам. Калі да гэтага падання далучыць іншае, што ў старой Койданаўскай (згарэлай) праваслаўнай царкве быў абраз з надпісам “Крутагор'е, 1146 год”, то можна меркаваць, што да другой паловы XII стагоддзя яшчэ не існавала назвы Койданава".

А дата, 1146 год, такім чынам, была і ўзятая за дату заснавання горада. Хоць карані паселішча сыходзяць у глыбіню стагоддзяў…

Аднак сучасныя энцыклапедычныя даведнікі разглядаюць гэтыя звесткі толькі як верагодныя і датуюць першы дакладны пісьмовы згад Койданава 1442 годам.

У XII ст. Койданаў увайшоў у склад Полацкага, пазней Мінскага княства. Да XIII ст. завяршылася ўзвядзенне драўлянага замка.


Койданаўскі замак. Малюнак Н. Орды. 13.07.1876 г.


Крутогорская бітва XIII стагоддзя

Паводле хронік Быхаўца, Вялікага княства Літоўскага, М. Стрыйкоўскага, летапісаў археалагічнага таварыства, Рачынскага, Еўраінаўскага, іншых гістарычных крыніц, у XIII стагоддзі каля Крутагор'я адбылася бітва паміж войскамі Вялікага княства Літоўскага і татарамі.

У саюзе з татарамі выступілі галіцкія князі Даніла і Васілька, якія помсцілі Міндоўгу за грабяжы іх Галіцка-Валынскага княства. Татары і іх саюзнікі былі разбіты, гэтую бітву адносяць да 1241, 1249, 1272 і 1276 гадоў. 

Па легендзе, татарскія войскі ўзначальваў хан Койдан (Кайдан). Тут ён нібыта быў забіты і пахаваны; татары, якія былі з ім, пасяліліся на гэтай зямлі, а іх нашчадкі жывуць тут і цяпер. Пасля гэтай бітвы Крутагор'е атрымала назву Койданава. Аднак летапісы, якія апавядаюць пра XIII стагоддзе, не згадваюць ніякага хана Койдана.

Згадка бітвы, згадка міфічных асоб і мноства супярэчнасцяў, даюць падставу меркаваць, што бітва пад Крутагор'ем — гэта хутчэй за ўсё міф, створаны ў XVI—XVII стагоддзях з мэтай праслаўлення  літоўскіх князёў.

Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая 

Назва "Койданава", з пункту гледжання тапанімікі, з'яўляецца прыналежным прыметнікам ад імя Койдан (якое належыць Койдану). Пасля смерці Тахтамыша ў 1406 годзе, многія яго прыбліжаныя атрымалі ад Вітаўта надзелы і засталіся жыць у Літве, кінуўшы свае землі ў Залатой Ардзе. Імя Койдан на рускую мову якраз перакладаецца як "які кінуў зямлю".

Упершыню паселішча пад назвай Койданава згадваецца каля 1439 года, калі тут быў заснаваны адзін з першых касцёлаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі; потым у 1445 годзе, у сувязі з перадачай Койданава разам з іншымі гарадамі вялікім князем літоўскім Казімірам IV Ягелончыкам свайму брату Міхаілу Жыгімонтавічу. 

У 1483 годзе паселішча перайшло да князя Васіля Міхайлавіча Вярэйскага (праўнука Дзмітрыя Данскога). Пасля смерці князя Васіля Вярэйскага з 1501 года ім валодала яго жонка Марыя. У выніку шлюбу яе дачкі з канцлерам ВКЛ Альбрэхтам Гаштольдам у 1522 годзе перайшло да Гаштольда. З гэтага часу ў дакументах паселішча часам называлі "Гаштольдава". 

У 1502 і 1503 гадах паселішча двойчы было спалена крымскімі татарамі.

У 1542 годзе ўладальнікам Койданава стаў польскі кароль Жыгімонт I Стары, які ў наступным годзе перадаў горад свайму сыну Жыгімонту II Аўгусту. 

Горад з'яўляўся цэнтрам Койданаўскага староства, пазней - графства. У 1550 годзе Жыгімонт II Аўгуст аддаў Койданава з замкам брату жонкі Барбары Мікалаю Радзівілу Рыжаму. Радзівілы валодалі Койданавым да 1831 года. 

З 1566 года Койданава — у складзе Мінскага ваяводства.

Койданаўскі кальвінскі храм і яго ўнутраны выгляд. Пачатак ХХ стг.

З другой паловы XVI стагоддзя Койданава - адзін з найбуйнейшых цэнтраў кальвінізму. Каля 1564 года быў пабудаваны драўляны кальвінскі храм (з 1613 г. — мураваны, да нашых дзён не захаваўся). Дзейнічала плябанія, школа, багадзельня. Паводле перапісу 1588 года — мястэчка, 120 дымоў, замак, ратуша, кальвінскі храм, касцёл, рынак, 2 карчмы, 4 вадзяныя млыны, фальварачныя гаспадарчыя пабудовы, вуліцы: Рынкавая, Рубяжэвіцкая, Слуцкая, Віленская, Мінская, Станькаўская, Плябанская.

Койданаўскі замак з кальвінскім зборам на Гаштольдавай гары. Пачатак ХХ стг.


