Прапануем Вашай увазе краязнаўчую азбуку, якая пазнаёміць з цікавымі мясцінамі, вядомымі асобамі і незвычайнымі з’явамі Дзяржынскага раёна.
Азбука - гэта першая кніга, па якой кожны з нас вучыцца чытаць, а краязнаўчая азбука дапаможа тым, каму цікава гісторыя свайго роднага краю. На старонках змешчана толькі маленькая частка інфармацыі пра адметныя аб’екты Дзяржыншчыны, але спадзяёмся, што гэта натхніць дзяржынцаў даследаваць сваю радзіму.
Беларускі дзяржаўны Архіў кінафотафонадакументаў
Адзінае ў Беларусі дзяржаўнае сховішча аўдыёвізуальных помнікаў, навукова-даследчая ўстанова, якая займаецца іх камплектаваннем, улікам, захаваннем і арганізацыяй выкарыстання. Гісторыя архіва пачалася ў 1941 годзе ў г. Мінску, але доўгі час для яго не было прыстасаванага памяшкання для якаснага захоўвання дакументаў. Толькі ў 1987 годзе архіў перавезлі ў Дзяржынск.
У фондах архіва больш за 257 тысяч адзінак фотадакументаў, амаль 41 тысяча кінадакументаў, 19 тысяч фонадакументаў. Найбольш старыя фотадакументы архіва адлюстроўваюць будаўніцтва Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, знаходжанне на Беларусі цара Мікалая ІІ, запуск паветранага шара ў Губернатарскім садзе ў Мінску. Вялікую каштоўнасць маюць калекцыі фотаздымкаў і фотапаштовак беларускіх гарадоў да 1917 г., фотаздымкі князёў Радзівілаў, трафейныя фотаальбомы, вывезеныя з Германіі ў 1945 г.
Батанічны сад
Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта знаходзіцца на тэрыторыі Негарэльскага вучэбна-доследнага лясгаса. Вядучым аддзелам з’яўляецца дэндрарый, які быў закладзены ў 1954 годзе. Тут можна пабачыць расліны Кітая, Японіі, Далёкага Ўсходу, Сібіры, Сярэдняй Азіі, Крыма і Каўказа, Еўропы і Паўночнай Амерыкі.
У 2015 г. на тэрыторыі батанічнага сада была арганізавана экалагічная сцежка «Казка Негарэльскага лесу». Яна мае замкнёны кальцавы маршрут і праходзіць па тэрыторыі дэндрарыя і партэрнай частцы. Тэматыка маршрута знаёміць наведвальнікаў з раслінамі Батанічнага саду, а таксама з беларускім фальклорам і традыцыйнымі промысламі. Маршрут складаецца з адзінаццаці прыпынкаў c інфармацыяй, тэматычнымі малымі архітэктурнымі формамі і драўлянымі скульптурамі.
Валянціна Мінская (Святая)
Блажэнная Валянціна Мінская (Валянціна Феадораўна Сулкоўская), нарадзілася ў 1888 годзе ў сям’і свяшчэнніка Феадора Чарняўскага, настаяцеля Свята-Мікалаеўскай царквы сяла Станькава Мінскага павета. З дзяцінства Валянціна вылучалася глыбокай верай у Госпада і любоўю да храма Божага.
Свой малітоўны подзвіг Валянціна несла дзеля ўмацавання веры тых, хто адчуваў на сабе цяжар ганенняў за веру Хрыстову. Менавіта ў гэтым быў духоўны сэнс яе служэння Госпаду.
6 лютага 2006 года адбылася яе кананізацыя ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску.
Яшчэ пры жыцці многім наведвальнікам яна гаварыла: «Я памру, але прыходзьце да мяне, як да жывой, і я вам дапамагу». І сёння шмат людзей атрымліваюць духоўнае суцяшэнне і збаўленне ад хвароб на магілцы Святой Блажэннай Валянціны Мінскай. На гэта святое месца ўвесь час прыходзяць людзі са сваім смуткам, надзеяй на дапамогу і з удзячнасцю.
Гарадзішча
Кожны жыхар Дзяржынска ведае месца каля касцёла Святой Ганны, дзе знаходзіцца помнік археалогіі – Гарадзішча. У розныя часы гэта месца называлі Акопішча, Крутагор’е, Гаштольдава гара.
