Родился в 1920 году.
С 1940 года в Красной Армии.
Участник Великой Отечественной войны. Награжден пятью орденами.
С 1945 до 1970 г. работал председателем колхоза в разных районах Брестской области.
В 1970 – 1980 гг. – председатель колхоза “Россия” Дзержинского района.
Звания “Почетный гражданин Дзержинского района” удостоен в 2001 году.
Таранаў Алег Іванавіч. Нарадзіўся 1 мая 1920 года ў станіцы Прэснагоркаўка Кустанайскай вобласці. Адукацыя сярэдняя спецыяльная. Закончыў Пружанскі саўгас-тэхнікум. Узнагароджан ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1 ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Знак Пашаны, шаснаццаццю медалямі.
Інвалід II групы Вялікай Айчыннай вайны. Капітан у адстаўцы.
Алегу Іванавічу хутка споўніцца 75. Але выглядае яшчэ малайцом. На здароўе не скардзіцца. Ганарыцца тым, што ён з пакалення сібірскіх казакоў. А людзі з гэтай кагорты ніколі не былі кволымі. У сям'і, дзе рос Алег, было дзевяць дзяцей. Да гэтага часу добрым словам успамінае сваіх бацькоў - Івана Андрыянавіча і Таццяну Міхайлаўну. Яны вучылі дзяцей быць сумленнымі, добразычлівымі, працавітымі.
Пасля васьмі класаў Алег Таранаў па камсамольскай пуцёўцы паехаў на будаўніцтва чыгункі ў Акмолінскую вобласць, што ў Казахстане. У кастрычніку 1940 года дваццацігадовага юнака прызвалі на тэрміновую службу ў Чырвоную Армію. Трапіў служыць пад Беларусь. Яго вайсковая часць знаходзілася непадалёку ад Полацка. Вучыўся ў школе сяржантаў палкавой артылерыі. Выпусцілі малодшых камандзіраў-артылерыстаў датэрмінова ў маі 1941 года. А. Таранаву было прысвоена званне сяржанта. Артылерыйскі полк, дзе служыў Алег, перадыслацыраваўся пад г. Бельск, што на мяжы з Польшчай.
Як запомніўся А. Таранаву пачатак вайны?
— Інакш, як камедыяй гэта не магу назваць, — успамінае Алег Іванавіч. — Наш 359-ы артполк 50-ай стралковай дывізіі стаяў пад Беластокам. Бачым, як 22 і 23 чэрвеня над намі пралятаюць эскадрыллі нямецкіх самалётаў, але не бамбяць. Ніякай каманды, што рабіць — ні з Мінска, ні з Масквы — не паступае.
Праз два дні, нарэшце, даведваемся, што Германія напала на Савецкі Саюз. Паднялі нас па трывозе 24 чэрвеня кажуць, трэба адступаць, бо немцы ўжо пад Мінскам.
Адступалі ў напрамку на Барысаў. Без баёў дайшлі да старэйшага горада на Беразіне. Помню, стаяў спякотны ліпень. У першы бой увязаліся ў Барысаве. Наша палкавое начальства вырашыла адбіць у немцаў мост праз Беразіну. Мне і майму аддзяленню было загадана акапаць дзве 76-міліметровыя артылерыйскія гарматы і прыкрыць адыход палка праз мост. Зрабілі, як было загадана. Паўдня чакаем немцаў. Нарэшце, убачылі калону танкаў. Ідуць у напрамку да моста. Наша задача — адкрыць агонь па іх, затрымаць пераправу.
Прызнацца, ніхто з майго артылерыйскага разліку за час вучобы ў палку ні разу не страляў з гарматы. Вучылі толькі тэорыю. А каб пастраляць - не хапала снарадаў. Першы прыцэльны стрэл — міма, другі — таксама ў «малако». Нарэшце, з трэцяга выстралу снарад трапіў у танк. Ён загарэўся. Далей нічога не памятаю. Ачнуўся ноччу, у небе зіхацяць зоркі, вакол усё разварочана, разбітыя гарматы тырчаць з зямлі, увесь разлік загінуў. Зразумеў, што мяне кантузіла, калі ў наш разлік трапіў нямецкі снадад. Потым заўважыў, што асколкам зачапіла нагу, вырвала кавалак мяса, але ісці можна. Падаўся на ўсход. Па дарозе сустрэў пяць артылерыстаў са сваёй дывізіі. Усе галодныя, ужо два ці тры дні ў роце і расінкі не было.
Вось такім запомніўся пачатак вайны Таранаву. Пра гэты перыяд ён амаль не хоча ўспамінаць.
