Нарадзіўся ў 1927 годзе. Да 1940 года Азаркевіч А.І. жыў ля чыгункі, у доміку пуцявога абходчыка на 805 км. Бацька Антона працаваў пуцявым абходчыкам. У кастрычніку 1940 года Антон разам з сям’ёй пераехаў на 801 км. у чыгуначную будку, дзе і застала яго вайна. Яго дом знаходзіўся ў трохвугольніку дарог: чыгуначнай, шасейнай Мінск-Коласава, шасейнай Коласава-Стоўбцы.
Да 1941 года ён скончыў 7 класаў Негарэльскай сярэдняй школы. 5 мая Антону споўнілася 14 гадоў. Звестку аб вайне падлетак і яго сям’я сустрэлі вельмі трывожна. Раніцай 23 чэрвеня Антон назіраў за нямецкімі бамбардзіроўшчыкамі, якія ляцелі бамбіць Мінск. Надвор’е стаяла яснае і ціхае і бомбы, якія рваліся ў Мінску, нягледзячы на 50-кіламетровую адлегласць, былі добра чутны. У наступныя дні нашы войскі адыходзілі на ўсход, у пыле дарог пад пякучым сонцам. Выступленне і зварот І.В.Сталіна да народа Антон Азаркевіч таксама чуў, яно было кароткім.
Антон дакладна не памятаў, у які дзень - ці ў трэці, ці ў чацвёрты пасля пачатку вайны, нямецкая авіяцыя зрабіла налёт на ст.Негарэлае і разбамбіла 2 эшалоны з боепрыпасамі, якія стаялі на станцыі. Некалькі часоў рваліся снарады і міны, палала Негарэлае.
Недзе 28 чэрвеня, раніцай, Негарэлае было акупіравана нямецка-фашысцкімі войскамі. Ехалі яны на машынах: чыстыя, прыбраныя, спявалі песні і пілі віно, адразу пачалі рабаваць магазіны.
Да таго часу яшчэ некаторыя групы нашых чырвонаармейцаў прабіраліся па тыле ворага на ўсход. Антон з сябрамі аказваў ім дапамогу харчаваннем і паказваў больш небяспечныя накірункі руху, расказваў ім, дзе стаялі немцы.
Прайшло ўжо больш нядзелі, як немцы акупіравалі тэрыторыю Негарэлага. Аднойчы раніцай завязаўся вялікі бой паміж нашымі войскамі, якія ішлі на ўсход па тыле ворага, і немцамі ў раёне вёсак Каменка, Паўлаўшчына, Бакінава, Новая Рудзіца і Паланевічы. Цягнуўся гэты бой увесь дзень. Стралялі пушкамі і мінамётамі. Немцы разгортвалі баявыя парадкі ля дарогі і вялі агонь па нашых войсках. На наступны дзень Антон з сябрамі адправіўся на месца боя ў в.Паўлаўшчына, Каменка і Бакінаўскі лес. Частка лесу была спалена, яны шукалі трупы нашых байцоў, каб іх пахаваць. Сваіх забітых немцы забралі.
У Дзяржынскім раёне, асабліва ў раёне весак Ліўе, Паланевічы, Новая Рудзіца і Бакінава па лясах заставалася зброя. Падлеткі займаліся зборам зброі і патронаў і хавалі іх па лясах. Антон верыў, што гэта зброя спатрэбіцца ў барацьбе з ворагам.
У першы дзень прыходу немцаў Антон са сваім сябрам Аляксандрам знайшлі ў жыце раненага нашага лейтэнанта і байца. На працягу дзвюх тыдняў яны лячылі і кармілі іх, але праз некаторы час мясцовы жыхар, наткнуўшыся на ваеных, калі касіў, выдаў іх немцам.
Па некаторых абставінах Антон амаль усю зіму 41-42-га гадоў пражыў у весцы Сакольшчына Уздзенскага раена. Там ён сустрэўся з цудоўнай сям’ёй Бокуцей. Асабліва блізкія зносіны і сяброўства Антон займеў з Бокуцем Барысам і яго сястрой, бо яны былі малодшымі у сям’і. Барыс быў годам старэйшы за Антона і ростам быў многа больш.