Польскі кароль Жыгімонт III Ваза даў жыхарам Койданава права праводзіць два вялікія кірмашы ў год: на Стрэчанне і Тройцу, і штотыднёвы базар. Пазней кірмашы сталі дзейнічаць і на Юр'я, і на Пакровы. 

У 1620 годзе цэнтрам Койданава была рыначная плошча, якая з чатырох бакоў была забудавана дамамі рамеснікаў і гандляроў. Тут размяшчаліся 5 крамаў, карчма, 23 мяшчанскія двары. 

У мястэчку налічвалася 110 двароў. Падчас руска-польскай вайны 1654-1667 гадоў мястэчка некалькі разоў было спалена, асабліва моцна яно пацярпела ў 1655 годзе. У 1791 годзе налічвалася 134 дымы.

Фрагмент Койданаўскага замка. Малюнак ХІХ стг.


Плябанская вуліца, касцёл і царква. Малюнак Н. Орды, 1876 год.


Расійская імперыя

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе, Мінскае ваяводства разам з іншымі беларускімі правінцыямі былі далучаныя да Расійскай імперыі. Койданава стала цэнтрам аднайменнай воласці Мінскага павета. У 1796 годзе тут налічвалася 709 двароў, 14 вінакурань, 10 млыноў, маслабоен і іншай інфраструктуры. У гэты ж час Койданава атрымала ўласны герб — выява галінак дуба і алівы.

Койданаўская бітва 1812 года

Улетку 1812 года ў Расійскую імперыю ўварвалася напалеонаўская армія. Праходзячы па беларускіх землях, 600-тысячная варожая армія спальвала гарады і вёскі, спусташала палі, рабавала і забівала жыхароў. Неўзабаве французы занялі Койданава, арганізавалі ў ім падпрэфектуру і пачалі наладжваць тыл. Праз мястэчка пралягаў так званы французскі этапны шлях. У Койданава быў арганізаваны вялікі харчовы склад.

15 лістапада 1812 года каля мястэчка, на дарозе Нясвіж—Мінск, адбылася бітва паміж рускім корпусам К. В. Ламберта і французска-польскім атрадам Касецкага. Ламберт 11 лістапада накіраваў атрад палкоўніка Кнорынга да Нясвіжа, а сам з галоўнымі сіламі 13 лістапада выбіў часткі генерала Касецкага з Новага Свержаня. Гэта стала нечаканасцю для французаў. Наступ рускіх войскаў было такім імклівым, што французы не паспелі знішчыць мост праз раку Неман. 

Касецкі адступіў да Койданава, дзе 15 лістапада адбылася галоўная бітва. Вораг страціў тут каля 3 тысяч салдат палоннымі, а за два дні (13 і 15 лістапада) больш за тысячу забітых. У выніку Койданаўскага бою быў адкрыты шлях 3-й Заходняй арміі Чычагова на Мінск і Барысаў.

Сярэдзіна XIX-пачатак XX стагоддзя

Пасля паўстання 1831 года горад перайшоў у дзяржаўнае ўладанне. 

У сярэдзіне XIX стагоддзя Койданава ўяўляла сабою невялікае мястэчка. У ім жылі рамеснікі і дробныя гандляры. Значная частка жыхароў займалася сельскай гаспадаркай. Рэформа 1861 года сялянам палёгку не прынесла, яны  заставаліся прыгнечаным саслоўем. У адказ на рабаўніцкую рэформу ў Беларусі пачаліся масавыя выступленні сялян. У 1866 годзе ў Койданава  было 234 двары, 1383 жыхары, а ў 1883 годзе пражывала ўжо каля 5 тысяч жыхароў.

У 1871 годзе праз Койданава прайшла чыгунка, рух па якой пачаўся 28 лістапада. Першы цягнік быў адпраўлены па маршруце Мінск-Брэст. Пабудаваны двухпавярховы вакзал. 


Чыгуначны вакзал у Койданаве. 1918 г.

У Койданаве ў паслярэформенныя гады з'явіліся вінаробна-дражджавы і лесапільны заводы, шчацінавая фабрыка, фабрыка па перапрацоўцы льну. У 1899 годзе пачала выпускаць вырабы запалкавая фабрыка "Дружына". З 1916 года працавала фабрыка сухіх вырабаў.

Вялікае развіццё атрымала садоўніцтва, якое ў 1870-я гады мела прамысловае значэнне. Койданаўскую садавіну вывозілі на продаж у Мінск і іншыя гарады.

У канцы XIX— пачатку XX стагоддзя ў Койданаве былі праваслаўная царква, Кальвінскі збор, касцёл, народнае і гарадское вучылішчы, сінагога, 2 яўрэйскія школы, багадзельня, больш за 30 крамаў, паравы млын, бровары, на год - 6 вялікіх кірмашоў.


Пакроўская царква ў Койданава. Пачатак ХХ стг.

Становішча рабочых на прадпрыемствах было цяжкім, рабочы дзень працягваўся 13-14 гадзін. Шырока ўжывалася праца жанчын, падлеткаў і дзяцей. Рабочыя не мірыліся з жорсткай эксплуатацыяй, палітычным бяспраўем. 