— Пра што расказваць?— пытаецца ветэран. — Пра бяздарнасць нашага камандавання? Павальную гібель чырванаармейцаў, іх паўгалоднае, паўжабрацкае існаванне? Ведаеце, якая злосць тады была на ўсіх і на ўсё? Чаму да вайны аказаліся непадрыхтаванымі? Цяпер многа з таго паўтарылася ў Чачні, пакуль навучыліся ваяваць. Столькі палонных салдат і афіцэраў трапілі да Дудаева! I нас немец браў голымі рукамі...
...Сяржант Таранаў і яшчэ пяць адступаўшых байцоў вырашылі заначаваць на могілках. На досвітку іх немцы і ўзялі пад аўтамат. Павезлі назад, у Барысаў, пасялілі ў вайсковых казармах. Там ужо былі сотні, тысячы такіх, як ён, узятых у палон. 3 Барысава палонных павезлі ў Мінск. Некалькі сутак правялі ў лагеры для ваеннапалонных, што размяшчаўся на беразе Свіслачы. Затым пешым ходам усіх пагналі ў Стоўбцы. Колькі сутак ішлі, Алег Іванавіч ужо дакладна і не прыпомніць. Хто быў слабейшы ці паранены — так і застаўся ляжаць прыстрэленым дзесьці пры дарозе.
— У Стоўбцах нас пагрузілі ў вагоны-цялятнікі і павезлі ў г. Белападляск, што ў Польшчы, — прыгадвае А. I. Таранаў. — Мы прадчувалі, што нас вязуць на катаргу, ці ў канцлагер. Трое дужых мужчын і я, чацвёрты, згаварыліся ўцячы з эшалона. Ноччу, адарваўшы рашоткі, выскачылі на хаду.
Ішоў жнівень 1941 года. Падаліся зноў на Усход, да лініі фронту. Але ён ужо быў далёка пад Смаленскам. Пераправіліся ўплаў праз Буг. У Маларыцкім раёне сустрэлі партызанскую групу Скаварады, якая складалася ў асноўным з чырвонаармейцаў, якія адступалі і засталіся ў лясах. У верасні сяржант А. Таранаў ужо быў у складзе партызанскага атрада імя Варашылава, якім камандаваў Барыс (клічка). I не ведаў ён нічога аб тым, што прыкладна ў гэты ж час на радзіму ў Казахстан бацькам прыйшла пахавальная, у якой паведамлялася, што іх сын Алег Таранаў геройскі загінуў у баі за г. Барысаў. I бацькі аж да лета 1944 года нічога не ведалі, што Алег жывы і б'е фашыстаў у беларускіх лясах. Толькі пасля вызвалення Беларусі Алег Іванавіч змог паслаць сваё першае пісьмо ў далёкі Казахстан. Атрымаўшы з дому ліст, даведаўся, што яго ўжо даўно пахавалі, а ён ваяваў, нічога пра гэта не ведаючы.
— Вось такая выйшла накладка ў маёй ваеннай біяграфіі, — усміхаецца ветэран, успамінаючы гэты эпізод.
Алег Іванавіч не шкадуе гадоў, што правёў у лясах Беларусі ў партызанах. Яны навучылі яго многаму. I перш за ўсё жыццёвай мудрасці, смеласці, чалавечнасці. Ужо восенню 1941 года партызанскі атрад імя Варашылава, у складзе якога быў і А. Таранаў, вёў актыўныя баявыя дзеянні на тэрыторыі Дзвінскага і Маларыцкага раёнаў. Рабілі для немцаў засады, пускалі пад адхон эшалоны з жывой сілай і тэхнікай. Некалькі паспяховых аперацый правялі на чыгунцы Брэст — Ковель. Карнікі ўзмацнілі барацьбу з «ляснымі бандытамі» і адцяснілі атрад імя Варашылава ў Пінскія лясы і балоты. У баях партызаны страцілі шмат людзей. I калі ў верасні 1942 года сустрэліся з легендарным партызанскім камандзірам Васілём Захаравічам Каржом, ад атрада засталося толькі 52 чалавекі. Корж у той час ужо ўзначальваў першае Пінскае партызанскае злучэнне. Ен прапанаваў варашылаўскім байцам уліцца ў яго злучэнне.
Групу, у якую ўвайшоў і А. Таранаў, накіравалі на тэрыторыю Давыд-Гарадоцкага раёна для арганізацыі там партызанскага руху.
— У студзені 1943 года «лясныя браты» прынялі мяне ў партыю, — расказвае А. I. Таранаў. — Нам тады было вельмі цяжка, карнікі дужа насядалі. Вясной 1943 года В. Корж назначыў мяне камандзірам партызанскага атрада імя Ракасоўскага. У ім было 300 чалавек. Мы рабілі «вылазкі» у многіх месцах Давід-Гарадоцкага раёна, не давалі ворагу спакою ні днём, ні ноччу. У адным з баёў у снежні 1943 года мяне другі раз моцна кантузіла і параніла. Ляжаў у медсанчасці, лячыўся.