Седзячы доўгімі зімовымі вечарамі, яны гаварылі пра многае. У цэнтры гэтых размоў быў лёс Радзімы. Антон з Барысам былі вельмі шчырымі і адзін ад аднаго нічога не утойвалі.
Увесну 1942 года Антон Азаркевіч паехаў назад дадому,у Негарэлае.
Летам 1942 года, па прыездзе Антона ў Сакольшчыну, Бокуць Барыс асцярожна завёў размову аб зброі і аб тым, што зброю трэба і неабходна даставіць у Губінскі лес. Да таго часу ўжо дзейнічалі партызанскія атрады і Антон зразумеў, для каго гэта патрэбна. Радасці хлопца не было межаў. Усе гэтыя пытанні яны абмяркоўвалі ў сасняку побач з Сакольшчынай. Гэта было іх любімым месцам адпачынку, і ў памяці Антона назаўседы захаваўся гэты сасняк - вартаўнік іх сакрэтаў.
Паўстала пытанне, якім чынам дастаўляць зброю. Складанасць заключалася ў тым, што Антон жыў у трохкутніку ўсіх дарог (чыгуначнай, дзвюх шасейных і старога бальшака), якія вялі на Мінск. Акрамя таго, ўся яго зброя знаходзілася ў зваротным баку ад гэтых дарог. Было вырашана, што гэту зброю трэба перапраўляць праз шасэ Коласава - Мінск. Было вырашана, што для перапраўкі зброі патрэбна двайное днішча ў павозцы, куды яна будзе складвацца і перавозіцца на кані. Шлях, па якому трэба было ехаць, быў небяспечным.
Патрэбна было пераехаць чыгунку праз пераезд, які ахоўваўся немцамі. Далей дарога ішла прама да былой МТС Негарэлае. Дапамагаць пры ўкладцы зброі да Антона прыходзіў Барыс ці М.В.Бокуць. Пасля гэтага Антон садзіўся ў павозку і ехаў адзін.
Антону значна дапамагала і тое, што некаторых немцаў ён ведаў у твар і яны яго таксама. Акрамя таго, падлетак быў невысокага росту і не выклікаў недаверу фашыстаў.
Праехаўшы МТС, Антон адчуваў сябе ў адноснай бяспецы. Акрамя таго, у яго быў пісталет, з якога ён навучыўся добра страляць. Каля лесу яго заўседы сустракалі Барыс ці Марыя і ўжо адтуль яны разам ехалі да месца назначэння па дарозе Негарэлае-Узда. Так было перапраўлена каля 15 вінтовак, некалькі наганаў і шмат патронаў.
У чэрвені, пасля чарговай дастаўкі зброі, Антон паехаў з Барысам да яго дадому, дзе той увечары арганізаваў яму сустрэчу ў весцы Літвяны з кіраўніком падпольнай групы. Антон памятае, што яны зайшлі у невялікі дом, дзе знаходзіўся яшчэ нестары мужчына і маладая жанчына. Гэты мужчына падзякваў яго за зброю, распытаў як ён яе перавозіць і сказаў, каб Антон быў асцярожным і уважлівым, заданні выконваў толькі тыя, якія яму дае Барыс.
Антон Азаркевіч становіцца вачыма і вушамі народных мсціўцаў. Ён распаўсюджвае ў Негарэлым і навакольных вёсках лістоўкі, якія прызывалі народ да барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх паслугачамі, расказвалі аб палажэнні на франтах, збірае разведдадзеныя для партызан.
Небяспека падсцерагала юнага партызанскага сувязнога на кожным кроку, але Антону неяк удавалася пазбягаць засад, праследаванняў, аблаў.