Прапаганду сацыял-дэмакратычных ідэй на Койданаўшчыне пачаў Н. Кітаевіч, які працаваў на лесапільным заводзе. У сацыял-дэмакратычны гурток увайшло да 10 чалавек. Яны займаліся распаўсюджваннем нелегальнай літаратуры.

У сакавіку 1900 года адбылася першая стачка рабочых Дзяржынска. Яе пачалі краўцы, якія патрабавалі павелічэння заработнай платы.

У ноч на 25 сакавіка 1901 года ў Дзяржынску адбыўся сход рабочых (прысутнічалі больш за 100 чалавек), на якім абмяркоўваліся пытанні аб прапагандзе сацыял-дэмакратычных ідэй, аб арганізацыі ў маі 1901 года антыўрадавай дэманстрацыі. У ноч на 26 сакавіка адбыўся другі сход рабочых (прысутнічалі каля 50 чалавек). Сходы праходзілі таемна ў паўразбураным Кальвінскім зборы.

Першая руская рэвалюцыя 1905-1907 гадоў узняла на барацьбу з царызмам шырокія народныя масы. Падзеі "Крывавай нядзелі" ў Пецярбургу даляцелі і да мястэчка Койданава. У адказ на расправу 24 лютага 1905 года забаставалі ўсе рабочыя запалкавай фабрыкі "Дружына" (200 чалавек). Супраць існуючых парадкаў выступалі і сяляне.

Рэвалюцыйны перыяд (1917 год)

Падзеі Лютаўскай рэвалюцыі дакаціліся да заходніх губерняў даволі хутка. У мястэчку Койданава першымі аб адрачэнні цара і пераходзе ўлады Часоваму ўраду даведаліся па сваіх каналах сувязі вайскоўцы. Пад уздзеяннем гэтых падзей пачаўся злом ранейшага царскага рэжыму. Але местачковае насельніцтва не спяшалася праяўляць актыўнасць, баючыся рэстаўрацыі манархіі. Каб не дапусціць безуладдзя і хваляванняў, у мястэчку быў створаны валасны выканаўчы камітэт. У сельскай мясцовасці ранейшыя вясковыя старасты засталіся на месцах.

3 сакавіка 1917 года ў Койданава прайшла першая рэвалюцыйная дэманстрацыя. 

У сярэдзіне сакавіка ў воінскіх падраздзяленнях прайшлі агульныя сходы, на якіх быў створаны Койданаўскі Савет салдацкіх і афіцэрскіх дэпутатаў. 

Вестка аб Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе дайшла да Койданава толькі ў сярэдзіне лістапада 1917 года. Пад уплывам гэтых падзей у мястэчку быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт. У канцы снежня 1917 года койданаўскі рэўком быў ператвораны ў Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Як вышэйшы орган гаспадарчага і адміністрацыйнага кіравання ў воласці, Савет узяў на ўлік памешчыцкія землі з мэтай іх размеркавання паміж беднымі пластамі сялянства. Рашуча спыняліся ўсе спробы марадзёрства, спекуляцыі і пагромаў, асабліва яўрэйскага насельніцтва. Была ўведзена бясплатная адукацыя і медыцынскае абслугоўванне. Але гэтыя пераўтварэнні перапыніла германская інтэрвенцыя, якая пачалася ў лютым 1918 года.


Койданаўскі кірмаш. 1917—1918 гг.


1920—1941 гг.

У лістападзе 1920 года ў "нейтральнай зоне" паміж Чырвонай і польскай Арміяй была створана Койданаўская незалежная (самастойная) рэспубліка ў выніку арганізаванага антыбальшавіцкага паўстання (кіраўнік Павел Калечыц). Яна праіснавала 4 дні.

Існаванне «нейтральнай зоны» скончылася 1 красавіка 1921 г., калі пагранічная камісія ўстанавіла дзяржаўную граніцу паміж Польшчай і Савецкай Беларуссю. Койданава стала цэнтрам пагранічнай воласці.

Пераход да мірнага будаўніцтва праходзіў у цяжкіх умовах. Прамысловыя прадпрыемствы былі разбураны і спалены. Спустошанай аказалася і сельская гаспадарка. Спатрэбіліся значныя намаганні, каб ліквідаваць наступствы дзвюх войнаў.

З 17 ліпеня 1924 года Койданава—цэнтр утворанага ў выніку рэарганізацыі раёна, які 15 сакавіка 1932 года рэарганізаваны ў Дзяржынскі Польскі нацыянальны раён.


Спаленае белапалякамі мястэчка Койданава.

У лютым 1930 года ў Койданава была арганізавана першая ў Рэспубліцы Койданаўская машынна-трактарная станцыя (МТС).

У красавіку 1932 года адбыўся VII надзвычайны з'езд Саветаў Койданаўскага нацыянальнага польскага раёна, які прыняў рашэнне аб перайменаванні раёна ў Дзяржынскі нацыянальны польскі раён (праіснаваў да 1937), а мястэчка Койданава – у г. Дзяржынск (у гонар старшыні ВЧК Ф. Э. Дзяржынскага).


Слуцкая вуліца ў Койданаве. 1925 г.


Народны дом у Дзяржынску, 1932 г.