На месцы Гарадзішча археолагамі былі знойдзены рэчы, якія адносяцца да культуры штрыхаванай керамікі (не пазней рубяжа н.э.) і эпохі Кіеўскай Русі. Акрамя старажытных гліняных і драўляных вырабаў, на гэтым узгорку былі знойдзены і рэшткі мураванага фундамента замка, пабудаванага Мікалаем Радзівілам Рудым у 2-й палове XVI стагоддзя. Радзівілаўскі замак меў 9 каменных вежаў і невялікі гасцявы палац, у якім уладальнікі жылі падчас рэдкіх візітаў.
У 1564г. Мікалай Радзівіл перайшоў з каталіцтва ў кальвінісцкае веравызнанне. У тым жа годзе ён у сценах свайго замка будуе драўляны Кальвінскі збор.
Дзяржынская гара
Найвышэйшая кропка Беларусі (345 м над узроўнем мора). Знаходзіцца каля вёскі Скірмантава.
Спакон вякоў перадавалася паданне, быццам бы ў гэтай мясцовасці адбылася жудасная бітва паміж войскамі рускіх князёў і татарскім войскам. Татары палілі сёлы, лютавалі над жанчынамі, дзецьмі і старымі. Хто з жыхароў змог – уцёк і хаваўся ў лесе. На ўзвышша выйшлі змагацца два асілкі - рускі і татарскі. Біліся конныя, потым пешыя і рускі перамог татарына. А звалі таго асілка Скірмунт. Пасля бітвы асілкаў пачалі бітву войскі. Татары былі разбіты. У гонар асілка-пераможцы паселішча назвалі Скірмантава. Казалі, што калісьці тут знаходзілі шмат крывых татарскіх мячоў, а ўзвышша сталі называць Святой гарой.
У 1958 годзе была перайменавана ў “Дзяржынскую”.
Ермаловіч Мікола
Мікалай Іванавіч Ермаловіч – вядомы беларускі гісторык. Нарадзіўся 29 красавіка 1921 года ў вёсцы Малыя Навасёлкі Дзяржынскага раёна.
Мікалай Ермаловіч – легенда беларускай гістарычнай навукі, падзвіжнік, нястомны працаўнік, сапраўдны герой нашага часу. Ён узняў з небыцця велізарны пласт нацыянальнай гісторыі і досыць абгрунтавана абвяргаў думку пра заваёву ў XIII ст. беларускіх земляў літоўцамі. Ермаловіч першым у айчыннай гісторыі доказна і аргументавана правёў размежаванне паняццяў “Старажытная (летапісная) Літва” і “Літва цяперашняя, геаграфічная”. Аўтар шматлікіх кніг па гісторыі Беларусі.
Жыбрык Ніна
Паэтэса Ніна Іосіфаўна Жыбрык (Умецкая) нарадзілася 21 сакавіка 1933 года на хутары Крылова. Пасля школы дзяўчына паступіла на біялагічны факультэт БДУ – яна марыла вывучаць лекавыя травы. Але да дыплома справа не дайшла, пасля першага курса выйшла замуж і з’ехала з мужам на Волгу, у горад Волжск.
Свой першы верш Ніна Іосіфаўна надрукавала ў газеце ў 1956 годзе ў Беларусі. А ў 1967-м Марыйскае кніжнае выдавецтва выпусціла яе першую кнігу вершаў «Радуга». З 1983 года Ніна Іосіфаўна Жыбрык – член Саюза пісьменнікаў СССР.
Быў у Ніны Іосіфаўны яшчэ адзін талент – яна стварала лясную скульптуру. З выставамі сваіх прац яна пабывала ў многіх гарадах, у тым ліку і ў Маскве. Сама Ніна Іосіфаўна казала так: «Травы, вершы і лясная скульптура - гэта «тры кіты», на якіх у жыцці і стаіць мая душа».
Зіменка Аляксандр
Беларускі мастак Аляксандр Іванавіч Зіменка нарадзіўся 16 кастрычніка 1946 г. у горадзе Мінску. Працуе педагогам дадатковай адукацыі ДУДА «Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі г.Фаніпаля». Аўтар афармлення архітэктурных аб’ектаў, твораў жывапісу, графікі, дызайна памятных манет і медалёў, каштоўных папер, паштовых марак, кніжнага дызайна.
