Дабрынёўскага сельскага Савета Дзяржынскага раёна
Інфармацыя пра вёску: Назва Любажанка.
Раён: Дзяржынскі (даваенны раён – Дзяржынскі).
Вобласць: Мінская (даваенная вобласць –Мінская).
Год знішчэння:1943, 8 студзеня. Спалена разам з жыхарамі падчас карнай аперацыяі"Якаб".
Хат да вайны: 11.
Людзей да вайны: 59.
Спалена хат: 11.
Забіта людзей: 56.
Пошукавыя дадзеныя НАРБ. Ф.1363. В.1. Д.2200. Л.70; НАРБ. Ф.1363. В.1. Д.1656. Л.43-44.
Лёс вёскі: не адноўлена.
Любажанка, былая вёска на тэрыторыі Дабрынёўскага сельсавета, знішчаная нямецка-фашысцкімі акупантамі разам з жыхарамі ў час карнай аперацыі “Якаб”. Размяшчалася за 1км на захад ад в.Самадураўшчына (з 1964г. – в. Новая Радзіма).
Першыя ўпамінанні пра яе сустракаюцца ў інвентарнай кнізе землеўладальнікаў Чапскіх, як пра засценак "Люб" у 1780 годзе. Напачатку 19 стагоддзя сфарміравалася цяперашняя назва. Па паданні, вёска была пабудавана на месцы старожкі лесніка, які з'явіўся заснавальнікам роду. Дзеці, унукі, праўнукі яго сяліліся тут, што і прывяло да з'яўлення маленькай лясной вёсачкі.
Да Вялікай Айчыннай вайны яна знаходзілася ў сярэдзіне ляснога масіва недалёка ад вёскі Дабрынева. Было ў ёй 11 хат. Насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай, працавала на нарыхтоўцы лесу. Паводле перапісу насельніцтва 1936 года ў вёсцы пражывала 65 чалавек. Перад вайной у ёй пражывала 59 чалавек, 14 сем'яў. Маленькая, сціплая, непрыкметная вёсачка ў гады вайны стала партызанскай. Мужчыны папаўнялі шэрагі партызан брыгады ім.Варашылава. Жанчыны пяклі хлеб, вырошчвалі партызанам пшаніцу і жыта, збіралі ўраджай. У вёсцы ўвесь час быў партызанскі маяк. Тут прызначаліся сустрэчы з сувязнымі з Койданава, Узды, Возера. Практычна кожная сям'я была звязана з партызанамі.
Вядома, што жыхары в.Любажанка падтрымлівалі сувязь з партызанскім атрадам, які дзейнічаў у Станькаўскім лесе. Яны пяклі для партызан хлеб, шылі адзенне, мылі бялізну, збіралі і перадавалі звесткі партызанам аб перамяшчэнні нямецкіх войскаў.
У канцы 1942 – пачатку 1943г. немцы вывозілі моладзь на работы ў Германію. Дзяўчаты і хлопцы з навакольных вёсак Сасноўка, Кляноўка, Станькава, каб не трапіць у фашысцкае рабства, схаваліся ў в.Любажанка. Пераначаваўшы, яны вярталіся дадому праз станькаўскі ваенны палігон у напрамку станькаўскай дарогі. Тут моладзь і натрапіла на нямецкі патруль. Хлопцы і дзяўчаты растлумачылі немцам, што яны былі ў сваякоў у Любажанцы, святкавалі Каляды. Але паліцай з Дзяржынска некаторых з хлапцоў пазнаў, і немцы ўсіх павезлі ў Любажанку высвятляць ступень сваяцтва. Многія жыхары вёскі прызнавалі “сваякоў”, а некаторыя не. Тады немцы сагналі ўсіх 18 чалавек у вагончык дэпо і расстралялі. У сябе ж зрабілі адзнаку, што ў Любажанцы – партызаны.
