У студзені 1998 года ў Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылося першае пасяджэнне літаратурнага клуба «Выток».
Мэтай клуба з’яўляецца падтрымка таленавітых паэтаў, папулярызацыя іх творчасці, развіццё літаратурнай дзейнасці на Дзяржыншчыне.
На працягу 25-ці гадоў збіраюцца ў бібліятэцы “вытокаўцы”, каб падзяліцца творчымі здабыткамі, паслухаць новыя творы сяброў па пяру, выслухаць карысныя парады і даць сяброўскія заўвагі аднадумцам. Сярод удзельнікаў клуба – людзі розных узроставых катэгорый, прафесій, рознага адукацыйнага ўзроўню. У кожнага з іх свая творчая манера, але аб’ядноўвае ўсіх адно – любоў да паэтычнага слова і роднага краю.
Пасяджэнні і мерапрыемствы літаратурнага клуба “Выток” цікавыя і разнастайныя: паэзапрысвячэнне, прэзентацыя кніг, літаратурная гасцёўня, паэзачэлендж, паэтычны батл, open-air, літаратурна-музычны калаж, музычна-паэтычны эцюд і іншыя.
Клуб "Выток" з'яўляецца стартавай пляцоўкай для пакарэння новых вяршынь літаратурнага Алімпа: у 2013 годзе ў Саюз пісьменнікаў Беларусі была прынята Рэгіна Рэўтовіч, у 2014-м годзе – Людміла Круглік і Барыс Савінаў, у 2021 годзе - Вольга Каўрыга, а ў 2023 годзе - Антон Анісовіч. А Барыс Савінаў да таго ж з'яўляецца і членам Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы.
Вершы дзяржынцаў гучаць на літаратурных пляцоўках цэнтральнай раеннай бібліятэкі ў час гарадскіх і раённых святаў. Паэты – члены літаратурнага клуба "Выток" – частыя і жаданыя госці ва ўстановах адукацыі, бібліятэках, прадпрыемствах, арганізацыях, воінскіх частках горада і раёна. Аўтары шчодра дзеляцца духоўным багаццем, святлом сваёй душы і дораць слухачам незабыўныя сустрэчы з прыгожым.
Многія з "вытокаўцаў" былі ўдзельнікамі злёту маладых паэтаў Міншчыны “Слова Купалы да творчасці кліча”. У розныя гады гэта былі Дзмітрый Шавялёў, Сяргей Ліхачоў, Аксана Хацкевіч, Павел Бірукоў, Алена Сяліцкая, Алена Новік, Ганна Клокава, Аляксей Рудкоўскі, Ларыса Коршун, Аляксей Баранаў, Вераніка Герко і іншыя. Іх вершы былі ўключаны ў зборнікі “Нас слова Купалы да творчасці кліча” розных гадоў. А ў 2022-м годзе творчасць Аліны Шакаль была адзначана дыпломам ІІІ ступені.
Літаратурны клуб “Выток” падтрымлівае творчыя сувязі з калегамі па пяру з літаратурнага аб’яднання “Нёманец” Уздзенскага раёна, удзельнікамі народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца” (ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці”), а таксама з членамі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і літаратарамі Клецкага, Заслаўскага і Мінскага раёна.
У 2019 годзе літаратурны клуб "Выток" атрымаў званне "народны".
Кожны твор ці выступленне ўдзельнікаў клуба – адметныя і змястоўныя, што падцвярджаецца шматлікімі падзякамі і дыпломамі за паспяховы ўдзел у конкурсах і мерапрыемствах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Творчасць удзельнікаў клуба таксама адзначана і ўзнагароджана:
- Падзяка ДУ “Дзяржынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” народнаму літаратурнаму клубу “Выток”за актыўны ўдзел у бібліятэчных мерапрыемствах (2020 г.)
- Падзяка ДУ “Дзяржынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” народнаму літаратурнаму клубу “Выток” за актыўную творчую дзейнасць (2021 г.)
