19 снежня 2014 года "нёманцы" завіталі на традыцыйную калядную сустрэчу да "вытокаўцаў".
Прыемным сюрпрызам для гасцей і гаспадароў свята стала творчае прывітанне ад Старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, якое ён перадаў пры асабістай сустрэчы члену СПБ, удзельніку літаратурна-паэтычнага клуба "Выток" Барысу Савінаву.
Член СПБ Рэгіна Рэўтовіч прысвяціла ўздзенцам вершы-эпіграмы, якія былі сабраны ў паэтычны зборнік "Паэтычным радком пра сяброў". Дарэчы, гэтае выданне "нёманцы" атрымалі ў якасці падарунка разам з ярка ілюстраваным фотаальбомам, дзе прадстаўлены ўсе творчыя справы "Вытока" за апошні час. У сваю чаргу дырэктар Уздзенскай раённай бібліятэкі Аксана Драчан уручыла дзяржынцам краязнаўчы каляндар "Сем цудаў Уздзеншчыны".
На вечарыне гучалі любімыя і новыя паэтычныя і празаічныя творы сяброў па пяру. Непаўторна і шчыра кампазітар і выканаўца Тамара Кашчэва выканала песні, аўтарамі слоў якіх з’яўляюцца паэты і Уздзеншчыны, і Дзяржыншчыны. На калядную сустрэчу завіталі Дзед Мароз і Матухна-Зіма, якія разам з гасцямі спявалі навагодні хіт "У леса на опушке жила зима в избушке". Сапраўдным калядным сюрпрызам было "салодкае прадказанне лёсу" на 2015 год.
На развітанне паэты ў чарговы раз прыйшлі да высновы, што такія сустрэчы неабходны, каб атрымліваць новыя магчымасці для развіцця літаратурных здольнасцей і своеасаблівага абмену творчым вопытам.
Валошка квітнее не толькі на беларускіх палях, але і ў паэтычным кветніку Дзяржыншчыны: заўжды шчодра дзеліцца сваёй усмешкай паэт-аматар, удзельнік літаратурна-паэтычнага клуба "Выток" Аксана Хацкевіч. 13 снежня 2014 года ў чытальнай зале Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылася яе творчая вечарына.
Сціплая, добразычлівая, рознабакова адораная, Аксана з дзіцячых гадоў захаплялася музыкай і вершамі. Першыя спробы вершаскладання былі яшчэ ў пачатковых класах. Спачатку на рускай мове, а потым і на беларускай. А ў старэйшых класах у паэтычным таленце Аксану ўпэўніла яе настаўніца рускай мовы і літаратуры ДУА "Гімназія №1 г.Дзяржынска" Васільева Вольга Аляксандраўна. Пачаткам друкаваных работ аўтара з’яўляецца верш, прысвечаны каханню, які быў змешчаны ў раённай газеце "Сцяг кастрычніка" ў 1992г "Красиво, нежно говорил". У час сустрэчы ад бацькоў госці даведаліся, што захапленне вершамі – гэта справа сямейная!
Валодаючы душой паэта, Аксана неаднаразова прымала ўдзел у шматлікіх літаратурных конкурсах. Тэматыка вершаў Аксаны – разнастайная. А дзякуючы мужу Аксаны, Вадзіму, яе паэзія набывае лірычны настрой, і тэма кахання гучыць так шчыра і натхнёна! Яму і была прысвечана песня "Моя половинка", аўтарам слоў і музыкі з’яўляецца Аксана. Яшчэ госці сустрэчы даведаліся, што Аксана з тых жонак, якія з гумарам падыходзяць да сямейных праблем і часам можа не толькі ўсміхнуцца, але і трапна ўшпіліць! Падставу гэтаму лёгка ўбачыць у байцы "Цвік".
Жыццёвы прынцып аўтара: рабі людзям дабро, і яны заўсёды аддзячаць табе дабром. Увесь час яна імкнецца жыць так, як колісь вучылі бацькі, каб сорамна не было ні перад сабой, ні перад роднымі. Шчыра падзякавала Аксана – вершам "Мае карані", а госці сустрэчы – апладысментамі маці Валянціне Іванаўне і бацьку Яўгену Маркавічу за цудоўнае выхаванне дачкі. Дарэчы, сёлета на раённым конкурсе аўтарскага верша сярод настаўнікаў "Пра маці можна гаварыць бясконца" пераможцай была менавіта Аксана!
Вялікая колькасць дзіцячых вершаў Аксана прысвяціла сваім дачкам. І пакуль малодшая дачка Соф’я яшчэ замацоўвае свае артыстычныя здольнасці, старэйшая дачка Лера з задавальненнем прачытала верш пра запяканку "Смяшынка".