У пачатку студзеня ў вёсцы Любажанка сутыкнулася з немцамі падрыўная група Івана Машчанка, усяго 5 чалавек. Машчанка І. Т. заўважыў групу нямецкіх разведчыкаў у двух кіламетрах ад Любажанкі. Выручыла прыродная кемлівасць і адвага камандзіра. Немцы ў белых маскхалатах выскачылі пад носам у партызан. "Хайль!" - загарлапаніў афіцэр. "Партызанен?" - спытаў немец уладна. Хітры Машчанка адказаў, што ён стараста вёскі Любажанка з сябрамі і працягнуў немцу самагонку. Немец радасна засмяяўся, але прымусіў Івана паспрабаваць самагонку і толькі пасля гэтага забраў бутэльку сабе. Далей немец распытваў, ці ёсць у Любажанцы партызаны. Усе хлопцы і іх камандзір пачалі казаць, што партызан там няма. Немцы чамусьці не абшукалі партызан, мабыць, добра прамерзлі ў засадзе. Хвілін 10 яны яшчэ пыталі пра партызан Машчанка, але калі ён даў ім яшчэ бутэльку самагонкі, якую нёс падрыўнік Пётр Крачун, ды яшчэ кавалак сала з хлебам і цыбуляй, то немцы гутарку хутка скончылі. Афіцэр сказаў: "Гут, стараста, гут. Ідзі нах хата, вядзі свой Іван да баба". Падрыўнікі стрымліваючы сябе, каб не бегчы і не разануць па фрыцах з аўтаматаў, якія былі схаваны пад адзежай, павольна пайшлі да вёскі. Гэта была першая непрыемная прымета: у вёсцы з'явілася нямецкая разведка і было дзіўна, што яна выпусціла партызан.
Праз нейкі час у в.Самадураўшчына (памылкова) прыехаў атрад немцаў. Карнікі сагналі ўсіх жыхароў вёскі і пералічылі. Колькасць чалавек не супадала, і яны доўга не маглі ўцяміць, у чым жа справа. Неўзабаве прыехаў афіцэр, удакладніў па карце мясцовасць і накіраваў атрад у Любажанку.
У суботу 8 студзеня 1943 года ў вёску нечакана ўварваліся карнікі. Яны ўрываліся ў хаты і расстрэльвалі ўсіх на месцы. Хто спрабаваў бегчы - даганялі аўчаркі. Жыллё і пабудовы адразу ж падпальвалі. Лічаць, што загінула 42 жыхары вёскі, сярод іх 14 дзяцей. Так знікла з твару зямлі маленькая вёска Любажанка. Яна была першай у спісе вёсак Дзяржынскага раёна, падлягаючая поўнаму знішчэнню за сувязь з партызанамі. Любажанка была знішчана ў першы дзень фашысцкай карнай аперацыі "Якаб".
З ўсіх жыхароў в.Любажанка засталіся жывымі сёстры Ганна і Юзэфа Дойняк, Эма і Арыядна Шамко, браты Вячаслаў і Валянцін Шаблоўскія. Яны ўцяклі па лёдзе цераз раку ў вёску Данілавічы. Немцы стралялі па іх, але яны засталіся жывымі.
Пасля вайны в.Любажанка не адрадзілася. У 1957 годзе на месцы трагедыі пастаўлены абеліск-помнік, на якім залатымі літарамі напісана:
Спіс грамадзян в. Любажанка, спаленых фашысцкімі захопнікамі
1 | Шамко Ўладзімір Мікалаевіч | 22 | Дайняк Антон Сельвестравіч |
2 | Колас Варвара Антонаўна | 23 | Дайняк Ганна Андрэеўна |
3 | Колас Пётр Сямёнавіч | 24 | Дайняк Гаўрыла Антонавіч |
4 | Колас Вера Паўлаўна | 25 | Дайняк Надзея |
5 | Колас Зінаіда Пятроўна | 26 | Дайняк Барыс Уладзіміравіч |
6 | Колас Леаніда Пятроўна | 27 | Дайняк Юзэфа |
7 | Колас Валянцін Пятровіч | 28 | Дайняк Іван Мацвеевіч |
8 | Колас Іван Пятровіч | 29 | Дайняк Емілія Іосіфаўна |
9 | Колас Сцефаніда Фамінічна | 30 | Дайняк Галіна Браніславаўна |
10 | Колас Іосіф Сямёнавіч | 31 | Дайняк Браніслаў Браніслававіч |
11 | Колас Вольга Савельеўна | 32 | Дайняк Сцефаніда |