Вялікая Айчынная вайна

З 28 чэрвеня 1941 года Дзяржынск і раён былі акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У хуткім часе на заводзе "Чырвоны штампоўшчык" быў створаны антыфашысцкі камітэт "Смерць фашызму", які аб'яднаў падпольныя арганізацыі ў барацьбе з акупантамі. Галоўныя баі, якія ажыццяўляліся на тэрыторыі раёна - Александроўскі, Бакінаўскі, Комалаўскі, Станькаўскі.

У гады нямецка-фашысцкай акупацыі пяць вёсак раёна падзялілі лёс Хатыні — Скірмантава, Глухое Пярхурава, Любажанка, Садкаўшчына і Літавец. З іх былі адноўлены толькі 2.

Дзяржынскі раён і горад Дзяржынск былі вызвалены ад фашыстаў 7 ліпеня 1944 года войскамі 290 стралковай дывізіі 2-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерал-маёра І.Г. Гаспарана.

На франтах Вялікай Айчыннай вайны загінула 1847 ураджэнцаў Дзяржыншчыны. Усяго ж звыш 4 тысяч землякоў змагалася з ворагам у радах Чырвонай Арміі, партызанскіх атрадах і падполлі. За гады вайны ў раёне было знішчана больш за 17 тысяч чалавек.

Каля 3 тысяч воінаў і партызан, ураджэнцаў Дзяржыншчыны, узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі. Аляксандр Бурак, Міхаіл Гармоза, Антон Гурын, Марат Казей, Іван Леановіч, Яўген Фаміных, Мікалай Шарко ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза, а Іван Шмея стаў поўным кавалерам ордэна Славы.

Сучаснасць

Пасляваенны горад, яго планіровачная структура сфарміраваны ў адпаведнасці з генеральным планам, распрацаваным у 1948 годзе. Ім прадугледжвалася карэнным чынам змяніць аблічча горада. Менш чым за 15 гадоў былі здадзены ў эксплуатацыю 12 прамысловых прадпрыемстваў, адноўлены адміністрацыйныя будынкі, пабудаваныя Дом культуры, кінатэатр, пошта, радыёвузел, 2 школы, 40 двухпавярховых жылых дамоў,  стадыён, бальніца; праведзены вадаправод і каналізацыя.

Сучасны горад займае абодва берагі ракі Няцечка.  Мае статус горада-спадарожніка г. Мінска (2014 г.). Актыўна забудоўваецца. З’явіліся новыя жылыя мікрараёны “Радужный”,  “Родники” і інш.

Найбуйнейшымі прадпрыемствамі горада сталі: ААТ «ДЭМЗ», ААТ «Дарбудіндустрыя», ААТ «Дзяржынска швейная фабрыка «Эліз», ТАА «Салея» ПУП «МАВ», ТАА «Інтэка-майстар», СТАА «Араматык»  і інш.

З найважнейшых культурных славутасцяў вартыя згадкі помнікі архітэктуры - касцёл Св. Ганны (2-я палова XVIII стагоддзя), Свята-Пакроўская царква (ўзведзена ў 1851); помнікі ў гонар вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, Алея памяці Герояў Савецкага Саюза і Герояў Сацыялістычнай Працы, а таксама археалагічны помнік – Гаштольдава гара (Кальвіншчына).

У горадзе дзейнічаюць Дзяржынская цэнтральная раённая бібліятэка,  гісторыка-краязнаўчы музей, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў,  абласны аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй, Школа мастацтваў.

Галоўнае гарадское свята - Дзень горада.

Галоўнае гарадское свята праходзіць у Дзяржынску 3 ліпеня — у дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у дзень вызвалення Беларускі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

ГУ “Дзяржынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” заўсёды прымае самы дзейсны ўдзел у гарадскіх святах. Яна прапануе гараджанамі і гасцям разнастайныя інвенты — яркія, запамінальныя мерапрыемствы, якія прыцягваюць увагу наведвальнікаў — ад кніжнага дэфіле  і літаратурнага прывалу да бібліяперформанса  і бэбі-арт-пляцоўкі.

На бібліятэчнай пляцоўцы заўсёды цікава. Тут разгорнуты шырокамаштабныя кніжна-ілюстратыўныя выставы-панарамы і інтэрактыўныя зоны; адбываюцца выступленні мясцовых паэтаў; праводзяцца квест-гульні, віктарыны; падводзяцца вынікі конкурса чытальнікаў і дзіцячых малюнкаў.  А маленькія дзяржынцы з задавальненнем наведваюць бэбі-арт-пляцоўку, дзе іх чакаюць  цікавыя кніжкі і займальныя гульні.


Бібліятэчная выстава як сродак раскрыцця краязнаўчага фонду.

Выставачная дейнасць бібліятэк з’яўляецца адным з актуальных накірункаў бібліятэчнай работы. Бібліятэчная выстава краязнаўчага характару  выступае адным з асноўных сродкаў давядзення краязнаўчых ведаў да  насельніцтва і  краязнаўчай літаратуры  як носьбіта гэтых ведаў.

Сёння ў бібліятэк ёсць магчымасць паказаць кнігу дастойна. Выстава  - гэта заўсёды творчасць  і магчымасць аб’яднаць бібліятэкара, кнігу і чытача. Сучасная выставачная дзейнасць уключае ў сябе не толькі афармленне выставы, а яе праектаванне, арганізацыю, стварэнне. Гэта – творчы працаёмкі працэс.