А вось музыкай усур’ёз Аксана захапілася зусім нядаўна, стала пісаць уласныя песні. Дапамагаюць надаваць вершам Аксаны музычнае гучанне Пяткун Алег Мечыслававіч, Асадчая Ірына Ігараўна, Шаклеіна Аксана Валер’еўна. У песен Аксаны ўжо нават складаецца свой лёс. Так, першай выканаўцай песні "Белорусский маячок" была Маслоўская Ліза, а зараз эстафету яе выканання Ліза перадала Мікалайковай Насці і "свой фонарик-светлячок" яна запаліла для гасцей сустрэчы.
Вершы Аксаны з’яўляюцца ўрокамі духоўнасці, садзейнічаюць выхаванню любові да ўсяго жывога, адказнасці за свае ўчынкі. Жыццёвы запавет нашчадкам прачыталі Караліна Анікевіч і Аліна Жураўлёва.
Паэзія – гэта не проста адзін з відаў мастацтва. Гэта свет, які вядзе па жыцці, адлюстроўвае стан душы чалавека. Шчырыя і ўзнёслыя словы прысвяціла Аксана бібліятэцы і клубу "Выток".
Аксана раскрывае сваю душу ў вершах. З цягам часу яны адзін за адным занатоўваюцца на старонках паэтычных зборнікаў. Не дачакаўшыся друкарні, выйшлі самавыданнем: "С любовью в сердце" і "Рецепт счастья". А сёлета ўбачыла свет "Беларуская валошка", надрукаваная ўжо ў выдавецтве.
Гучалі ў выкананні Аксаны і вершы-прысвячэнні сябрам – Лукашэвіч Наталлі і Леановіч Вользе, і суседзям – сям’і Чэрнік. Напрыканцы вечарыны прыемным сюрпрызам для Аксаны было музычнае віншаванне ад вучняў ДУА "Гімназія г.Дзяржынска", а менавіта – вакальнай групы "Веснушки" пад кіраўніцтвам Юрасевай Вольгі Барысаўны.
Няхай вершы Аксаны будуць спадарожнікамі ў жыцці кожнага з нас, а самой Аксане мы пажадаем, творчага натхнення і новых прыемных сустрэч, каб кожны раз шчыра пелася: "Как здорово, что все мы здесь, сегодня собрались!"
29 лістапада адбылася чарговае паседжанне літаратурна-паэтычнага клуба "Выток", якое было прысвечана бацькам.
Удзельнікі сустрэчы чыталі свае вершаваныя прызнанні, разважанні, асноўнай тэмай якіх з’яўлялася думка: "Мудрость родительской любви мы понимаем, став взрослее..."
У паэтаў атрымалася шчыра выказаць у творах сваю роспач ад незваротнасці часу, ад немагчымасці змяніць мінулае і папрасіць прабачэння ў любых таты і маці за выпадковыя крыўды.
Працягам сустрэчы было абмеркаванне планаў на наступны год – Год моладзі. З мэтай падтрымаць юныя таленты прагучала прапанова сустрэцца з маладымі паэтычнімі талентамі Дзяржыншчыны. Таксама ўдзельнікі паседжання падкрэслілі неабходнасць захоўвання традыцыі паэтычных сустрэч з навучэнцамі ДУА "Абласны аграрна-тэхнічны прафесіянальны ліцэй".
Паэты з задавальненнем пагадзіліся на працягу наступнага года фарміраваць тэматычныя падборкі вершаў і абагульняць іх у зборніках клуба. Актыўнае абмеркаванне планаў сведчыла аб згуртаванасці ўдзельнікаў клуба, жаданні цікава праводзіць сустрэчы і магчымасці здзяйснення новых творчых падзей разам з любым літаратурна-паэтычным клубам "Выток".
12 лістапада 2014 года ў бібліятэцы ДУА "Обласны аграрна-тэхнічны прафесіянальны ліцэй" адбылася дэгустацыя паэтычных навінак "вытокаўцаў".
Удзельнікамі сустрэчы былі паэты літаратурна-паэтычнага клуба "Выток" і навучэнцы першага курса, якія атрымліваюць спецыяльнасць "Тэхнічнае забеспячэнне сальска-гаспадарчых работ. Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіля". А прадстаўляла аўтараў і іх творчасць кіраўнік клуба Наталля Лебядзеўская.
А паэт-аматар Павел Шкель даў моладзі свой запавет.
Творчасць паэтаў не пакінула абыякавым нікога з ліцэістаў: адны вырашылі служыць у пагранічных вайсках, іншыя – паспрабаваць сябе ў вершаскладанні.
Зацікаўленыя навучэнцы задалі пытанні, на якія атрымалі змястоўныя адказы аўтараў. Развітваючыся, госці сустрэчы пажадалі, каб навучэнцам штодня спрыяў поспех і лёс засцерагаў ад непрыемнасцей.
А як бы ні склаўся далейшы лёс навучэнцаў, відавочна тое, што такія творчыя сустрэчы даюць ім магчымасць узнавіць пачуцці захаплення прыгажосцю прыродных краявідаў, уменне адрозніваць дабро ад зла і замацаваць у сваёй душы думку, што сапраўдны мужчына павінен ахоўваць Радзіму, маці і сям’ю.
