З першых дзён акупацыі Дзяржыншчыны ў раёне пачалася барацьба патрыётаў з ворагам. Ужо 1 ліпеня 1941 г. на станцыі Негарэлае быў узарваны варожы эшалон з боепрыпасамі. На працягу ліпеня на лініі Негарэлае – Мінск неаднаразова падрываліся рэйкі, чыгуначныя масты, збудаванні паміж станцыямі Негарэлае – Орша.
15 жніўня 1941 г. група партызан атрада Дз.Ц.Гуляева разбурыла чыгуначнае палатно на лініі Негарэлае – Мінск, узарвала снарады на станцыі Негарэлае, падрыхтаваныя гітлераўцамі для адпраўкі на фронт.
У пачатку сакавіка 1942 г. на кватэры П.М.Хмялеўскага адбылося пасяджэнне Дзяржынскага падпольнага камітэта, дзе было прынята рашэнне стварыць на базе падпольных груп вёсак Баравое і Касілавічы партызанскі атрад імя І.В.Сталіна. У хуткім часе камітэт накіраваў у яго людзей, зброю і боепрыпасы. Гэты атрад узначаліў С.А.Рыжак. Камісарам атрада стаў І.А.Жукавец, начальнікам штаба – М.І.Яраслаўцаў. Атрад размясціўся ў Бакінаўскім лесе, што за 3 кіламетры ад в.Бакінава. Гэта быў першы партызанскі атрад на тэрыторыі Дзяржынскага раёна. Летам і восенню дзяржынскае падполле ўстанавіла цесныя кантакты з партызанскімі атрадамі імя С.М.Будзённага, імя М.В.Фрунзе, імя В.П.Чкалава, “Баявым”, спецгрупамі, якія былі закінуты з савецкага тылу ў Дзяржынскі раён.
19 чэрвеня 1942 г. партызаны атрада імя І.В.Сталіна атакавалі ўмацаваны блокпост на раз’ездзе Комалава на ўчастку чыгункі Негарэлае – Коласава. Бой ішоў паўтары гадзіны. Партызаны знішчылі блокпост, танк, процітанкавую гармату, 3 станковыя кулямёты, грузавую аўтамашыну, 2 радыёстанцыі, забілі 24 і паранілі да 30 гітлераўцаў (Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф.4683. Воп.3 Спр.973. Л.63). Панеслі страты і партызаны – загінулі камандзір атрада С.А.Рыжак і начальнік штаба М.І.Яраслаўцаў.
Зімой 1941 – 1942 г.г. на Доўгім востраве дыслацыравалася група савецкіх ваеннаслужачых на чале з У.Раманавым. Партызаны праводзілі дыверсіі на шашы Мінск – Слуцк, вялі прапагандысцкую работу сярод насельніцтва Дзяржынскага і Уздзенскага раёнаў. Вясной 1942 г. група папоўнілася за кошт прыбыўшых з Мінска мясцовых жыхароў. Быў створаны партызанскі атрад (з ліпеня 1942 г. брыгада), які ўзначаліў капітан М.М.Нікіцін. Актыўныя дзеянні партызан не давалі акупантам супакою. Каб знішчыць атрад, 14 чэрвеня 1942 г. гітлераўцы накіравалі супраць яго карную экспедыцыю. Партызаны на працягу васьмі гадзін адбівалі атакі праціўніка, нанеслі яму вялікія страты і непрыкметна пакінулі Доўгі востраў. Партызаны былі ўжо ў небяспечным месцы, а карнікі ўсё працягвалі абстрэльваць пусты лагер.
Партызаны брыгады дзейнічалі на чыгунцы Койданава – Мінск, на шашы Мінск – Валер’яны – Узда. Падарвалі 3 эшалоны, 32 аўтамашыны, 12 мастоў, разграмілі 8 нямецка-паліцэйскіх участкаў і валасных упраў. Баявым рэйдам брыгада М.М.Нікіціна прайшла праз Налібоцкую пушчу і выйшла за лінію фронту праз “Віцебскія вароты”.
Каля в.Путчына размясціўся партызанскі атрад імя М.В.Фрунзе, які быў створаны ў жніўні 1942 г. з партызанскіх груп М.А.Ваўчака і П.І.Серабракова.