Бібліятэчныя выставы краязнаўчай тэматыкі займаюць значнае месца ў практыцы работы бібліятэкі. Прапануем некалькі варыянтаў выстаў краязнаўчага характару, як традыцыйных, так і ў інавацыйным фармаце.

выстава-адкрыццё “Свет малой радзімы”;

выстава аднаго аўтара “На далонях лёсу” (выстава твораў члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Рэгіны Рэўтовіч); 

выстава адной кнігі (выстава-інсталяцыя) “Солдаты Победы”  (абавязкова наяўнасць ваеннай атрыбутыкі); 

выстава-аповед “Аб людзях і справах іх слаўных”

выстава-вернісаж “Роднай зямлі талент і натхненне” (выстава карцін мясцовых мастакоў); 

выстава-віктарына, квіз-book “Ад А да Я Дзяржыншчына мая” (пытанні віктарыны (квіза) афомлены пісьмова і знаходзяцца ў кнізе. Правільна адказваючы на пытанні, чытач паступова, ад кнігі да кнігі, праходзіць увесь квіз);

выстава-віншаванне “З днём нараджэння, Дзяржынск!”

выстава віртуальная “Мінулае і сучаснае нашага горада”;

выстава-галерэя “Таленты роднага краю”;

выстава-дыялог “Падарожжа па вуліцах роднага горада” (своеасаблівы дыялог паміж бібліятэкарам і чытачом. Чытач апускае ў скрынку пытанне, бібліятэкар размяшчае адказ на выставе, суправаджаючы яго краязнаўчымі матэрыяламі);

выстава-дэманстрацыя творчых работ землякоў “Ставараем самі прыгажосць”;

выстава-захапленне “Мой родны край, ні ў чым ты непаўторны!”, “Ты вечна малады, мой горад”;

выстава-знаёмства “Літаратурны партрэт Дзяржыншчыны”;

выстава-інфармацыя “Дзяржынск у лічбах і фактах”;

выстава-каляндар “Памятныя даты Дзяржыншчыны”;

выства-крыжаванка (чайнворд) “Візітная картка горада”; “Літаратурнае сузор’е Дзяржыншчыны” (прадугледжвае  абавязковую наяўнасць крыжаванкі (чайнворда) па тэме);

выстава-настрой “Горад, дзе квітнеюць каштаны”, “Вобразы мілыя роднага краю” (абавязкова музычнае суправаджэнне, кнігі аб горадзе, фотаздымкі краявідаў, творы мясцовых паэтаў, цытаты, стыкеры і інш.);

выстава-падарожжа  “Па вуліцах роднага горада”, “Па Крутагорскаму кальцу”, “Па ваколіцах Койданава” (афармяецца ў выглядзе экскурсіі па роднаму краю, суправаджаецца  рознабаковыі ілюстратыўным матэрыялам);

выстава-памяць “Памятаць, каб жыць”;

выстава-парада “Адкрый для сябе паэта” (знаёмства з творчасцю дзяржынскіх паэтаў), “Прыходзь у бібліятэку” Будзе цікава!”  (аб бібліятэцы і яе аматарскіх аб’яднаннях”);

выстава-партрэт, выстава-персаналія “Жывуць са мною побач землякі”, “Людзі майго краю” (выстава прысвечана  вядомым людзям краю, працаўнікам прадпрыемства, альбо асобным персаналіям);

выстава-пошук, выстава-экспедыцыя “Мае землякі на дарогах вайны”  (мяркуе папярэдні краязнаўчы пошук  з афарменнем матэрыялаў);

выстава-праблема “Што мы пакінем нашчадкам? Экалагічныя праблемы Дзяржыншчыны”;

выстава-прэзентацыя “Знаёмцеся, новае выданне!”, “Ганаровыя грамадзяне Дзяржыншчыны”, “Іх імёны праславілі навуку” (прэзентацыя дакументальных краязнаўчых рэсурсаў), “Мой горад—часцінка маёй Беларусі”;

выстава-роздум “Погляд на горад, у якім мы жывём”;

выстава-рэквіем “Раздзяліўшыя лёс Хатыні”;

выстава-рэпартаж “Сёння—дзень бібліятэк!”;

выстава-свята, выстава-юбілей “Дзяржынск святкуе юбілей”, “Крутагор’е. Койданава. Дзяржынск. 875 гістарычных гадоў”;

выстава-тайна “Па слядах гістарычных загадак”;

выстава-фотаконкурс, фотавыстава “По родным краі з фотаапаратам”,  “Рознакаляровая палітра роднай прыроды”,  “Наш горад учора, сёння, заўтра”, “Дзяржынск: горад і яго людзі”;

выстава-хроніка “Дзяржынску - 875”, “Дзяржынск: дзень мінулы, дзень сённяшні”;

выстава-экспазіцыя “Мой горад—мой лёс”;

экспрэс-выстава (пазапланавая аператыўная выстава, звязаная са з’яўленнем  актуальнай тэмы, кнігі, публікацыі і г.д.)  “ТОП -10 падзей 20__ года”, “Зрабі свой выбар”  (“Насустрач выбарам”),  “Дзень здароўя ў Дзяржынску”.