- Падзяка Дзяржынскай раённай газеты “Узвышша” (УП “Інфармацыйнае агенцтва “Мінская праўда”) народнаму літаратурнаму клубу “Выток” за плённае творчае супрацоўніцтва (2021 г.)
- Ганаровая грамата галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама народнаму літаратурнаму клубу “Выток” за прафесіяналізм, высокія паказчыкі ў працы, асабісты ўклад у развіццё культуры і мастацтва (2022 г.)
- Падзяка Аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзяржынскага райвыканкама народнаму літаратурнаму клубу “Выток” за развіццё літаратурнай дзейнасці і папулярызацыю творчасці паэтаў і празаікаў Дзяржыншчыны (2022 г.)
- Падзяка ДУ “Дзяржынскі ТЦСАН” народнаму літаратурнаму клубу “Выток” за плённае творчае супрацоўніцтва (2022 г.)
- Падзяка вайсковай часкі 1463 народнаму літаратурнаму клубу “Выток” “За взаимодействие, плодотворное творческое сотрудничество, пропаганду национальных патриотических ценностей и духовно-эстетическое просвещение личного состава органов пограничной службы Республики Беларусь” (2022 г.)
Клуб узначалівалі:
- 1998 – 1999 гг. – Ірына Леанідаўна Міхалёва
- 1999 – 2010 гг. – Святлана Уладзіміраўна Кузьміна
- 2010 – 2013 гг. – Ірына Уладзіміраўна Міхалёва
- 2013 г. – Наталля Іванаўна Лебядзеўская
Члены літаратурнага клуба "Выток" (1998-2011 гг.)
Антон Анісовіч (1948 г.). Нарадзіўся ў в.Саковічы. Амаль усё яго жыццё звязана з Дзяржыншчынай, пра якую ён піша ў сваіх вершах. Працаваў настаўнікам, выкладаў гісторыю. Доўгі час быў дырэктарам Татаршчынскай сярэдняй школы. У сучасны момант на заслужаным адпачынку.
Таццяна Байкова (1980 г.). Нарадзілася ў Дзяржынску, вучылася ў СШ №4. Пісаць пачала з школьных гадоў. Тэматыка яе вершаў самая разнастайная. Удзельніца семінара маладых паэтаў Міншчыны 2001 г.
Андрэй Байкоў (1981 г.). У 1999 г. скончыў сярэднюю школу №4 з залатым медалём. У 14-гадовым узросце пачаў спрабаваць сябе ў вершаскладанні. Шмат піша на роднай мове.
Натэла Вячэрская (Наталля Карчэўская). (1955 г.) Нарадзілася ў г.Рэчыца. Закончыла юрыдычны факультэт БДУ. Волей лёсу апынулася на Дзяржынскай зямлі. Пісаць пачала ў сталым узросце. Творчасць яе шматгранная – байка, санет, балада, паэма. Тэматыка разнастайная – ад апавядання прыроды да сур’ёзнага філасофскага роздуму.
Аляксандр Галуза (1911–2003 гг.). Нарадзіўся ў в.Новыя Дарогі Старадарожскага раёна. Закончыў Мінскі настаўніцкі інстытут. Да пачатку вайны працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры Дварышчанскай школы Дзяржынскага раёна. З 1944 г. настаўнік Негарэльскай СШ. Яго першае апавяданне “Упаляваў” было надрукавана ў 1962 г. у стаўбцоўскай раённай газеце “Прамень”. Пісаў для дзяцей і юнацтва апавяданні, замалёўкі, жарты. У 1971 г. выдаў зборнікі апавяданняў “Штукары”, у 1978 г. – “Шыльда на дроце”. У часопісе “Маладосць” (№2–3, 1993) апублікаваў аўтабіяграфічную аповесць “Дарога праз пакуты”. Шмат гадоў быў кіраўніком літаратурнага аб’яднання пры райгазеце “Сцяг Кастрычніка”.