Бурна раслі партызанскія сілы, атрады разгортваліся ў партызанскія брыгады.
У верасні 1942 г. на базе партызанскіх атрадаў імя М.В.Фрунзе і імя Ф.Э.Дзяржынскага створана партызанская брыгада імя М.В.Фрунзе (камандзір П.І.Серабракоў). У лістападзе 1942 г. – партызанская брыгада імя І.В.Сталіна (камандзір П.І.Гулевіч), у снежні – партызанская брыгада імя К.Я.Варашылава (камандзір В.Р.Яроменка). У жніўні 1943 г. у Станькаўскім лесе была створана 200-я брыгада імя К.К.Ракасоўскага (камандзір М.Ю.Баранаў). У снежні 1943 г. – партызанская брыгада імя П.К.Панамарэнкі (камандзір С.Р.Ганзенка).
У раёне пэўны час дыслацыраваўся асобна дзеючы партызанскі атрад “Мсцівец”, які быў створаны ў лістападзе 1942 г. у Маскве паводле рашэння ЦК КП(б)Б і накіраваны ў тыл ворага. У ліпені 1944 г. ён налічваў 232 партызаны. На Дзяржыншчыне дзейнічаў асобны партызанскі атрад П.А.Алыбіна. Гэты атрад быў створаны на базе разведвальнай групы штаба партызаснкай брыгады імя В.П.Чкалава. Пэўны час у раёне дзейнічаў партызанскі атрад імя М.І.Калініна (камандзір атрада Л.І.Сарока, пазней – Л.М.Алейнік).
У партызанскія брыгады, якія ў розны час дыслацыраваліся і дзейнічалі на тэрыторыі Дзяржынскага раёна, уваходзіў 51 атрад з асабовым складам звыш 10 тыс.чалавек. На іх рахунку было шмат баявых спраў.
Партызанскі атрад “Камсамольскі” брыгады імя Г.К.Жукава Баранавіцкай вобласці сістэматычна парушаў тэлефонна-тэлеграфную сувязь ворага. 23 снежня 1942 г. на ўчастку Мінск – Коласава ім былі зрэзаны 63 слупы. Партызанам дапамагалі члены падпольных арганізацый і груп.
Каб знішчыць партызан, ачысціць ад іх свой тыл, гітлераўскае камандаванне наладжвала адну карную аперацыю за другой. Партызаны сустракалі іх агнём, уступалі з імі ў баі, наносячы ім значныя страты.
У 1942 г. партызаны атрада імя І.В.Сталіна ўступілі ў бой з гітлераўцамі ў Бакінаўскім лесе, за тры кіламетры ад в.Бакінава. Бой ішоў шэсць гадзін. Партызаны супрацьстаялі 450 карнікам.
У студзені 1943 г. карнікі акружылі Станькаўскі лес, дзе знаходзілася 200-я партызанская брыгада імя К.К.Ракасоўскага. Партызаны з баямі вырваліся з акружэння.
Партызаны брыгады імя В.П.Чкалава толькі ў 1942 г. разграмілі 11 апорных пунктаў праціўніка і 20 маёнткаў, захапілі 4 тыс.тон збожжа, адну тону раздалі насельніцтву. У красавіку 1943 г. на баявым рахунку брыгады было 50 падарваных варожых эшалонаў. У маі – знішчылі аўтакалону з 36 аўтамашын.
Барацьба партызан на камунікацыях непакоіла гітлераўцаў. Аб іх дзеяннях ішлі справаздачы ад ваенных і цывільных нямецкіх устаноў.
У адной з тэлеграм начальніка транспартнай службы групы армій “Цэнтр” паведамлялася: “27.8(1942) 17:35 на перагоне Стоўбцы – Коласава, лінія Баранавічы – Мінск партызаны падарвалі на міне… поезд № 117. Паравозы (вядучы і прычапны) сышлі з рэек і зваліліся пад адхон… Састаў быў абстраляны з кулямётаў. Рух у бок тылу быў перарваны на 2 гадзіны і ў бок фронту – на суткі”.
