Служыў на падлодцы на Балтыцы.
Іван Кірылавіч Сарокін нарадзіўся ў Дзяржынску ў 1918 г. У 1939 г. быў прызваны служыць на флот. Там атрымаў спецыяльнасць рулявога і яго накіравалі на падлодку «Щ-323». Гэты карабель пад камандаваннем капітан-лейтэнанта Ф.І. Іванцова 6 кастрычніка 1941 г. выйшаў у баявы паход з Кранштата, прайшоў мінныя палі Фінскага заліва і 13 кастрычніка радзіраваў аб выхадзе на зыходную пазіцыю ў Балтыйскім моры. За кароткі час «Щ-323» патапіла танкер з нафтай і два цяжкагрузныя транспарты з жывой сілай і тэхнікай праціўніка. Увесь экіпаж быў удастоены Чырвонай Зоркі. У гонар «Щ-323» Палітупраўленне Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту выпусціла фотабюлетэнь “Балтыйцы ў баях за Радзіму”. У ім гаварылася і пра І.К. Сарокіна.
…У маі 1943 г., пасля капітальнага рамонту, «Щ-323» у чарговым баявым паходзе пад камандаваннем капітана другога рангу А.Г. Андронава ішла ў надводным становішчы ў Кранштат уздоўж берага, занятага фашыстамі. Перад Пецяргофам наскочыла на міны. Лодка падарвалася і затанула. Выратаваліся з яе ўсяго чацвёра… Па ініцыятыве савета ветэранаў-падводнікаў у Санкт-Пецярбургу на могілках на Васільеўскім востраве пастаўлены помнік экіпажу «Щ-323».
Н. Аляксееў
За Волгай для нас зямлі не было.
З успамінаў В.Александровіча, былога ўдзельніка абароны Сталінграда: “Нашаму артылерыйскаму зенітнаму палку ў 1942 г. давялося ўдзельнічаць у бітве за Сталінград. У верасні гітлераўцы падышлі ўшчыльную да горада, уварваліся на яго вуліцы. Шматлікія атакі праціўніка рабіліся ўсё больш яраснымі. Іх актыўна падтрымлівала авіяцыя. Гарэла і стагнала зямля. Але мы стаялі насмерць.
На досвітку 23 верасня на нашай батарэі, якая займала агнявую пазіцыю на паўночны ўсход ад Сталінграда, была аб’яўленна баявая трывога. Васемнаццаць “юнкерсаў” і шэсць “месераў” ішлі бамбіць нашы танкі. Камандзір батарэі старшы лейтэнант Кваша падаў каманду адкрыць агонь. Заўважыўшы батарэю, нямецкія лётчыкі павярнулі самалёты і пачалі пікіраваць на нашы пазіцыі, паліваючы агнём з кулямётаў. На батарэі рваліся бомбы. Але хутка адзін з “юнкерсаў” загарэўся і стаў падаць на зямлю, услед за ім – ахоплены полымем “месер”.
У другім разліку асколкам бомбы параніла зараджальшчыка Бардзючова. Але ён не адышоў ад гарматы, працягваў страляць. Бой быў выйграны. Нямецкія самалёты павярнулі назад.
Пад Сталінградам наш зенітны полк збіў 27 самалётаў праціўніка. Закончыў ён свой баявы шлях у Аўстрыі, давёўшы рахунак збітых самалётаў амаль да паўтары сотні.”
Апошнюю гранату пакідалі для сябе.
Іван Іванавіч Гармаза ў пачатку вайны быў партызанам, ваяваў у разведцы. Потым трапіў на фронт.
У складзе 11-й гвардзейскай арміі 3-га Беларускага фронту радавы кулямётнай роты Гармаза ўдзельнічаў у баях за Кёнігсберг.
…На парадзелую роту былі кінуты свежыя часці гітлераўцаў. Пасля гарачага бою застаўся толькі разлік Гармазы.