Андрэй Дмітракоў (1978 г.). Нарадзіўся і жыве ў г. Дзяржынску. У 2001 г. скончыў Беларускі Дзяржаўны ўнівесітэт культуры па спецыяльнасці культуролаг. Першае апавяданне «Свидание с луной» надрукавана ў часопісе «Неман» у 2006 г. Апавяданні друкаваліся ў перыядычных выданнях. У 2009 г. выйшаў зборнік апавяданняў «Когда приходят ангелы». Аўтар-выканаўца акустычных песен. Піша вершы, прозу, музыку сацыяльна-псіхалагічнай тэматыцы.
Матусевіч (Драбышэўская) Ірына. (1976 г.н.) Нарадзілася ў в.Волма Дзяржынскага раёна. Атрымала дзве спецыяльнасці: выкладчыка беларускай мовы і літаратуры і журналіста. Настаўнічала ў Татаршчынскай сярэдняй школе, працавала рэдактарам аддзела рэспубліканскага часопіса “Родная прырода”. З верасня 2010 года працавала загадчыкам аддзела дзяржынскай раённай газеты “Узвышша”, а зараз з'яўляецца супрацоўнікам рэспубліканскага часопіса. Як кожная творчая асоба, Ірына неабыякавая да хараства беларускай прыроды, навакольнага свету. Сваё захапленне ім імкнецца перадаць не толькі ў вершах, але і ў лірычных замалёўках.
Вольга Жыбурт (1973 г.). Нарадзілася ў Дзяржынску. Пасля заканчэння СШ №3 (сёння Беларуская гімназія г. Дзяржынска) атрымала вышэйшую адукацыю ў БДУ культуры і мастацтва. Працуе ў раённай бібліятэцы галоўным бібліографам. Пісаць пачала ў 25 год. Усё, што кранае душу і сэрца Вольгі, атрымлівае адлюстраванне ў вершах.
Галіна Казак (1957–2017 гг.). Нарадзілася ў в. Булынкі Дзяржынскага раёна. Сярэдне-спецыяльную адукацыю атрымала ў Мінскім тэхнічным вучылішчы электронікі №76, пасля працавала кантралёрам на ВА "Інтэграл", затым – мастацкім кіраўніком у Томкавіцкім сельскім Доме культуры. Была актыўнай удзельніцай народнага літаратурнага клуба “Выток”. Вершы і песенныя тэксты яе паэтычных зборнікаў “Белая птица”(1999 г.), “Подых шчасця”(2004г) і “Янтарной осени костёр”(2013 г.) прасякнуты шчырасцю і жаданнем прыўнесці ў гэты свет кропельку дабрыні і радасці.
Марына Кліміхіна (1962 г.). Нарадзілася ў Дзяржынску. Сярэднюю адукацыю атрымала ў СШ №1 (зараз Гімназія №1 г. Дзяржынска). Закончыла Мінскі тэхнікум гандлю, працуе ў Дзяржынскім райспажыўтаварыстве. Вершы піша з 10-гадовага ўзросту. Асноўны лейтматыў творчасці – любоў да прыроды, да людзей, да ўсяго прыгожага. Некалькі вершаў пакладзены на музыку. Аўтар гімна Дзяржынска. У 2006 годзе стала лаўрэатам Міжнароднага літаратурнага конкурсу “Прыгода прыходзіць сама”(тэма года “Свет без вайны і гвалту”) за цыкл вершаў “Наш свет выратуе каханне”.
Ганна Клокава (1996 г.). Нарадзілася ў Дзяржынску. Скончыла гімназію №1 г.Дзяржынска. Цікавіцца ўсім, што звязана з камп’ютарам, марыць стаць праграмістам. Любіць чытаць, сочыць за літаратурнымі навінкамі. Піша вершы. Ганна актыўны ўдзельнік шматлікіх літаратурных конкурсаў, раённых і абасных алімпіяд. У 2012 г. у складзе каманды Мінскай вобласці на Міжнароднай алімпіядзе школьнікаў саюзных дзяржаў «Россия и Беларусь: историческая и духовная ценность» атрымала дыплом III ступені. У 2012 г. прымала ўдзел у 8-м злёце маладых паэтаў Міншчыны “Слова Купалы да творчасці кліча”.