Традыцыйныя і інвацыйныя формы мерапрыемстваў краязнаўчай тэматыкі.

У распаўсюджванні краязнаўчых ведаў адно з цэнтральных месцаў  займае арганізацыя і правядзенне разнастайных  масавых мерапрыемстваў. Іх у дастатковай колькасці вызвала да жыцця шматгадовая практыка работы бібліятэк. Шэраг з іх спецыяльна  прызначаны для знаёмства з краем і літаратурай аб ім. Гэта і Дні краязнаўцы, і святы-рэстаўрацыі гістарычных падзей, народных традыцый і абрадаў. Гэта і сустрэчы са знакамітымі землякамі, і цыклы  мерапрыемстваў, прысвечаных вядомым людзям краю, яго культурным традыцыям, прыродзе і г.д.

Поруч з традцыйнымі формамі ў бібліятэках шырока развіваюцца і інавацыйныя, бо сёння гэта неабходны элемент развіцця бібліятэкі як сацыяльна значымай і прывабнай для чытача. Мы прапануем вам некаторыя формы  правядзення, а таксама назвы краязнаўчых мерапрыемстваў, якія могуць быць выкарыстаны ў рабоце. Формы мерапрыемстваў прыведзены ў алфавітным парадку, для словазлучэнняў прыняты інверсійны парадак (напрыклад, салон літаратурны).

агеньчык літаратурны  “Пад парасончыкам дабрыні”;

альманах краязнаўчы “Зямля, дзе пачаўся твой лёс”;

арт-салон, арт-сустрэча “Цуды народнага мастацтва”;

аўкцыён ведаў “Спадчына майго краю”;

бенефіс пісьменніка, паэта, мастака  “Дар, што дадзены лёсам”;

бенефіс чытача “Мая радзіма там, дзе мая бібліятэка”;

бібліядартс “Ад А да Я  Дзяржыншчына мая”;

бібліяквіз “З чаго пачынаецца Радзіма”;

бібліяпанарама краязнаўчая “На радзіму ўсё роўна прыводзяць шляхі…”;

бібліяпікнік “Дарагія сэрцу куточкі прыроды”;

бібліятаксі “Любімыя мясціны роднага горада” (бібліятэкар запрашае ў падарожжа па вуліцах горада і яго знакавых месцах на віртуальным таксі. Падарожжа суправаджаецца яркай прэзентацыяй; на кожнай яго астаноўцы “пасажыры” даведваюцца пра што-небудзь новае аб родным горадзе);

бліц-турнір “Я ў гэтым горадзе жыву, я гэты горад ведаю”;

брэйн-рынг  “Дзяржынск старажытны і заўсёды малады”;

вечар-адкрыццё  “Дзяржынск:  старажытны і сучасны”;

вечар гістарычны “Ажываюць сівыя стагоддзі”, “Дзяржынск: погляд скрозь вякі”;

вечар  краязнаўчы  “Дзяржыншчына! Прайшла ты праз вякі…”;

вечар літаратурна-музычны “Слаўлю ў песнях цябе, родны горад!”;

вечар-падарожжа,  вечар-падарожжа ў гісторыю роднага краю “Па вуліцах роднага горада”, “Мой родны край—мая гісторыя жывая”;

вечар пазнання Айчыны “Дзяржынск: асобы, падзеі, факты”;

вечар-памяць “Застаўся след ад той вайны…”, “У памяці назаўсёды”, “Каб жылі ў памяці героі-землякі”;

вечар-партрэт “Слаўна зямля землякамі”;  “Залатыя зоркі Дзяржыншчыны”;

вечар паэзіі “На літаратурным небасхіле Дзяржыншчыны”, “Гімн гораду роднаму пяю…”;

вечар-рэпартаж “Хроніка нараджэння горада”, “Дзяржынск: ад сівой даўніны да нашых часоў”;

вечар-сустрэча  “Працаю праславілі наш край”;

вечар  успамінаў  “Дзеці і вайна”, “Ішлі ў бой партызаны”;

вечар фальклорны “Так жылі нашы продкі”, “На Купалее сонца рана ўстала…”, “На Каляды да бабулі”;

відэагалерэя “Людзі, якія праславілі наш край”; “Малая радзіма ў творах мастакоў”;

відэасалон “Гісторыя краю (горада) ў асобах”;

відэаэкскурс  “Усяму пачатак—родны край”;

візітоўка краязнаўчая “Аб той зямлі, дзе нарадзіўся”;

віп-гід “У падарожжа па роднаму краю адпраўляюся…” (кожны ўдзельнік гэтай гульні спрабуе сябе ў якасці экскурсавода; распрацоўвае свой уласны экскурсійны маршрут  для віп-персоны. Маршруты можна аформіць у выглядзе буклета, слайд– або відэапрэзентацыі);

гадзіна геральдыкі, сімволікі “Што можа герб нам расказаць...”;

гадзіна гістарычная “Дзяржынск: крокі гісторыі і сучаснасць”;

гадзіна літаратурная “Пісьменнікі горада—дзецям”;

гадзіна мультымедыйная “Горад буйным планам”;