У партызанскім атрадзе імя Р.А.Катоўскага брыгады імя К.Я.Варашылава партызан-камсамолец М.А.Анохін арганізаваў падрыўную групу, якая разгарнула актыўную дыверсійную дзейнасць на чыгунцы Мінск – Баранавічы. Ён асабіста падарваў 11 нямецкіх эшалонаў. Пасля адной з баявых аперацый на шляху ў партызанскі лагер М.А.Анохін трапіў на варожую засаду і быў смяротна паранены. Паміраючы на руках сваіх баявых таварышаў, ён сказаў: “Жыцця не шкадую. Шкадую толькі, што больш не змагу біць гітлераўскіх бандытаў” (Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф.63. Воп.17. Спр. 5. Л.20).
22 ліпеня 1942 г. Мінскі абком КП(б)Б зацвердзіў на Дзяржынскім раёне партарганізатарам (упаўнаважаным) ЦК КП(б)Б В.Л.Герасімовіча. У кастрычніку 1942 г. створаны Дзяржынскі падпольны РК КП(б)Б. У яго ўваходзілі сакратары: В.Л.Герасімовіч, пазней – П.Р.Мартысюк, члены райкома У.Т.Гаваркоўскі, П.Р.Мартысюк (да 7 красавіка 1943 г.), Я.П.Грыцаневіч, М.Ю.Баранаў, С.П.Піткевіч, А.М.Шалай, А.В.Ігнатаў, А.В.Пупейка.
Актывізавалася палітычная работа сярод партызан і насельніцтва. Пачала выходзіць газета “Ленінская праўда”. Яе першы нумар выйшаў 12 верасня 1943 г. Усяго да дня вызвалення Дзяржынска і раёна былі выпушчаны 44 нумары. Рэдактарам газеты быў В.І.Яблашэўскі. Перыядычнасць яе – адзін нумар у 8 -15 дзён.
“Партызанскі атрад імя Д.А.Фурманава, - пісала “Ленінская праўда” ў снежні, - пусціў пад адхон 3 варожыя эшалоны з жывой сілай і тэхнікай, 5 варожых аўтамашын, спаліў мост, перарэзаў 6,5 кіламетра тэлеграфна-тэлефоннай сувязі ворага і зрабіў адну, сумесна з іншымі партызанскімі атрадамі, засаду на шашы Мінск – Слуцк”. “Тры партызаны 20 ліпеня ўначы падарвалі варожы цягнік. Загінулі 93 немцы, разбіта шмат вагонаў, затрыманы рух на чыгунцы на некаторы час”, - паведамляла газета “Ленінская праўда” 25 снежня 1943 г.
18-22 снежня нямецкія рабаўнікі акружылі і абрабавалі 9 вёсак Дзяржынскага раёна, забралі 40 мужчын і адну жанчыну і адправілі ў Германію. “Усімі сіламі і сродкамі, - заклікала “Ленінская праўда” сялян, рабочых і інтэлегенцыю, - першкаджайце нямецкім бандытам вывозіць нашы багацці! Хавайце хлеб, бульбу і мяса ад фашыстаў! Зберагайце дзяржаўную маёмасць! Абараняйце сваю хату ад рабавання! Біце нямецкія банды і карныя атрады, падпальшчыкаў нашых вёсак і гарадоў!”.
3 снежня 1943 г. партызаны брыгады імя К.К.Ракасоўскага і іншых партызанскіх брыгад разграмілі варожую калону на шашы Мінск – Слуцк каля в.Цялякава Уздзенскага раёна. У гэтым баі партызаны знішчылі 54 варожыя машыны, 2 браневікі, было забіта і паранена звыш 200 нямецкіх салдат і афіцэраў, захоплены багатыя трафеі. У ім прымаў удзел юны разведчык Марат Казей. Ён забіў нямецкага палкоўніка і забраў яго партфель з каштоўнымі дакументамі – ваеннымі картамі і планамі нямецкага камандавання.
У пачатку мая 1943 г. у лясах каля в.Скірмантава быў створаны яўрэйскі сямейны партызанскі атрад (камандзір Ш.Зорын). Пазней ён быў перайменаваны ў партызанскі атрад № 106 і увайшоў у партызанскую брыгаду імя І.В.Сталіна, потым у брыгаду імя В.П.Чкалава Баранаваіцкага партызанскага злучэння. Ён папаўняўся ўцекачамі з Мінскага гета і іншых населеных пунктаў.