Святлана Колас (1970 г.). Нарадзілася ў Мсціслаўскім раёне. Закончыла Магілёўскае медыцынскае вучылішча. Па волі лёсу трапіла ў Дзяржынск. Працуе медсястрой. Пісаць вершы пачала ў дзяцінстве. З той пары паэзія з’яўляецца надзейнай спадарожніцай у яе жыцці.
Людміла Круглік (1949 г.). Нарадзілася ў Нясвіжы. Пісаць пачала яшчэ ў школе, але жыццё на доўгі час адлучыла ад творчасці. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Брэсцкім педагагічным інстытуце. З 1992 г. жыве і працуе ў Дзяржынску. У 2009 г. выйшаў першы зборнік “Мелодия души” пад дзявочым прозвішчам Камісарава. Вершы Людмілы Уладзіміраўны друкуюцца ў раённай газеце “Сцяг Кастрычніка” (“Узвышша”), увайшлі ў зборнікі абласнога клуба паэтаў, празаікаў, кампазітараў “Жывіца” “Непадкупны подых натхнення”, “Сонечны ліхтарык”.
Іван Кулеш (1960 г.). Нарадзіўся ў Клецкім раёне. У 1982 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ і па размеркаванню прыехаў ў Дзяржынск. Доўгі час працаваў рэдактарам раённага радыё. Першая спроба пяра адбылася ў дзіцячым узросце. Больш за 10 яго вершаў пакладзена на музыку, у т.л. “Мой Дзяржынск”.
Любоў Куртава (1942 г.). Нарадзілася ў Смаленску. Лёс звязаў яе з Дзяржынскай зямлёй. З юнацкіх гадоў захапляецца паэзіяй. Лёс яе пакалення прасочваецца ў многіх вершах . Дабро і зло, каханне і жаночае шчасце – гэтыя тэмы найбольш натхняюць аўтара.
Яўгенія Лапо (1925–2001 гг.). Нарадзілася ў Мінску. Усё жыццё пражыла ў Дзяржынску. Свой першы “Пусть уходит лето” напісала ў 57 гадоў і прысвяціла яго памяці загінуўшага мужа. Тэматычны дыяпазон яе творчасці вельмі шырокі – ад ваенна-патрыятычных вершаў да лірыкі.
Сяргей Ліхачоў (1965 г.). Нарадзіўся ў г. Душанбе. З 1989 г. жыве ў в.Чаркасы. Першы верш напісаў у 15 гадоў. У 1999 г. прымаў удзел у семінары маладых паэтаў Міншчыны. Яго верш “Зачем кому-то знать о том” увайшоў у зборнік “Нас слова Купалы да творчасці кліча”. Акрамя вершаў піша прозу.
Алена Новік (1984 г.). Нарадзілася ў в.Засулле Стаўбцоўскага раёна. Скончыла школу з залатым медалём. Вучылася ў БДПУ М. Танка на гістарычным факультуце. З 2006 г. жыве ў Дзяржынску. Працуе ў Беларускай гімназіі г. Дзяржынска. Вершы піша даўно, на рускай і беларускай мовах. Асноўная тэма творчасці – каханне. Спрабуе пісаць прозу, у розны час друкавалася ў часопісе “Маладосць”, газетах “Переходный возраст”, “Прамень”. У 2012 г. прымала ўдзел у 8-м злёце маладых паэтаў Міншчыны “Слова Купалы да творчасці кліча”.
Прыстаўка Анатоль (1948–2018 гг.). Нарадзіўся ў горадзе Мазыры. Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў. З 1971 года жыў і працаваў у Дзяржынску. Трыццыць гадоў прысвяціў дзяржаўнай службе у галіне культуры. Свой погляд на падзеі жыцця адлюстроўваў вершаваным радком.