Але ўвосень 1943 ў Дзяржынску ён усё ж трапіў у аблаву. Разам з іншымі юнакамі і дзяўчатамі Антона павезлі ў Мінск, пагрузілі ў вагоны-цялятнікі. Вечарам эшалон адправілі ў Германію. Непадалёк ад роднага Негарэлага яму ўдалося збегчы. Шлях Антона Азаркевіча ляжаў у партызанскі атрад імя Сталіна, які базіраваўся ў Налібоцкай пушчы.
Шаснаццацігадовага юнака залічылі ў разведвальную групу. Разам з сябрамі хадзіў у разведку, удзельнічаў у засадах, налётах на варожыя гарнізоны.
З лістапада 1943 па ліпень 1944 года партызанская брыгада імя Сталіна, дзе знаходзіўся Азаркевіч Антон вяла актыўныя дзеянні па знішчэнню немцаў. Анойчы днём была знішчана нямецкая машына і 11 немцаў у раёне в. Вішнеўка. Адбылося гэта імгненна, аднаго з немцаў узялі ў палон.
У лютым партызанамі былі узяты ў палон нямецкі афіцэр і тры дабраахвотнікі з рускіх.
У красавіку, калі было яшчэ холадна, з Налібоцкай пушчы ў Дзяржынскі раён выехалі па заданню камандзіра атрада імя Сталіна Шэпелеў і ад’ютант камандзіра брыгады лейтэнант Варанцоў. Групу, у якой знаходзіўся Антон к таму часу папоўнілі Валахановіч С.Н., Юрга, Валахановіч К., Буднік і Чэчэ А. Усе яны суправаджалі Шэпелева і Варанцова. У в. Ліўе яны ўзялі ў палон 2 добраахвотнікаў, прыехаўшых дадаму на Вялікдзень. З гэтымі палоннымі раніцай пайшлі ў в.Шабуневічы. Тут на іх напалі немцы. У дом, дзе знаходзіліся партызаны, было кінута дзве гранаты. Шэпелеў, Варанцоў, Валахановіч К. былі адразу паранены. Прыйшлося адступаць. Быў паранены Буднік Н. Калі Антон выходзіў з дому, убачыў двух немцаў з аўтаматамі. Ён адразу адвярнуўся за сцяну і адкрыў агонь. Немцы упалі і Антон змог выбегчы з хаты. Разам з параненымі таварышамі пачаў рухацца ў бок хлявоў. Немцы адкрылі па іх агонь. Мясцовасць была адкрытай і некаторыя таварышы зноў былі параненыя, а смяртэльна паранены лейтэнант Варанцоў яшчэ змог забіць нямецкага куляметчыка і тым самым аблегчыць адыход. Забітых таварышаў партызаны аставілі каля ручая.
У лагер яны дабраліся ўдала. Раненых змясцілі ў санчасць.
Дні праз два Антона з таварышамі накіравалі ў зводны атрад пад камандаваннем Філімонава. У атрадзе было чалавек 50 - 56. У в.Целяшэвічы хацелі запыніцца на адпачынак, але гэтага зрабіць не ўдалося. Разведка данесла, што ў в. Паланевічы немцы і паліцаі займаюцца рабаўніцтвам насельніцтва. Быў аб’яўлены тэрміновы збор. На вёску з трох бакоў наступала два ланцугі праціўнікаў.
Камандзір загадаў заняць абарону і без каманды не страляць. Байцы занялі абарону і, падпусціўшы немцаў метраў на 100, разам адкрылі агонь. Ланцуг адразу пахіснуўся і атрад па камандзе кінуўся ў атаку. Антону прыйшлося наступаць побач з камандзірам роты Някрасавым, Буднікам і Валахановічам. Партызанскім атрадам было захоплена некалькі палонных, у атрадзе меліся забітыя і параненыя.
Зрэдку Антон бываў у бацькоў. Толькі тут, абагрэты і накормлены, ён адпачываў без трывог, як у дзяцінстве, што здавалася цяпер яму далёкай і цудоўнай казкай. А потым зноў – суцэльная мгла, холад і сцюжа, кароткія партызанскія начлегі, падсцерагаючая небяспека.