У канцы чэрвеня 1943 г. атрад перадыслацыраваўся ў Налібоцкую пушчу. Знаходзячыся на новым месцы, партызаны па загаду камандавання Баранавіцкага злучэння стварылі дыверсійныя групы, якія дзейнічалі на чыгунцы.
У ноч 6 чэрвеня 1944 г. падрыўнікі дыверсійнай групы на чале з камандзірам роты партызанскага атрада № 106 М.Тармаліным паставілі міну на шашы Мінск – Койданава, каля Нявеліцкага маста. На ёй ўзарвалася аўтамашына, што ішла з Мінска. Загінулі двое акупантаў, трое былі паранены. Другая дыверсійная група (старшы Ш.Хейфец) на шашы Мінск – Койданава за 2 км ад Дзяржынска знішчыла 1 аўтамашыну і двух акупантаў. 15 чэрвеня 1944 г. партызаны атрада № 106 спалілі мост на дарозе Койданава – Волма.
У жніўні 1943 г. партызаны брыгады імя К.Я.Варашылава ўдзельнічалі ў аперацыі “Рэйкавая вайна”.
У верасні 1943 г. атрад імя С.М.Будзённага разграміў апорны пункт у в.Красная Горка, прарваўся да чыгункі на ўчастку Фаніпаль – Койданава і падарваў каля 180 рэек.
Партызаны брыгады імя В.П.Чкалава ўчынілі 10 дыверсій на чыгунцы, правялі 10 баёў
У данясенні аб стане руху паяздоў на Беларусі на 16 чэрвеня 1943 г. (па стане на 14.00) адзначалася, што спыніўся рух на перагоне Стоўбцы – Мінск на 6,5 гадзіны. Найбольшая колькасць цягнікоў за 1943 г. паводле справаздач партызанскіх атрадаў і брыгад, была падарвана на лініі Баранавічы – Мінск у колькасці 209 штук.
Партызаны наносілі ворагу вялікія страты. 1 лютага 1944 г. ад выбуху магнітных мін на перагоне Негарэлае – Коласава згарэла 5 цыстэрн бензіну, 5 цыстэрн узрывам скінута пад адхон.
20 чэрвеня 1944 г. у час 3-га этапу рэйкавай вайны на чыгуначным перагоне Негарэлае – Комалава партызаны спалілі 5 вагонаў, 34 платформы, падарвалі 2 танкі, 2 танкеткі, бронемашыну, 3 аўтамашыны, 6 пражэктарных установак, 3 зенітныя гарматы, некалькі танкавых і авіяцыйных матораў, знішчылі 15 нямецкіх акупантаў. Было ўзарвана 480 рэек.
Паміж чыгуначнымі станцыямі Воўчкавічы і Стоўбцы партызаны пусцілі пад адхон звыш 100 нямецкіх эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай, знішчылі 2436 рэек на чыгуначным палатне, акрамя таго больш за 1 тыс.штук асобнымі атрадамі і групамі. Партызаны знішчылі сотні вагонаў з рэчамі і прадуктамі харчавання, нарабаванымі ў насельніцтва і на прадпрыемствах і прыгатаванымі для адпраўкі ў Германію.
Студэнтку Мінскага педінстытута імя М.Горкага Марыю Талейку вайна застала ў Мінску. Яна актыўна ўключылася ў патрыятычнае падполле: разам з іншымі студэнтамі дапамагала выводзіць савецкіх ваеннапалонных у партызанскую зону Дзяржынскага раёна. У 1942 г .М.Талейка стала партызанкай брыгады імя М.В.Фрунзе. Сярод многіх баявых аперацый ёй запомніўся першы бой у 1942 г. каля в.Старынкі.
У студзені 1944 г. Марыя Іванаўна была прызначана намеснікам камандзіра спецразведвальна-дыверсійнага атрада па аператыўнай рабоце па Дзяржынскім раёне. У выніку паспяховых дзеянняў партызан на значанай тэрыторыі раёна ўтварылася партызанская зона, якая была ачышчана ад нямецкіх акупантаў і паліцаяў.
