Бібліятэкі Дзяржыншчыны прымаюць удзел у рэспубліканскай акцыі, прысвечанай Дню нараджэння класіка беларускай літаратуры – Янкі Купалы.
У аддзеле абслугоўвання і інфармацыі чытачам была прапанавана выстава-віктарына “Запрашаем да Купалы”, дзе яны з задавальненнем знаёміліся з цікавымі фактамі з жыцця і творчасці класіка нацыянальнай літаратуры. Жадаючыя прадэкламаваць яго вершы, прынялі ўдзел у гадзіне паэтычнага настрою “Нас творчасць класікаў натхняе”, сярод якіх былі і ўдзельнікі народнага літаратурнага клуба “Выток”.
Да дня нараджэння беларускага класіка аддзел абслугоўвання дзіцячага чытача падрыхтаваў выставу- -прапанову “Незабыўнае слова Купалы”, дзе прадстаўлена творчая спадчына першага народнага паэта Беларусі, наш нацыянальны скарб як неад’емная частка народнай культуры. На працягу дня чытачы удзельнічалі ў літаратурных гонках “Чытаем без перапынку”, зачытваючы яго лепшыя творы.
Скірмантаўская сельская бібліятэка запрасіла чытачоў на гутарку-прызнанне “На кожнай сцяжынцы яго песні і голас”. Тэмай сустрэчы стаў дзень нараджэння беларускага песняра Янкі Купалы. Спачатку бібліятэкар Нэла Сяргееўна Янкоўская пазнаёміла прысутных з біяграфічнымі звесткамі і творчым шляхам Я.Купалы, удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць пачуць музычныя творы, напісанныя на вершы Я.Купалы: “Спадчына”, “Малітва”, “Явар і каліна”, “Дзве таполі”, “Бабулька”, а таксама пачуць першыя вершы паэта. Прысутныя, у сваю чаргу, пранікнённа чыталі яго вершы. Для больш поўнага ўяўлення была аформлена ілюстратыўная выстаўка “Жывапісная купаліяна”.
Імкліва бягуць гады.. Але колькі б часу не прайшло, заўсёды будзе жыць у памяці народа Янка Купала – выдатны пясняр, без якога немагчыма ўявіць беларускую літаратуру.
«Знакамітыя дзяржынцы сцежкамі Купалы» - пад такой назвай прайшло краязнаўчае падарожжа ў Негарэльскай сельскай бібліятэцы. Янку Купалу прысвяцілі свае творы і нашы землякі: паэты, мастакі, акцёры, літаратуразнаўцы. Прысутныя пазнаёміліся з творамі Станіслава Пятровіча Шушкевіча “Янка Купала”, “У Ляўках”, “У Ляўках, ля помніка Янку Купалу”, “Ляўкоўскія дзяўчата” і “Вязынка”. З творамі Віталя Вольскага “Янка Купала ў дні Вялікай Айчынай вайны”.
З вобразам класіка ў мастацтве дзеці даведаліся праз серыю акварэлей Савіча У.П. паводле твораў Янкі Купалы: “Голас Купалы”, “Памёр пясняр”.
Жывапісец Кроль А.І. стварыў цыкл пейзажаў Вязынкі: “Хата, дзе нарадзіўся Янка купала”, “Восень”, “Сосны” і карціну “Сустрэча Янкі Купалы з Цёткай у Пецярбургу”.
У Валмянскай інтэграванай сельскай бібліятэцы прайшла гульнёва-пазнавальная праграма “Лепшы знаўца творчасці Янкі Купалы”. Прысутныя пазнаёміліся з жыццём і творчасцю беларускага класіка, успомнілі яго творы, прысвечаныя дзецям, адказвалі на пытанні віктарыны, складалі прыказкі з яго твораў.