гадзіна пазнавальная, цікавых паведамленняў “Адкуль у горада імя?”;

гадзіна памяці і мужнасці “Франтавыя подзвігі нашых землякоў”;

гадзіна паэзіі “Паэтычныя адкрыцці Дзяржынска”;

гадзіна салдацкага подзвігу “Вазьмі сабе героя ў прыклад”;

гід літаратурны “Прагулкі па літаратурнаму Дзяржынску”;

гульня інтэлектуальная “Крутагор’е. Койданава. Дзяржынск”;

гульня-фантазія “Горад будучага—Дзяржынск”;

гурман-вечар аматараў паэзіі “Квітнее ў вершах родны край”;

гутарка-дайвінг краязнаўчая “Тут мае продкі, мае вытокі”;

дзень літаратурнага краязнаўства “Паэзія роднага краю гучыць у душы зноў і зноў…”;

дыліжанс літаратурна-краязнаўчы “Тут радзімы маёй пачатак”, “Вуліцы расказваюць…”;

заакалекцыя “Госці з нашага лесу”;

калейдаскоп краязнаўчы  “Дзяржынск літаратурны”;

караван гісторый  “Людзі і лёсы роднага горада”;

караоке літаратурнае “Малая радзіма ў вершах і песнях” (своесаблівы конкурс чытальнікаў вершаў мясцовых паэтаў пад музычнае суправаджэнне, якое падбіраецца да рытму, і нават настрою верша);

квест-гульня  “Роднаму краю прысвячаецца”;

конкурс інтэлектуальна-творчы “Гісторыя майго горада ў асобах і падзеях”;

круіз літаратурна-гістарычны “Бацькаўшчына светлая мая”;

лабірынт краязнаўчы “Дзяржыншчына: мінулае і сучаснае”;

мазаіка краязнаўчая “Пра свет і дом, дзе мы жывём”;

мікс літаратурна-паэтычны “Калі б я быў паэтам...”;

падарожжа краязнаўчае  “Праваслаўныя святыні Дзяржыншчыны”;

пасядзелкі краязнаўчыя “Так жылі нашы продкі”;

праграма забаўляльная  “Краязнаўчая скарбонка”;

праграма конкурсная “Крыніцы памяці жывой”;

праграма пазнавальная “Твая радаслоўная”;

рандэву краязнаўчае  “Землякі на карце горада”;

рэвю літаратурна-гістарычнае “Імя ў летапісе краю”;

рэтра-падарожжа “А калісьці жылі так…”, “Старажылы ўспамінаюць”

салон літаратурна-музычны “Фарбы і гукі роднай прыроды”;

сафары-тур бібліятэчны “Паляўнічыя за інфармацыяй”;

серпантын краязнаўчы  “Гімн роднай зямлі”;

спрынт-конкурс, бліц-конкурс “Горад, дзе жыве мая душа” (можа быць часткай мерапремства);

ток-шоу “Асобы і стагоддзі: знакамітыя людзі Дзяржыншчыны”, “Дзень добры, землякі!”;

урок мужнасці “Подзвігі юных”;

урок-падарожжа  “Падарожжа па роднаму краю”;

урок-рэквіем “Баліць у сэрцы Афганістан”;

экскурсія віртуальная “Гісторыя краю ў помніках”, “Літаратурныя прагулкі па гораду”;

экспедыцыя  гісторыка-літаратурная “Маршрутамі народнай славы”;

экспрэс-агляд “Кніга рэкордаў Дзяржыншчыны”;

эрудыт-віктарына  “У кожнага свой горад на зямлі”;


ДАДАТАК 1. 

ДЗЯРЖЫНШЧЫНА: МІНУЛАЕ І СУЧАСНАЕ

Краязнаўчы лабірынт

Краязнаўчы лабірынт праводзіцца у гульнёвай форме. Удзельнічаюць дзве каманды. Гульцы адказваюць на пытанні  заданняў, якія сфарміраваны ў 5 блокаў: «Гісторыя», «Геаграфія», «Экалогія», «Вялікая Айчынная вайна», «Любімы куточак» .  За правільны адказ налічаецца 1 бал.

БЛОК 1. ГІСТОРЫЯ

Гульцам неабходна адказаць на пытанні “праўда” ці “не”. Кожнай камандзе даецца па 5 пытанняў, за правільны адказ—1 бал.

Каманда 1.

1. Ці праўда, што першае ўпамінанне аб Дзяржынску адносіцца да сярэдзіны ХІІІ стг.?  (не, да  сярэдзіны ХІІ стг.)

 2. Ці праўда, што касцёл Святой Ганны, дата пабудовы якога адносіцца да 1453 года, раней называўся касцёл Божай Апекі? (так)

3. Ці праўда, што ў 1793 годзе  пасля ІІ раздзелу Рэчы Паспалітай Койданава ўвайшло  ў склад Расійскай Імперыі і стала цэнтрам воласці ў Мінскім уездзе?  (так)

4. Ці праўда, што арганізаваны на Дзяржыншчыне  нацыянальны польскі раён быў адзіным у БССР?  (так, праіснаваў з 1932 па 1937 год)

5. Ці праўда, што  ў студзені 1943 года на тэрыторыі Дзяржынскага раёна была праведзена  карная экспедыцыя “Герман”? (не, аперацыя называлася “Якаб”)

Каманда 2.