Пасля вызвалення Беларусі партызанскага камандзіра Алега Таранава накіроўваюць старшынёй гарсавета Давід-Гарадка.
У 1955 годзе камуніста Таранава выклікалі ў Брэсцкі абком партыі, дзе ён атрымлівае прапанову ўзначаліць калгас «40 гадоў Кастрычніка» Лунінецкага раёна. Тут працаваў 15 гадоў. У 1970 годзе А. Таранаў пераехаў на Дзяржыншчыну, дзе ўзначаліў калгас «Расія». Дзесяць гадоў старшынстваваў у гэтай гаспадарцы.
Ен аддаў рабоце 53 гады. 25 гадоў узначальваў гаспадаркі. 15 гадоў таму назад пайшоў на заслужаны адпачынак. Цяжка было прывыкаць жыць у чатырох сценах кватэры. Але звыкся з абстаноўкай, заняткі спортам не давалі сумаваць.
Цікавімся, як настрой у ветэрана напярэдадні 50-годдзя Вялікай Перамогі, дзе думае сустракаць свята?
— Настрой бадзёры, а дзе сустрэну свята — пакуль не ведаю, — гаворыць Алег Іванавіч. —Саракавую Перамогу я святкаваў у Маскве.
Вы пытаецеся, як жыву цяпер? I ворагу не пажадаеш. Многія з нас існуюць. Уся надзея на прэзідэнта Лукашэнку і новы састаў Вярхоўнага Савета. Спачатку трэба народ накарміць. Галодны чалавек не здольны вырашаць вялікія справы.
Цяпер на языку ва ўсіх калгасна-саўгасная сістэма. Хто-хто, а я ў ёй 25 гадоў варыўся. Глыбока перакананы, што ў тым стане, у якім сёння знаходзяцца калектыўныя гаспадаркі, нам непатрэбны аджылі сваё. Усе ў калгасе працавалі з-пад палкі. I гэта зразумела. Не сваё ж, агульнае. Каму хочацца на агульным пуп надрываць, як на сваім? Асабістай зацікаўленасці практычна няма. Здзіўляюся, колькі разоў рэфармавалі вёску, колькі шышак панабівалі на ілбах, а вось належных вывадаў не зрабілі. Хто стварае аграфірмы, хто ідзе на акцыніраванне. Але ўсё гэта разумна трэба рабіць. Якіх-небудзь рэцэптаў даць не магу, ды і ўзрост не той. Спадзяюся, ёсць у нас кемлівыя маладыя галовы. Вось ім і трэба смела браць лёс дзяржавы на сябе.
Развітваючыся, пажадалі Алегу Іванавічу і яго жонцы Наталлі Сямёнаўне моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Алег Іванавіч адразу заўсміхаўся, сказаў:
— Кожную раніцу сорак мінут гімнастыцы аддаю —і не шкадую. Хварэю рэдка, а калі прыхопіць часам, то лячуся народнымі сродкамі.
Вельмі прыемна бачыць у вачах ветэрана зарад бадзёрасці і аптымізма.
Барыс САВІНАЎ, Міхаіл ПРАЖЭНІК
Орден Отечественной войны II степени
Орден Трудового Красного Знамени
Орден “Знак Почета”
Орден Красного Знамени
Орден Отечественной войны 1-й степени
«…Там Беларуси выше всей земля Дзержинщины моей…»/ Авт. текста А.С. Криворот [и др.] . – Минск, 2001. – С.7.
Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна.- Мінск: БЕЛТА, 2004.- С.411, 593.
Дзержинск. 860 лет / текст О.Ф. Черненко [и др.].- Минск: РИФТУР, 2006.- С.8.
Минская область: энциклопедия. Д – Я.- Минск, 2007.- С. 29.
Долготович, Б.Д. Почетные граждане белорусских городов: биографический справочник/ Б.Д. Долготович.-Минск: Беларусь, 2008 .- С. 273.
“…Там Беларуси выше всей земля Дзержинщины моей”/ Авт. текста О.Ф. Черненко [и др.].- Минск: РИФТУР, 2010.- С.8.
Савінаў, Б. “Мяне пахавалі, а я ваяваў…” /Барыс Савінаў, Міхаіл Пражэнік // Сцяг Кастрычніка.- 1995.- 5 красавіка.
http://voenspez.ru/index.php?topic=1780.40
http://forum.patriotcenter.ru/index.php?topic=76.60
http://kajdan.eto-ya.com/a-i-valahanovich-a-n-kulagin-dzerzhinschina-kojdanava-kalvina-2012
http://www.dzr.by/?page_id=10562
http://kajdan.eto-ya.com/dzerzhinsk-860-let-kojdanava-kalvina-2013
Савинов, Б. И партизанский командир, и председатель колхоза / Борис Савинов // Узвышша. - 2017. - 22 верасня. - С. 5.