Мне было 12 гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Я памятаю як 22 чэрвеня 1941 года мы, дзеці, гулялі ў хованкі. Бацька дастаў навушнікі і стаў слухаць радые. У навушніках пішчала, трашчала, яму не ўдавалася разабраць, пра што ідзе гаворка. Ен пагразіў нам пальцам, раптам яго твар неяк выцягнуўся, зрабіўся сур’ёзным. Мы прыціхлі. Ён выключыў навушнікі, падышоў да маці і сказаў:” Вайна з немцамі.” Мы не разумелі гэтага выразу, але на тварах бацькоў убачылі разгубленасць, страх, і нам таксама стала страшна.
27 чэрвеня немцы з’явіліся ў Новай Рудзіцы. Яны ехалі на матацыклах па тры чалавекі і пыталі дарогу на Дзягільна. Нікога пакуль не чапалі, рухаліся з Паланевіч. У наступныя дні пайшлі аўтамабілі, танкі. Нашы войскі адступалі разам з бежанцамі з-пад Рубяжэвіч па бальшаку. Усе рухаліся на Усход. Разрозненыя групы нашых салдат адступалі, хаваючыся ў Негарэльскім, Паланевічскім і Петрашэвіцкім лясах.
Цяжкія баі адбыліся ў пачатку ліпеня каля вёскі Воўка. Бацька загадаў усім схавацца ў склепе, дзякуючы чаму мы і засталіся жывымі. У нашу хату трапіў танкавы снарад. Яна загэралася. Мы выскачылі са склепа, адчынілі хлеў, выпусцілі скаціну, бо баяліся, каб яна не згарэла. Вёска Воўка ўся палыхала агнём, снарады ляцелі і рваліся часцей на вёсцы, чым на полі. Жыхары хаваліся ў скляпах. Не трапіў снарад толькі ў хату веруючых людзей. Гаспадар у час бою абышоў хату з іконай у руках.
Пасля бою ўсё поле было заслана трупамі нашых людзей і немцаў. Немцы пахавалі сваіх адразу, а нашы заставаліся ляжаць. Толькі пасля таго, як сталі яны забруджваць паветра, смелыя людзі сцягвалі іх коньмі ў сілосную яму. У некаторых загінуўшых былі з сабой дакументы. Іх даставалі, глядзелі, чыталі і не ведалі, што з імі рабіць, а таму клалі іх назад. Загінуўшых ніхто не лічыў. Іх было вельмі многа. Зараз там стаіць помнік і памятны знак. Бацька брату і мне даў загад збіраць зброю. Яе тады валялася шмат.
Немцы прыйшлі ў вёску і адразу пачалі ўводзіць свае парадкі. Аднавілі работу школы, вярнулі на працу ўсіх настаўнікаў. У кожным класе ўвялі нямецкую мову, сваю сімволіку. Працавала школа нядоўга. Партызаны забаранілі аднавяскоўцам адпраўляць дзяцей у школу. Хутка на базе школы была арганізавана камсамольская падпольная групіроўка.
Пабітыя нямецкія машыны стаялі ў кустах каля вёскі Новая Рудзіца. Сямён Фаміч Юховіч разам з жончыным братам Бадуном Сцяпанам Іванавічам пайшлі да машын паглядзець, што там можна ўзяць для сябе, сабраць зброю. Немцы ехалі з Дзяржынска на Паланевічы на трох грузавых машынах, запоўненых салдатамі. Каля Бараўскіх могілак не было маста, праехаць не маглі, таму некаторыя злезлі з машын і пайшлі ў вёску, каб загадаць адрамантаваць мост.
Сямён Юховіч, легендарны “Дзядзька Клім”, бацька Аляксандра Юховіча.
Памятная шыльда на хаце Юховічаў у в. Новая Рудзіца.