У канцы кастрычніка ўдзельнікі літаратурна-паэтычнага клуба "Выток" і супрацоўнікі Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі мелі магчымасць пазнаёміцца з пастаянным мастаком-карыкатурыстам часопіса "Вожык" Сяргеем Волкавым і былым галоўным рэдактарам выдання Уладзімірам Саламахам.
Часты госць Дзяржынскай бібліятэкі, галоўны рэдактар часопіса Юлія Францаўна Зарэцкая, пазнаёміла прысутных з гісторыяй станаўлення сатырычнай графікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Таксама Юлія Францаўна паведаміла, што бацька Сяргея Волкава – знакаміты графік і жывапісец Анатоль Валянцінавіч Волкаў – з 1944 года і да сыходу з жыцця ствараў карыкатуры, шаржы, вокладкі для часопіса "Вожык". Мабыць таму і сын, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, на працягу 30 гадоў не растаецца з любімым выданнем.
На сустрэчы адбылася прэзентацыя плакатаў мастака "З вожыкам па жыцці". Карыкатуры – і сучасныя, і мінулых часоў – актуальныя па сёняшні дзень. Дарэчы, талент Сяргея Волкава шматгранны: ён не толькі мастак, але і паэт. Летась яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
А вось творы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2002), члена Саюза пісьменнікаў СССР Уладзіміра Саламахі пабуджаюць не ўсміхнуцца, а задумацца. Асноўная тэма яго творчасці – лёс нашых сучаснікаў, прадстаўнікоў розных пакаленняў, якія настойліва шукаюць сваё месца ў жыцці. Часам аўтар не адказвае на ключавыя пытанні твора, а чытач мусіць знайсці рашэнні сам.
Па сцэнарыях Уладзіміра Саламахі зняты шэраг дакументальных і мультыплікацыйных фільмаў. Літаратурныя і публіцыстычныя творы аўтара перакладаліся на многія мовы. У 2004-2008 гадах Уладзімір Саламаха з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса "Вожык", у 2008-2010 гадах — галоўным рэдактарам выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі", а з 2010 года ён - загадчык аддзела прозы ў часопісе "Полымя".
Гэта цікавая сустрэча не абыйшлася без падарункаў: Уладзімір Саламаха папоўніў фонды бібліятэкі сваімі выданнямі. Усе госці пакінулі ў храме кнігі не толькі свае аўтографы, але і часцінку сваёй душы.
Своеасаблівае літаратурнае свята адбылося 24 кастрычніка 2014 года ў Палацы культуры г. Узда. Яго ўдзельнікамі былі паэты і пісьменнікі літаратурнага аб’яднання "Нёманец" і літаратурна-паэтычнага клуба "Выток".
На працягу некалькіх гадзін гучалі вершы і песні, аб’ядноўваючы творчых людзей і надаючы ім натхненне для чарговых літаратурных і музычных здабыткаў.
23 кастрычніка 2014 года ў Навасёлкаўскай інтэграванай сельскай бібліятэцы адбылася сустрэча з членамі клуба "Выток", галоўным рэдактарам часопіса "Вожык" Зарэцкай Юліяй Францаўнай і кіраўніком клуба паэзіі і аўтарскай песні "Натхненне" Рэспубліканскага Палаца культуры ветэранаў, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Сакаловай Вольгай Міхайлаўнай.
На пачатку сустрэчы дырэктар Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціна Віктараўна Клімовіч прадставіла вучням і педагогам гасцей і зрабіла вусную прэзентацыю супрацоўніцтва клуба "Выток" з часопісам "Вожык" і клубам "Натхненне".
Юлія Францаўна пазнаёміла слухачоў з гісторыяй з’яўлення часопіса "Вожык" у часы Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, першы нумар часопіса ўяўляў сабой агітплакат "Раздавім фашысцкую гадзіну". А ўжо ў 1945 годзе за часопісам замацавалася назва "Вожык", якая разам са сваім вобразам да сёняшняга дня штомесячна нясе чытачам на кожнай старонцы і сатыру, і гумар. З задавальненнем вучні прынялі ўдзел у інтэрактыўнай гульні, дапамагаючы галоўнаму рэдактару часопіса растлумачваць словы з рубрыкі "Вясёлы слоўнік".
Цесна супрацоўнічаюць з часопісам і члены клуба паэзіі і аўтарскай песні "Натхненне". Пра гэта паведаміла яго кіраўнік Вольга Міхайлаўна Сакалова. Яна пазнаёміла са старонкамі сваёй біяграфіі: нарадзілася яна на Палессі ў м.Азарычы на Гомельшчыне, за плячыма - Мінскі педінстытут імя М.Горкага, працавала доўгі час у школе. Усе жыццёвыя назіранні Вольга Міхайлаўна выкладае на паперы, а пры сустрэчах са слухачамі вельмі артыстычна іх дэкламіруе.
