У коле сяброў-паэтаў адзначылі сёлета Сусветны дзень паэзіі ўдзельнікі народнага літаратурнага клуба “Выток” Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. У Заслаўскай гарадской бібліятэцы літаратараў Дзяржынскага і Мінскага раёнаў аб’ядналі “Поэзии чарующие строки”.
Творчыя людзі ахвочы да ўражанняў, таму з задавальненнем завіталі на выставу мастацкіх работ Анастасіі Калейнікавай “Вітаем цябе, Вясна!”, а ўжо потым у чытальнай зале наталяліся паэтычным словам.
Сярод ганаровых гасцей мерапрыемства былі намеснік старшыні Мінскага райвыканкама Ірына Ціхонка, старшыня Заслаўскага гарвыканкама Святлана Карташова, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Быкава, член Міжнароднай акадэміі тэлебачання і радыё Тамара Вятская.
На гэтай літаратурнай сустрэчы “вытокаўцы” прадставілі творчасць свайго клуба цікава і эмацыянальна. Прыгажосцю родных краявідаў захаплялася ў сваіх вершах Ніна Дзюбайла. Напоўніць жыццё дабрынёй заклікала член Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Круглік. Году гістарычнай памяці прысвяціў свае радкі Антон Анісовіч. А пра бесклапотны свет дзяцінства Аляксей Баранаў расказваў не толькі вершаванымі радкамі, а і песнямі.
Кожны з прысутных унёс сваю мажорную ноту ў паэтычны-музыкальнае свята паэзіі. А яго пазітыўна-творчы настрой абавязкова ўвасобіцца ў наступных вершах літаратараў.