Ала Пузіноўская (1964 г.). Нарадзілася ў в.Чурылы Дзяржынскага раёна. Па прафесіі медык, прызванне – лячыць хворых не толькі медыцынскімі сродкамі, але і творчымі. Вершы піша з дзяцінства. З кожным крокам усё глыбей, па-філасофску разважае над жыццёвымі праблемамі, увасабляючы ўдасныя думкі ў рыфмаваны радок.
Таццяна Рубіс (1986 г.). Нарадзілася ў Дзяржынску. У 2002 г. скончыла Дзяржынскую беларускую гімназію. Атрымала вышэйшую адукацыю. Прырода, сяброўства, унутраны свет чалавека – асноўныя тэмы яе вершаў.
Алексей Рудкоўскі (1996 г.). Нарадзіўся ў Дзяржынску. Пасля заканчэння гімназіі г.Дзяржынска атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю. Цікавіцца літаратурай і гісторыяй. Захапляецца Сяргеем Ясеніным. Сам пачаў пісаць з 13 год. У вершах аўтар выказвае свае думкі, пачуцці.
Рэгіна Рэўтовіч (1952–2021 гг.). Нарадзілася ў в.Даўнары Стаўбцоўскага раёна. З 1963 года жыла ў г.Дзяржынску. У 1970 г. скончыла вячэрнюю школу працоўнай моладзі ў г.Дзяржынску, атрымала атэстат аб сярэдняй адукацыі. З дзяцінства захапляецца вершамі. У 2011 годзе з’явілася на свет першая кніга “Крынічка”. А праз год, у 2012 г. выйшаў другі зборнік паэзіі “У абдымках лёсу”. З натхненнем, з гумарам, а часам з пачуццём тугі і смутку, выказвала свае адносіны да жыцця, да прыроды, да сэнсу існавання чалавека на зямлі.
Мікалай Рысявец (1942 – 2003 гг.). Нарадзіўся ў в.Гаруцішкі. З 1959 г. па 1962 г. вучыўся ў Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Потым набываў вышэйшую адукацыю ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Усё сваё жыццё прысвяціў служэнню роднай зямлі. Падзеі, што адбываюцца ў грамадстве, знаходзілі адлюстраванне ў яго творчасці.
Север Алена (Севярухіна Алена Міхайловна) (1971 г.). Нарадзілася ў г.Кунгур Пермскай вобласці. З 1972 г. жыве ў Беларусі, якую лічыць сваёй другой Радзімай. Паэтычнай творчасцю займаецца параўнальна нядаўна. Не хаваецца ў сваіх творах пад маскай надуманых герояў. Яе любоўная лірыка – адкрыццё. Лічыць, што кожны аўтар павінен мець дакладную грамадзянскую пазіцыю і пісаць не толькі пра сябе. Мае зборнік вершаў “Правда обо мне”.
Алена Стэльмах (1965 г.). Нарадзілася ў в.Навасады Дзяржынскага раёна. Скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працавала ў рэспубліканскіх газетах "Белорусская лесная газета" і “Чырвоная змена”, у дзяржынскай раённай газеце “Узвышша”, у часопісах “Гаспадыня” і “Родная прырода”, у рэспубліканскім выдавецтве ўстановы “Выдавецкі дом “Звязда”. У 2012 г. прынята ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, а ў 2014 г. – у Саюз пісьменнікаў Расіі. Таксама з’яўляецца членам Саюза журналістаў Рэспублікі Беларусь і мае ганаровае званне “Заслужаны журналіст РБ”. Зараз Алена Стэльмах – першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. У сваёй творчасці адлюстроўвае магчымасці да збліжэння і аб'яднання народаў, заклікае памятаць аб сумесным гістарычным мінулым ў імя будучыні, а таксама прыкладае шмат намаганняў па папулярызацыі беларускай літаратуры сярод дзяцей і моладзі.