Аляксандр Зіменка распрацаваў дызайн першых нацыянальных грошай, якія не ўжываліся ў краіне. На купюрах былі выявы знакамітых пісьменнікаў і вядомыя помнікі архітэктуры. Нават колер банкнот выбіраўся сімвалічна: дзесяць рублёў з выявай Якуба Коласа - жоўтыя, як пшанічны колас, 20 рублёў з выявай Янкі Купалы- чырвоныя, бо гэта колер Купалля, колер агню, Максім Багдановіч жа быў рамантыкам, і таму пяцідзесяцірублёвая купюра з яго выявай - блакітнага колеру, 100 рублёў з выявай Скарыны - карычневыя, як старыя старонкі кніг.
Iкона Святога Роха
Па словах мясцовых жыхароў, недалёка ад вёскі Кавальцы быў маёнтак Яхімова, якім валодала пані Пратасевіч. У той час людзі паміралі ад лютай халеры, і, каб дапамагчы хворым, пані Пратасевіч вырашыла паехаць у Рым, каб набыць ікону Святога Роха. У канцы вёскі Кавальцы за адзін дзень пабудавалі капліцу, дзе і змясцілі ікону. Як сцвярджаюць, пасля гэтага халера адступіла.
Нягледзячы на час і гісторыю, ікону ўдалося захаваць да нашых дзён. На ёй адлюстраваны Святы Рох з ранай на назе і сабакай каля ног на фоне прыроды. Святы Рох з’яўляецца заступнікам людзей ад цяжкіх хвароб, бед і пажараў, а таксама апекуном асуджаных і медыцынскіх работнікаў.
Кожны год, 16 жніўня, праходзяць фэсты ў гонар Святога Роха, ікону з хрэсным ходам нясуць у вёску Волма ў касцёл Святога Яна.
КоЙданаўская Самастойная Рэспубліка
З лютага 1918 года да ліпеня 1920 года Койданаўшчына была акупіравана спачатку кайзераўскімі войскамі, а затым палякамі. У перыяд паміж акупацыямі становішчам валодалі бальшавікі, якія патрабавалі далучэння насельніцтва да Чырвонай Арміі.
Многія жыхары, стаміўшыся ад бясконцай змены палітычнага становішча, хаваліся ў лесе і станавіліся партызанамі. Кіраўніком партызан стаў Павел Калечыц. Партызаны паўсталі супраць улады. Павел Калечыц абвясціў мястэчка Койданава і яго ваколіцы Койданаўскай Самастойнай Рэспублікай.
На барацьбу з паўстанцамі былі кінуты 17 узброеных міліцыянераў, аднак партызаны разам з сялянамі вёскі Дзягільна абяззброілі іх і пасадзілі ў Рубяжэвіцкую турму. Для падаўлення паўстання з Самахвалавічаў, дзе знаходзіўся чырвонаармейскі штаб, быў высланы бранявік. Адчуваючы небяспеку, Павел Калечыц выдаў загад аб мабілізацыі ўсіх мужчын, здатных трымаць зброю. Нягледзячы на прынятыя меры, Койданаўская Самастойная Рэспубліка праіснавала толькі чатыры дні.
Кастравіцкія (род)
Шляхецкі род Кастравіцкіх заснаваў баярын Осцік, за нашчадкам якога, Іванам, замацавалася прозвішча Кастравіцкі. Пайшло яно ад назвы зямельнага надзелу Кастровіцы, які быў перададзены ва ўладанне за добрую службу. Жыццёвыя шляхі прадстаўнікоў рода былі рознымі. Васіль быў пісарам у караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра, Іван быў скарбнікам у Мсціслаўлі, Стэфан займаў пасаду скарбніка ў Рэчыцы. На дзяржынскай зямлі Кастравіцкім належыў маёнтак Навасёлкі, вядомы з XVI стагоддзя. У 20-х гадах XIX стагоддзя быў узведзены новы радавы маёнтак, які захаваўся да нашых дзён. У сваіх уладаннях Кастравіцкія былі добрымі гаспадарамі. Яны адрозніваліся дэмакратычнасцю поглядаў, а таму сваіх сялян перавялі з цяжкай паншчыны на ўмераны грашовы падатак, і гэта было зроблена раней за адмену прыгоннага права. За ўдзел у паўстанні 1863-1864 гг. двое братоў – Казімір і Карл, былі высланы ў Сібір, а Міхаіл з’ехаў у Італію. Там у яго нарадзіўся ўнук Вільгельм, які пазней стане вядомы свету як Гіём Апалінэр і праславіцца як наватар фрацузскай паэзіі. Яшчэ адзін прадстаўнік роду – паэт, празаік, драматург, мастак, перакладчык, грамадскі дзеяч пачатку XX стагоддзя Казімір Карлавіч Кастравіцкі, вядомы пад псеўданімам Карусь Каганец.