Члены літаратурна-паэтычнага клуба "Выток" Рэгіна Рэўтовіч, Антон Анісовіч і Людміла Круглік чыталі вершы і байкі, якія былі змешчаны ў сёлетнім жнівеньскім нумары часопіса "Вожык".
Шчырыя словы паэтычных радкоў закранулі самыя лепшыя пачуцці ў душах слухачоў, а таксама далі магчымасць пераўтварыць звычайны школьны перапынак у вершаваную сустрэчу сяброў гумару.
На такой жа пазітыўнай хвалі літаральна праз гадзіну адбыўся яшчэ адзін гумарыстычны перапынак у Петкавіцкай інтэграванай сельскай бібліятэцы. Адметна, што свой вольны час вучні праводзяць з "Вожыкам" і не растаюцца з часопісам нават на перапынках!
З вялікім задавальненнем 27 верасня ў чытальнай зале Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі сабраліся прыхільнікі паэзіі на паседжанне літаратурна-паэтычнага клуба "Выток".
Кіраўнік клуба у працяг тэмы знаёмства з новымі перыядычнымі выданнямі прадставіла часопіс "Белая вежа" як выдатную магчымасць творчых людзей пазнаёміць чытацкую аўдыторыю са сваімі творамі. Усе пагадзіліся, што гэты своевобразны інтэлектуальны дыялог і абмен творчымі здабыткамі дазваляе адточваць літаратурныя здольнасці пісьменнікаў і паэтаў.
Тэмай творчай лабараторыі былі паэтычныя прыёмы ў вершаскладанні. Паэты ахвотна падхапілі яе і прыкладамі з уласных вершаў пачалі пацвярджаць наяўнасць асацыяцый, параўнанняў і эпітэтаў у сваёй паэзіі. І незаўважна гутарка перайшла аб артыкулах вядомых паэтаў-суайчыннікаў у апошніх выпусках газеты "Літаратура і мастацтва". Разважая аб пошуку новых тэм і вобразаў, неабходнасці ўдасканалення паэтычнай творчасці, удзельнікі дыскусіі выступілі з прапановай запрасіць аўтараў гэтых артыкулаў для правядзення майстар-класа паэтам Дзяржыншчыны.
Пад час сустрэчы адбылося прыемнае знаёмства з Новікавай Марыяй, якая упершыню завітала на паседжанне клуба "Выток". Яна ахвотна паведаміла свае літаратурныя перавагі і прачытала вершы-разважанні па матывах евангельскіх прытч.
З ахвотай удзельнікі сустрэчы чыталі свае паэтычныя навінкі. Таксама гучалі вершы з гумарыстычнага зборніка "Усміхнёмся разам!?". І гэты пазітыўны настрой адлюстроўваецца на памятным фотаздымку.
25 верасня 2014 года ў чытальнай зале Дзяржынскай цэнтральнай бібліятэкі адбылася сустрэча з рэдактарам часопіса "Вожык" Юліяй Зарэцкай. На сустрэчы прысутнічалі паэты Дзяржыншчыны. Іх творы ўвайшлі ў жнівенькі нумар "Вожыка" і ў новы зборнік "Усміхнёмся разам!?" клуба "Выток".
"Вожык" — сатырычна-гумарыстычны ілюстраваны часопіс, які з’яўляецца адным з самых папулярных масавых выданняў Беларусі. Шматлікія чытачы любяць часопіс за вастрыню і прынцыповасць у пытанняў гаспадарчага і культурнага жыцця краіны, за трапны жарт, вясёлае слова.
Дарэчы, супрацоўніцтва часопіса "Вожык" і бібліятэк Дзяржыншчыны пачалося даўно. І шматлікія сустрэчы – таму пацверджанне. Да гэтага вясёлага сяброўства з задавальненнем далучыўся літаратурна-паэтычны клуб "Выток". У лютым 2014 года мы сустракаліся на вечарыне беларуска-малдаўскага гумару. Знаходзячыся пад уплывам сустрэчы, удзельнікі клуба "Выток" прапанавалі свае творы для друку на старонках часопіса.
Такім чынам, у жнівенькім нумары "Вожык" у рубрыцы "Вясёлая пошта" адбылося прадстаўленне творчасці Дзяржынскіх паэтаў.
Пад час прэзентацыі гэтага нумара часопіса гучалі гумарыстычныя творы ў выканнні аўтараў: Ядвігі Доўнар, Васіля Семянюка, Рэгіны Рэўтовіч, Людмілы Круглік, Алы Пузіноўскай і Антона Анісовіча. Цікава было даведацца, як упершыню былі надрукаваны іх творы ў "Вожыку".