Тут яны ўбачылі Сцяпана Бадуна і Сямёна Юховіча каля тэхнікі і накіраваліся да іх. Бадун на словы:”Хальт! Хэндэ хох! “ падняў рукі ўгору, а Сямён Юховіч кінуўся на ўцёкі. Немцы сталі страляць па ім. Юховіч на хаду скінуў боты, каб лягчэй было бегчы і ўцёк ад немцаў. Салдаты падабралі боты і ішлі ў вёску. Жонка Сямёна Фаміча Алена Іванаўна ўбачыўшы боты мужа моцна загаласіла. Тады немцы зайшлі ў двор, зрабілі вобыск. На гары хаты знайшлі скручаную ваенную плашчпалатку і забралі яе. Забралі Алену Іванаўну і яе брата Бадуна ў камендатуру. Вечарам Юховіч з’явіўся дамоў і даведаўся, што жонку і швагра забралі .У яго быў нямецкі пропуск, з якім ён адправіўся ў нямецкую камендатуру і выратаваў іх з палону. Па гэтаму дакументу ён, як бы быў нямецкі слуга. Пад прымусам жыхары вёскі зрабілі пераправу, а як немцы праехалі кожны забраў свае бярвёны назад дамоў.
Бацька быў звязаны з Дзяржынскім падполлем. Працаваў дырэктарам мясцовага малаказавода. Адпускаў малочныя прадукты партызанам, пакуль немцы не забралі завод. Пасля гібелі партызанскага камандзіра Сяргея Рыжака бацьку назначылі камандзірам партызанскага атрада брыгады імя І. В. Сталіна. Немцам данеслі, што бацька звязан з партызанамі. Прыехалі паліцаі і забралі маці ў Дзяржынск. Там доўга пыталі яе. Нічога не даведаўшыся пра партызан, прывезлі ў Бакінаўскі лес і зверскі замучылі. Пахавалі яе на могілках.
Нас, дзяцей, бацька не пусціў, каб мы не бачылі яе такой страшнай. Сясцёр і малодшага брата бацька адправіў у Маскву, а я з старэйшым братам засталіся ў атрадзе пры бацьку. Мы хадзілі ў разведку, стаялі ў дазоры, нарыхтоўвалі дровы для кастроў, якія палілі, каб падаць знак нашым самалётам, што дастаўлялі пошту, сувязістаў, газеты. Пасля гібелі бацькі мы засталіся ў атрадзе. Так як і раней, хадзілі ў дазор, узрывалі чыгунку, рухаліся на захад. У брата на той час быў прызыўны ўзрост, таму ён разам з іншымі партызанамі стаў байцом Савецкай Арміі і наступаў далей на захад. Прапанавалі і мне служыць далей, я не згадзіўся. Мне надакучыла быць галоднаму і халоднаму, скітацца па лясах. Тады мне разам з двума пажылымі партызанамі даручылі даставіць каля 50 тысяч ваеннапалонных немцаў у Мінск. Адзенне маё знасілася і я, каб не свяціць целам, зняў з забітага немца кіцель, абарваў знакі ваеннага адрознення і надзеў на сябе. Ваеннапалонных даставілі ў Мінск. Мяне на з’ездзе партызанаў узнагародзілі медалём “Партызан” I ступені і медалём “За адвагу”.
Я быў залічаны ў атрад юных арлянят. Медалі ўручыў мне сам Міхаіл Калінін. А яшчэ мне далі трафейнага белага каня, на якім я і прыехаў у сваю вёску, дзе ніхто мяне не чакаў. Трэба было жыць, падымаць краіну з руінаў.
Уладкаваўся на працу ў Негарэльскую МТС. Прыходзілася працаваць на трактары, які немцы перарабілі з керасінавага паліва на драўлянае. Такія трактары стаялі на месцы ў гумнах. Жанчыны закідвалі ў топку тоўстыя паленні, і гэта прыводзіла ў рух трактары. Прыходзілася працаваць на гусенічным трактары, на трактары ”Беларусь”. Летам працаваў камбайнёрам, восенню араў зямлю, зімой вазіў торфакрошку і так да самай пенсіі. Мой працоўны стаж 50 гадоў.
Аляксандр Сямёнавіч Юховіч каля сваёй хаты. 2014 г.
Каля роднага парогаю. 2014 г.
Савинов, Б. Трагедия войны в семье Юховичей / Борис Савинов // Узвышша. - 2015. - 2 ліпеня. - С. 8.