Антон лічыў, што ў партызанскім атрадзе яму пашанцавала. Па-першае – ён трапіў у разведку, па-другое – яму далі каня. Гэта была мяжа яго мараў. Чысціў, даглядаў Гнядога, дзяліўся з ім апошнім акрайцам хлеба, а той, нібы ў удзячнасць, не раз выносіў юнака з бою, ратуючы ад немінуемай гібелі.
Вось які выпадак адбыўся з Антонам у 1943 годзе. Стаяў моцны мароз. Група разведчыкаў атрымала заданне выехаць у в. Лучыцы праверыць звесткі, якія былі атрыманы з Дзяржынска і тычыліся падрыхтоўкі гітлераўцамі карацельнай эспедыцыі. Да вёскі дабраліся нармальна, сабралі патрэбныя звесткі. на ноч разышліся па розных хатах. Гэта і была памылка разведчыкаў.
Антон паставіў каня ў хлеў да знаёмага каваля, а сам пайшоў да шаўца, каб прышыць бляху да збруі. Не паспеў шавец прыгатаваць дратву, як з вуліцы данесліся стрэлы. Антон выглянуў у акно і абмёр: фашысты і паліцаі беглі праз суседні двор. Хлапец выскачыў у двор, перамахнуў праз агароджу і ўбачыў, што ворагі гоняцца па лузе за двума разведчыкамі. Каб адцягнуць увагу немцаў, Антон выстраліў з пісталета некалькі разоў. У агульнай стральбе ён нават не пачуў уласных стрэлаў. Тым часма на лузе адбывалася драма – адзін за другім падалі пад кулямі яго таварышы. Як чарада гончых, раз’юшаных пагоняй за ахвярай, стоўпіліся фашысты над забітымі.
“Што з астатнімі? Трэба выбірацца адсюль, таму што ў атрадзе чакаюць звестак”, - вырашыў Антон. Ён, як быў, без шыняля, у перашытым нямецкім фрэнчы, так і выехаў на вуліцу. Злева ўбачыў групу карацеляў, справа – двух паліцаяў. Яны былі пешыя. Павярнуў направа. Гняды ідзе шагам, а ў Антона сэрца было гатова вырвацца з грудзей. Што зробяць ворагі? Паліцаі звярнулі ў нейкі двор. “Хочуць зняць мяне з каня са сховішча, - вырашыў хлопец. – Нічога ў іх не атрымаецца. Вынось, Гняды!”.
Антон дастаў з кабуры пісталет, рыхтуючыся абараняць сваё жыццё. Але мінуў двор, і – ні гуку! Вось і ваколіца. Тут ён пачуў за сабой конскі тупат. Азірнуўся і ўбачыў чалавека ў форме паліцая. Прыгатаваўся выстраліць, але пачуў знаёмы голас. Ды гэта ж Саша Чэчэ, сябра! Разведчыкі прышпорылі коней...
Ворагаў збіла з панталыку форма, яны прынялі разведчыкаў за сваіх. А калі разабраліся і адкрылі агонь, было позна.
Забітых, Сымона Быстрымовіча і Сямёна Рэбрына, партызаны пахавалі ў в. Целяшэвічы.
Яшчэ не аднаго сябра згубіць на дарогах вайны юны партызан з Негарэлага.
… Разведчыкі трапілі ў засаду. Хата, дзе яны прыпынілія, акружылі немцы. У акно ўляцела граната. Партызаны выскачылі ў сенцы, але там сутыкнуліся з варожымі аўтаматчыкамі. Упаў забіты сябар Антона. З вуліцы данеслася чарга з кулямёта. ”Няўжо палон?”, - пранеслася ў галаве Антона. Але з акна хаты паляцела граната, якая знішчыла варожы кулямёт. Гэта ад’ютант камандзіра выратаваў сяброў. Сам ён загінуў у палаючай хаце.
