У чытальнай зале бібліятэкі 2 снежня адбылася творчая сустрэча навучэнцаў першага курса ДУА "Абласны аграрна-тэхнічны прафесіянальны ліцэй" з паэтам, удзельнікам народнага літаратурнага клуба "Выток" Антонам Анісовічам. Яна стала адпраўной кропкай сеткавай акцыі Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі "Усе мы разам ляцім да зор…", прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта Максіма Багдановіча.
У шчырым дыялогу з моладдзю аўтар закрануў тэмы любові да Радзімы, кахання і ўмення перадольваць жыццёвыя цяжкасці, адказаў на пытанні і звярнуў увагу на неабходнасць штодзённага чытання. А вось фірменныя "антосікі" навучэнцы не толькі слухалі, але і чыталі з яго кнігі "Дыялектыка жыцця". Дарэчы, сярод ліцэістаў таксама былі пачынаючыя паэты, якія ў хуткім часе далучацца да творчай працы народнага літаратурнага клуба "Выток" і заззяюць новымі зоркамі на літаратурным небасхіле Дзяржыншчыны.