Яўстафій Янушкевіч

Нарадзіўся Яўстафій Напалеон Севярын Станіслаў Костка Янушкевіч 26 лістапада 1805 года ў вёсцы Прусы былога Слуцкага павета (зараз Салігорскі раён), у сям’і, якая паходзіла з вядомага шляхецкага роду. Бацька яго, Міхаіл Янушкевіч, даслужыўся да звання падпалкоўніка польскіх войскаў, а патэнт на гэты чын атрымаў з рук Тадэвуша Касцюшкі. Маці, Тэкля Сакалоўская, па лініі сваёй маці была сваячкай Касцюшкам. У Тэклі і Міхаіла Янушкевічаў нарадзілася 4 сыны – Адольф, Яўстафій, Рамуальд, Януарый – і 5 дачок – Соф’я, Юлія, Касільда, Каміла і Валерыя. Сям’я часта мяняла месца жыхарства. Спачатку Янушкевічы былі ўладальнікамі фальваркаў у Слуцкім павеце, а ў 1821 годзе набылі фальварак Дзягільна (цяперашні Дзяржынскі раён) з засценкам Садкаўшчына. Дагэтуль Дзягільна належыла князю Дамініку Радзівілу і перайшло да Янушкевічаў падчас вырашэння маёмасных спраў.
У 1816 годзе бацькі накіравалі Яўстафія на вучобу ў Нясвіжскую дамініканскую школу, пасля сканчэння якой Яўстафій працягваў навучанне ў Віленскай гімназіі. Юнак быў вельмі здатны да вучобы: дасягнуўшы 16 гадоў, паступіў у Віленскі універсітэт, які скончыў у няпоўных дваццаць. Падчас вучобы ва універсітэце Яўстафій часта наведваў бацькоў. 
У Віленскім універсітэце ў той час навучаліся Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Стэфан Зан, з якімі Яўстафій меў добрыя сяброўскія адносіны. 
Пасля заканчэння ўніверсітэта Яўстафій быў запрошаны на пасаду генеральнага сакратара Пракураторыі Радзівілаўскай масы.
Калі пачалося паўстанне 1830-1831 года, браты Янушкевічы былі актыўнымі яго ўдзельнікамі. Пасля паражэння паўстання Яўстафій, ратуючыся ад пакарання, эмігрыраваў у Францыю. У Парыжы Яўстафій Янушкевіч заснаваў і выдаваў газету  «Польскі пілігрым», якую рэдагаваў Адам Міцкевіч,  выдаваў яго творы, заснаваў Польскую друкарню і кнігарню. Тут ён напісаў свае творы «Успаміны» (1805-1831), «Успаміны з часу аблогі Парыжа», «Нататкі і ўспаміны пра жыццё А. Міцкевіча», «Апошнія хвіліны Іаахіма Лялевеля», сабраў падарожныя нататкі свайго брата Адольфа, якія выдаў Ф. Врантоўскі пад назвай «Жыццё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргізскіх стэпаў».

Паэт Юліуш Славацкі прысвяціў Яўстафію Янушкевічу свае вершы «З ліста да кнігара», «Мой Яўстафій».

 Юліуш Славацкі

Яшчэ стаяць перад вачыма
Ружы, пальмы, вежы, гмахі,
Каір, Фівы, Цір, Саліма,                                   
Мой Яўстафій.  

Трэба доўга адпачыць,
Каб прывыкнуць бачыць дахі,
Замест пальм, шаўкоў і неба,
Мой Яўстафій.
Юліуш Славацкі  
Вернеш ты мне з летаргу,                                                        
Зменшыш ты мне ружаў пахі,                                         
Пахам кнігаў,
Мой Яўстафій.                                                                                           

Яўстафій Янушкевіч часта ўспамінаў сваё Дзягільна, захапляўся прыродай яго наваколля. Вось радкі з яго ўспамінаў: «А якое гэта прыгожае месца… За былым домам, у якім мы жылі, бо цяпер Януарый пабудаваў каля сада новы, працякае ад ускрайку сада да става вялікі гаючы ручай. А цясніны зараслі бярозамі і піхтамі.  З другога боку (сада) уздымаецца капліца, якая цяпер апуcцела, бо Маскоўскі ўрад забараняе яе аднаўленне, а не даходзячы да яе сярод дрэў ляжаць магілы. Дай Божа, каб  гэта каханае Дзягільна не перайшло ў Маскоўскія рукі… ».
Сам Яўстафій Янушкевіч болей ніколі не трапіў на радзіму, не пабачыў Дзягільна і быў пахаваны ў 1874 годзе на парыжскіх могілках Манмарансі. (Больш падрабязную інфармацыю можна атрымать у Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы)


Надмагільны помнік Яўстафію Янушкевічу на могілках Манмарансі.



 

Яўстафій Янушкевіч. Малюнак невядомага мастака. 1851 г.