- У час зацішша, - прыгадвае Іван Іванавіч, - падсумавалі свае магчымасці. З боепрыпасаў – толькі жменя патронаў ды граната Ф-1 засталіся. Апошнюю пакінулі для сябе… Абняліся на развітанне, пашкадавалі, што не дажывём да светлага дня перамогі. Калі немцы пайшлі ў чарговую атаку, выцягнулі чаку з “эфкі”. І раптам паветра страсянулі залпы “кацюш”, данеслася наша “Ура!”…
Паведамленне аб заканчэнні вайны Іван Іванавіч сустрэў у Тыльзіце, у запасным палку, куды трапіў пасля лячэння ў армейскім шпіталі.
У небе Прыбалтыкі.
Пасля ўдзелу ў аперацыі “Баграціён”, у выніку якой была вызвалена Беларусь, войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту рушылі ў Прыбалтыку. Сярод іх быў і Севастопальскі штурмавы полк, якім камандаваў Герой Савецкага Саюза маёр М.Ф. Рабчэўскі.
У маі 1944 г. салдатам гэтага палка, пасля заканчэння авіяцыйнага вучылішча, стаў наш зямляк Станіслаў Іванавіч Копаць. Аднойчы ён атрымаў загад нанесці бомбавы ўдар па варожых пазіцыях, падтрымліваючы наступленне наземных войскаў. Знаходзячыся ў паветры, лётчык заўважыў, як пацягнуліся па полі ў бок лесу нітачкі гусенічных слядоў. “Зусім свежыя!” – адзначыў для сябе і скінуў увесь бомбавы груз на ўзлесак. А пры выхадзе з піке ўключыў фотаздымачнае прыстасаванне. Потым, калі плёнку праявілі, на ёй выразна абазначыліся адлюстраванні палаючых нямецкіх танкаў.
Неўзабаве С.І. Копаць зрабіў яшчэ некалькі ўдалых вылетаў. На яго грудзях з’явілася першая ўзнагарода – ордэн Айчыннай вайны I ступені.
У лютым 1945 г. шэсць “ілаў” вылецелі бамбіць артылерыю і танкі ворага. Лётчыкі дамовіліся паднесці “падарунак” немцам з выпадку Дня Чырвонай арміі. Дзейнічалі з асаблівай рашучасцю і смеласцю. Асабіста ад камандуючага Ленінградскім фронтам Маршала Савецкага Саюза Л.А. Говарава атрымалі падзяку.
Неяк на месца забітага ў баі стралка Копацю прыслалі новага – сяржанта Мікалая Кажэўнікава. Той быў пяхотны кулямётчык і, як гаварылі, праслаўлены. Мінай яму пашкодзіла ногі, пасля шпіталя хадзіць стаў, але з цяжкасцю. Лётчык Копаць шмат старання прыклаў, каб з зямнога стралка зрабіць паветранага. У адным з вылетаў фашысцкі знішчальнік-штурмавік "Фоке-Вульф-190" падкраўся, здавалася, непрыкметна. Але ў той момант, калі нямецкі ас збіраўся атакаваць з самай зручнай пазіцыі, яго сустрэў шчыльны агонь хуткастрэльнага савецкага кулямёта. Дакладна разлічылі і ўзгаднілі свае дзеянні пілот С.І. Копаць і стралок М. Кажэўнікаў. Варожы самалёт, пакідаючы за сабой чорны шлейф дыму, пайшоў да зямлі. Неўзабаве Станіслаў Іванавіч горача павіншаваў свайго баявога сябра з уручаным яму ордэнам Славы III ступені.
Далёка не заўсёды ўсё завяршалася гэтак удала. Нярэдка хтосьці з эскадрыллі не вяртаўся з задання на свой аэрадром. З 16 лётчыкаў, якія разам з Копацем прыбылі з вучылішча, да канца вайны жывымі засталіся толькі чацвёра. Шмат страт нанесла штурмавая авіяцыя праціўніку. Забяспечыўшы выхад нашым войскам на ўзбярэжжа Балтыйскага мора, яна дапамагала ім хутчэй ліквідаваць курляндскую групоўку гітлераўцаў, тапіла іх караблі, не даючы даставіць падмацаванне.
Пасля вайны С.І. Копаць многія гады служыў у ваеннай авіяцыі.
І.І. Лысак
Сцягі над Кёнігсбергам.
