Дзейнічала са жніўня 1941 г. да кастрычніка 1942 г. у вёсках Кукшавічы і Станькава, састаўная частка Дзяржынскага патрыятычнага падполля. У яго ўваходзілі У.М. Вашкевіч (кіраўнік групы), К.М. Бабок, Г.П. Бохан, А.П. Вашкевіч, Я.П. Грыцаневіч, А.У. Івашын, Г.А., А.С. і Я.М. Казей, П.М. Пякарскі, А.Б. Рымар і інш. Падпольшчыкі збіралі для партызан зброю і хавалі яе ў Зварыкаўскім лесе, у Станькаве ў доме Г.А. Казей, якая прыцягнула да барацьбы супраць акупантаў аднавяскоўцаў, свайго сына піянера Марата і дачку Аду. У кастрычніку 1941 г. Г.А. Казей была схоплена гітлераўцамі і пасля катаванняў павешана. Патрыёты распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, аказвалі дапамогу параненым чырвонаармейцам і тым, што ўцяклі з палону. Мелі канспіратыўныя кватэры ў дамах А.С. Казей (Кукшавічы), З.А. Шчаковіч (Забалацце), радыёпрыёмнік на кватэры А.П. Вашкевіча (Кукшавічы). Яны знішчалі тэлефонна-тэлеграфную сувязь на лініях Дзяржынск – Станькава, Дабрынёва – Ляхавічы. Восенню 1941 г. П.А. Вераб`ёў, Я.П. Грыцаневіч, А.У. Івашын спалілі мост цераз р. Уса каля в. Ляхавічы. У пачатку кастрычніка 1942 г. група патрыётаў на чале з У.М. Вашкевічам вывезла з Дзяржынскага банка па падробленых дакументах вялікую суму грошай і перадала іх партызанам. У кастрычніку – лістападзе 1942 г. большасць патрыётаў пайшла ў партызаны.
1. Памяць : Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск: БЕЛТА, 2004.- С. 301.
2. Валахановіч, А. Кукшэвіцка-Станькаўская партыйна-камсамольская група/ А.І. Валахановіч// Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945. – Мінск, 1990. – С. 281.
3. Дзяржынскі раён// Памяць Беларусі. – Мінск, 2005. – С. 512–515.