Літавец (вёска)
Вёска Літавец знішчана нямецка-фашысцкімі акупантамі разам з жыхарамі ў час карнай аперацыі “Якаб” 14 студзеня 1943 года. Фашысты напалі на вёску і загубілі 190 жыхароў, у тым ліку 58 дзяцей, спалілі 42 двары. Пасля вайны вёска Літавец не адрадзілася. Яна ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”, а ў 1986 г. на месцы самой спаленай вёскі пабудаваны мемарыяльны комплекс “Літавец”. У Дзяржынскім раёне разам з людзьмі былі спалены таксама вёскі: Глухое Пярхурава, Любажанка, Садкаўшчына, Скірмантава. З іх пасля вайны аднавілася толькі вёска Скірманатава.
МТС (Койданаўская)
Койданаўская МТС– першая ў Беларусі, была арганізавана 18 лютага 1930 г. У перыяд з 1928 па 1958 гг. у СССР, у тым ліку і ў Беларусі, існавалі машынна-трактарныя станцыі (МТС), якія з’яўляліся сродкам рэканструкцыі сельскай гаспадаркі, цэнтрамі разгортвання масавага калгаснага руху. У МТС былі сканцэнтраваны перадавыя на той час прылады сельскагаспадарчай вытворчасці і працы (трактары, камбайны, складаныя малатарні, аўтамабілі і іншыя машыны з прычапным інвентаром, у тым ліку конным).
Першым дырэктарам Койданаўскай МТС быў Ф.Я. Макарэвіч. Акрамя дырэктара і яго намесніка, у штат МТС уваходзілі 3 аграномы, 3 механікі, 6 старшых і 72 малодшыя трактарысты, 2 слесары, 2 кавалі, бухгалтар, кладаўшчык, шафёр, справаводмашыністка, конюх, 2 вартаўнікі, кур’ер-прыбіральшчыца. На базе МТС быў створаны першы палітэхнічны музей.
Негарэлае (чыгуначная станцыя)
У 1930-я гады чыгуначная станцыя Негарэлае стала пагранічнай і была пазначана на многіх геаграфічных картах свету. Станцыя выконвала ролю галоўнага звяна чыгуначных зносін паміж Еўропай і Далёкім Усходам. З Негарэлага ва Уладзівасток, Іркуцк ішлі цягнікі – транссібірскі экспрэс Негарэлае-Манчжурыя; курсіраваў міжнародны экспрэс Парыж - Негарэлае.
Праз Негарэлае праязджалі выдатныя дзеячы навукі і культуры. Яны спыняліся тут, хадзілі па вуліцах, размаўлялі з жыхарамі. У 1920-1930-х гадах чатыры разы на станцыі спыняўся Максім Горкі. Уладзімір Маякоўскі пакінуў радкі ў паэме “Яны і мы”: “На гарызонце – белае, снягі і Негарэлае”. Тут сустракалі Валерыя Чкалава, Анры Барбюса, Ота Шмідта, Поля Робсана i іншых.
Бяздоннае вОзера
Недалёка ад вёскі Масцішча, пасярод лесу, ёсць авальнае возера, якое мясцовыя жыхары называюць Бяздонным. Людзі лічаць, што вада ў ім гаючая, а недзе ёсць падземны ход, які вядзе да ракі.
Некаторыя лічаць, што на дне возера ляжыць царква, а не бачылі яе таму, што возера глыбокае. Іншыя расказваюць легенду пра князёўну. Аднойчы яна дала ўказ прынесці ёй жывога шчупака. Надзела на яго пярсцёнак і адпусціла рыбу назад у ваду, а таму, хто ёй гэты пярсцёнак прынясе, яна ўзнагароду дасць. Такім чынам князёўна хацела праверыць, якія хады тут падземныя ёсць. А рыбу тую аж у Уздзенскім раёне злавілі!
Нацыянальны Польскі раён
У 1932 годзе ў Койданаўскім раёне праводзілі эксперымент: будавалі мадэль будучай сацыялістычнай Польшчы. Завадатарамі выступалі польскія камуністы Ф.Кон і Ю.Мархлеўскі. 15 сакавіка 1932 г. першапачаткова Койданаўскі, а затым Дзяржынскі, раён быў абвешчаны нацыянальным польскім. Усе жыхары Койданаўскага раёна каталіцкага веравызнання былі запісаны палякамі для завышэння працэнта польскага насельніцтва. У раёне былі ўтвораны нацыянальныя польскія сельскія Саветы, польскія школы, польскі рабфак, жывёлагадоўчы тэхнікум. У Дзяржынску нават працаваў польскі калгаснасаўгасны тэатр, выходзіла газета на польскай мове.