Алена Сяліцкая (1984 г.). Нарадзілася ў г.Дзяржынску. З адзнакай закончыла СШ №2 г. Дзяржынска. Атрымала вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Зараз працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі №1 г. Дзяржынска. Пісаць пачала з 13 гадоў. Асноўныя тэмы творчасці - любоў да Радзімы, узаемаадносіны паміж людзьмі, філасофскія разважанні.
Аляксандр Фінкер (1938–2022 гг.). Нарадзіўся ў г.Віцебску. Атрымаў вышэйшую адукацыю ў Дзмітраўскім педагагічным інстытуце (РФ). З 1961 г. жыве ў Дзяржынску. Працаваў у школах Дзяржынскага раёна. Галоўная тэма творчасці – гісторыя.
Дзмітрый Шавялёў (1975 г.). Нарадзіўся ў Дзяржынску. Закончыў СШ №2, потым БДУ, факультэт міжнародных зносін, аспірантуру пры ім. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, працуе ў НАН Беларусі. Вершы пісаць пачаў у 1994 г. Неаднаразова друкаваўся ў раённай газеце “Сцяг Кастрычніка” і газеце “Беларускі ўніверсітэт” пад псеўданімамі Леон Штэрн і Fra Niat. Піша таксама прозу, галоўным чынам у гісторыка-прыгодніцкім жанры. Прымаў удзел у злёце маладых паэтаў Міншчыны ў 1997 г. Яго верш “Запомни меня молодой и красивой” уключаны ў збонік “Нас слова Купалы да творчасці кліча”.
Віктар Шаціла (1973 г.). Нарадзіўся ў в.Калоднікі Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Вучыўся ў Негарэльскай СШ №2. Цікавіўся маляваннем, музыкай. Вершы пачаў пісаць з 10 гадоў. Захапляўся творчасцю Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. У 1991 г., калі закончыў Негарэльскую СШ №2, ужо выпрацаваў свой пэўны літаратурны стыль. У 1997 г. выдаў першы зборнік пад назвай “Белы чалавек”. Піша на рускай і беларускай мовах. Друкаваўся ў газетах “Сцяг Кастрычніка”, “Літаратура і Мастацтва”, “Знамя Юности” “Чырвоная змена”, часопісах “Маладосць”, “Першацвет”. Працуе экспедытарам на чыгунцы.
Павел Шкель (1943 г.) Нарадзіўся ў в.Венера Лагойскага раёна. Жыццё прясвяціў абароне рубяжоў Радзімы – служыў у пагранічных вайсках. Падпалкоўнік у адстаўцы. З 1979 г. жыве ў г. Дзяржынску. Вершы піша з дзіцянства. Асноўныя тэмы творчасці – прырода, патрыятызм, вайсковыя ўспаміны. Друкуецца ў раённай газеце “Сцяг Кастрычніка” (“Узвышша”), “Во славу Родины”, “Родны край” Логойского района, “Газета пенсионера”, “Трудовой путь”. Удзельнік Міжнароднага літаратурнага конкурсу «Границы Содружества – мужество, честь и отвага» (2010, 2012 гг.).
Уладзімір Шымановіч (1963 г.). Нарадзіўся ў г.Варкуце. Але ўсё яго жыццё звязана з Беларуссю. Вершаваныя радкі прыйшлі да яго яшчэ ў дзяцінстве і засталіся назаўсёды. Калі вучыўся ў вучылішчы, служыў у арміі не пераставаў шукаць сябе ў паэзіі. Потым вучыўся ў БДУ. Працаваў. Сям’я. Каханне. Любімы чалавек. Дзеці. Усё гэта вызначыла далейшы шлях жыцця – творчасць. Таму што толькі шчаслівы чалавек здольны да творчасці. Друкаваўся ў раённай газеце. Стаў адным з прызёраў конкурсаў “Сердцем к подвигу прикоснись”, “Нас творчасць класікаў натхняе”. Выйшаў паэтычны зборнік “Память”, "Бокал любви".