1. Ці праўда, што на тэрыторыі сучаснага Дзяржынскага раёна чалавек пасяліўся ў эпоху мезазоя— 9-5 тысячагоддзе да н.э.?  (так)

 2. Ці праўда, што з 1550 года ўладальнікам Койданава быў гетман ВКЛ Януш Радзівіл? (не, ім быў Мікалай Радзівіл Рыжы).

3. Ці праўда, што ў красавіку 1930 года  ў Койданаве была створана першая ў БССР машынна-трактарная станцыя (МТС)?  (не, яна была створана ў лютым 1930 г.)

4.Ці праўда, што Койданаўская  самастойная рэспубліка, створаная ў 1920 годзе, праіснавала ўсяго 4 дні? (так)

5. Ці праўда, што да 3 ліпеня 1944 г. Дзяржынскі раён знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй? (не, да 7 ліпеня 1044 г.).

БЛОК ІІ. ГЕАГРАФІЯ

Камандам неабходна адказаць на 3 пытанні і на карце  Дзяржынскага раёна  адзначыць месцы (правільныя адказы). Час адказаў на пытанні—30 секунд.

Каманда 1.

1. Побач з якой вёскай знаходзіцца  самая высокая кропка Беларусі—гара Дзяржынская? (Скірмантава)

2. Дзе нарадзіўся літаратар Станіслаў Пятровіч Шушкевіч? (Бакінава)

3. Дзе знаходзіцца  капліца-усыпальня паноў Дыбоўскіх? (Баравое)

Каманда 2.

1. У якім населенным пункце размяшчаецца сядзіба Ваньковічаў—помнік архітэктуры ХІХ стг.? (Волма)

2. Дзе знаходзіцца месца пахавання вядомага беларускага пісьменніка, мастака, скульптара, грамадскага дзеяча Каруся Каганца?  (Вялікія Навасёлкі)

3. Дзе на тэрыторыі Дзяржынскага раёна знаходзіцца сядзіба роду Чапскіх? (Станькава)

БЛОК ІІІ. ЭКАЛОГІЯ

Камандам неабходна па апісанню пазнаць месца. За кожны правільны адказ—1 бал.

Каманда 1. 

1. Гэта крыніца знаходзіцца на адлегласці 14 км ад Дзяржынска. Першае ўпамінанне аб ёй сустракаецца ў Каруся Каганца. У народзе лічаць, што вада  ў крыніцы святая і цалебная. (Юцкоўскія крыніцы)

2. Калекцыя гэтага батанічнага сада налічвае 1125 відаў, форм, гібрыдаў і сартоў раслін. Тут знаходзіцца музей прыроды, дзе можна пабачыць птушак і жывёл, якія насяляюць дадзены арэал і наогул Беларусь, а таксама цікавыя прыродныя аб’кты. (Негарэльскі вучэбна-доследны лясгас)

Каманда 2.

1. Да 1930-х гадоў на гэтым месцы была царква. Святар быў арыштаваны, царква зруйнавана і засыпана пяском. Прыкладна цераз год на гэтым месца прабілася крыніца. Вада ў ёй заўсёды +6,50 С. Сёння сюды прыязджаюць  паломнікі не толькі з усёй Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы. (Святая Вітавецкая крыніца).

2. Гэты  заасад насяляюць больш 40 відаў птушак і жывёл—фазаны, павы, страусы, зубры, лісы, яноты, тыгры, рысі, мядзведзі, ламы, муфлоны і інш.  Жывуць яны ў асобных прасторных вальерах і рознакаляровых хатках. Па перыметру заасада пракладзены  пешаходны маршрут, і любы жадаючы можа пабачыць і пазнаёміцца з павадкамі  насельнікаў заасада (заасад у цэнтры экатурызму “Станькава”).

БЛОК ІV. ВЯЛІКАЯ АЙЧЫННАЯ ВАЙНА

Камандам неабходна сабраць пазл на тэму Вялікай айчыннай вайны. Пераможца даецца 1 бал. 

БЛОК V. ЛЮБЫ СЭРЦУ КУТОЧАК

Камандам неабходна  расказаць (зрабіць рэкламу) адной з мясцін у рэгіёне.

Краязнаўчы лабірынт падрыхтавалі спецыялісты аддзела бібліятэчнага маркетынга

ГУ “Дзяржынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” М.Кудлач і М. Конкіна


 Метадычныя рэкамендацыі падрыхтавала:

загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынга

Жанна Пятроўна Высоцкая.

Анонсы

Октябрь
«Мама! Мамачка! Матуля!»: гадзіна дабрыні, пяшчоты, ласкі
Начало в 09:30

Октябрь
«По тропинкам и полянкам с Виталием Бианки»: литературный круиз в студии развивающего чтения «Я читаю! Я расту!»
Начало в 11:00

Октябрь
«Пампон не толькі ўпрыгожванне, але і цацка»: бюро творчых знаходак в клубе нескучных идей «Делай, как Я!»
Начало в 15:00
Последние новости

Октябрь
10:09

Октябрь
10:30

Октябрь
10:14