Эксперымент праваліўся. У 1937 годзе кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй Дзяржынскага райвыканкама Вансоўскім было арыштавана і аб’яўлена “польскімі шпіёнамі”. Дзяржынскі раён быў расфарміраваны і толькі ў 1938 годзе адноўлены ў межах.
Рыбак Алесь
Беларускі пісьменнік Алесь Рыбак (Аляксандр Пятровіч) нарадзіўся 7 лістапада 1934 года ў вёцы Макаўчыцы, якая пасля ўвайшла ў склад горада Дзяржынска. Аб сабе аўтар гаварыў так: “Пра пакаленне, да якога я належу, кажуць: іх дзяцінства было абпалена вайной ...на сваіх кволых плячах мы пазнавалі горкую ісціну гэтых слоў. Яна ўвабрала ў сябе і ранняе сіроцтва многіх равеснікаў, чые бацькі загінулі... і холад, і голад, і непасільную, не па гадах часам, працу, каб неяк трымацца на нагах, бо ўперадзе бачылася светлае, зманлівае пасляваеннае ранне. Адсюль і цяга да ведаў, і апантаная, нягледзячы ні на што, прага жыцця.”
Пісьменніку ўласцівы добрае веданне побыту, звычаяў, настрояў вясковага чалавека, уменне стварыць запамінальныя характары, вострыя канфліктныя сітуацыі. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Дарогі бываюць розныя», «Што пасееш…», «Апошняя камандзіроўка», раманаў «Трэба было жыць», “Галаброды”, “На раздарожжы”. Выдаў кніжку апавяданняў для дзяцей «Сёння прыедзе тата».
Саўчык Якаў
Якаў Саўчук нарадзіўся ў 1880 г. у Койданава. Сям’я Саўчук эмігрыравала ў Францыю і змяніла празвішча на Саўчык, калі будучаму аўтамабільнаму дызайнеру было 19 гадоў.
Якаў Саўчык уладкаваўся ў карэтнай майстэрні памочнікам майстра, а праз некалькі гадоў працаваць з ім марылі самыя вядомыя аўтамабільныя кампаніі свету. У 1905 годзе адкрыў уласную майстэрню недалёка ад Парыжа па вырабу кузаваў для аўтамабіляў. Кузаў вырабляўся па індывідуальнаму заказу кліента і ў адзіным экзэмпляры. Вытворца элітных французскіх аўтамабіляў Bucciali працаваў толькі з ім. Сярод іншых знакамітых заказчыкаў у нашага земляка была каралеўская сям’я Саудаўскай Аравіі.
Я. Саўчык быў па натуры эксперыментатарам. Ён прыдумаў V-падобнае лабавое шкло з дзвюх палоў, цалкам ці часткова трансфарміруемы кузаў, канструкцыю бакавых дзвярэй на складанай сістэме крывалінейных рычагоў, якая, дарэчы, выкарыстоўваецца ў абсталяванні сучасных маршрутных таксі.
“Тэрыторыя творчасці” (праект)
Праект Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі “Тэрыторыя творчасці” аб’ядноўвае творчых людзей, прафесіяналаў і аматараў розных напрамкаў мастацтва. За 6 год існавання праекта яго героямі сталі больш за 40 чалавек, большасць з якіх – нашы землякі. Сярод іх А.Сыс, Ф.Меляшкевіч, Т.Дзінскевіч і інш. У рамках праекта адбыліся таксама прэзентацыі выстаў маладой барысаўскай мастачкі Ірыны Губарэвіч, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Сяргея Волкава; адна з выстаў была прысвечана творчасці самабытнай беларускай мастачкі Алены Кіш, прадстаўніцы наіўнага мастацтва. Кожны месяц адкрываецца новая выстава і ладзіцца яе прэзентацыя. Акрамя выстаў, у межах праекта праходзяць і майстар-класы. Так, усе жадаючыя маглі паспрабаваць зрабіць кавалачак мыла, сплесці кошык з папяровых трубачак або зрабіць упрыгожанне з воўны.