6 красавіка 1945 г. у 10 гадзін раніцы пяць тысяч гармат і мінамётаў абрушылі свой агонь на форты, доты, агнявыя кропкі праціўніка. У 12 гадзін войскі 3-га Беларускага фронту пад камандаваннем Маршала Савецкага Саюза А.М. Васілеўскага пачалі штурм Кёнігсберга. Штурмавыя батальёны дзейнічалі смела і знаходліва, авалодалі абарончымі збудаваннямі горада. Завязаліся баі ў гарадскіх кварталах Кёнігсберга. У другой палове дня 6 красавіка савецкія войскі выйшлі ў раён гарадской радыёвяшчальнай станцыі. Яе дзве высокія радыёмачты апынуліся ў нейтральнай паласе. Камандзір 378-га стралковага палка падпалкоўнік А.І. Бяляеў прыняў рашэнне аб умацаванні на іх чырвоных сцягоў. Сабраў палкавых разведчыкаў. Запытаў, хто з іх гатовы да выканання адказнай баявой задачы. Не задумваючыся, пагадзіліся ўсе. Адабралі з усіх некалькі чалавек – нашага земляка Івана Шамецьку, украінца Іосіфа Міхальчука, рускіх Мікалая Нікалаева, Крылова, Сцяпанава і малодшага сяржанта Апанаса Сапожнікава. На камандны пункт палка было дастаўлена чырвонае палотнішча. Яго разрэзалі на дзве часткі. Кожную з іх прымацавалі да дрэвак.
Бой у горадзе не заціхаў. Да перадавой група дабралася хутка.
Радыёмачты знаходзіліся за сто метраў ад пазіцый савецкіх войскаў і за семдзесят – ад гітлераўскіх. Мясцовасць перад мачтамі была адкрытая, добра прастрэльвалася. Разведчыкі рушылі па-пластунску. Да самай далёкай мачты са сцягам першым кінуўся Іван Шамецька са сваім напарнікам малодшым сяржантам Апанасам Сапожнікавым. Да другой – Мікалаеў з Іосіфам Міхальчуком. Прыкрывалі іх Крылоў і Сцяпанаў. Дабраўшыся да радыёмачты, Шамецька па металічнай лесвіцы пачаў хутка падымацца ўверх. Над яго галавой свісталі кулі. Але ён пакарыў 50-метровую вышыню. Прымацаваў тэлефонным кабелем сцяг. Паспяхова ўзняла сцяг і група Нікалаева. Заданне было выканана. Калі гітлераўцы аледзіліся, убачылі чырвоныя сцягі, якія луналі над горадам, адкрылі моцны мінамётна-артылерыйскі агонь. Але збіць сцягі ім не ўдалося. Усе ўдзельнікі гэтага гераічнага ўчынку былі ўзнагароджаны ордэнамі Славы III ступені.
А.І.Гусеў
Камандзір самалёта.
Іосіф Аляксеевіч Шалаеў з в. Даўнары ў першы ж день вайны прызваўся ў армію. Прасіўся на фронт. Але камандаванне распарадзілася інакш: яго накіравалі ў лётнае вучылішча. Ён стаў баявым лётчыкам далёкабамбардзіровачнай авіяцыі, камандзірам паветранага карабля.
19 студзеня 1945 г. І.А. Шалаеў разам з экіпажам у складзе штурмана Сакалоўскага, стралка-радыста Дудко і стралка Жукава вылецеў з аэрадрома з тэрыторыі Чэхаславакіі. Ляцеў на Кракаў.
Раптам з’явіўся нямецкі знішчальнік.
Кулямётная чарга прабарабаніла па корпусе бамбардзіроўшчыка. Выйшла са строю перагаворнае ўстройства. Самалёт перакуліўся і пачаў рэзка падаць. Ад ўдару Сакалоўскі на нейкі момант страціў прытомнасць, ачуняўшы, з цяжкасцю адчыніў люк. Яго выштурхнула быццам корак з бутэлькі. Ледзь паспеў ірвануць кальцо парашута. Ён яшчэ не прызямліўся, як непадалёку раздаўся моцны выбух: узарваўся іх самалёт. Так загінуў наш зямляк. Жывым застаўся толькі штурман Сакалоўскі. Ён і расказаў пра гібель экіпажа. А.Е. Сакалоўскаму дапамаглі выратавацца браты-палякі Кароль і Францішак Валькі.