Пытанні ўдзельнікаў сустрэчы, на якія Юлія Францаўна адказвала вельмі шчыра, краналіся і мінулага часу часопіса, і сучаснага. Разам разважалі аб мастацкіх сродках у прозе. Прыпомнілі вядомых пісьменнікаў, якія ў свой час друкаваліся ў часопісе: Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Міхась Лынькоў, Анатоль Астрэйка.
Таксама адбылася прэзентацыя чарговага зборніка вершаў удзельнікаў літаратурна-паэтычнага клуба "Выток". Шчырыя на ўсмешкі і жарты, удзельнікі клуба свае гумарыстычныя творы аб’ядналі пад назвай "Усміхнёмся разам!?".
Безумоўна, пазітыўны настрой сустрэчы падарыў усім творчае натхненне і некалькі хвілін смехатэрапіі.
У першую нядзелю верасня 2014 года "вытокаўцы" завіталі ў госці да свайго сябра па пяру, малдаваніна Васіля Міхайлавіча Семенюка ў вёску Баравікі Дзяржынскага раёна на свята роднай мовы Малдовы "Limba Noastra" з удзелам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь Георге Хіоарэ.
Пасля галоўная пляцоўка свята перамясцілася на беларускі падворак. "Вытокаўцы" расказалі малдаўскім гасцям пра пісьменнікаў – ураджэнцаў Дзяржыншчыны,чые імёны вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
А потым гучалі беларускія аўтарскія вершы з вуснаў членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Рэгіны Рэўтовіч і Людмілы Круглік. Хараство беларускага краю, дабрыня і гасціннасць беларусаў, непаўторная гісторыя – усё гэта прадставілі ў сваіх творах паэткі. Яскравым і адметным было выступленне кампазітара і выканаўцы Тамары Кашчэва. Усе разам пад гармонік спявалі сапраўдныя "народныя хіты": "Купалінку", "Алесю", "Нясе Галя воду", "Белавежскую пушчу" і іншыя. А калі загучала «Полька беларуская», ніхто не змог уседзець на месцы.
Беларусы частавалі гасцей дранікамі і "чароўнымі" беларускімі цукеркамі. Кожны госць падворка атрымаў цукерку, якая здяйсняе мары. Але перад тым, як яе з’есці, трэба загадаць патаемнае жаданне. І яно абавязкова споўніцца!
На памяць аб сустрэчы Рэгіна Рэўтовіч і Людміла Круглік падарылі паслу свае паэтычныя зборнікі, а Тамара Кашчэва – дыск са сваімі песнямі.
Фінальным акордам малдаўска-беларускага свята роднай мовы была... мамалыга. Сапраўды, усе госці свята змаглі на свае вочы ўбачыць, як выглядае сапраўдная мамалыга, даведацца пра нацыянальныя традыцыі яе прыгатавання і канешне ж паспрабаваць.
Свята завяршылася, але засталіся непаўторныя ўражанні. Таму не дзіўна, што, ужо наступным ранкам з пад пяра Рэгіны Рэўтовіч нарадзілася паэтычнае прысвячэнне гаспадару свята Васілю Семенюку "Фест сяброўства", дзе паэтычным радком апісана ўся непаўторнасць, шчырасць і хараство сяброўскай сустрэчы:
І калі надыйшоў час расстання,
Лёгкі сум у прасторы лунаў!..
Нашы шчырыя словы прызнання
Гаспадар паважаны зазнаў!
Восеньскім сонечным днём 6 верасня 2014 года Дзяржынская цэнтральная раённая бібліятэка была адной з удзельніц Дня беларускага пісьменства ў Заслаўі. Яна прэзентавала выставу-падарожжа "Кніга – спадарожнік эпох" ў рамках спецыялізаванай выставы "Міншчына інфармацыйная".
Да іх пажаданняў з цёплымі словамі віншаванняў далучыліся супрацоўнікі і дырэктар бібліятэкі, сябры паэткі і калегі па рабоце, і, канешне, "вытокаўцы".
Водар фіялкі пакінуў выдатны след не толькі ў паветры і творчым шляху паэткі, а, што вельмі важна, ён застаўся ў сэрцы кожнага прысутнага!
9 мая мы собрались, чтобы вспомнить Великую дату нашей истории, - ДЕНЬ ПОБЕДЫ! Душевная музыка, лирика "вытокаўцаў" и весеннее настроение помогли создать теплую атмосферу для всех участников...
Вечар пазітыўнага настрою прайшоў для "Вытокаўцаў" 26 красавіка!
Гісторыя ёсць ва ўсяго, нават у верша. Адкрываючы цыкл "Гісторыя напісання аднаго верша", кіраўнік клуба папрасіла выразна прачытаць верш Марыны Цветаевай "Мне нравится, что Вы больны не мной" Ядвігу Доўнар. Дарэчы, на адным з апошніх пасежанняў клуба паэзіі і аўтарскай песні "Натхненне" у Мінску Ядвіга Доўнар была прызнана лепшай по выразнаму чытанню вершаў.