Улашчык Мікалай
Мікалай Улашчык – вучоны з сусветным іменем, нарадзіўся 4 лютага 1906 года ў вёсцы Віцкаўшчына. Яго выдатна ведае навуковы свет не толькі ў Беларусі і краінах СНД, але і ў Англіі, ЗША, Германіі. Польшчы, Чэхіі. Многія, каму давялося ў свой час сустракацца з Мікалаем Улашчыкам, называлі яго “жывой энцыклапедыяй беларускай гісторыі”. Ён напісаў гісторыка-этнаграфічны нарыс “Была такая вёска”, прысвечаны роднай Віцкаўшчыне. Гэта помнік адной з тысяч нашых вёсак, своеасаблівая энцыклапедыя жыцця беларускага селяніна ў XVIII-XIX стагоддзях. У гэтай энцыклапедыі знойдуць для сябе цікавыя звесткі не толькі гісторыкі і этнографы, эканамісты і журналісты, пісьменнікі і вучоныя-філолагі, але нават хатнія гаспадыні.
СабалеЎскі Анатоль
Нарадзіўся Анатоль Вікенцьевіч Сабалеўскі 27 мая 1932 г. у вёсцы Андрыеўшчына Дзяржынскага раёна. Ён прысвяціў тэатру 50 гадоў свайго жыцця і стаў своеасаблівым брэндам беларускага тэатразнаўства: апісаў, прааналізаваў і абагульніў усё каштоўнае, што было зроблена ў беларускай драматургіі і нацыянальным тэатры за час іх існавання.
Выдатны знаўца гісторыі беларускага тэатра Анатоль Вікенцьевіч Сабалеўскі – адзін з аўтараў, рэдактараў і ўкладальнікаў падручнікаў па гісторыі беларускага тэатра, стваральнік і навуковы рэдактар унікальнага, першага ў нацыянальнай культуры выдання “Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя”. Шматбаковая дзейнасць вучонага і педагога атрымала высокую ацэнку і за межамі Беларусі. Камісія па прысуджэнні міжнародных прэмій узнагародзіла яго Залатым медалём «UNITY» («Адзінства») за выдатны ўклад у навуку і прапаганду ідэй міру, дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі свету.
Фаміных Яўген
Генерал-лейтэнант, Герой Савецкага Саюза Яўген Іванавіч Фаміных нарадзіўся 24 снежня 1906 года ў Койданава.
25-ы танкавы корпус пад яго камандаваннем удзельнічаў у многіх бітвах Вялікай Айчыннай вайны, вызваляў родную Беларусь, дайшоў да Берліна.
12 мая 1945 года ў раёне Прагі часткамі 25-га танкавага корпуса пад камандаваннем генерал-маёра Фаміных Я.І. быў узяты ў палон здраднік генарал Уласаў.
У Дзяржынску на Алеі Герояў устаноўлены памятны знак Я.І.Фаміных. Іменем Героя названа вуліца ў г. Дзяржынску. У Златавустаўскай сярэдняй школе №90 Чэлябінскай вобласці створаны музей воінскай славы, дзе захоўваюцца матэрыялы аб нашым земляку, на сродкі ад сабранага вучнямі гэтай школы металалому зроблены трамвай, які носіць імя Я.І. Фаміных.
Хедар
Хедар – рэлігійнае пачатковае вучылішча, дзе вучыліся, па традыцыі, усе без выключэння яўрэйскія хлопчыкі з 3–4 да 13 гадоў. У Койданава дзейнічала 22 хедары. Іх адкрывалі меламеды (настаўнікі). Пры наяўнасці жадання і магчымасці хедары наведвалі і дзяўчынкі. Але мужчынская і жаночая адукацыя мела розны змест. Галоўнае адрозненне было ў тым, што адукацыя дзяўчынак насіла выключна практычны характар, а адукацыя хлопчыкаў цалкам прысвечана вывучэнню Торы. Як правіла, у мужчын і жанчын рознымі былі літаратурныя (пісьмовыя) мовы: адпаведна іўрыт і ідыш.
Адукацыя і веды мелі велізарнае значэнне ў яўрэйскім жыцці Усходняй Еўропы мінулых стагоддзяў. Работа адукацыйных устаноў адыгрывала важную ролю ў стабілізацыі грамадскага жыцця і вызначэнні месца, якое чалавек займаў у грамадстве.