Партызаны адплацілі фашыстам за гібель разведчыкаў. Аб’яднаны атрад пад камандаваннем капітана Філімонава і камісара Хмялеўскага разграміў гарнізон ворага. У тым баі загінуў Гняды….
Яму ішоў васемнаццаты год, калі Дзяржыншчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але вайна для Антона Азаркевіча не скончылася. У складзе конна-знішчальнага батальёна юнак знішчаў рэшткі фашысцкіх недабіткаў і іх паслугачоў –паліцаяў на тэрыторыі Дзяржынскага раёна.
…У батальёне стала вядома, што група гітлераўцаў наведваецца на хутары. Мясцовыя жыхары расказвалі, што фашысты заходзяць у хаты і забіраюць ежу.
Марудзіць было нельга. Атрад байцоў адправіўся на пошукі. Антону з таварышамі даручылі агледзець жытнёвае поле.
Дзень быў ясны, сонечны. Хацелася жыць доўга-доўга. Без вайны. Дыхаць ва ўсю моц. Жыта паспявала. Ад яго веяла мірам і хлебам. Антон загледзеўся на каласкі, якія калыхаліся на лёгкім ветрыку. Схіліўся да каня і ласкава пагладзіў яго. А калі выпраміўся ў сядле – не паверыў сваім вачам. На яго быў накіраваны парабелум. Імгненне – і Антон палажыў каня на зямлю, схаваўшыся за ім. Выглянуў, убачыў галаву варожага салдата. Націснуў на на спускавы кручок аўтамата, але замест чаргі пачуў адзінокі стрэл. З жыта таксама стралялі. Сябры спяшаліся на дапамогу. Група фашыстаў была захоплена ў палон…
З 8 ліпеня па жнівень 1944 года Антон Азаркевіч быў байцом знішчальнага эскадрона, які базіраваўся ў г. Івянцы, побач з Налібоцкай пушчай.
Потым была служба ў Чырвонай Арміі. Вярнуўся ў роднае Негарэлае ў 1951 годзе і да пенсіі працаваў на чыгунцы.
Загадам № 23 ад 21 лютага 1975 года былы юны партызан коннай разведкі брыгады імя Сталіна Антон Азаркевіч быў залічаны ў батальён беларускіх арлянят.
Зараз Антон Ігнацьевіч Азаркевіч жыве ў Негарэлым з жонкай Марыяй Пятроўнай. У іх вялікая сям’я – трое дзяцей, 7 унукаў, праўнукі. У 1999 годзе адсвяткавалі залатое вяселле, у 2009 годзе – брыльянтавае.
Сёння Антон Ігнацьевіч – часты госць у школах і Негарэльскай сельскай бібліятэцы, актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця пасёлка Негарэлае. А не так даўно ў бібліятэцы адбылася сустрэча з ветэранам. І зноў Антона Ігнацьевіча павяла памяць па партызанскіх сцяжынках, плаўна льецца аповед пра баявых сяброў, іх подзвігі, дзе чуецца непрыхаваны гонар за юнакоў і дзяўчат грозных саракавых, якія разам з дарослымі здабылі Вялікую Перамогу.
Бібліяграфія:
Герасимов, В. Ты молодец, Антон!/В. Герасимов //Зорька.- 1977.- 6 мая.Голованова, Л. За чертой детства/ Л. Голованова //Зорька.- 1979.- 16 ноября.
Голованова, Л. За чертой детства/ Л. Голованова //Рядом с отцами/ Составитель А.Ф. Мазурова.- 2-е издание, переработанное и дополненное,- Минск, 1980.- С. 12-16.
Пражэнік, М. Успамінаючы партызанскія сцежкі/ Міхаіл Пражэнік//Сцяг Кастрычніка.- 1995.- 29 красавіка.
Сідорык, Т. З батальёну беларускіх арлянят /Т. Сідорык//Сцяг Кастрычніка.- 2010.- 8 мая.
Лейченко, А. Антон Азаркевич: Я помню, как началась война / Анастасия Лейченко // Узвышша. - 2021. — 7 мая. — С. 5.