Не цяжка здагадацца, што верш "Мне нравится, что Вы больны не мной" адлюстроўвае пачуцці паэткі да жаніха сястры і, па іроніі лёсу, каханага чалавека. Вось гэтак, па-жаночы элегантна Марына Цветаева адмовілася ад свайго кахання на карысць роднай сястры і паставіла кропку ў гэтай пікантнай гісторыі.
На пасежанні таксама былі адзначаны творчыя перамогі удзельнікаў клуба. У сакавіку бягучага года адбыўся районны конкурс ваенна-патрыятычнай і турыстычнай песні. Песні "Туристическая" і "Чудо ночного костра" Аксаны Хацкевіч былі адзначаны дыпломамі I і II ступені ў намінацыях "Турыстычная песня ў выкананні навучэнцаў" і "Турыстычная песня ў выкананні прадстаўніка", дзе аўтару прыналежылі не толькі словы, але і музыка (а ў другой песні нават і выкананне).
А песні Людмілы Круглік "Идет по свету человек", "Осенние костры", "Поле памяти" адзначаны дыпломамі I ступені ў намінацыях: "Турыстычная песня ў выкананні прадстаўніка", "Патрыятычная песня ў выканні прадстаўніка", "Патрыятычная песня ў выкананні навучэнца".
Таксама ў конкурсе на выразнае чытанне ў другіх класах ДУА "Гімназія №1 г.Дзяржынска" вучань, дэкламіруя верш Рэгіны Рэўтовіч "Прыроды вечная краса", заняў першае месца.
Увогуле прыемна, што таленавітых людзей яднае не толькі фотаздымак, а і творчасць актыўнасць.
На працягу апошняга тыдня сакавіка 2014 – ў рамках праваслаўнага фестывалю "Кладезь" – у раёне прайшлі творчыя сустрэчы і духоўна-асветніцкія праекты, у якіх удзельнікі літаратурна-паэтычнага клуба "Выток" прымалі актыўны удзел.
Вось і ў чытальнай зале Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі у рамках праекта "Агульная справа" дырэктар рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Абуджэнне" Валянціна Турлюк правяла гутарку аб алкагольнай сазалежнасці, як паводзіць сябе з сваякамі, якія пакутуюць на алкагалізм, і чым можна ім дапамагчы.
Гэты грамадскі рух аб'ядноўвае ўсіх людзей, хто імкнецца адрадзіць у нашым грамадстве духоўныя агульначалавечыя каштоўнасці.
Мэта праекта "Агульная справа" - распаведаць шырокаму колу грамадзян - усім і кожнаму - праўду, што ж на самой справе спіртное і цыгарэты, якія рэальныя наступствы іх ужывання, натхніць людзей спыніць гэта вар'яцтва, калі людзі знішчаюць самі сябе за ўласныя ж грошы і вярнуцца да сапраўдных шматвяковых традыцый цвярозасці, якія заўседы існавалі да параўнальна нядаўняга часу.
Кожны чалавек, хто неабыякавы да лёсу нашай краіны, хто хацеў бы бачыць жыхароў краіны здаровымі і працаздольнымі, можа стаць удзельнікам праекта "Агульная справа", проста распаўсюджваючы гэтую праўдзівую інфармацыю ў коле сяброў, у сям'і, у калектыве, сярод суседзяў і знаёмых.
Удзельнікі клуба таксама прысутнічалі на гэтым мерапрыемстве і прынялі актыўны удзел у абмеркаванні гэтай тэмы. Гучалі канкрэтныя пытанні з асабістага жыцця, прыводзіліся прыклады вырашэння некакторых жыццёвых сітуацый. Значна, што паэты не абыходзяць сацыяльных тэм у сваёй творчасці і адназначна ставяцца да здаровага ладу жыцця.
Падагульняючы вынікі шчырай размовы, удзельнікі сустрэчы пагадзіліся, што спыніць дэградацыю нашага грамадства мы зможам толькі агульнымі намаганнямі і, пажадна, асабістым прыкладам здаровага ладу жыцця.
У межах фестывалю "Кладезь" у чытальнай зале Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылася сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі, прэзідэнтам Міжнароднага творчага аб’яднання дзіцячых аўтараў, лаўрэатам прэміі "Залатое пяро Русі", членам калегіі па рэцэнзаванню выдавецкага савета Беларускай праваслаўнай царквы, аўтарам праграмы "Читающие дети – цветущая страна" Андрэем Смятаніным.
Андрэй Смятанікаў з’яўляецца вядучым тэматычных рубрык у шматлікіх дзіцячых выданнях Беларусі, Расіі і Украіны. Андрэй Смятанін, эканаміст па адукацыі, пісаць вершы пачаў для сваіх дзяцей.
Акрамя ўдзельнікаў літаратурна-паэтычнага клуба "Выток" на сустрэчы прысутнічалі бацькі дзяцей, і нават самі дзеці.