Цудатворная крыніца (Вітаўская)
Беларусы заўсёды паважалі крыніцы, а асабліва святыя. Ведаючы, што іх вада мае надзвычайную сілу, людзі прасілі ў крыніц выратавання і здароўя. Паблізу крыніц беларусы ўзводзілі храмы.
Да 1930-х гадоў у вёсцы Вітаўка стаяла царква. У хуткім часе настаяцель і стараста былі арыштаваны і расстраляны, царква разабрана і амаль усе іконы спалены, толькі некаторыя з іх жыхары паспелі ўпотайку забраць дадому. Месца, дзе стаяла царква, засыпалі пяском, зруйнавалі, каб нават успаміну не засталося. Але недзе праз год на гэтым месцы крынічка прабіла сабе дарогу.
Да цудатворных крыніц з малітвай ходзяць і ў святы, і ў будні. Іх жывая вада змывае нашы хваробы, нечаканы смутак, прыязджаюць здалёк не толькі наталіцца і набраць гаючай вады, але і акунуцца з верай на збаўленне духоўнае і фізічнае.
Чортаў камень Ратынскі
Непадалёк ад вёскі Мянькі, у адным кіламетры на захад ад вясковых хат, знаходзіцца камень-валун. Ён узвышаецца на 3,6 метраў над зямлёй і складае 6 метраў у абхваце.
Камень з’яўляецца помнікам прыроды і геалогіі рэспубліканскага значэння. З ім звязаны шматлікія легенды. Адна з іх гучыць так: калісьці чорт нёс гэты камень, каб кінуць яго на людзей — вырашыў іх за нешта пакараць. У той час, калі ён пралятаў над вёскай Мянькі, заспяваў певень. Розныя нячысцікі баяцца крыку гэтай гарластай птушкі. І чорт выпусціў камень, не данёсшы яго да вёскі. Вось і ляжыць ён з той пары ў гэтым месцы. Таму і называецца камень – Чортаў. А недалека ад яго знаходзіцца вёска Ратынцы. Таму і дадаюць да яго назвы слова – Ратынскі.
Яшчэ зусім нядаўна людзі з навакольных вёсак прыходзілі сюды са сваім зношаным абуткам увечары і клалі яго пад камень, спадзяючыся знайсці тут раніцай новы абутак.
Шыкунова Iрына
Ірына Сямёнаўна Шыкунова — беларуская оперная спявачка, педагог, Заслужаная, Народная артыстка Беларусі, Акадэмік Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі, узнагароджана медалём Францыска Скарыны.
Пасля заканчэння Дзяржынскай школы № 2 Ірыну без іспытаў прынялі ў Беларускую кансерваторыю. Скончыўшы яе, працавала ў Беларускім дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі, дзе з цягам часу спявала ўсе асноўныя партыі беларускага і сусветнага опернага рэпертуару: Галька («Галька» С. Манюшкі), Таццяна, Іаланта, Ліза («Яўген Анегін», «Іаланта», «Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Донна Анна, Графіня («Дон Жуан», «Вяселле Фігара» В. Моцарта) і іншыя.
Праходзіла стажыроўку ў міланскім тэатры Ла Скала. Пабывала на гастролях у Фінляндыі, Германіі, Польшчы, спявала ў многіх тэатрах былога СССР. З 1989 года выкладала ў Беларускай акадэміі музыкі па класу жаночага вакалу, дацэнт кафедры спеваў.
“Ката пячЫ” (абрад)
Напярэдадні Каляднага паста ў вёсцы Скірмантава Дзяржынскага раёна праводзіцца вясёлае ігрышча, якое называецца “Ката пячы”. Галоўны атрыбут абрада - пернік, крэндзель альбо булка, якую выпякаюць у форме хатняга любімца – коціка. Спечаныя часткі злучаюцца драўлянымі шпажкамі, вушы робяць з сала, вочы – з ягад, рот – са скрыліка памідора, а хвост – са свойскай каўбасы. Гатовага ката падвешваюць на цвік, прымацаваны да столі і пачынаецца гульня, мэта якой – адкусіць кавалачак смачнага ката. Выканаць гэта няпроста, бо астатнія ўдзельнікі гэтаму перашкаджаюць. Той, хто не змог адкусіць кавалачак, павінен выканаць адмысловае заданне.
Напрыканцы абрада “ката” дзеляць паміж удзельнікамі гульні. Гэта суправаджаецца вясёлымі прыгаворкамі: “На табе спінку, каб выгадаваў свінку”, “Дайце мне хвост, бо настане хутка пост”.