12 | Колас Браніслава Іосіфаўна | 33 | Ліхачэўскі Іван |
13 | Колас Валянціна Іосіфаўна | 34 | Ліхачэўскі Антон Іванавіч |
14 | Колас Мікалай Іосіфавіч | 35 | Ліхачэўская Станіслава Ўладзіміраўна |
15 | Колас Сафія | 36 | ЛіхачэўскаяГанна Канстаўцінаўна |
16 | Колас Мікалай Мікалаевіч | 37 | Ліхачэўская Валянціна Мікалаеўна |
17 | Колас Вікенцій Мікалаевіч | 38 | Станкевіч Ганна Аляксандраўна |
18 | Колас Самуіл Мікалаевіч | 39 | Станкевіч Марыя |
19 | Колас Уладзімір Мікалаевіч | 40 | Станкевіч Леаніда Аляксандраўна |
20 | Колас Наталля Сцяфанаўна | 41 | Станкевіч Вера Аляксандраўна |
21 | Колас Вікенцій Антонавіч | 42 | Шабалінская Ганна Карлаўна |
УСПАМІНЫ І. ЛОБАЧА, БЫЛОГА ПАРТЫЗАНА І ФРАНТАВІКА
Да Вялікай Айчыннай вайны у в.Любажанка налічвалася звыш дзесяці двароў. Размяшчалася яна ў прыгожым месцы, акружаным лесам і невялічкай рэчкай. Жылі і працавалі любажанцы дружна, нібыта адна сям’я. Яшчэ вёска славілася сваёй крынічкай. Яе абгарадзілі,зрабілі лавачкі і заўсёды пакідалі шклянку, каб кожны змог прагнаць смагу. Цурчанне крынічнага ручайка быццам запрашала падарожніка пакаштаваць чыстай халоднай вадзіцы.
… Крынічка цяпер не бяжыць, як некалі да вайны, нецурчыць, а цячэ ціха-ціха. Усе гэтыя гады яна аплаквае бязвінна загінуўшых жыхароў Любажанкі.
Літаратура
Валаханович,А.И. Дзержинщина: прошлое и настоящее /А.И.Валаханович, А.Н.Кулагин.- Минск : Наука и техника, 1986.- С. 152-153
Валахановіч,А. За што іх спалілі /Анатоль Валахановіч //Сцяг Кастрычніка.- 2005.- 7 верасня.- С. 3.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць. Кніга 1.-Мінск:БелСЭ,1987.- С. 168.
Лысак,І. Сляды фашысцкіх зверстваў на Дзяржыншчыне /І.Лысак //Сцяг Кастрычніка.- 1991.- 11 красавіка.- С. 3, 4.
Любажанка // Трагедыя беларускіх Хатыняў: Памяці спаленых вёсак Дзяржынскага раёна / ДУ "Дзяржынская раённая цэнтралізованная бібліятэчная сітэма. - Дзяржынск, 2018. - С. 45 - 54.
Нацистская политика геноцида и “выжженной земли” в Белоруссии. 1941-1944 /Отв. ред. В.Е.Лобанок.- Минск:Беларусь, 1984.- С. 50, 251.
Новікаў,М. Дарогамі памяці /М.Новікаў //Сцяг Кастрычніка.- 1982.- 6 сакавіка.- С.2.
Падаляк,Т. Нашчадкі вогненных вёсак: дакументальныя нарысы, эсэ, успаміны /Таццяна Падаляк.- Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2009.- С. 167.
Памяць: Дзяржынскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі /Рэд.-уклад. А.І.Валахановіч.- Мінск:БЕЛТА, 2004.- С. 294.
Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга /Гал. рэд. Б.І.Сачанка.-Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1995.-С. 519.
Пяць вёсак Дзяржынскага раёна таксама напаткала Хатынская трагедыя // Узвышша. - 2013. - 30 сакавіка. - С.4
Республика Беларусь: энциклопедия: в 6т. Т.5 /Редкол.: Г.П.Пашков и др.- Минск : БелЭн, 2007.-С. 343.
Рэха памяці: папка /Данілавіцкая сельская бібліятэка.- Данілавічы, 1991-
Савинов, Б. Дзержинские сестры Хатыни / Борис Савинов // Узвышша. - 2018. - 23 сакавіка. - С. 7.
Сёстры Хатыні: аповед-рэквіем : папка / Скірмантаўская сельская бібліятэка.- Скірмантава, 2010.- С. 3-4.
Черненко,О. И пепел стучит в сердца /О.Черненко //Сцяг Кастрычніка.- 2000.- 21 чэрвеня.- С.2