Вызваленне

Дзяржынскі раён быў вызвалены ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 г. (кодавая назва “Баграціён”).

Войскі 2-га Беларускага фронту, якія ўдзельнічалі ў Мінскай аперацыі 1944 г., праследавалі праціўніка. Паводле дырэктывы Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандавання ад 4 ліпеня 1944 г., войскі атрымалі задачу без аператыўнай паўзы развіваць наступленне ў напрамку на Навагрудак, Ваўкавыск, Беласток, у ходзе якога завяршыць разгром рэштак 4-й і 9-й нямецкіх армій, не даць ім магчымасці замацавацца і арганізаваць супраціўленне на загадзя падрыхтаваных да абароны рубяжах.

На тэрыторыі Дзяржынскага раёна разгарнуліся баі па разгроме разрозненых груповак нямецка-фашысцкіх войскаў, якія прарваліся з бабруйскага і мінскага “катлоў”. Частка групы генерала В. Мюлера (800 чалавек), якая вырвалася з акружэння, рухалася на захад. Яна фарсіравала раку Пціч каля Самахвалавіч і рушыла да в. Возера Уздзенскага раёна. Тут яна сутыкнулася з рухомым атрадам 50-й арміі і была ліквідавана. Другая частка (1000 чалавек) дасягнула в. Дабрынёва. У ходзе баявых аперацый савецкія войскі 6.7.1944 г. вызвалі вёскі Дзямідавачы і Дабрынёва. У гэты ж дзень злучэнні 48-й арміі вызвалілі Негарэлае. Жорсткія баі ішлі за чыгуначную станцыю. У іх значную ролю адыгрывала савецкая авіяцыя, якая нанесла моцныя ўдары па праціўніку.

7 ліпеня Дзяржынск быў вызваленны ў выніку Беластоцкай аперацыі 1944 г. – састаўной часткі Беларускай аперацыі. У вызваленні раёна дапамагалі партызаны. Яны былі незаменнымі праваднікамі, дабывалі звесткі аб праціўніку, яго абарончых збудаваннях, вялі сумесныя баі. Характарызуючы значнасць разведданых, якія паступалі ад партызан, член ваеннага савета 2-га Беларускага фронту генерал-лейтэнант А.Д. Акаракоў пісаў: “…данясенні ад нашых слаўных партызан паступалі рэгулярна. Народныя мсціўцы былі нашымі вачамі і вушамі. Дзякуючы такім каштоўным данясенням, штабу фронту станавіліся зразумелымі ўсе дзеянні ворага, што аблегчыла выкананне задачы па разгроме нямецкіх войскаў у Беларусі”. Асабліва вызначыліся партызаны па ачышчэнні лясоў ад разрозненных разбітых варожых груп. Так, партызаны брыгады імя І.В. Сталіна ўзялі ў палон 600 нямецкіх салдат і афіцэраў, захапілі значныя трафеі, у тым ліку і дакументы штаба 217-га грэнадзёрскага палка. У сумесных баях з часцямі Чырвонай арміі партызаны 200-й брыгады імя К.К. Ракасоўскага ўзялі ў палон 1200 гітлераўцаў і адканваіравалі іх на зборны пункт.

Высока ацаніў дапамогу беларускіх партызан камандуючы 3-й арміяй генерал-палкоўнік А.В. Гарбатаў, які 16.7.1944 г. пісаў: “…Адзначаю выдатную баявую работу чэрвеньскіх партызан і дзяржынскай брыгады Баранава (партызанская брыгада імя К.К.  Ракасоўскага - А.В.), якія ўмела і мужна змагаліся супраць праціўніка, што імкнуўся вырвацца з бабруйскага і мінскага “катлоў”…”.

“Вялікую дапамогу ў ачышчэнні тэрыторыі ад праціўніка аказалі нам мясцовыя жыхары і партызаны – сапраўдныя гаспадары беларускіх лясоў”, - пісаў Маршал Савецкага Саюза Г.К. Жукаў.

Партызаны, якія дзейнічалі на тэрыторыі Дзяржынскага раёна, уліліся ў шэрагі Чырвонай арміі.