СтанЬкава
Станькава вядома яшчэ з XV стагоддзя, калі яно належыла князям Дарагастайскім, але сярод шэрага ўладальнікаў самымі вядомым быў род Гутэн-Чапскіх, якія пабудавалі ў гэтым месцы рэзідэнцыю. Галоўным будынкам сядзібы быў двухпавярховы дом, які, на жаль, не захаваўся да нашых дзён.
Цікава выглядае двухпавярховы неагатычны будынак з чатырма вежамі – «Скарбчык», пабудаваны ў 1880-х гг. Эмерыкам Чапскім для захоўвання яго багатай калекцыі старажытнасцяў і бібліятэкі, пераважная частка якіх была вывезена Чапскім у Кракаў яшчэ ў 1894 годзе.
Сярод іншых пабудоў сядзібы можна ўбачыць разваліны старой брамы з рэшткамі хаты вартаўніка, «кухонны» флігель сядзібы са ступеністым франтонам, будынкі свірна і стайні. Усе пабудовы сядзібы знаходзяцца ў старажытным парку, дзе каля возера, на невялікай выспачцы знаходзіцца альтанка-ратонда з васьмю калонамі.
На процілеглым ад парка беразе возера знаходзіцца рэканструяваная царква Святога Мікалая. Недалёка ад царквы можна ўбачыць невялікую хатку – менавіта тут нарадзіўся Марат Казей – піянер-герой Вялікай Айчыннай вайны.
Эліз (швейная фабрыка)
Гісторыя фабрыкі бярэ пачатак у 1928 годзе, калі 15 краўцоў, узяўшы ўласныя швейныя машынкі, стварылі арцель “Аб’яднанне”, якая выконвала індывідуальныя заказы па пашыве мужчынскага адзення. З цягам часу калектыў фабрыкі павялічваўся разам з аб’ёмамі вытворчасці, а якасць вырабаў мае высокую адзнаку і ў Еўропе.
Асноўная спецыялізацыя фабрыкі на сучасным этапе – пашыў мужчынскіх і дзіцячых кашуль, жаночых блузак, вырабаў з ільну. ЭЛІЗ – адзіны вытворца ў Беларусі стыльных аксесуараў: мужчынскіх і дзіцячых гальштукаў, бабачак, шыйных хустак, кашнэ.
Юпіцер (вёска)
Космас значна бліжэй, чым нам здаецца. Свае Юпіцер і Марс ёсць у Дзяржынскім раёне і мяжуюць адзін з адным. Гэта вёскі. У населеных пунктах засталося ўсяго па некалькі хат, жыхары якіх ужо і не памятаюць адкуль пайшлі такія касмічныя назвы, расказваючы, што раней вёскі называліся проста лічбамі. Пазней, па словах старажылаў, назвы вёскам прыдумаў адзіны пісьменны ў сяле чырвонаармеец. Назвы замацаваліся.
10 гадоў назад у Марс і Юпіцер натоўпамі ездзілі журналісты і проста цікаўныя. У газетах з’яўляліся артыкулы пра тое, што ўнікальныя беларускія вёскі захаваюць і выратуюць, можа, нават «скарыстаюць у турыстычных мэтах». Але, на жаль, маладыя жыхары раз’язджаюцца, а старыя паміраюць, так і не дачакаўшыся развіцця сваіх касмічных вёсак.
Янушкевіч Адольф
Беларускі і польскі паэт, этнограф, пісьменнік. Адольф Янушкевіч нарадзіўся 9 чэрвеня 1803 года ў Нясвіжы, а ў 1821 яго бацькі набылі маёнтак Дзягільна. Будучы студэнтам Віленскага ўніверсітэта пісаў па-польску вершы ў сентыментальнай стылістыцы. Пабываў у Нямеччыне, Францыі, Італіі; сустракаўся з Адамам Міцкевічам.
Вядомы А.Янушкевіч тым, што ён, бад й першым з еўрапейцаў, зрабіў культуралагічна карэктнае і навукова дакладнае апісанне жыцця і побыту казахаў. У азіяцкі стэп Адольфа Янушкевіча прывялі драматычныя варункі лёсу. Ён трапіў сюды як ссыльны за ўдзел у паўстанні 1830 года. У ссылцы шмат вандраваў па казахскіх стэпах, засвоіў казахскую мову, занатоўваў казахскі фальклор. Яго падарожныя нататкі апублікаваны пад назвай «Жыццё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргізскіх стэпаў».