Вялікую ўвагу надавалі партызаны і спецгрупы, засланыя ў тыл ворага, разведцы. Яе роля і значэнне асабліва ўзраслі ў сувязі з набліжэннем у 1943 г. лініі фронту да межаў Беларусі. На Дзяржыншчыне актыўна дзейнічала разведгрупа “Чайка” М.І.Мінакова. Асабліва вызначыўся разведчык з Озерскай падпольнай групы Н.Ф.Рыдзеўскі са сваёй сястрой Эміліяй. Яны праводзілі работу па ўстанаўленні нумароў вайсковых часцей вермахта, якія накіроўваліся праз Мінск на цэнтральны ўчастак савецка-германскага фронту. Яны прыцягнулі да работы мінчанак Тамару і Ларысу Сасноўскіх. Муж Ларысы П.Ф.Шведка-Святлічны працаваў на мінскай нафтабазе, якая забяспечвала гаруча-змазачнымі матэрыяламі нямецкія вайсковыя часці. Маючы доступ да дакументаў нафтабазы, ён фіксаваў нумары часцей, устанавліваў род войскаў, напрамак іх руху і г.д. Адначасова П.Ф.Шведка-Святлічны трымаў пад назіраннем аэрадром. Пры дапамозе Л.А.Бычкоўскай, якая жыла ў Дзяржынску, Н.Ф.Рыдзеўскі пазнаёміўся з ваеннаслужачым вермахта антыфашыстам Герхардам Гартманам. На працягу трох месяцаў ён перадаваў М.Ф.Рыдзеўскаму звесткі аб сваёй дывізіі. Выключна важнымі былі яго звесткі аб штабе групы армій “Цэнтр”, які дыслацыраваўся ў Вільнюсе, падземных ваенных збудаваннях у Кёльне і іншых гарадах Германіі. У кастрычніку 1943 г. Гартман са зброяй перайшоў да партызан і працягваў займацца разведкай.
На тэрыторыі Беларусі ў сакавіку – ліпені 1944 г. дзейнічалі 2 групы Нацыянальнага камітэта “Свабодная Германія”. Група 117 у складзе антыфашыстаў Ф.Шэфлера, Г.Барса, Г.Генчке, О.Меера, Э.Карвінскага, Г.Кранаўэра, К.Рынагеля і інш., савецкіх афіцэраў А.А.Казлова, І.А.Коласа, Г.Ф.Храмушынай дыслацыравалася ў размяшчэнні партызанскіх брыгад імя В.П.Чкалава і імя І.В.Сталіна Баранавіцкай вобласці. У паходнай друкарні нямецкія антыфашысты выдалі 40 назваў лістовак тыражом у некалькі тысяч экзэмпляраў і распаўсюдзілі іх у варожых гарнізонах Мінска, Дзяржынска, Баранавіч, Барысава і інш. У час вызвалення рэспублікі летам 1944 г. члены нямецкай групы выступалі ў ролі “рэгуліроўшчыкаў”: накіроўвалі адступаючыя часці гітлераўцаў па дарогах, якія кантраляваліся партызанамі. Дзейнічаючы як парламенцёры і перакладчыкі, антыфашысты сустракаліся з салдатамі і афіцэрамі вермахта, пераконвалі іх у бессэнсоўнасці супраціўлення і прапаноўвалі ім скласці зброю. У партызанскую брыгаду імя І.В.Сталіна з дапамогай антыфашыстаў перайшлі 69 нямецкіх афіцэраў і больш за 3 тысячы салдат.
Набліжаўся час вызвалення. У чэрвені 1944 г. народныя мсціўцы нанеслі яшчэ адзін удар па чыгунцы. Партызаны брыгады імя Г.К.Панамарэнкі перабілі 480 рэек і спалілі эшалон з ваеннай тэхнікай і харчаваннем, брыгады імя І.В.Сталіна ў чэрвені 1944 г. зрабілі 24 дыверсіі, пусцілі пад адхон 6 эшалонаў, падарвалі 3 масты, 14 аўтамашын, на ўчастку Коласава – Негарэлае падарвалі каля 600 рэек, пашкодзілі 500 метраў тэлефонна-тэлеграфнай лініі. Гэта была значная дапамога Чырвонай арміі, якая хутка наступала па ўсім савецка-германскім фронце.
Друкуецца па выданню: Памяць. Дзяржынскі раён - Мінск: БЕЛТА,2004.- С. 316-320.