Уладзімір Марозаў
Удзячнасць бельгійскай каралевы.
Калі немцы рваліся да Ленінграда, над Нарвай насмерць стаяў узвод курсантаў, якім камандаваў лейтэнант Андрэй Варанкоў. Пераканаўшыся, што ў лоб ісці бессэнсоўна, немцы пайшлі ў абход і акружылі байцоў. Сілы былі няроўныя. Немцы падцягнулі гарматы і артылерыйскім агнём падтрымалі сваю пяхоту… Цяжка кантужаны, А. Варанкоў трапіў у палон. Яго шлях пралягаў праз Пскоў, Вільнюс, далей перасыльны пункт ваеннапалонных у г. Якабшталь. Штодзень тут гінулі людзі. Пастаянна дыміліся печы крэматорыяў. Дзесяткі тысяч вязняў былі адпраўлены на шахты Лімбурга здабываць вугаль. Разам з іншымі трапіў у Бельгію і А. Варанкоў. Вязні рыхтавалі ўцёкі. Але ўдавалася гэта нямногім. Тых, хто трапляў у рукі ворага пры ўцёках, на вачах усіх забівалі, заколвалі штыкамі, жывымі закопвалі ў зямлю. А. Варанкову ўсё ж удалося ўцячы. Бельгіец Ян Шарлотэнс дапамог яму і яго сябрам І. Дзедзькіну і М. Ляшчынскаму. Яны і пачалі ствараць партызанскі атрад, разумеючы, што забіты немец у Бельгіі не трапіць у Расію. Малады хлопец Г. Бракерс, які працаваў на ваенным заводзе ў Льежы, перадаў ім 11 пісталетаў. Камандзірам атрада стаў І. Дзедзькін, начальнікам штаба атрада А. Варанкоў. У розных кутках Бельгіі ствараліся савецкія партызанскія групы і атрады. У пачатку 1944 г. яны аб’ядналіся ў партызанскую брыгаду “За Радзіму”. А. Варанкоў стаў начальнікам штаба брыгады. Слава аб баявых справах “рускіх” хутка распаўсюдзілася. Бельгійцы назвалі А. Варанкова Жоржам Сметасам. Брыгада ўзаемадзейнічала з арміяй Супраціўлення, якой камандаваў камуніст Р. Дыспі.
- Самым суровым выпрабаваннем, - успамінаў А. Варанкоў, - былі баі за масты на каналах. Разам з бельгійскімі партызанамі мы змагаліся там 14 дзён. Сілы праціўніка пераўзыходзілі сілы партызан у дзесяць разоў. У ворага былі артылерыя і танкі, у нас – толькі аўтаматы, пісталеты і гранаты. Англаамерыканцы абяцалі бельгійцам скінуць зброю і боепрыпасы з самалётаў, але не зрабілі гэтага.
У гэтых баях А Варанкоў камандаваў двума атрадамі.
Пасля выгнання фашысцкіх войскаў з Бельгіі А. Варанкоў у ліку 30 савецкіх партызан быў узнагароджаны вышэйшым бельгійскім ваенным ордэнам. Бургамістр Гейце прыпаднёс яму залаты медаль горада. Выказала яму ўдзячнасць і бельгійская каралева Елізавета.
А. Варанкоў затым працаваў у савецкай ваеннай місіі па рэпатрыяцыі савецкіх грамадзян на Радзіму ў Парыжы.
Б. Кацман
Чарнаморац.
З успамінаў капітана 1-га рангу В. Сядлецкага, былога камандзірв карабля “МО-072”
… На наш карабель Іосіф Бабкоў прыбыў у якасці старшага матроса ў 1943 г. За плячамі яго быў ужо вялікі баявы вопыт, здабыты на караблях і ў часцях марской пяхоты. Пад шквальным агнём варожых батарэй і няспынных атак з паветра Бабкоў шматразова хадзіў рулявым на буксіры, які выконваў задачы па вывадзе недабудаваных караблёў і суднаў з Адэсы і Нікалаева ў парты Каўказа, па забеспячэнні баявых караблёў у севастопальскіх бухтах. У канцы снежня 1941 г. буксір выконваў надзвычай адказнае заданне камандавання па дастаўцы плаўбатарэі ў вызваленую Керч. Далей была праводка транспартаў праз лядовыя палі, мінныя загароды і няспынныя бомбардзіроўкі. У адным з гэтых вогненных рэйсаў уначы буксір быў патоплены.