Дзіцячае нечытанне – сур’ёзная праблема нашага часу. У тым, што дзеці не чытаюць, вінаваты дарослыя. На працягу сустрэчы пісьменнік не аднойчы падкрэсліваў, што вытокі любові да друкаванага слова знаходзяцца ў сям’і, што чытанне кніг услых спрыяе ўмацаванню сям’і.
Асобна Андрэй Смятанін крануўся тэмы камп’ютараў. Прывучаючы дзіця да чытання, не трэба пазбаўляць яго поўнасцю магчымасці пасядзець са сваім электронным "сябрам".
Шчырымі ўсмешкамі і зацікаўленнасцю рэагіравалі на вершы паэта і дзеці, і дарослыя. На развітанне паэт даў колькі карысных парад бацькам, як стымуляваць дзіця да чытання...
На працягу тыдня ў рамках праваслаўнага фестывалю "Кладезь" у раёне прайшлі творчыя сустрэчы і духоўна-асветніцкія праекты, у якіх удзельнікі літаратурна-паэтычнага клуба "Выток" прымалі актыўны удзел. Адным з іх быў канцэрт Таццяны Дашкевіч "Пой, душа, пой...", які адбыўся 22 сакавіка.
"Мужная жанчына з адкрытай душой" – так яе клічуць у народзе. А яна шчыра прызнаецца: "Маё творчае крэда - гранічная шчырасць з чытачом. Таму я пішу тое, што хачу, і бяруся за тое, што мне блізка". Гэта ўсё яна: пісьменнік, паэт, аўтар і выканаўца песен Таццяна Дашкевіч.
Сустрэча была ахутана надзвычай светлай атмасферай. Таццяна Мікалаеўна расказвала пра сябе і свайго мужа - пісьменніка Н.Шыпілава, аб супрацоўніцтве і сяброўстве з Д.Малікавым, М.Еўдакімавым, пра паэта-песенніка А.Фацьянава. Таксама чытала вершы і свае, і Н. Шыпілава, паказала некалькі кліпаў, у тым ліку "Отец".
Акрамя напісання вершаў, у творчасці Таццяны Дашкевіч асобнае, значнае месца займаюць і песні, якія ідуць з душы, з самага сэрца. Канешне, песня аб святой Валянціне Мінскай, нашай суайчынніцы, якая ўсё сваё жыццё правяла на Дзяржыншчыне, якая далучана да ліку святых і з’яўляецца нашай заступніцай, нікога не пакінула абыякавым.
Таццяна Мікалаеўна падзялілася і сваімі планамі: у бліжэйшы час выйдзе новая кніга - аб старцы Серафіме Цяпачкіне.
Варта адзначыць, што паэтка Таццяна Дашкевіч ўзнагароджана граматай Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта "У благаславенне за працу дзеля славы Святой Праваслаўнай Царквы", з'яўляецца дыпламантам кінафестывалю "Барадзінская восень", лаўрэатам прэмій "Залаты грамафон" і "Разумнае сэрца". На некалькі яе вершаў былі напісаны песні для Дзмітрыя Малікава. Яна - член Саюза пісьменнікаў Расіі і Беларусі.
Шмат сіл Таццяна Мікалаеўна адда дабрачыннай дзейнасці, неаднаразова выступала ў шпіталі для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, у дамах састарэлых, на духоўна-асветніцкіх выставах і фестывалях.
А песню аб кветках дружна праспявалі ўсе разам! І напрыканцы канцэрту прыйшлі да выдатнай высновы: "Быць добрым - значыць, любіць!" Уся яе творчасць і жыцце аб'яднаны ў адно імкненне - несці дабро і святло людзям.
Пасля сустрэчы Таццяна Дашкевіч ласкава пагадзілася адказаць на пытанні удзельнікаў літаратурна-паэтычнага клуба "Выток" і расказаць крыху аб сабе і сваей творчасці.
У завяршэнне размовы удзельнікі клуба пажадалі Таццяне Мікалаеўне творчых поспехаў і літасці Бога.
21 сакавіка прайшла прэзентацыя зборніка вершаў "Вяночак шчасця" паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Рэгіны Рэўтовіч.
Цёплая сустрэча з настаўнікамі і вучнямі Петкавіцкай школы, з чытачамі бібліятэкі адбылася ў інтэгрыраванай Петкавіцкай сельскай бібліятэцы.
Як адзначыла рэдактар зборніка Драбышэўская Ірына Уладзіміраўна, "Вяночак шчасця" Рэгіны Рэўтовіч "сплецены" з мноства думак, вобразаў, трапных параўнанняў. У ім – і шчырае захапленне дасканаласцю прыроднага хараства, і філасофскі роздум над вечнымі пытаннямі быцця, і настальгія па незваротным маленстве, хуткаплынным юнацтве. Прасякнуты сціплай радасцю і светлым сумам, паэтычны "вянок" аздоблены таксама вершаванымі прысвячэннямі, сатырычнымі творамі, перакладамі.