Насельніцтва Дзяржынскага раёна, як і ўсёй Беларусі, актыўна дапамагала часцям Чырвонай арміі і партызанам вылоўліваць салдат і афіцэраў разбітых нямецка-фашысцкіх часцей.

Мужнасць і гераізм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі праявілі нашы слаўныя землякі. Больш за 4 тысячы жыхароў Дзяржынска і раёна змагаліся з ворагам у Чырвонай арміі, падполлі, партызанскіх брыгадах і атрадах. Каля 3 тысяч савецкіх воінаў і партызан, ураджэнцаў Дзяржыншчыны, узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі.

Нашы землякі Н.Ф. Рыдзеўскі і І.І. Зварыка з канца ліпеня 1944 г. да вясны 1945 г. паспяхова дзейнічалі ў складзе разведвальнай спецгрупы “Джэк” ва Усходняй Прусіі. Гераізм спецгрупы апісаны ў кнізе “Парашуты на дрэвах” адным з яе ўдзельнікаў Н.Ф. Рыдзеўскім. Паводле гэтай кнігі на кінастудыі “Беларусьфільм” зняты мастацкі фільм.

У руху бельгійскага Супраціўлення актыўны ўдзел прымаў інжынер з Дзяржынска А.В. Варанкоў. Пасля ўцёку з лагера Лімбурга ў 1943 г. ён разам з суайчыннікамі лейтэнантам І.А. Дзедзькіным і інтэндантам М. Ляшчынскім стварыў партызанскі атрад. У пачатку 1944 г. савецкія атрады, якія дзейнічалі ў Бельгіі, аб’ядналіся ў партызанскую брыгаду “За Радзіму”, дзе А.В. Варанкоў стаў начальнікам штаба. Пасля вызвалення Бельгіі ад нямецка-фашысцкіх войскаў А.В. Варанкоў у ліку 30 іншых савецкіх партызан быў узнагароджаны вышэйшым ваенным ордэнам гэтай краіны.

Шэсць ураджэнцаў Дзяржынскага раёна былі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза – Аляксандр Кандратавіч Бурак, Антон Іосіфавіч Гурын, Марат Іванавіч Казей, Іван Сямёнавіч Леановіч, Яўген Іванавіч Фаміных, Мікалай Піліпавіч Шарко. У Дзяржынску жыў і працаваў Іван Сцяпанавіч Шмея – кавалер ордэнаў Славы трох ступеней.

А. І. Валахановіч

Друкуецца па кн.: Памяць. Дзяржынскі раён. -  Мінск, 2004. - С. 386-387.

Аператыўная дырэктыва ваеннага савета 2-га Беларускага фронту. 4 ліпеня 1944 г. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С. 387-389.

Аб узаемедзеянні 22-й партызанскай брыгады імя К.К. Ракасоўскага з часцямі Чырвонай арміі. Ліпень-жнівень 1944 г. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С. 389.

Лемяшонак, У.І. З баявых дзеянняў партызанскага атрада імя В.П. Чкалава 200-й брыгады імя к.К. Ракасоўскага // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С. 389.

З дапаўнення да аператыўнай зводкі за 4 ліпеня 1944 г. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С. 389-390.

З аператыўнай зводкі за 5 ліпеня 1944 г. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С. 390.

Даведка архіва міністэрства абароны СССР у г. Падольск аб вызваленні г. Дзяржынск. 26 снежня 1974 г.  // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С. 390.

Валахановіч, А.І. Пытанне аб капітуляцыі 4-й нямецкай арміі вырашалася ў Дзягільна // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск, 2004.- С. 390-391.

Анонсы

Декабрь
«Поэт гармонии и красоты»: поэтический салон по творчеству Федора Тютчева
Начало в 14:00

Декабрь
«Путешествие в зимнюю сказку»: кладовая развлечений в студии развивающего чтения «Я читаю! Я расту!»
Начало в 11:00

Декабрь
«Новогодние подарки»: кладезь идей в клубе нескучных идей «Делай, как Я!»
Начало в 15:00