І. Бабкоў адразу ж папрасіўся ў марскую пяхоту. У яе складзе ўдзельнічаў у баях за абарону Новарасійска і Туапсэ. Добраахвотнікам ішоў у радах першых дэсантаў і неўзабаве адным з першых высадзіўся на так званай Малой зямлі. Там паказаў сябе як мужны і адважны разведчык, які неаднойчы ўдзельнічаў у захопе “языка”. Пасля трох месяцаў баёў атрымаў трэцяе раненне і кантузію. Трапіў у шпіталь. Пасля кароткага курсу лячэння ён і быў накіраваны на наш баявы карабель боцманам, які да таго ж быў у разліку 45-мм гарматы. Аб такім падмацаванні мы толькі марылі. За лічаныя дні І. Бабкоў выдатна асвоіўся на караблі, пасябраваў з камандай. Менш дасягальнымі сталі для ворага нашы транспарты, якія мы праводзілі. А пры высадцы дэсанта ў порт Новарасійска каманда ўдала падавіла баявыя кропкі праціўніка і сама стварыла моцную агнявую заслону, што забяспечыла высадку дэсанта з баявых катэраў без усялякіх страт. Заслугу боцмана І. Бабкова ў гэтай сітуацыі цяжка пераацаніць.
Нам таксама даручалі ролю буксіра і дэсантнага судна. І пры гэтым даводзілася ўступаць у жорсткія паядынкі з варожымі катэрамі, з берагавой артылерыяй, самалётамі. А калі неўзабаве пачалася вядомая Керчанска-Эльтыгенская марская дэсантная аперацыя па вызваленні Керчанскага паўвострава, мы ў начным баі сустрэліся з вялікім баявым караблём немцаў і атрымалі перамогу. Пры вызваленні Севастопаля нашай галоўнай задачай была ахова тарпедных катэраў, якія атакавалі транспарты, падлодкі і караблі праціўніка. З гэтай задачай каманда паспяхова справілася. Нарэшце, наш баявы карабель удзельнічаў у вызваленні Канстанцы і Бургаса, і калі вайна на Чорным моры пасля завяршэння вызвалення Балгарыі закончылася, нас разам з іншымі камандамі накіравалі ў ЗША для прыёму караблёў па ленд-лізу. Паход быў вельмі адказны і таму адбор членаў камандаў вёўся строгі. Іосіф Бабкоў, старшына 2-й стацці, прайшоў яго без цяжкасцей. Атэстацыя воіна-чарнаморца была самай высокай…
Друкуецца па кн.: Памяць. Дзяржынскі раён. - Мінск, 2004. - С. 398-404.
Ермаловіч, В.І. Некалькі дзён з жыцця на перадавой/Валянцін Іванавіч Ермаловіч//Памяць:гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С.404-408.
Печкураў, А. “Язык” з Койданава // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С. 392.
Лысак, І.І. Шлях вызваліцеля // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С. 392.
Нашы землякі на франтах вайны. Залатыя зоркі Дзяржыншчыны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С. 393-398.
Салаўёў, Н. На зямлі і ў небе // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С. 398.
Лысак, І.І. Змагаўся 16-ы пагранполк // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С. 399-400.
Некалькі дзён з жыцця на перадавой: з успамінаў В.І. Ермаловіча, вэтэрана вайны, заслужанага работніка культуры Беларусі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С. 404-408.
Крутымі дарогамі вайны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С. 408-412.
Вярнуліся пераможцамі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С. 412-450.
Загінуўшыя партызаны, удзельнікі антыфашысцкага падполля, асобы, якія садзейнічалі партызанскаму руху і падполлю//Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С. 452-469.
Мірныя жыхары - ахвяры фашысцкага тэрору//Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С.469-476
Воіны Чырвонай арміі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пры вызваленні Дзяржынскага раёна і пахаваны на яго тэрыторыі//Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С. 476-484
Воіны-землякі, якія загінулі ці прапалі без вестак на форантах Вялікай Айчыннай вайны//Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С.484-551.