Адкрываючы перад чытачом таямніцы сваёй душы, аўтар дзеліцца з ім думкамі, пачуццямі, успамінамі. І ў чарговы раз пераконвае: унутраны свет чалавека – такі ж цікавы і неабдымны, як і жыццё, што віруе навокал.
Рэгіна Іосіфаўна распавядала пра свой лёс, пра свае адносіны да жыцця, да прыроды і увогуле да існавання чалавека на зямлі.
У вершаваных радках гучалі і любоў да Радзімы, і захапленне хараством краявідаў Беларусі, і пяшчота казкі, і выяўленне адмоўных рыс чалавека ў байках.
Таксама паэтка падзялілася сакрэтам: бывае, штосьці так уразіць, што думкі самі складаюцца ў радкі. І яна спяшаецца дадому, каб хутчэй занатаваць іх на паперы. Гэта сваевобразны выплеск эмоцый. Менавіта так нарадзіўся верш "Дождж".
Напрыканцы сустрэчы Рэгіна Іосіфаўна адказала на пытанні, адным з якіх было: "Аб чым Вы марыце?"
Паэтка адказала: "Мае мары, як, напэўна, і ў кожнага, – здароўе і шчасце родных. А ўвогуле:
Благаслаўляю мары ўсе
І шчасця кожнае імгненне,
Зямлю ў расквечанай красе
І лёс за шчодрасць і сумленне."
Удзельнікі сустрэчы падзякавалі і пажадалі творчага поспеху Рэгіне Іосіфаўне.
Чарговае пасяджэнне клуба ў лютым 2014 года было прысвечана аднаму з галоўных пачуццяў у жыцці кожнага чалавека – каханню.
Традыцыйна 21 лютага штогод святкуецца Міжнародны дзень роднай мовы. Сёлета у інтэрнаце ДУА "Абласны аграрна-тэхнічны прафесіянальны ліцэй" адбылася літаратурная вечарына, прысвечаная гэтай падзее.
Навучэнцы прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемстве. Гучалі беларускія песні. Юнакі і дзяўчаты чыталі вершы аб роднай мове А.Гаруна, Ф.Багушэвіча, У.Мазго, М.Танка, Н.Гілевіча, А.Бялевіча, А.Дзеружынскага.
Літаратурна-паэтычны клуб "Выток" таксама не абыйшоў увагай свята Міжнароднага дня роднай мовы. На вячарыне прысутнічала адна з актыўных удзельніц клуба, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Рэгіна Іосіфаўна Рэўтовіч.
Яна расказала аб сваёй творчасці, падзялілася сакрэтам напісання вершаў. Вершаванымі радкамі Рэгіна Іосіфаўна ўслаўляла родную, мілагучную беларускую мову, нашу Радзіму.
Гэта мерапрыемства, безумоўна, садзейнічала выхаванню ў моладзі патрыятызму, любві і павагі да родной зямлі, да беларускай мовы.
18 лютага ў Доме Дружбы сталіцы адбыўся вечар, прысвечаны часопісам "Вожык" і "Кіперуш".
Дарэчы, "Вожык" – старэйшае беларускае літаратурна-мастацкае выданне, адзінае ў галіне сатыры і гумару. Яго першы нумар выйшаў у 1941г. А пазней, у 1958г, убачыў свет "брат" – малдаўскі гумарыстычны часопіс "Кіперуш".
Гумар з’яўляецца адметнай рысай і беларусаў, і малдаван. Таму праграма вечара атрымалася вельмі насычанай і разнастайнай: гучалі вершы і песні, выступаў танцавальны дуэт "Прыеценія”, ансамбль народнай песні "Баравічанка".
Як адзначыла дырэктар Дзяржынскай цэнтральнай бібіліятэкі Валянціна Віктараўна Клімовіч, сяброўства бібліяэтэкі і "Вожыка" працягваецца ўжо больш дзесяці год. За гэты час прайшоў шэраг сустрэч з "вожыкаўцамі". На памяць аб апошняй сустрэчы ў верасні 2013г на ІІ Койданаўскіх чытаннях, прысвечаных Карусю Каганцу, Валянціна Віктараўна ўручыла фотакалаж творчых момантаў чытанняў галоўнаму рэдактару часопіса Юліі Зарэцкай.
Чытачы "Вожыка" былі ўжо знаёмы з творчасцю удзельнікаў літаратурна-паэтычнага клуба "Выток" Васіля Семянюка і Рэгіны Рэўтовіч.
А вось Людміла Круглік і Ядвіга Доўнар упершыню завіталі ў госці да "Вожыка". Гумарыстычныя вершы і байкі ўдзельнікаў "Вытока" былі сустрэты шчырымі апладысментамі.
У чарговы раз усе прысутныя прыйшлі да выніку, што гумар аб’ядноўвае малдаван і беларусаў – такіх гасцінных, ветлівых і вясёлых!